Грамадства

«Важыць 32 кілаграмы». Што цяпер з салдатам, які два гады таму абгарэў падчас рамонту машыны

Два гады Мікалай Лось са Светлагорска прабыў у мінскім вайсковым медцэнтры. Хлопец апынуўся там пасля таго, як атрымаў моцныя апёкі падчас няшчаснага выпадку ў вайсковай часці, дзе праходзіў тэрміновую службу. Стан Колі не палепшыўся: ён есць праз зонд, дыхае з дапамогай апарата і амаль не рэагуе на навакольных. Бабуля, якая гадуе ўнука з дзяцінства, вырашыла прывезці яго дадому. Цяпер ён знаходзіцца ў хірургічным аддзяленні Светлагорскай ЦРБ, паведамляе выданне «Ранак».

Фота Tut.by

Мікалай Лось са Светлагорска служыў механікам-кіроўцам у 51-й гвардзейскай артылерыйскай брыгадзе вайсковай часці 12147 пад Асіповічамі. 25 сакавіка 2020 года камандзір аддзялення старшы сяржант Германовіч вырашыў адрамантаваць рухавік транспартна-зараджальнай машыны на базе аўтамабіля ЗІЛ-135 ЛМП. Машына загарэлася. Абодва вайскоўцы атрымалі апёкі рознай ступені цяжкасці. Мікалая ў стане апёкавага шоку даставілі ў бальніцу.

Два гады Мікалай правёў у вайсковым медыцынскім цэнтры ў Мінску, але аднавіцца яму так і не ўдалося. Са слоў бабулі Кацярыны Дзянісаўны, часам Коля рэагуе на размову і музыку, спрабуе сказаць нейкія гукі, атрымліваецца нешта накшталт мычання. Есць ён праз зонд, нармальную вагу так і не набраў.

Выданне патэлефанавала бабулі, каб яна расказала, якія навіны ў Колі.

— Добрага мала, адным словам. Ляжыць, няшчасны. Не размаўляе, харчаванне зондавае, дыхае — таксама трубачка ШВЛ дапамагае. Ножкі не гояцца, можа, тут ужо дапамогуць хірургі.

— Чаму раны на нагах?

— А бог яго ведае. Можа, нешта не так першапачаткова зрабілі.

З Мінска ў Светлагорск Колю прывезлі машынай хуткай дапамогі, шпіталізавалі ў хірургічнае аддзяленне ЦРБ.

— На дзесяць дзён мы ў хірургіі. Другі дзень, як пераехалі. Потым забяру яго, будзем дома.

— А што дактары кажуць?

— Нічога добрага, прагнозаў добрых няма. Сказалі, нават сядзець не будзе, не тое што хадзіць. А я думаю, раптам мы адны з тысячы і ўсё атрымаецца?

За лёсам Мікалая сочаць неабыякавыя людзі, прывозяць спецыяльнае харчаванне і тэлефануюць Кацярыне Дзянісаўне са словамі падтрымкі. Яны ж знайшлі рэабілітацыйны цэнтр у Маскоўскай вобласці, які гатовы быў прыняць Колю.

— Ён жа важыць 32 кілаграмы. Трошкі набраў вагу, пайшло запаленне. Куды яго везці? — кажа Кацярына Дзянісаўна. — Іншы доктар сказаў, што ўжо позна ехаць на рэабілітацыю, шмат часу прайшло. У яго скаванасць — пакрывіліся ручкі, ножкі, я ўвесь час раблю масаж.

У медцэнтры, дзе ўвесь гэты час знаходзіўся Коля, ніякіх надзей на аднаўленне бабулі не давалі. Ездзіць некалькі разоў у тыдзень у сталіцу было цяжка. У выніку жанчына вырашыла прывезці ўнука дадому.

— Мне ўжо хутка 70. Тры гадзіны туды, тры назад і ў Колькі шэсць гадзін сяджу.

Пасля выпіскі Кацярына Дзянісаўна разам з унукам адправяцца дадому.

— Я яму вызваліла залу. Нам кажуць, з такой хваробай, як у яго, доўга не працягнеце. Я адказваю — працягнем. Выжывем на злосць усім. Нам Бог дапамагае. Што ён [Коля] дарма цярпіць трэці год? Гэта выпрабаванне, мы цярпім. Песню яму ўключаю «Ціха ў царкву я ўвайду». Ён так яе любіць!

Кацярына Дзянісаўна кажа, што ім павінны былі даць жыллё, але тыя варыянты, што былі, не падышлі.

— Сына з Колькай паставілі на чаргу 1420-мі. Нас ужо не будзе, пакуль чарга дойдзе.

Кватэру жанчына хацела на першым паверсе, каб лягчэй было даваць рады з Колем. Магчыма, рашыцца на куплю, калі знойдзецца прыдатны варыянт.

З вайсковай часткі суд пастанавіў спагнаць 80 тысяч рублёў на карысць Мікалая. Міністэрства абароны выплаціла сям'і кампенсацыю.

— Але што мне з яе? Вярніце дзіця, якім ён быў. Гэта немагчыма, адказваюць, вы ж ведаеце.

Цяпер у Кацярыны Дзянісаўны распарадак дня такі: прыходзіць да Колі ў бальніцу, праводзіць з унукам некалькі гадзін, потым ідзе дадому «гатаваць булёнчык» — і зноў да яго.

Бабуля пісала звароты ў Мінабароны і Міністэрства аховы здароўя, ствараліся медыцынскія кансіліумы, яны давалі заключэнні аб стане Мікалая.

— Зменаў не бачаць,— уздыхае Кацярына Дзянісаўна.

— Вам цяпер нейкая дапамога патрэбная?

— Спецыяльны ложак нам паабяцалі, харчавання [для Колі] я набрала, пенсію [па інваліднасці] прызначылі, ужо цяпер лягчэй. У нас хутка дзень нараджэння, будзе 22. Як-небудзь справімся. Людзей добрых шмат, дапамагаюць.

Каментары

Цяпер чытаюць

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў6

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Усе навіны →
Усе навіны

У «Мінск-Свеце» ў наступным годзе плануюць перастаць будаваць жыллё1

Пуцін: Расія зойме свае гістарычныя тэрыторыі24

У сувязі з нападам школьніка на вучняў у Падмаскоўі ўзмацняюць меры бяспекі ў школах Беларусі2

«Кожны рух яму даецца няпроста, але ён не здаецца». Унуку Рыгора Кастусёва трэба дапамога

У Гомелі адбыўся выбух у кватэры

Выхаванцы школы-інтэрната просяць Дзеда Мароза падарыць ім шторы, пасцелю і абутак4

ЗША рыхтуюць новыя санкцыі супраць расійскай нафты, калі Расія адхіліць мірнае пагадненне1

Вызваленыя палітвязні едуць з Украіны ў Варшаву33

Алесь Бяляцкі расказаў, чаму праваабаронцы ў разгар рэпрэсій вырашылі не пакідаць краіну4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў6

У Варшаву прыехала сотня беларускіх палітвязняў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць