У знак салідарнасці з Чэхіяй балтыйскія краіны высылаюць расійскіх дыпламатаў
У знак салідарнасці з Чэхіяй Літва высылае двух расейскіх дыпламатаў, пра гэта 23 красавіка паведаміў кіраўнік МЗС краіны Габрыэлюс Ландсбергіс, піша Delfi.
Па яго словах, так Літва выказвае поўную падтрымку Чэхіі. Ландсбергіс падкрэсліў, што рашэнне пра высылку расейскіх дыпламатаў было прынята ў ходзе кансультацый з партнёрамі.
«Наколькі нас інфармавалі, Латвія і Эстонія вырашылі выслаць па адным расейскім шпіёне, які працаваў пад дыпламатычным прыкрыццём», — сказаў ён.
Чэшскі ўрад на аснове справаздачы разведкі заявіў, што Дзяржаўнае выведвальнае ўпраўленне Расеі (ГРУ, ваенная разведка) у 2014 годзе арганізавала два выбухі, адзін з якіх забіў двух людзей і нанёс матэрыяльны ўрон. З гэтай прычыны Чэхія выслала са сваёй краіны 18 расейскіх дыпламатаў, якіх лічыць таемнымі агентамі, а ў чацвер паведаміла, што Прагу павінны будуць пакінуць яшчэ 63 супрацоўнікі расейскага пасольства, каб у ім засталіся столькі чалавек, колькі ў Чэхіі работнікаў у пасольстве ў Маскве.
Салідарнасць з Чэхіяй ужо выказала Славакія, вырашыўшы выслаць трох расейскіх дыпламатаў.
Каментары