Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш даў згоду на прызначэньне новага пасла ў Беларусі. Калі Сэнат пагодзіцца гэта будзе Карын Сьцюарт
Прэзыдэнт ЗША прызначыў Карын Сьцюарт амбасадарам у Беларусі
Спадарыня Сьцюарт цяпер узначальвае аддзел Дзярждэпартамэнту ЗША, які займаецца дачыненьнямі зь Беларусьсю, Малдовай ды Ўкраінай.
Карэн Сьцюарт – кадравая дыпляматка. Цягам трох гадоў яна ўжо працавала ў амбасадзе сваёй краіны ў Беларусі і займала тады пасаду намесьніцы кіраўніка дыпляматычнай місіі.
Пасьля таго, як спадарыню Сьцюарт прызначыў амбасадарам прэзыдэнт ЗША, згодна з амэрыканскім заканадаўствам, яна мусіць яшчэ быць зацьверджаная Сэнатам.
Карын Сьцюарт скончыла прэстыжны Уэлслі-коледж (там, дарэчы, вучылася і Хілары Клінтан) і Ўнівэрсытэт нацыянальнай абароны ЗША.
Калі спадарыня Сьцюарт атрымае гэтае прызначэньне, яна стане першай жанчынай-амбасадарам ЗША ў Беларусі й шостым па ліку амбасадарам гэтай краіны ў Менску – пасьля Дэвіда Суорца, Кэнэта Ялавіца, Дэніэла Спэкхарда, Майкла Козака ды Джорджа Крол.
Каментары