Грамадства

«Пустая трата дзяржаўных грошай». Паштарка, якую пакаралі за публікацыю адрасоў міліцыянтаў, распавяла пра свой арышт

Былая паштарка Ларыса Танкашкур тры месяцы правяла ў арыштным доме. Такое пакаранне ёй даў суд за тое, што апублікавала імёны падпісчыкаў міліцэйскай газеты. «Мы смяяліся, што я нібы сяджу ў інтэрнаце закрытага тыпу — звонку бушуе эпідэмія, а нас тут ратуюць», — захоўвае жанчына аптымізм. Пра свой арышт яна распавяла «Нашай Ніве».

«Суседкі расказвалі, што чулі крыкі Сцяпана Латыпава»

Голас у Ларысы бадзёры. Яна толькі ўчора прыехала дадому. Кажа, што яе гэтыя тры месяцы нібы анёл-ахоўнік суправаджаў — усё прайшло спакойна.

Першыя два тыдні (арышт быў з 30 чэрвеня) жанчына правяла на Валадарцы.

«Нас у камеры было пяць чалавек. Дваіх пасля звезлі ў Навінкі на экспертызу. У дзяўчат, якія пад следствам сядзяць, ежы шмат, частавалі мяне. У вочка канваіры асабліва не заглядвалі, можна было прылегчы адпачыць. 

Суседкі расказвалі, што калі Сцяпан Латыпаў быў у камеры побач з імі, яны чулі яго крыкі. Прасіў: «Выпусціце!» — калі яго прэсавалі.

Са мной у камеры была адна палітычная — Воля Залатар. Таму было пра што пагаварыць. Яна казала: «Я тут ужо чатыры месяцы, і твае тры хутка праляцяць». Казала, што калі пра мяне чытала, вельмі хвалявалася. І вось я тут апынулася. Воля добра сябе адчувала. Але распавядала, што яе білі пасля затрымання, каб атрымаць доступ да ноўтбука».

У Баранавічы Ларысу этапавалі ў «сталыпінскім» вагоне.

«Ехала шэсць мужчын і я адна. У кайданках мяне не вадзілі — я нават здзівілася. Цягнік выглядае як купэ, толькі з кратамі. Па праходзе ўвесь час ходзіць ахова. 

Адна дзяўчына-супрацоўніца мне спачувала. Яна калі сумку правярала, спытала: «За што вас пасадзілі? Можа, усё пераменіцца і вас рэабілітуюць».

«Праз маю камеру прайшло 40 жанчын»

У арыштным доме жанчыну адразу паставілі на ўлік як схільную да экстрэмізму.

«У мяне пыталі, ці хадзіла я на мітынгі, ці ёсць у мяне судзімасць па артыкуле 23.34, а пасля павялі на камісію.

Там грубы мужчына паглядзеў на мяне: «Брыдкі ваш учынак». Я маўчаць не стала. Кажу: «Брыдка было забіваць людзей, калечыць, труціць газам. Ён: «Што вам міліцыя зрабіла? Праз ваш учынак пайшлі пагрозы дзецям». Кажу: «Дзе, пакажыце?» Я яму проста ў вочы глядзела.

Я спала на другім ярусе, бо стаяла на прафуліку. Але ніхто мяне не прэсаваў. Начальнік арыштнага дому прыходзіў — прыемны мужчына, нармальна размаўляў. Такі: «Танкашкур, а вы мяне не пазнаяце? Я ж вам столькі лістоў прынёс».

Па серадах бібліятэкар насіла нам кніжкі. Разгадвалі красворды, гулялі ў шашкі, даміно пасля выпрасілі. Свае гульні прыдумлялі, калі красворды заканчваліся. У дворыках песні спявалі. Я зарадку рабіла — астатнія ўсе лянівыя, толькі сядзелі на лаўцы.

На судзе з сястрой Галінай

Вадзіла нас выхавацель на прапагандысцкія фільмы і перадачы — «Контуры» і іншае. Гэта было, канечне, жудасна. Мне пасля першага разу стала дрэнна. 

Праз нашу камеру людзі праходзілі, як транзітам — іх прыводзілі і пасля размяркоўвалі ў працоўныя камеры. За час, што я там сядзела, прайшло 40 жанчын. Большасць па артыкуле 174, за нясплату аліментаў. Былі таксама па артыкуле 205 (штосьці дробнае скралі), 153 (парэзалі сваіх напарнікаў, якія сядзелі за бутэлькай), 206 (за рабаванне).

Яны палітыкай не цікавяцца. У іх свае праблемы — мала таго што з алкагалізмам, дык яшчэ і з аліментамі на дзяцей. Яны ведаюць, што адбываецца, супраць улады, але ні на якія мітынгі ніхто не хадзіў».

У адной з сукамерніц завяліся вошы. Ларыса яе пастрыгла, апрацавала галаву сродкам, які выдалі супрацоўнікі. Была ў камеры і эпідэмія каранавіруса — адна з дзяўчат прыехала з этапу і ўсіх заразіла. Жанчыны зляглі з моцным кашлем і тэмпературай. Ларысу, праўда, хвароба абмінула.

«Калі мяне выпускалі, супрацоўнік сказаў: «Вам яшчэ мала далі»

На стаўленне да сябе былая паштарка не скардзіцца. Але некаторыя правілы ёй падаліся дзіўнымі.

«Напрыклад, чаму лыжку не дазваляюць браць? Гэта абсурд, што дзяўчаты свае кашы ядуць цюбікамі з-пад зубной пасты. Ці тое, што мы бралі асадкі і размешвалі імі каву. Таксама ў камерах развешваць сушыць рэчы можна толькі ў лазневы дзень».

На Валадарцы, заўважае Ларыса, ёй было лягчэй.

«Там рэжым больш мяккі, не так адчувалася, колькі сядзіш. У Баранавічах напачатку час цягнуўся вельмі доўга. Мне здавалася, я год сяджу.

Але на Валадарку лісты не даходзілі. Там нібыта два тыдні чытае іх цэнзар. Таму дачка мая была на нервах: ёй толькі на пяты дзень сказалі, што я дакладна на Валадарцы знаходжуся.

У Баранавічах у нас было спатканне з ёй, дзве гадзіны пагаварылі, яна супакоілася.

Калі мяне выпускалі, супрацоўнік спытаў: «Ну што, з чыстым сумленнем на волю?» Кажу: «Маё сумленне і так было чыстае». «Вам яшчэ мала далі». «Мне далі столькі, колькі належыць па артыкуле», — адказала яму».

«Не думала пра тое, што адбываецца на волі — так лягчэй»

«На маім эмацыйным стане арышт не адбіўся, — дзеліцца Ларыса. — Мы смяяліся, што я нібы сяджу ў інтэрнаце закрытага тыпу — звонку бушуе эпідэмія, а нас тут ратуюць. Некаторыя карпусныя нават дабранач зычылі. Такое ўражанне, што многія там разумеюць, што адбываецца.

За кратамі я адразу закрылася каўпаком. Не думала пра тое, што адбываецца на волі — так лягчэй. Я ўвайшла ў гэтую сітуацыю — там таксама ідзе жыццё, толькі сваё.

Гэты арышт — пустая трата дзяржаўных грошай. Для чаго? Яны лічаць, што мяне гэтым пакаралі?»

Цяпер Ларысе трэба разабрацца з бюракратычнымі пытаннямі. Напрыклад, аформіць пенсію. І вярнуцца да працы.

«Мяне ўжо чакаюць — я офісы прыбіраю. А там будзе бачна. Ды я ўжо столькі напрацавалася за жыццё, што можна і адпачыць крыху», — бадзёрыцца яна.

Чытайце таксама:

«Мне суседзі дапамагаюць». Як рыхтуецца да арышту паштарка, якая апублікавала імёны падпісчыкаў міліцэйскай газеты

«Калі ёй дрэнна, піша, што прыснілася мама». Як адбывае арышт паштарка, пакараная за публікацыю адрасоў міліцыянтаў

Незнаёмец вярнуў сям’і палітзняволенай мабільнік, куплены ў краме канфіскату

Каментары

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?5

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?

Усе навіны →
Усе навіны

Наезд на людзей у Магдэбургу зрабіў мужчына родам з Саудаўскай Аравіі17

Пад пераслед трапіў вядомы віцебскі блогер3

МНС: Уладальнік згарэлага ГЦ у Віцебску не ліквідаваў раней выяўленыя парушэнні1

У нямецкім Магдэбургу аўтамабіль тараніў людзей на калядным кірмашы13

Сталі вядомыя імёны пяці вызваленых палітвязняў — іх прымусілі зачытаць у фільме АНТ палітычную заяву7

Стрыжак пра правакацыю з палітвязнямі: Яны ахвяры тэрору і могуць рабіць любыя заявы8

Прапагандысты заявілі пра разгром сеткі салідарнасці і арышт яе ўдзельнікаў14

Спынілася прапампоўка нафты праз нафтаправод «Дружба»3

У Расіі масава падпальваюць банкаматы і паліцэйскія машыны7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?5

Што азначае загадкавы код R99 у прычынах смерці Уладзіміра Макея і Вітольда Ашурка?

Галоўнае
Усе навіны →