Як мяняўся фармат і сэнс святкавання 9 Мая ў розныя гады — згадваем з гісторыкам Фрыдманам
Як адзначалі Дзень Перамогі цягам 77 год у часы СССР і незалежнай Беларусі і якія цікавыя факты звязаныя з гэтым днём — згадваем разам з гісторыкам Аляксандрам Фрыдманам.
У часы Сталіна — без парадаў і выхаднога дня
Як вядома, першы Акт пра безумоўную вайсковую капітуляцыю Германіі быў падпісаны 7 мая 1945 года. Падпісваўся ён без афіцыйнага адказу Масквы, толькі ў прысутнасці яе прадстаўніка, таму прыйшлося па просьбе Сталіна працэдуру паўтарыць — здарылася гэта 8 мая ўвечары — калі дакладней, то ў 22.43 па еўрапейскім часе. У Маскве на той момант ужо было за поўнач і, як следства, святкаваць Дзень Перамогі ў СССР пачалі 9 мая, у той час, калі на Захадзе — 8-га.

Яшчэ два разы пасля заканчэння вайны, у 1946 і 1947 годзе, Дзень Перамогі святкавалі, але ўжо са снежня 1947-га Прэзідыум Вярхоўнага савета СССР зрабіў 9 мая рабочым днём і пазбавіў пампезнасці ажно да 1964 года.
«Сталін разглядаў савецкіх генералаў, маршалаў — таго ж Ракасоўскага і Жукава — як сваіх палітычных канкурэнтаў. І ён не жадаў выстаўляць іх наперад. Гэта, па яго логіцы, магло кінуць цень на сталінскі рэжым», — каментуе Аляксандр Фрыдман.
Звыклы фармат парадаў сфармаваўся пры Брэжневе
Цягам 18 год 9 Мая святкавалася кропкавымі салютамі і мерапрыемствамі, у тым ліку і пасля смерці Сталіна, пры Хрушчове.
«У 1964 годзе да ўлады прыйшоў Брэжнеў, сам франтавік, і вось ён надаў святу знаёмы нам фармат з парадамі, а таксама вярнуў выхадны дзень. Усе наратывы, якія мы бачым сёння, прыйшлі да нас разам з Брэжневым. У яго эпоху 9 мая зрабілася галоўным савецкім святам, адцяніўшы дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі», — расказвае гісторык.
Габрэі асобна збіраюцца каля «Ямы»
У Беларусі такая звышувага да даты 9 мая, на думку Фрыдмана, акурат, была натуральнай і блізкай:
«Краіна асабліва моцна пацярпела ад нацысцкай акупацыі, плюс паўплываў перыяд, калі рэспублікай кіравалі партызаны — у Беларусі гэта пачалося з Мазуравым, а пасля працягнулася з Машэравым. Гэты вобраз партызанскай рэспублікі, для якой вайна грае асаблівую ролю, беларускаму насельніцтву быў цалкам зразумелым, гэта адпавядала жыццёваму досведу вялікай колькасці людзей».

Дата была настолькі сімвалічнай для беларускага народа, што не аспрэчвалася нават людзьмі з антысавецкімі поглядамі.
«Толькі ў Беларусі, наколькі мне вядома, менавіта 9 мая ўшаноўваюць памяць габрэяў — традыцыйна ладзяць у гэты дзень мерапрыемствы на тэрыторыі былога гета — там, дзе цяпер мемарыял «Яма» (калі казаць пра Мінск). У іншых постсавецкіх краінах гэта адбываецца ў гадавіны забойстваў габрэяў, напрыклад. І вось гэтыя сціплыя цырымоніі ўшанавання памяці — гэта зусім не савецкая традыцыя. Таму ў часы СССР нашчадкам габрэяў і тым, хто выжыў, не давалі сабрацца каля «Ямы», разганялі ці перашкаджалі ім гукаўзмацняльнікамі», — кажа Фрыдман.
Вяртанне да савецкіх традыцый пры Ельцыне і Лукашэнку
Першы час пасля распаду СССР парады зноў не праводзіліся: не было грошай і проста было не да таго. Звыклы ўжо фармат вярнуўся на 50-годдзе Перамогі пры Ельцыне.
Тады на Чырвонай плошчы ветэранаў вайны віталі шматлікія замежныя госці — генеральны сакратар ААН Бутрос-Галі, прэзідэнт ЗША Біл Клінтан, прэм'ер-міністр Вялікабрытаніі Джон Мэйджар, старшыня КНР Цзян Цзэмінь, прэм'ер-міністр Канады Жан Крэцьен.

«Падавалася, што ідзе нармалізацыя адносінаў з Захадам, усё павінна быць добра: Ельцын жа лічыўся чалавекам, які рве з савецкімі традыцыямі. Але вось атрымалася, што з аднаго боку, будавалася новая Расія, а з другога, яна пачала вяртацца да старых традыцый — з парадамі і мілітарызмам.
У Лукашэнкі ж прага да савецкага была ад самага пачатку. На жаль, чым далей, тым было горш. Паступова свята ператварылі ў тое, што называецца «победобесие». А ў гэтым годзе яго ўвогуле выкарысталі як дадатковы інструмент прапаганды для апраўдання вайны ва Украіне. З сённяшняй павесткай ды прамовамі Лукашэнкі і Пуціна гэта ўжо не Дзень Перамогі, а дзень вайны», — каментуе наш суразмоўца.

9 Мая пасля аварыі на ЧАЭС і ў разгар COVID-19
Кажучы пра 9 мая ў гісторыі, нельга не згадаць, якім быў Дзень Перамогі ў 1986-м і ў 2020-м.
Як мы ведаем, аварыя на ЧАЭС, наступствы якой доўга хаваліся кіраўніцтвам СССР, ніяк не паўплывала на правядзенне першамайскіх святаў — парадаў да Дня працы. Яны масава прайшлі як у сталіцы, так і ў раённых, абласных гарадах Беларусі.

На 9 Мая парады таксама не адмянілі: архіўныя газеты даюць зразумець, што перад дэманстрацыяй толькі «асфальт памылі спецмашынамі з вадой».
Такое важнае для дзяржавы свята не адмянілі і ў 2020 годзе. Беларусь стала адной з дзвюх краін постсавецкай прасторы, якія не пабаялася рызыкнуць ветэранамі ў пандэмію ў 75-годдзе Перамогі (парад тады не адмяняўся таксама ў Туркменістане).
Каментары