Затрыманага ў Маскве актывіста з Ліды падазраюць у закліках да беспарадкаў у РФ
Адміністратар чата «Ліда для жыцця» Мікалай Давідчык затрыманы ў Маскве па падазрэнні ў закліках да ўдзелу ў масавых беспарадках у Расіі. Пра гэта ТАСС паведаміла крыніца ў праваахоўных органах.
«Давідчык затрыманы па падазрэнні паводле ч. 3 арт. 212 КК РФ (заклікі да ўдзелу ў масавых беспарадках)», — распавёў суразмоўца агенцтва.
У прэс-службе Бутырскага суда Масквы ТАСС паведамілі пра хадайніцтва следства аб арышце Давідчыка. «Давідчык Н.В. падазраецца ў закліках да масавых беспарадкаў. У суд паступіла хадайніцтва следства аб абранні яму меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай. Пакуль што суддзя не разгледзеў яго», — сказалі ў прэс-службе. Там пацвердзілі, што беларускія ўлады таксама яго шукаюць. «Згодна з матэрыяламі, якія паступілі ў суд, у Беларусі ў дачыненні да яго распачатая крымінальная справа паводле ч. 1 арт. 342 мясцовага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх)», — адзначылі ў судзе.
Каментары