Здарэнні

Чаму не памілавалі палітвязня з разумовай адсталасцю? Спыталі ў яго маці і Васкрасенскага

21-гадовага Дзмітрыя Гопту ў лютым асудзілі на два гады калоніі за гвалт у дачыненні да міліцыі. Хлопец мае разумовую адсталасць, падпісаў усе прызнанні, на судзе сказаў, што «кінуў адзін камень, пасля збег — спалохаўся, што пасадзяць». Ні ў каго з сілавікоў той камень так і не трапіў, але ж суддзі гэтага хапіла, каб вырашыць, што Гопта можа несці адказнасць за свае дзеянні і прызнаць яго вінаватым. Маці юнака хвалявалася, ці зможа той выжыць у калоніі, да апошняга спадзявалася, што сына адпусцяць — гэтага не здарылася. Праваабаронцы прызналі Дзмітрыя Гопту палітвязнем. Але ж цяпер некаторых палітычных адпускаюць праз памілаванне. Нават з так званых «спісаў Васкрасенскага» памілавалі 13 чалавек. Чаму сярод іх не было Дзмітрыя Гопты, якому не месца ў калоніі хаця б праз стан псіхікі?

Дзмітрый Гопта

«На памілаванне я пачала падаваць дакументы яшчэ да шуміхі з Васкрасенскім, — кажа Вольга Гопта, мама хлопца. — У маі я адвезла ў калонію ўзор прашэння на памілаванне, перадала сыну праз адміністрацыю, пасля перадавала дадатковыя дакументы. Недзе ў ліпені была камісія ў калоніі, адтуль паперы па сыне пайшлі ў Камітэт па памілаванні. Адтуль адказаў не было. У іх няма канкрэтных тэрмінаў, колькі яны будуць разглядаць прашэнне.

Пасля я даведалася, што прашэнні на памілаванні збірае Васкрасенскі. Я сама з ім звязалася, недзе ў канцы жніўня, спытала, ці ёсць Дзіма ў тых спісах. Мне адказалі, што яго там няма. Я патлумачыла сітуацыю, што сын сам не можа падаць прашэнне, прасіла каб Дзіму ўключылі ў спісы на памілаванне.

«Мама, мне вельмі сорамна, што я тут». Маці Дзмітрыя Гопты са Жлобіна сустрэлася з сынам у калоніі

Пасля мне даслалі адказ, што Дзіму ўключаць у другі «спіс Васкрасенскага». Нібыта ў верасні той спіс падалі на стол Лукашэнку, а ў лістападзе яго будуць разглядаць. 

Васкрасенскі сказаў, што Дзіма ў першых шэрагах на памілаванне ў лістападзе. Але ж ніхто не ведае, што будзе насамрэч.

«Я звярнулася да Васкрасенскага, бо ў нашай сітуацыі любыя метады ўжо добрыя»

Парушэнняў у сына няма, судзімасцяў таксама. Але хвалююся, што ў яго 364 артыкул КК (гвалт ці пагроза гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў унутраных спраў). Апеляцыі, скаргі ўсе праігнаравалі. Таму адзіны шанец выцягнуць сына з калоніі — падаваць на памілаванне. Калі не спрацуе, будзем спадзявацца на ўмоўна-датэрміновае.

Дзіма Гопта падчас суда.

Я звярнулася да Васкрасенскага, бо ў нашай сітуацыі любыя метады ўжо добрыя. Я бачылася з сынам апошні раз 1 верасня. Доўгіх спатканняў нам не даюць, было кароткае.

Дзіма быў у нейкім упадніцкім настроі. Асабліва не скардзіўся, але, магчыма, таму, што баіцца. Я пыталася, ці не крыўдзяць яго, ён казаў, што мужыкі, зняволеныя, — не. Цалкам праўду мы даведаемся, толькі калі ён будзе ўжо на волі. Але было бачна, што сын нейкі нібыта напалоханы.

Пра памілаванне мы з сынам гаварылі, ён вельмі спадзяецца на гэта. Цікава, што Дзіма сам пасля званіў з калоніі і сказаў мне: мама, мяне ўключылі ў другі спіс на памілаванне! Адкуль ён пра гэта даведаўся, я паняцця не маю. 

Сам Дзіма, думаю, не ведае, і хто такі Васкрасенскі, і што адбываецца. 

«Заставацца ў калоніі сыну нельга, як ён там трымаецца, я не ўяўляю»

У мяне надзея ёсць, але ж ілюзій мець не хочацца. Тым больш, калі сыну заменяць калонію на хімію, то ў яго стане гэта будзе не памілаванне, а раўназначнае пакаранне. Калі адмовяць зусім — будзе моцны ўдар для сына.

Тады будзем спадзявацца на ўмоўна-датэрміновае, хоць для палітычных гэта і не проста.

Дзіма ж стаіць на ўліку як схільны да экстрэмізму, як і ўсе палітычныя, носіць жоўтую бірку. Таму і працяглых спатканняў нам не свеціць.

Хоць нам тлумачаць так, што каранцінныя меры і доўгія спатканні пакуль па некалькі чалавек толькі для тых, хто сядзіць больш за год.

Лісты Дзмітрыя з СІЗА. Цяперашні адрас хлопца: папраўчая калонія №3, 211 322, Віцебская вобласць, г. п. Віцьба.

Гэтую бірку я заўважыла ў яго яшчэ ў маі, на першым спатканні. На ўлік яго паставілі яшчэ ў СІЗА, там прыводзілі на спатканні ў кайданках, прымацоўвалі нават падчас размоваў па тэлефоне.

Я пыталася ў сына, за што паставілі на ўлік, усё, што ён змог патлумачыць: ну, звязана з гэтымі ўсімі справамі. І ў калоніі, калі я ўпершыню звярнула ўвагу на жоўтую бірку, Дзіма нават не разумеў, за што яна жоўтая.

Калі што, я гатовая пісаць паўсюль і ўсім, хоць на імя Лукашэнкі. Бо заставацца ў калоніі сыну нельга, як ён там трымаецца, я не ўяўляю».

Што кажа Васкрасенскі?

Але ж чаму хлопец з псіхічнымі праблемамі не быў уключаны ў спісы на памілаванне самім Васкрасенскім?

«Мы нікога самастойна не ўключаем у нашыя спісы. У тым ліку і таму, каб «Наша Ніва» пасля не напісала: «Скандал! КСДС самавольна ўключае палітвязняў у свае спісы!».

Таму мы ўключаем у спісы на памілаванне толькі тых, хто сам піша прашэнне ці, як у выпадку з Дзмітрыем, калі пішуць яго блізкія. Таму, як толькі з намі звязалася маці хлопца, мы ўключылі яго ў наш другі спіс на памілаванне.

Калі дакладна гэтыя спісы будуць разгледжаныя, не магу сказаць: можа, кастрычнік, можа, лістапад. Але дакладна не пазней за снежань, — паведаміў «Нашай Ніве» Юры Васкрасенскі. — Мяркую, што па Дзмітрыю рашэнне будзе станоўчае і Новы год ён сустрэне дома. Ведаю дакладна, што яго будуць разглядаць у ліку першых на найбліжэйшай камісіі».

Каментары

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Усе навіны →
Усе навіны

«Нібыта людзі з іншай планеты». Чым уразіла Беларусь замежнікаў, якія прыехалі па бязвізе14

Модны аўтамат з нашумелым кобрынскім марозівам паставілі ў Мінску2

На волю выйшла гомельская велаактывістка Святлана Кароль

Як беларусы жылі па драўляным календары. Усё жыццё змяшчалася на простым кійку3

Тварожны пірог з бруснічным варэннем — рэцэпт

Як Расія наймае крымінальнікаў для выканання спецаперацый на Захадзе1

У Вялікабрытаніі зафіксавалі палёты неапазнаных дронаў над вайсковымі базамі, якія выкарыстоўваюць ЗША1

Знойдзены самы ўдачлівы рыбак Беларусі: за гадзіну ён вылавіў у Мінску дзве 18-кілаграмовыя рыбіны

Расійская армія пачала штурм Вялікай Навасёлкі. Яе захоп будзе мець велізарнае значэнне2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента4

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента

Галоўнае
Усе навіны →