У Гомелі вынеслі прысуд пенсіянеру, які раскідваў па горадзе металічныя «вожыкі»
У Гомелі суд прысудзіў да двух гадоў калоніі пенсіянера, які, «каб адпомсціць ДАІ», тры гады раскідваў на дарогах самаробныя «вожыкі», піша «Гомельская праўда».

Падчас судовага працэсу абвінавачаны распавёў, што вырабляў металічныя канструкцыі на лецішчы з дапамогай зварачнага апарата. Фарбаваў белай фарбай, каб зліваліся са снегам. Вырашыў так рабіць з-за прэтэнзій да ДАІ: з-за пратэрмінаваных правоў прызначылі, на яго думку, занадта вялікі штраф, а таксама неаднаразова прыцягвалі да адказнасці за непраходжанне тэхагляду.
Што тычыцца яшчэ аднаго эпізоду, то, па словах пенсіянера, ён хацеў хутчэй пазбавіцца ад пакінутых «вожыкаў» і вырашыў раскідаць іх недалёка ад першага гарадскога аддзялення АУС адміністрацыі Савецкага раёна Гомеля. Ён нібыта не ведаў, што ў тым жа будынку знаходзіцца падстанцыя хуткай дапамогі.
— Трэці эпізод — гэта чыстае глупства, дурасць. У цэлым, паскудную справу здзейсніў. Няма слоў, як раскайваюся, прызнаю віну цалкам — сказаў гамяльчук на судзе.
Раней ён напісаў чыстасардэчнае прызнанне.
Мужчыну прызналі вінаватым і прызначылі пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на два гады ў калоніі агульнага рэжыму. Прысуд у законную сілу не ўступіў, можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Каментары