Грамадства

Спачатку яна пахавала мужа, пасля — дачку, цяпер чакае сына з калоніі. Гутарка з маці асуджанага за надпіс на прыпынку

Празмерна жорсткія прысуды за надпісы-крыкі душы беларусаў — гэта адна з шакуючых рысаў працы машыны рэпрэсій-2020. Сярод тых, хто апынуўся ў яе пастцы — 27-гадовы Стэфан Лазовік з Горак. Хлопцу прысудзілі год калоніі за надпіс на прыпынку чырвонай фарбай: «Он проиграл и стал убивать. С**т уходи!» Цяпер Стэфан знаходзіцца ў магілёўскай турме №4.

«Наша Ніва» звязалася з яго маці Валянцінай, каб яна расказала пра сям’ю падрабязней.

Нагадаем храналогію падзей у справе Стэфана. Надпіс на прыпынку з’явіўся ў Горках 12 жніўня. Першапачаткова Горацкі РАУС кваліфікаваў гэта як адміністрацыйнае правапарушэнне па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства). Аднак па ініцыятыве пракуратуры праз месяц справа рэзка стала крымінальнай: Стэфан стаў падазраваным па 341-м артыкуле (апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці). Паралельна з гэтым яму выпісвалі штрафы за ўдзел у мірных пратэсных акцыях, што праходзілі ў Горках. У доме хлопца правялі ператрус, яму прапаноўвалі асудзіць пратэсты на відэа. Ад гэтай прапановы ён адмовіўся. У выніку 26 лістапада над ім адбыўся суд: суддзя Віктар Ясковіч прысудзіў Стэфану год калоніі, прызнаўшы вінаватым у «злосным хуліганстве».

Стэфан Лазовік, фота з архіваў сям'і.

Для Валянціны хай і часовая, але страта сына — гэта сапраўдная трагедыя. Ëн уже некалькі год быў асноўным яе памочнікам і гаспадаром у доме.

— Мой муж, былы выкладчык БДСГА, памёр у 2017 годзе праз анкалогію. І Стэфан усе праблемы сям’і, побытавыя рэчы адразу тады ўзяў на сябе.

Узяў на сябе Стэфан і цяжкае пахаванне, расследаванне па справе забойства сваёй малодшай сястры: яе не стала ў 2019 годзе. Марыя толькі скончыла ў Мінску першы курс, планавала быць мастаком. Забойцу прысудзілі 22 гады зняволення. 

У дзяцінстве.

Пасля двух перажытых пахаванняў Валянціна і Стэфан засталіся адзін для аднаго самымі блізкімі людзьмі.

Жанчына расказвае пра сына з асаблівай цеплынёй. Вучыўся ён у 4-й горацкай школе, заўсёды вельмі цікавіўся гісторыяй. Нейкі час супрацоўнічаў з мясцовым недзяржаўным выданнем «УзГорак». Пасля сканчэння школы паехаў на заробкі ў Маскву, дзе працаваў у сферы гандлю. Вярнуўшыся, паступіў у БДСГА на сельскае будаўніцтва. Пазней зарэгістраваўся ў якасці рамесніка.

— Ëн робіць самыя розныя рэчы з дрэва. У тым ліку рэстаўрацыяй займаўся. У нас уласны дом, дык сын з памяшкання побач з гаражом уладкаваў сабе майстэрню. Пакуль у распараджэнні ў яго быў мінімальны набор — фрэза, піла… Але ён марыў зарабіць грошай і купіць больш інструментаў. Яму сапраўды падабалася працаваць з дрэвам, ён планаваў у гэтым кірунку развівацца. 

Пасля выбараў у Горках, як і ў шмат якіх іншых гарадах Беларусі, праходзілі мірныя акцыі супраць фальсіфікацый і гвалту. Стэфан яшчэ напярэдадні выбараў пайшоў у незалежныя назіральнікі.

— Першы час нікога не затрымлівалі, яшчэ ў жніўні больш-менш спакойна было ў нас. Дык шмат людзей хадзіла на акцыі, цяпер менш, — кажа Валянціна.

Маці паспела атрымаць ад сына ўжо тры лісты. У іх Стэфан піша, што ўмовы ў камеры добрыя, рамонт свежы. Сярод сукамернікаў людзі розных прафесій і адукацыі, але ўсе падтрымліваюць адзін аднаго.

Валянціна да гэтага часу не верыць, што за нейкі надпіс маглі даць ажно год калоніі. Таму будзе рабіць усё, каб абскардзіць гэты прысуд з адвакатам.

— Я думала, што мы абыдземся штрафам, але каб пасадзілі… Складана, складана нават быць адной у доме. Вядома, я не ведала пра існаванне гэтага надпісу да абвінавачвання. Я не ўхваляю гэты крок сына, проста таму, што глабальна надпісам праблемы не вырашыш. Гэта ўсё на эмоцыях… Але Стэфана ні за што не асуджаю: гэта мой сын, і я буду яго ва ўсім падтрымліваць. Любая маці павінна падтрымліваць.

Валянціна кажа, што пры жаданні яны б даўно маглі з’ехаць з Беларусі ў Германію: Стэфана назвалі ў гонар нямецкага сябра таты — Штэфана. Яны былі гатовыя дапамагчы сям’і там уладкавацца.

— Але мы без лішняга пафасу — патрыёты сваёй краіны. Гэта наша сямейная рыса. Гэта не высокія словы, каму так можа падацца: мы сапраўды нават ніколі не думалі пра тое, каб кудысьці з’ехаць.

На волі Стэфана засталіся чакаць сябры і дзяўчына, якія таксама пішуць яму лісты. Тое можаце рабіць і вы, каб яго падтрымаць. Актуальны адрас на гэты момант:

ПК №22. 225295, Брэсцкая вобласць, г. Івацэвічы, ст. Даманава, а/с 20, Стэфану Лазовіку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла15

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску кідаюць будаваць трэцюю лінію метро ў Зялёны Луг. Усе сілы пойдуць на чацвёртую, кальцавую30

Беларусбанк знізіў стаўкі па крэдытах на жыллё1

У Мінску са стральбой затрымалі расійскіх кур'ераў тэлефонных махляроў10

У Барысаве невядомы раскідвае «мармеладкі» з рыбалоўнымі кручкамі — ёсць загінулыя жывёлы10

Дунін-Марцінкевіч ці не Дунін-Марцінкевіч? Каму належыць загадкавы фотапартрэт з дарэвалюцыйнага нумара «Нашай Нівы»4

Макрон: Еўропе час прачнуцца13

На наступным тыдні беларусаў чакаюць падоўжаныя выходныя

Навукоўцы змаглі аднавіць 42 старонкі раннехрысціянскага рукапісу, які лічыўся страчаным1

Ілан Маск афіцыйна запусціў XChat7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла15

Скончыў жыццё самагубствам хлопец з Маладзечна, які перад вяселлем зрабіў сваёй нявесце татуіроўку, ад чаго яна памерла

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць