Гісторыя

Як малады гомельскі рабочы Віктар Карняенка сустрэўся з Быкавым і Сахаравым і атрымаў пуцёўку ў палітыку

У 1989 годзе Віктар за лічаныя месяцы адолеў шлях ад заводскага брыгадзіра да дэпутата. У часопісе «Наша гісторыя» ён дзеліцца сваімі ўспамінамі пра той бурны час.

Фота: Уладзімір Радыёнаў / РИА Новости.

Мне тады быў 31 год. Я быў простым хлопцам з Магілёўшчыны, паспеў скончыць Магілёўскі політэхнічны тэхнікум і адслужыць два гады ў ракетных войсках стратэгічнага прызначэння. А пасля працаваў брыгадзірам наладчыкаў станкоў на Гомельскім радыёзаводзе, які ў той час працаваў на патрэбы абароны.

У другой палове 1980-х гадоў разам з лозунгамі абранага ў сакавіку 1985-га генеральным сакратаром ЦК КПСС Міхаіла Гарбачова пра паскарэнне, галоснасць і перабудову ў жыццё заводскіх калектываў усяго Савецкага Саюза прыйшла карпаратыўная дэмакратыя. Прыняты ў 1987 годзе закон «Аб дзяржаўным прадпрыемстве» ўзмацніў самакіраванне: раней фактычна бяспраўныя рабочыя пачалі ўплываць на эканамічныя рашэнні і прызначэнне кіраўнікоў.

«Рабочае самакіраванне» югаслаўскага ўзору пры Брэжневе лічылася небяспечным «рэвізіянізмам». А Гарбачоў паспрабаваў увесці яго элементы для ціску знізу на наменклатуру, якая супраціўлялася яго спробам рэфармаваць сістэму, што пагражала абваліцца ў кожны момант. Вярхі, Гарбачоў тое бачылі, нізы, наменклатура ў рэгіёнах поўнай карціны не мелі.

Адзін з дэмакратычных мітынгаў часоў перабудовы на плошчы Леніна (цяпер Незалежнасці) у Мінску. Фота: архіў аўтара

Чэргі па газеты

Акрамя попыту на спажывецкія тавары, якіх усім не хапала, існавала тады і неймаверная прага да праўдзівай інфармацыі. Паколькі інтэрнэту яшчэ не было, асноўныя навіны людзі даведваліся праз тэлебачанне, радыё і газеты. Накладаў папулярных выданняў, рэдакцыі якіх актыўна ўключыліся ў працэс перабудовы — «Крыніца», «Аргументы и факты», «Літаратура і мастацтва», «Московские новости», «Огонёк», «Знамя юности», — не хапала. Каб на іх падпісацца, цягнулі жэрабя, каля газетных шапікаў стаялі чэргі, а здабытымі газетамі і часопісамі абменьваліся паміж сабой. Такая сітуацыя ўзнікала з-за савецкай зарэгуляванасці ўсяго, што можна: нават наклады выданняў вызначаліся не рэальным попытам на іх, а партыйнымі пастановамі.

Аральскае мора — былое бяссцёкавае возера на мяжы Казахстана і Узбекістана, некалі чацвёртае па велічыні ў свеце. Праз выкарыстанне для арашэння водаў рэк, што сілкавалі яго, у 1989 годзе возера распалася на два вадаёмы. Да нашага часу паўднёвая частка мора высахла, паўночную яшчэ намагаюцца ўратаваць. Праблема перасыхання Аральскага мора паднятая ў знятым у 1988 годзе культавым фільме казахстанскага рэжысёра Рашыда Нугманава «Ігла» з удзелам у якасці выканаўцы адной з галоўных роляў спевака Віктара Цоя. Фота: KINOPOISK.RU

Тое ж і з гучнай справай Курапатаў. Стварэнне афіцыйнай урадавай камісіі нагадвала спробу перахапіць ініцыятыву і адвесці расследаванне ўбок ад праўды. Але грамадскасць і прэса ўжо пільна кантралявалі сітуацыю — і пракуратура БССР вымушана была прызнаць факты рэпрэсій нашых грамадзян у 1930-я гады менавіта з боку сталінскага НКВД. У 1990 годзе тагачасны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі нават стаў адным з аўтараў кнігі «Куропаты: следствие продолжается».

Гульня па-новаму

Але ўжо адчувалася, што правілы змяніліся і можна гуляць па-новаму і самастойна. Таму ў канцы восені 1988 года на Гомельскім радыёзаводзе з’явілася ініцыятыўная група па маім вылучэнні ў народныя дэпутаты СССР. Заснаваная самімі рабочымі, без узгаднення з начальствам.

Дзякуючы парткамаўцу і прафкамаўцу

У гэты час я пазнаёміўся са сваім будучым калегам і сябрам Юрыем Варонежцавым. Юрыя, кандыдата тэхнічных навук, вылучыў у дэпутаты акадэмічны Інстытут механікі металапалімерных сістэм, які месціўся ў Гомелі. На фільтрацыйным акруговым сходзе мы з паплечнікамі выступілі адзінай камандай — і перамаглі афіцыйных кандыдатаў. А назаўтра пачалася непасрэдна выбарчая кампанія, якая была першай для ўсіх без выключэння. І вялі мы яе без фондаў, падручнікаў і паліттэхнолагаў.

 Перадвыбарчы мітынг у Гомелі. Каля мікрафона — Юрый Варонежцаў і Віктар Карняенка. У цэнтры — старшыня Гомельскага гарвыканкама Анатоль Казлоўскі. Крайні злева, з паперкай у руках — будучы заснавальнік Беларускай партыі «Зялёныя» Алег Грамыка. Фота: архіў аўтара

Афіцыйнымі вылучэнцамі па 84- й нацыянальна-тэрытарыяльнай выбарчай акрузе былі намеснік галоўнага доктара абласной бальніцы Станіслаў Здота і дырэктар завода станочных вузлоў Леанід Дзялец. Пасля нашага няпланавага вылучэння акруговая камісія пастанавіла сабраць сход і пакінуць у бюлетэні толькі двух (спадзяваліся, сваіх) кандыдатаў.

Запыт на перамены тады быў вялікі, але пры першым галасаванні ні ён, ні я не набралі патрэбныя 50% галасоў, таму мелі адбыцца перавыбары. На перавыбарах мы ўлічылі сваю памылку і раздзяліліся, каб не пераходзіць дарогу адзін аднаму: я застаўся ў 84-й нацыянальна-тэрытарыяльнай акрузе, а Юрый перайшоў у 555-ю тэрытарыяльную. Але і стратэгія барацьбы партнаменклатуры з намі памянялася: каб адцягваць галасы, улады навылучалі ў акругах для складання канкурэнцыі як мага больш сапернікаў — у мяне іх было дзевяць, у Юрыя шэсць.

Віктар Карняенка на адной з перадвыбарчых сустрэч. Фота: архіў аўтара

Гэта была самая напружаная і найбольш цікавая ды запамінальная частка кампаніі. Цягам трох месяцаў адбылося больш за 450 сустрэч: у перапоўненых залах, на мітынгах, прыватныя дыялогі. Ад кандыдатаў звычайна патрабавалі выказаць сваё стаўленне да гучных карупцыйных спраў, пракаментаваць антыпартыйны дэмарш Барыса Ельцына, стаўленне да вядомых дысідэнтаў і чыноўнікаў, да адраджэння беларускай культуры. І людзі хацелі не адгаворак, а салідарнасці з імі: адказы на многія задаваныя пытанні яны ўжо цвёрда сфармавалі для сябе самастойна.

І 25 рублёў сутачных

Падчас рэгістрацыі кожны дэпутат атрымаў папку з дакументамі, нумарок з месцам у зале пасяджэння і па 25 рублёў сутачных. Цяпер дэпутаты самастойна аплачвалі пражыванне ў гатэлі і харчаванне.

Вялікі ўплыў на фармаванне мяне як палітыка зрабіў, незаўважна для сябе, Васіль Быкаў. Аднойчы дэпутаты з Грузіі прапанавалі паглядзець дакументальны фільм пра гвалтоўны разгон мітынгу ў Тбілісі. Выпадкова мы апынуліся побач з Васілём Уладзіміравічам, абменьваліся думкамі, каментавалі ўбачанае. Пасля ён прапанаваў мне наведаць разам з ім беларускую дыяспару ў Маскве. Сустрэча дала зразумець, наколькі для беларускага палітыка важным з’яўляецца нацыянальнае пытанне. Беларуская мова была мне тады не чужая, але прызабытая. Тым разам я ледзь паспеў адрэпеціраваць перад выступленнем у галаве кароткую прамову па-беларуску, але ўсвядоміў: калі хочаш мець палітычную будучыню ў Беларусі, неабходна валодаць беларускай мовай. На фота злева направа: Юрый Варонежцаў, Аляксандр Дабравольскі, Васіль Быкаў. Крайні справа — Віктар Карняенка. Фота Станіслава Шушкевіча

Вялікае ўражанне на мяне зрабілі залы, палаты і палацы Крамля. Гэта не была экскурсія — у Гранавітай палаце, Вялікім Крамлёўскім палацы, Георгіеўскай зале мы працавалі.

Збірае першы сакратар

За два дні да з’езда ў адным з памяшканняў гасцініцы «Масква» беларускіх дэпутатаў сабраў першы сакратар ЦК КПБ Яфрэм Сакалоў. Партыйныя босы збіраліся ўзначаліць умоўную беларускую фракцыю. Гэта быў маналог-інструктаж аб тым, як павінны дзейнічаць дэпутаты, паводле меркаванняў ЦК. Але, на шчасце, інструкцыі і даручэнні мне ўжо выдалі выбаршчыкі, а да партыі я не меў дачынення.

Аднадумцы-дэмакраты з розных рэспублік аб’ядналіся ў Міжрэгіянальную дэпутацкую групу. Яе ядром былі масквічы, сярод якіх — вядомыя па публікацыях у прэсе інтэлектуалы: легендарны акадэмік Андрэй Сахараў, прафесар-гісторык Юрый Афанасьеў, эканаміст Гаўрыіл Папоў, будучы мэр Масквы. Дзякуючы ім я перагледзеў некаторыя свае ранейшыя погляды. Напрыклад, я лічыў, што варта скарачаць касмічныя праграмы, бо галоднай краіне не да космасу. Але Папоў на гэта адказаў, што лепш ліквідаваць усю адсталую аўтавытворчасць, чым закрываць адзіную галіну, дзе мы не толькі канкурэнтаздольныя, але і на вышыні.

Андрэй Сахараў (1921—1989) — фізік-тэарэтык, акадэмік АН СССР, адзін са стваральнікаў савецкай вадароднай бомбы. Тройчы Герой Сацыялістычнай Працы. З канца 1950-х рэзка разышоўся з савецкай уладай у поглядах, стаў адным з твараў дысідэнцкага руху ў СССР і барацьбітоў за мір і дэмакратыю. Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру за 1975 год. Фота: STUDME.ORG

 Юрый Афанасьеў (1934—2015) — рэктар Маскоўскага гісторыка-архіўнага інстытута, адзін з лідараў Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы. У канцы 1980-х здабыў вялікі аўтарытэт сярод інтэлігенцыі праз публікацыю цыкла артыкулаў з крытыкай становішча ў гістарычнай навуцы. Фота: Уладзімір Заўялаў / TASS.RU

Але на трыбуну нечакана выйшаў Вілен

Аднак адразу пасля дзяжурнай прамовы старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі на трыбуну нечакана выйшаў дэпутат з Латвіі лекар-рэнтгенолаг Вілен Талпежнікаў. Ён прапанаваў ушанаваць памяць мірных пратэстоўцаў у Тбілісі, што загінулі напярэдадні з’езда, і ўнёс дэпутацкі запыт аб расследаванні гэтых падзей. Прапанову сустрэлі апладысментамі — і стала зразумела, што форум не стане будзённым мерапрыемствам.

Барацьба за ініцыятыву пачалася са спрэчак пра парадак дня. Апазіцыя разумела, што, пакуль яна ў меншасці, не варта ставіць на галасаванне склад Вярхоўнага Савета. Мы прапаноўвалі пачаць з дыскусіі аб палітычнай сітуацыі ў краіне, вызначэння спісу неабходных для развіцця перабудовы законапраектаў і толькі потым, пад акрэсленыя задачы, правесці выбары. Аднак камуністычная большасць пастанавіла спачатку ўсё ж абраць старшыню і сам Вярхоўны Савет. Прапановы прадэмакратычнай «Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы» набіралі крыху больш за 400 галасоў з 2250 дэлегатаў з’езда. Гэтая магічная лічба і надалей адлюстроўвала колькасць маіх аднадумцаў-дэпутатаў пры галасаванні.

Разам з тым гістарычную ролю з’езда пераацаніць цяжка. Для будучых палітыкаў і ўсяго грамадства на абшарах былога СССР форум стаў адкрытым урокам дэмакратыі. У маўзалеі на Краснай плошчы ўсё яшчэ ляжаў Ленін, на Доме ўрада вісеў савецкі герб, але з’езд стварыў дэпутацкія камісіі па расследаванні гвалту над дэманстрантамі ў Тбілісі і па палітычнай ацэнцы пакта Молатава — Рыбентропа 1939 года. Упершыню публічна прагучала крытыка ленінскай сістэмы не таму, што яе, маўляў, сапсавалі Сталін з Брэжневым, а з прычыны заганнасці ад самага пачатку.

Разумны шукае сяброў

Пасля вяртання са з’езда я вырашыў, што важкі мандат трэба выкарыстоўваць і на развіццё дэмакратыі ў сваім родным горадзе.

Віктар Карняенка: «Людзі хацелі не адгаворак, а салідарнасці». Фота: архіў аўтара

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі5

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі

Усе навіны →
Усе навіны

Следчы камітэт палохае наступствамі за святкаванне Дня Волі14

Атакаваная газавымяральная станцыя «Суджа» ў Курскай вобласці7

Каралеву бурлеску ўсёй Масквы збілі 8 сакавіка проста падчас выступу4

У 45 гадоў памёр начальнік з Ленінскага РАУС Магілёва12

Чаму мы ўлюбляемся? Навукоўцы абвяргаюць стэрэатыпы16

185 гадоў таму нарадзіўся Францішак Багушэвіч — адзін з пачынальнікаў новай беларускай літаратуры2

У Беларусі ствараюць «адукацыйны хаб не горшы за Гарвард». Што гэта будзе?8

Сяброўка Веры Паляковай-Макей спрабуе прадаць элітны салон прыгажосці больш чым за мільён даляраў23

Трамп ліквідаваў міністэрства адукацыі ЗША67

больш чытаных навін
больш лайканых навін

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі5

50 тысяч даляраў за квіткі: беларуска не можа трапіць на лячэнне ў Кітай праз шалёны цэннік авіякампаніі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць