У ЗША да канца вясны вакцынуюць кожнага ахвотнага. Дзеля гэтага Байдэн змусіў супрацоўнічаць нават канкурэнтаў
Адміністрацыя Джо Байдэна дабілася паскарэння вытворчасці вакцын ад кавіду.
У прыватнасці, улады ЗША паспрыялі таму, каб фармацэўтычная кампанія Merck & Co. дапамагла кампаніі Johnson & Johnson з вытворчасцю яе аднакампанентнай вакцыны. Тонкасць у тым, што Merck і Johnson & Johnson — канкурэнты. Аднак «Мэрк» не здолела распрацаваць уласную вакцыну, аднак мае вялізныя магутнасці для вытворчасці вакцын, якіх не маюць іншыя кампаніі.
Улады ЗША да канца мая атрымаюць 345 млн доз вакцыны, пры насельніцтве ЗША 330 мільёнаў чалавек. Гэта не лічачы той колькасці вакцын, якая пойдзе на экспарт.
Гэта вялізны поспех амерыканскай біятэхналагічнай індустрыі. Для параўнання: у Расіі да канца паўгоддзя выпусцяць максімум 88 мільёнаў доз вакцын.
Амерыканская кампанія Pfizer, якая працуе ў партнёрстве з нямецкай BioNTech, з гонарам абвясціла, што да канца года з яе заводаў выйдзе як мінімум 2 мільярды доз вакцыны, а не 1,3 млрд, як планавалася раней.
Гэта вынік тэхналагічных навацый і аператыўнага запуску дадатковых вытворчасцей на заводах у Марбургу (Нямеччына), Пуурсе (Бельгія) і ў амерыканскіх штатах Місуры, Масачусэтс і Мічыган. За апошні месяц Pfizer-BioNTech падвоілі тэмпы прадукцыі.
У другім квартале да вырабу Pfizer-BioNTechаўскай вакцыны Comirnaty падключаецца швейцарская Novartis, са жніўня — франкфурцкі завод Sanofi, ён адзін да канца года дадаткова выдасць 100 млн доз.
Гэта не адзіны заходні вытворца вакцын ад кавіду. Свае распрацоўкі вырабляюць амерыканская Moderna і брытанска-шведская AstraZeneca. Да іх у найбліжэйшыя месяцы дададуцца яшчэ некалькі вытворцаў. Сукупна за 2021 год яны, верагодна, выпрадукуюць каля 6 мільярдаў доз.
Тым часам тры расійскія вытворцы разам за першае паўгоддзе выпусцяць толькі 88 млн доз, з якіх 83 млн прыйдзецца на Sputnik V, заявіла 20 лютага на расійскім ТБ віцэ-прэм’ер урада Расіі Таццяна Голікава. Гэта нашмат больш, чым ранейшы прагноз пра 30 млн доз, але гэта радыкальна менш, чым той мільярд доз, якія ў мінулым годзе анансаваў Расійскі фонд прамых інвестыцый.
Аб адставанні з вакцынацыяй у Расіі сведчыць і яе стан на цяпер.
Статыстыка вакцынацыі ў свеце, паводле даных агенцтва Блумберг, па стане на 3 сакавіка такая:
Еўрасаюз па тэмпах вакцынацыі адстае ад ЗША і мае скончыць прышчапленне толькі да канца лета. Германія магла б ісці ўпоравень з амерыканцамі, але Берлін дэманструе еўрапейскую салідарнасць і прыкладна па роўных порцыях дзеліць вакцыны між усімі краінамі ЕС, нават найменшымі.
Таццяна Голікава прагназуе, што ў першым паўгоддзі 59 млн доз пойдуць на ўнутраныя патрэбы Расіі, астатнія — на экспарт. Расія заключыла кантракты на пастаўку Sputnik V у Венгрыю, Славаччыну, Мексіку, Аргенціну ды іншыя краіны, але, мяркуючы па аб’ёмах, якія Масква здольная паставіць, гаворка пойдзе або пра мінімальную колькасць краін, або пра адносна невялікія аб’ёмы паставак.
Улады Беларусі, здаецца, і не ўзважвалі магчымасць набыцця для краіны адначасова вакцын заходніх і расійскіх, як тое робяць Венгрыя, Славаччына ці Чылі, выбар Sputnik V абумоўлены палітычнымі і фінансавымі прычынамі. Вынік — спазненне ў вакцынацыі проці еўрапейскіх краін.
Між тым, нават калі агучаныя Голікавай лічбы будуць дасягнутыя, а Расія слыве несупадзеннем планам і фактаў, то, з улікам экспартных абавязацельстваў, вакцынацыя насельніцтва Расіі, верагодна, не завершыцца і да канца года. Што да Беларусі, то тады шмат будзе залежыць ад гіпатэтычнай арганізацыі вытворчасці вакцыны на нашай тэрыторыі.
Беларуская дзяржаўная прапаганда поўніцца негатыўнай інфармацыяй, звязанай з заходнімі вакцынамі, і пазітыўнай — пра расійскую. Апошняе не супярэчыць праўдзе. Лабараторныя даследаванні Sputnik V, сапраўды, далі вынік толькі на некалькі працэнтаў горшы за Pfizer-BioNTech і Моderna. Але трэба адзначыць, што Pfizer-BioNTech ужо даказала эфектыўнасць і па факце прымянення, ізраільскія «палявыя даныя» нават на некалькі дзясятых працэнта перавысілі лабараторныя.
Пытанне тэмпу вакцынацыі не тэарэтычнае. Да чаго прыводзяць палітычныя памылкі ў сітуацыі пандэміі, усе пабачылі ў 2020-м: не толькі каласальныя фінансавыя траты на лячэнне і непрацаздольнасць дадатковых хворых, але і да вялізнай смяротнасці. Кожны месяц адставання будзе забіраць тысячы жыццяў.
У Расіі, у адрозненне ад Беларусі, статыстыка смяротнасці не закрытая, і яна паказвае, што РФ панесла нашмат большыя страты, чым усе іншыя еўрапейскія краіны. У Расіі смяротнасць у 2020 годзе вырасла на 18% проці 2019 года. Гэта значыць, што ад наступстваў кавіду ў РФ толькі за 2020-ы памерла каля 350 тысяч чалавек. У пераліку на душу насельніцтва гэта больш за 5,3 разу, чым у Германіі, дзе кіраўніцтва падышло да пандэміі без папулізму, а канцлерка Меркель не з’яўляецца на людзях без маскі.
У Беларусі адзіны раён, які апублікаваў звесткі аб смяротнасці, — Вілейскі. І сітуацыя там яшчэ горшая, чым у Расіі: у 2020-м смяротнасць там вырасла проці 2019 года на 27%. (Для параўнання: у Германіі смяротнасць вырасла толькі на 3,4%.)
Дарэчы, вакцыну Pfizer-BioNTech распрацавала нямецкая пара з турэцкімі каранямі Угур Шахін і ягоная жонка Азлем Турэчы — якая аплявуха афіцыйнай расійскай і беларускай прапагандзе, якія гадамі малявалі акурат Еўропу асуджанай на выміранне праз яе адкрытасць для эмігрантаў іншых вызнанняў і рас. Навукоўцы гавораць, што гэтыя дзеці турэцкіх гастарбайтараў здзейснілі рэвалюцыю ў фармацэўтыцы, бо ўпершыню была створаная мРНК-вакцына.
А аператыўнасць у яе вытворчасці — заслуга трансатлантычнага супрацоўніцтва, кааперацыі нямецкай кампаніі і амерыканскай карпарацыі. Трансатлантычная супраца, між тым, іншая традыцыйная мішэнь антызаходняй прапаганды.
«Мы дагэтуль дзівімся, чаму Расія тэарэтычна прапануе іншым краінам мільёны доз [«Спутніка V»], але ж пры гэтым не дасягнула дастатковага прагрэсу ў вакцынацыі ўласнага насельніцтва», — з мяккай іроніяй заявіла, выступаючы ў Брусэлі, Урсула фон дэр Ляен. Кіраўніца Еўракамісіі назвала гэта пытаннем, «на якое мусіць быць дадзены адказ».
Масква вымушаная была рэагаваць. Прэс-сакратарка расійскага МЗС Марыя Захарава «не выключыла новых русафобскіх праяў на фоне поспеху расійскіх вакцын».
Каментары