Свет22

Вось колькі каштуе Ізраілю вайна з Іранам. Самае дарагое — абарона свайго неба

Фінансавы цяжар патэнцыйна абмяжоўвае ваенныя магчымасці і прымушае Ізраіль паскорыць завяршэнне канфлікту.

Праца сістэмы супрацьпаветранай абароны Ізраіля. Тэль-Авіў, 17 чэрвеня 2025 года. Фота: Mostafa Alkharouf / Anadolu via Getty Images)

Як піша The Wall Street Journal, згодна з папярэднімі ацэнкамі эканамістаў і вайсковых аналітыкаў, вайна з Іранам абыходзіцца Ізраілю ў сотні мільёнаў даляраў у дзень.

Асноўная частка выдаткаў — гэта выкарыстанне дарагога супрацьракетнага ўзбраення, неабходнага для перахопу іранскіх ракет. Толькі на гэтую мэту Ізраіль можа выдаткоўваць да 200 мільёнаў даляраў у дзень. Акрамя таго, вялікія грошы ідуць на баявую авіяцыю, боепрыпасы і аднаўленне разбураных будынкаў.

Паводле некаторых падлікаў, толькі аднаўленне пашкоджанай інфраструктуры можа каштаваць не менш за 400 мільёнаў даляраў. Гэтыя выдаткі ствараюць эканамічны ціск на Ізраіль, каб як мага хутчэй завяршыць ваенную аперацыю.

«Асноўным фактарам, які сапраўды будзе вызначаць кошт вайны, з'яўляецца працягласць. Калі гэта тыдзень, гэта адно, калі два тыдні ці месяц — гэта ўжо іншая гісторыя», — цытуе выданне былую кіраўніцу Банка Ізраіля Карніт Флюг.

Дарагое неба

За апошнія дні Іран выпусціў па Ізраілю больш за 400 ракет. Кожная такая атака патрабуе выкарыстання дарагога ўзбраення для перахопу.

Кожны запуск сістэмы супрацьракетнай абароны «Прашчы Давіда», які можа выкарыстоўваць мінімум дзве ракеты, каштуе каля $700 000. Сістэма «Хец-3» (Arrow 3), прызначаная для перахопу міжкантынентальных ракет, каштуе прыкладна $4 мільёны за адзін запуск, а яе папярэдніца «Хец-2» — каля $3 мільёнаў.

Паводле ацэнак аналітыкаў, толькі паветраны кампанент ваенных дзеянняў — выкарыстанне знішчальнікаў F-35, што лётаюць на адлегласці да 1600 кіламетраў, абыходзіцца ў $10 000 за гадзіну палёту на кожны самалёт. Да гэтага трэба дадаць выдаткі на запраўку, JDAM-бомбы, авіяцыйныя ракеты тыпу MK84 і іншыя боепрыпасы.

Вайна і эканоміка

Па ацэнках аналітыкаў, вайна з Іранам абыходзіцца Ізраілю значна даражэй, чым аперацыі ў Газе ці супраць Хезбалы, асноўныя выдаткі складаюць боепрыпасы. Калі вайна працягнецца месяц, яна можа каштаваць каля $12 мільярдаў.

Хаця дзяржаўныя выдаткі на абарону рэзка павялічыліся, эканамісты пакуль не прадказваюць рэцэсіі. Аднак значная частка ізраільскай эканомікі спынілася. У апошнія дні працуюць толькі прадпрыемствы крытычнай інфраструктуры, рэстараны і іншы бізнэс часова зачыненыя. Галоўны міжнародны аэрапорт краіны быў зачынены на некалькі дзён, але цяпер адкрыты для абмежаваных палётаў.

Кампанія S&P апублікавала ацэнку рызык эскалацыі з Іранам, але пакуль не змяніла рэйтынг краіны. Ізраільскі фондавы рынак працягвае расці і абыходзіць амерыканскія індэксы, што сведчыць пра веру інвестараў у хуткае завяршэнне канфлікту.

Аднак эканамічныя наступствы ад іранскіх удараў будуць адчувальныя яшчэ доўга. Інжынеры адзначаюць, што разбурэнні ад буйных балістычных ракет беспрэцэдэнтныя за апошнія дзесяцігоддзі вайны ў Ізраілі.

Пошукова-выратавальныя работы ў горадзе Рамат-Ган на ўсход ад Тэль-Авіва, Ізраіль. 19 чэрвеня 2025 года. Фота: Nir Keidar / Anadolu via Getty Images

Сотні будынкаў былі зруйнаваныя або моцна пашкоджаны, а іх аднаўленне будзе каштаваць сотні мільёнаў даляраў. Рамонт толькі аднаго з нядаўна пабудаваных хмарачосаў у цэнтры Тэль-Авіва будзе каштаваць дзясяткі мільёнаў даляраў.

Сацыяльны ціск і небяспека інфраструктуры

Больш за 5000 чалавек былі эвакуяваны з разбураных дамоў і часова паселены ў гатэлях за кошт дзяржавы. Асаблівую заклапочанасць выклікае інфраструктура. Два ўдары па найбуйнейшым нафтаперапрацоўчым заводзе на поўначы Ізраіля прывялі да яго закрыцця і гібелі трох супрацоўнікаў.

Урад часова забараніў працу частцы работнікаў з прадпрыемстваў крытычнай важнасці. У сераду камандаванне тылу Ізраіля часткова адмяніла забарону на сходы, дазволіўшы сустрэчы да 30 чалавек, а працоўныя месцы ў большасці рэгіёнаў могуць адкрыцца, калі побач ёсць сховішча.

Аднак школы застаюцца зачыненымі, і многія сем’і вымушаныя сумяшчаць догляд дзецей з працай з дому.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, урад Ізраіля, па словах прэм’ера Нетаньяху, не спыніць аперацыю, пакуль не дасягне мэт: знішчэнне іранскай ядзернай праграмы і ракетных комплексаў. Аднак эксперты лічаць, што час стане галоўным фактарам.

Каментары2

  • бабруйчанін
    20.06.2025
    Кожны год Тэль Авіў атрымлівае ад Вашынгтона 4млрд $ безкаштоўна за тыдзень 500млн $ на Іран Пытанне ?
    Колькі яшчэ Ізраіль здольны у адзіноце бамбіць Іран? ...
    Памылка ? Ці свядомая спроба Нетаньяху- к° уцягнуць Штаты у Вайну?
  • Ещё одна
    20.06.2025
    [Рэд. выдалена]

«Сумны горад, пра які прынята добра казаць». Расіянка раскрытыкавала Мінск — беларусы ёй іранічна падзякавалі26

«Сумны горад, пра які прынята добра казаць». Расіянка раскрытыкавала Мінск — беларусы ёй іранічна падзякавалі

Усе навіны →
Усе навіны

Памерла Любоў Санкевіч з Бабруйска. Яна публічна прасіла прабачэння за тое, што ў 1994‑м галасавала за Лукашэнку1

У Ждановічах будуюць мост, які злучыць два раёны сталіцы. Якім ён будзе2

Чаму цяпер так шмат кляшчоў і што з гэтым рабіць?6

У дзень пачатку Пецярбургскага эканамічнага форуму УСУ нанеслі дзясятак удараў па нафтавым тэрмінале ў порце горада і базе Балтфлоту ў Кранштаце41

Парашэнка заявіў, што Украіне трэба завяршыць канфлікт проста зараз20

Кіраўнік ДНР паведаміў пра ўдар дрона па аўтобусе Масква — Сімферопаль3

Іран атакаваў базы ЗША ў Кувейце і Бахрэйне2

Апакаліпсісу не будзе? Навукоўцы перагледзелі самы змрочны сцэнар пацяплення клімату5

Мінчанка чатыры гады пражыла з мужчынам, нарадзіла дзіця, і не ведала яго імя10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Сумны горад, пра які прынята добра казаць». Расіянка раскрытыкавала Мінск — беларусы ёй іранічна падзякавалі26

«Сумны горад, пра які прынята добра казаць». Расіянка раскрытыкавала Мінск — беларусы ёй іранічна падзякавалі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць