Меркаванні

«Прадстаўце на Сходзе Волю Севярынец, маму Рамана Бандарэнкі». Зварот Ганны Севярынец да дэлегаткі УНС

Сястра палітвязня Ганна Севярынец звяртаецца да шматдзетнай маці, кіраўніцы цэнтра «Матуля» Веранікі Сярдзюк.

Вольга Севярынец. Фота Надзеі Бужан

Вераніка! Я зьвяртаюся да вас па-сьвецку: вы ж памятаеце, што некаторы час мы былі калегамі, працуючы на адным зь беларускіх жаночых інтэрнэт-рэсурсаў. Я асабіста ведаю вас, вашага мужа, віртуальна, але ведаю вашую маму і наогул усю сям’ю. Ведаеце і вы — мяне, майго брата, маму, маіх дзяцей. Таму дазволю сабе не рытуальны царкоўны, а звычайны чалавечы зварот да вас: Вераніка.

Нядаўна выйшаў ролік, на якім Вы, дэлегатка Ўсебеларускага сходу, тлумачыце, што вы зьбіраецеся казаць і рабіць на Сходзе. Вы сказалі, што будзеце там прадстаўляць беларускіх мам. Калі карыстальнікі сацыяльных сетак узбурыліся гэтым вашым рашэньнем, вы зрабілі допіс у Фэйсбуку, дзе працытавалі Біблію. Маўляў, усё, што вы робіце, вы робіце ня дзеля людзей, а дзеля Бога.

Гэтыя самыя словы зь Бібліі часта цытаваў мой брат, Павал Севярынец. Ён, як і вы, шчыры вернік, гарачы і ўпарты змагар за слова і справу Божую, ваш паплечнік у барацьбе супраць абортаў. Павал знаходзіцца ў турме з чэрвеня, тры месяцы з гэтага тэрміну — у карцары без дастатковай колькасьці вады і без пасьцельнай бялізны. Яго арыштавалі за ўдзел у законным, дазволеным уладамі пікеце па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты. Ніякага абвінавачаньня да сёньня яму ня выставілі. Ён проста сядзіць у турме з чэрвеня.

Вы будзеце прадстаўляць на сходзе беларускіх мам. Прадстаўце, калі ласка, там маю маму. Прадстаўце маму Ромы Бандарэнкі. Прадстаўце мам, якія чакаюць сваіх дзяцей з Акрэсьціна і «Валадаркі». Прадстаўце мам тых студэнтаў, якія цяпер за кратамі. Прадстаўце, калі ласка, памяць мамы Цімура Міцкевіча, падлетка, жорстка скатаванага ў жніўні — гэтая мама дакладна ня скажа за сябе нічога і нідзе, бо яна памерла, ня вытрымаўшы тых абставінаў, у якія трапіў яе сын.

Вераніка, вы шматдзетная маці, пралайфэрка, вы выступаеце за тое, каб жанчыны, нягледзячы на свае асабістыя пляны і прыярытэты, усё ж нараджалі дзяцей. Мая мама таксама шматдзетная. Мама Цімура Міцкевіча нарадзіла дзевяць дзяцей. Яны падыходзяць на ролю тых мацярок, якіх вы будзеце прадстаўляць на сходзе?

Я хачу папрасіць вас прадставіць на сходзе і тых шматдзетных мам, якіх цяпер без аглядкі на дзяцей саджаюць за краты — яны ўпрыгожваюць двары стужачкамі альбо сустракаюць сваіх блізкіх пад ІЧУ, а іх хапаюць і піхаюць за краты, а да дзяцей потым ходзяць спэцыяльныя камісіі. Прадстаўце і гэтых мам, Вераніка, ці яны — лішнія ў гэтым прадстаўленьні? Ці Бог, дзеля якога вы дзейнічаеце, ухваляе падзел людзей на вартых прадстаўленьня і нявартых?

Вераніка Сярдзюк

Вераніка, прадстаўце, калі ласка, на сходзе пачуцьці тых мам, якія пабачылі сваіх дачок і сыноў адной жнівеньскай раніцай: зьбітых, ускудлачаных, абмочаных ад болю і жаху, у парванай вопратцы, зь сінімі нагамі і сьпінамі.

Прадстаўце тых, хто тады выбягаў з Акрэсьціна — і імчаў у шоку далей ад людзей, хто цяпер сядзіць, зачыніўшыся ў кватэры, бо баіцца выходзіць, хто думае, што пасьля таго, што зь ім рабілі — ён ня мае права глядзець людзям у вочы. Бо той аб’ем прыніжэньня, які зьведалі яны, расчалавечвае, нібыта не дазваляе ўжо знаходзіцца сярод іншых людзей. Я чытала іх сьведчаньні. Яны сьведчаць, што іх там распраналі голымі і голых білі, Вераніка. Іх прымушалі выціраць брудную падлогу сваімі голымі целамі. Ім засоўвалі дубінкі ў раты. І ня толькі ў раты, Вераніка.

Вы хочаце, каб беларускі нараджалі дзяцей.

Беларускі цяпер ня ведаюць, як тут расьціць ужо народжаных.

Мой Павал і ягоная жонка некалькі год таму страцілі дзіця. Іх хлопчык яшчэ ўнутры быў хворы, ім прапаноўвалі рабіць аборт. Але Павал і Воля не пайшлі супраць волі Бога, у якога яны шчыра вераць. Яны перажылі гэтую трагічную, бо безнадзейную, цяжарнасьць, яны нарадзілі хлопчыка і празь некалькі дзён пахавалі яго, пасьпеўшы ахрысьціць і даць яму імя. Янка Севярынец быў божым хлопчыкам, праваслаўным хрысьціянінам.

Цяпер Павал і Воля выхоўваюць Францішка. Вераніка, вы мама, вы можаце сабе ўявіць, што значыць сын, народжаны пасьля такой страшнай страты. Бацькам хочацца быць зь ім кожную хвіліну.

Прадстаўце на гэтым сходзе Волю Севярынец, Вераніка.

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

«Поўны заняпад у Літве, Латвіі і Эстоніі». Пра што недагаворвае Рыжанкоў12

«Поўны заняпад у Літве, Латвіі і Эстоніі». Пра што недагаворвае Рыжанкоў

Усе навіны →
Усе навіны

У мінскіх крамах з'явілася маладая бульба. Адкуль і па колькі?5

«Беллегпрам» зацвердзіў узоры школьнай формы на новы навучальны год ФОТЫ5

Мужчына паказаў у інтэрнэце школьны абед. Грамадскасць абурылася12

У Мачулішчах абарвалася будаўнічая люлька, ёсць ахвяры

«Людзі ад нас адвярнуліся». Жонка ўладальніка пашпарта прыкрыцця Івана Мішчука пракаментавала скандал з ім5

«У нас усе размаўляюць на рускай мове». Дзіцячы цэнтр не ўзяў на працу жанчыну, бо яна размаўляе па-беларуску35

Еўрасаюз хоча ўвесці поўную забарону на закупку прадуктаў з расійскай нафты6

Расія і Украіна правялі чарговы абмен целамі загінулых вайскоўцаў. Ён ішоў праз Беларусь

«Раз'язджаліся проста па тратуарах». Каля новага стадыёна пасля матча адбыўся калапс3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Поўны заняпад у Літве, Латвіі і Эстоніі». Пра што недагаворвае Рыжанкоў12

«Поўны заняпад у Літве, Латвіі і Эстоніі». Пра што недагаворвае Рыжанкоў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць