Беларускага Сінюю Бараду адпусцілі з расійскай турмы паміраць дома
Былы камсамольскі начальнік і вайсковы разведчык Сцяпан Ганчарык атрымаў у Расіі 20 гадоў турмы за забойства жонкі і падчаркі. А перад тым пры дзіўных абставінах загінулі дзве яго папярэднія жонкі.

У красавіку 2025 года 66‑гадовага беларускага забойцу Сцяпана Ганчарыка перавялі з расійскай турмы ў Цэнтр часовага ўтрымання замежных грамадзян. Яго чакала дэпартацыя ў Беларусь — прычым па стане здароўя. Вызваленне «ў сувязі з цяжкай хваробай» існуе і ў расійскім, і ў беларускім заканадаўстве, але выкарыстоўваецца вельмі рэдка. Звычайна ахвотным выбрацца на свабоду праз гэту легальную шчыліну адмаўляюць. Некаторыя ж паміраюць у турме праз некалькі дзён пасля таго, як выбіваюць сабе дазвол на вызваленне, але так і не паспеўшы выйсці на волю.
Ганчарык не дасядзеў у расійскай калоніі прыкладна сем гадоў. Яму прысудзілі 20 гадоў зняволення за забойства жонкі Яўгеніі Сілінай і яе 17‑гадовай дачкі Кацярыны, студэнткі факультэта журналістыкі МДУ. Некалькі месяцаў пасля іх смерці ён вадзіў следства за нос, але ўрэшце папаўся.
Тры жонкі — і ўсе тры згінулі, пакінуўшы яму кватэры
Сцяпан Ганчарык — адзін з самых вядомых беларускіх злачынцаў у Расіі, ён праславіўся за кошт сваёй дзіўнай біяграфіі. Яўгенія Сіліна была яго трэцяй жонкай — і ўсе яны загінулі пры дзіўных абставінах.
Ганчарык — выпускнік Мінскага інстытута фізкультуры. Служыў у Германіі, у вайсковай разведцы. А ў 1980‑я рабіў камсамольскую кар'еру, стаў загадчыкам аддзела Мінскага гаркама камсамола.
У 1985 годзе загінула сцюардэса Святлана Мінькова. Яна прымала ванну і выпусціла ў ваду ўключаны ў разетку фен. Экспертыза прызнала сітуацыю няшчасным выпадкам.
Ад таго шлюбу ў Сцяпана застаўся сын — і гэта неаднаразова будзе дапамагаць яму выратавацца ад крымінальнага пераследу.
Бо ўжо тады на Ганчарыка завялі справу за катаванне жонкі. Суседзі казалі, што п'яны Сцяпан збіваў Святлану. Але ўсё абышлося ўмоўным тэрмінам — у яго ж малое дзіця.

Другі шлюб Ганчарык узяў у сярэдзіне 1990-х. І праз нейкі час яго новая жонка, расіянка Ірына Кафтан проста знікла. Яе так і не знайшлі. А сам Ганчарык расказваў усім, што яна з'ехала ў Германію і асела там.
Неўзабаве Сцяпана арыштавалі, але зноў не за забойства. У яго знайшлі пісталет, з якога забілі бізнэсмена. За захоўванне зброі Ганчарык атрымаў два гады калоніі, але з адтэрміноўкай — зноў праз малога сына.
У калонію ён усё ж трапіў. У пачатку 2000‑х сеў за махлярства ў асабліва буйным памеры. Ён падмануў амаль 200 чалавек, сабраўшы з іх грошы за адпраўку на сезонныя працы ў Швецыю. За гэта атрымаў 6 гадоў калоніі з канфіскацыяй.

Новая жонка з кватэрай у Маскве
Пасля вызвалення Сцяпан успомніў пра старую сяброўку — з Яўгеніяй Сілінай ён пазнаёміўся яшчэ ў 1980-я. Дзяўчына, дачка савецкага вайсковага дыпламата, тады вучылася ў Мінску. Яна скончыла філасофскі факультэт, а ў пачатку 1990‑х вярнулася ў Маскву. Нарадзіла дачку Кацярыну і жыла ў трохпакаёвай кватэры ў цэнтры горада, якая засталася ёй пасля смерці бацькоў.
Сцяпан і Яўгенія спісаліся, і неўзабаве ён пераехаў да яе ў Маскву. Ажаніліся ў 2008-м, заняліся бізнэсам — Ганчарык вазіў у Маскву беларускія кухні.
План забойства
Ганчарык тым часам задумаў забойства Яўгеніі і яе дачкі Каці. Бо палічыў, што тады маскоўская кватэра дастанецца яму як адзінаму спадкаемцу.
У чэрвені 2010 года ён інсцэніраваў ад'езд Яўгеніі ў Пецярбург, а сам задушыў яе і закапаў труп у яме ў Падмаскоўі. Пасля ён паведаміў пра знікненне жонкі. Яе шукалі некалькі месяцаў, але, вядома, знайсці не маглі. Сцяпан тым часам рассылаў лісты ад імя загінулай жонкі і расказваў журналістам, што Яўгенія магла далучыцца да нейкай секты.
Праз паўгода ён забіў і падчарку, студэнтку журфака МДУ і карэспандэнтку інфармагенцтва REX. Пасля гэтага ён адправіў сабе ліст ад імя Кацярыны — маўляў, тая знайшла маму ў Пецярбургу, таму прасіла не шукаць іх. Паклапаціўся і пра тое, каб «атрымаць» заяву ад забітай жонкі пра тое, што яна пакідае яму ўсю маёмасць. Почыркаведчая экспертыза паказала, што лісты пісаў ён сам.
Зрэшты, завалодаць маскоўскай кватэрай Ганчарык так і не здолеў. Высветлілася, што з другой жонкай, якая знікла, але так і не была прызнаная загінулай, ён не развёўся. А значыць, рэгістраваць трэці шлюб у Маскве ён не мог.
20 гадоў замест пажыццёвага
Ганчарыку ў нейкай ступені пашанцавала, што яму прысудзілі толькі 20 гадоў. Для Расіі яго беларускія судзімасці не мелі значэння, таму фармальна ён быў несудзімы. За два забойствы ён атрымаў 20 гадоў зняволення — спачатку 10 гадоў у турэмных умовах, пасля 10 гадоў у калоніі строгага рэжыму. Зрэшты, адбыць іх да канца ён так і не змог.

У судзе аб дэпартацыі 28 красавіка 2025 года прадстаўнік расійскага МУС запэўніваў, што Ганчарыка адправяць у Беларусь, што працэдура будзе выканана «ў бліжэйшыя дні» — відаць, стан здароўя быў такім, што маглі і не паспець, калі б зацягнулі дэпартацыю.
Каментары
ПРитом поймали его только с 3 попытки, так что 2 квартиры можно приобрести без последствий)