Паліцэйскія Чарнігаўшчыны дапамаглі вярнуць дадому падлетка, вывезенага расійскімі вайскоўцамі ў Беларусь
Украінская паліцыя арганізавала вяртанне 14-гадовага Сяргея Саракапуда дадому ў сяло Ягаднае Чарнігаўскага раёна. Параненага хлопца вывезлі ў Беларусь расійскія вайскоўцы. Паліцэйскія дапамаглі старэйшай сястры забраць Сяргея з Гомеля і суправаджалі іх на ўсіх этапах няпростага вяртання ва Украіну, паведамляе чарнігаўская паліцыя на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
— Быў даволі цёплы дзень, сонца прыгрэла. Людзі займаліся прыгатаваннем ежы, іншыя проста стаялі і грэліся побач з імправізаванай «кухняй». І Сярожа быў там жа. Раптам мы пачулі свіст снарада, і адразу — выбух. Брат упаў, я падбегла да яго — з рота ўжо кроў пайшла, кружыцца ў галаве, нічога не разумее, але рухацца можа. Суседка дапамагла адвесці яго ў медпункт, які рускія ўладкавалі тут жа, у школе. Там ужо ўбачылі, што брат паранены ў спіну, асколак трапіў у лёгкае.
Рускія, як змаглі, Сяргею аказалі першую дапамогу. А пасля ўколу і кропельніцы зноў адправілі ў падвал, начаваць у нечалавечых умовах.
— Раніцай рускія мяне адвезлі на машыне ў іншую вёску. Казалі, адвязуць у Расію. Потым аказалася, што ў Гомель. Але я не ведаў, дзе гэта. Як прыбылі, спачатку мяне паклалі ў бальніцу разам з астатнімі, рабілі перавязкі, і ўсё. Тыдні праз тры перавялі ў дзіцячую бальніцу. А ўжо там зрабілі дзве аперацыі. У мяне былі пераламаныя два рэбры, і трохі закранула лёгкае.
Ніякай сувязі з сям'ёй падлетак першапачаткова не меў. Толькі калі ўкраінскія войскі выгналі акупантаў з Чарнігаўшчыны, бацькоў адшукалі вайскоўцы разам з валанцёрамі.
Аказалася, неабыякавыя беларускія медыкі размясцілі ў Фэйсбуку паведамленне пра Сяргея: маўляў, хлопчык шукае родных.
Калі ў сям'і з'явіўся тэлефон (замест адабраных і знішчаных), адразу набралі пазначаны ў Фэйсбуку нумар беларускага мабільнага аператара. Гэта была медсястра, што даглядала хлопца. У далейшым праз гэтую жанчыну родныя Сяргея падтрымлівалі з ім кантакт. Заставалася самае галоўнае — вярнуць падлетка на радзіму.
Складанасць заключалася яшчэ і ў тым, што афіцыйна беларуская медыцына не згаджалася аддаць хлопчыка сястры — толькі бацькам. Тым часам, маці хварэла і не здольная была пакінуць дом ні на дзень, а бацька не меў права перасякаць мяжу.
Урэшце, праблему ўдалося пераадолець, і Аліна адправілася за братам — праз Польшчу ў Мінск, а далей у Гомель.
Валынскія паліцэйскія пасадзілі Аліну і Сяргея на цягнік у Кіеў, а ўжо ў сталіцы іх сустрэлі родныя і даставілі дадому.
Каментары