Чытачка «Нашай Нівы» даслала электронны зварот у Мінсктранс з гэтымі пытаннямі. Адказ прыйшоў за подпісам генеральнага дырэктара прадпрыемства Алега Дзюбенкі.
«Грашовыя сродкі, спагнаныя судовымі пастановамі па ісках пракурора ў інтарэсах прадпрыемства, пакрываюць страты, нанесеныя прадпрыемству ў сувязі з прастоем грамадскага транспарту з прычыны несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў», — суха певедамілі ў адказе.
Пытанне пра суму, якую прадпрыемства ўжо спагнала з пратэстоўцаў, Мінсктранс абышоў, адказаўшы, што запытаная інфармацыя не даецца на падставе артыкулаў 6, 17 закона «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі», а таксама норм закона «Аб абароне персанальных даных».
«Яна не з'яўляецца агульнадаступнай і закранае правы і законныя інтарэсы трэціх асоб», — даводзіцца ў адказе.
Пра асобныя кейсы паведамляла «Вясна». Так, напрыклад, для барабаншчыка Аляксея Санчука «Мінсктранс» ацаніў шкоду ў 161 900 рублёў. Мужчыну асудзілі да 6 гадоў калоніі. Яго абвінавачвалі па артыкулах 342 (арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх) і 293 (масавыя беспарадкі).
Уладзіславу Фёдараву прадпрыемства выставіла рахунак звыш 157 тысяч рублёў. Яго асудзілі да двух гадоў калоніі па артыкулах 342 і 328 (незаконнае абарачэнне наркатычных сродкаў).
Палітвязню Аляксею Муравіцкаму — суму ў 71 255 рублёў. Яго асудзілі да года калоніі, здзейсненае ім кваліфікавалі па артыкуле 342.
Дзмітрыю Кубараву выставілі пазоў у памеры 45 тысяч рублёў. Мужчыну асудзілі да сямі гадоў калоніі па артыкуле 293.