Улада

Апошні раз

Анатоль Сідарэвіч на разьвітаньне зь Янкам Брылём.

Анатоль Сідарэвіч на разьвітаньне зь Янкам Брылём.

Тэлефонны званок ад Яго прагучаў 11 ліпеня.

– Толя? Я ў пятніцу паеду ў Крынічнае. Зайдзі да мяне. Тут у мяне падпісаная кніжка.

Гэтая кніжка – загалоўку яе я ня ведаў – была здадзеная ў выдавецтва «Про Хрысто» ўвесну сёлета, незадоўга да таго, як Ён меўся легчы на свой звычайны прафагляд у больніцы.

Гэтыя агляды праводзіліся штогод і ўспрымаліся як нешта будзённае. Да таго ж і самаадчуванне ў Янкі Брыля было нармальнае. Я быў у яго ў больніцы (здаецца, у пятніцу). Мы сядзелі на калідоры другога паверху і размаўлялі, калі падышла доктарка і сказала, што ім – доктарцы і Янку Брылю – трэба ісьці на абсьледаваньне сасудаў ног. Каля дзьвярэй ліфта на лесьвічнай пляцоўцы мы парукаліся, а на наступным тыдні Натальля Семашкевіч, Брылёва дачка, пад вялікім сакрэтам сказала, што бацьку з Рэспубліканскае клінічнае больніцы перавезьлі ў Бараўляны: у яго праблема з тоўстай кішкой. Пры гэтым слове –«Бараўляны» – я войкнуў, але здагадаўся спытацца, ці добры ў Старога апэтыт. «Добры», – адказала Натальля. І я зрабіў выснову, што ў Янкі Брыля або кіста, або паліп. І падумаў, што Пісьменьнік убачыць сваю кніжку.

Гэтая таямніца – што Пісьменьнік ляжыць у больніцы, – ня выйшла за межы вузкага кола людзей. Натальля апавядала, як маецца яе бацька ў Бараўлянах, што ён ляжыць у агульнай палаце побач з мэханізатарам з Лагойскага раёну, у якога праз кожнае слова мат... Потым стала вядома, што яго, удзельніка вайны, нарэшце здагадаліся пакласьці ў палату для ўдзельнікаў вайны... Праўда, спатрэбілася, каб адна супрацоўніца сказала, што Пісьменьнік сапраўды браў удзел у вайне.

Калі Іван Антонавіч вярнуўся з Бараўлянаў у больніцу на менскай вуліцы Энгельса, я рады быў яго вітаць на гэты раз на калідоры пятага паверху і нават выдаць таямніцу ягонага бараўлянскага бытаваньня. Напісаў электронны ліст пра гэта Васілю Сёмуху, якога – я заўсёды тое ведаў – Іван Антонавіч любіў і як чалавека, і як літаратара. А па тэлефоне паведаміў Міхасю Скоблу, бо яго Іван Антонавіч таксама любіў.

А потым быў санаторый.

Што з санаторыю Брыль вярнуўся дадому, – пра тое я ведаў. Празь дзень-другі я пазваніў яму і спытаўся: «Pan siedzi przy biurku?» – «Nie, – быў адказ, – przy stole. Bкdк jadі obiad». Нашы размовы з польскімі ўстаўкамі нікога не дзівілі. Наадварот, кагосьці зьдзівіла б, што мы падчас гутаркі абышліся хоць без аднае польскае фразы. Нас яднала, у прыватнасьці, і любоў да польскага краснага пісьменства (зрэшты, як і да ўкраінскага, да расейскага, да ўсякага іншага, не кажучы пра тое, што найперш мы любілі сваё).

Было запрашэньне наведаць Яго. І я прыкідваў, калі змагу паехаць на вуліцу Дразда, каб пасядзець зь Ім не хвіліну-другую, а, як гэта павялося, некалькі гадзін. Я разумеў, што пасьля сьмерці Ніны Міхайлаўны Івану Антонавічу, бывае, няма з кім паразмаўляць. Ня будзе ж ён увесь дзень чытаць і пісаць. І сябры-таварышы ня кожную гадзіну тэлефануюць... Апрача таго, з гэтых размоваў быў мне спажытак: інфармацыя, факты пра былое, пра пісьменьнікаў, дзеячаў мастацтва. Кажучы словамі Томаса Мана, Ён быў багаты на гісторыі стары.

І вось прагучаў тэлефонны званок: Іван Антонавіч не пытаўся, калі я завітаю, а клікаў мяне да сябе.

Я быў у яго 13 ліпеня.

Гэты дамафонны сыгнал, голас гаспадара кватэры, расчыненыя дзьверы саракавой кватэры і – «Здароў», і шырокая вялікая далонь, у якой хаваецца мая... далонька? А потым тапкі... Не, на гэты раз я хадзіў у адных шкарпэтках. І фатэль ад левага боку пісьменьніцкага стала (бюрка). А потым прыйшла Натальля. (Яна звычайна прыходзіла да бацькі ў абедзенны перапынак у аўторкі і чацьвяргі, а разам зь сястрою Галінаю – штосуботы.) Натальля Іванаўна згатавала для нас даўно забытую мною зацірку з малаком і сырнікі, а сама пайшла на працу ў сваё выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Абед, як заўсёды, быў смачны. Іван Антонавіч падбіваў мяне, каб на дэсэрт я пакаштаваў сотавага мёду, які прывёз Віктар Карамазаў. Скрыль гэтага мёду ляжаў на талерцы. Але я на спакусу не паддаўся.

А потым мы зноў сядзелі ля таго стала ў тым пакоі, дзе фатаздымкі пісьменьнікавых маці і бацькі, брата Міхася, партрэты Льва Талстога і Янкі Купалы, бюст Якуба Коласа. Дзе стаіць шафа з улюбёнымі кнігамі. І са здымкамі ўнукаў. Пра іх – Дануту, Вольгу, Міхася, Антося, пра маленькую Дарку – дзед і прадзед зь любасьцю гаварыў і цяпер. Неяк заранулі ў размове і ваенную тэму. Іван Антонавіч дастаў з шуфляды здымак свайго таварыша па зброі, якому нядаўна польскі ўрад надаў ранг паручніка. Я ведаў пра Фляр’яна з Глыбокага (няхай даруе мне стары жаўнер, што забыў у гэтую хвіліну ягонае прозьвішча) і раней. І бачыў здымак маладзенькіх жаўнераў, зроблены ў 1939-м на беразе мора пад Гдыняй амаль напярэдадні вайны. З гэтага ж, сёлетняга, на мяне глядзеў ужо даўно немалады чалавек з маладымі вачамі ў бэрэце зь Белым Арлом і адзнакамі паручніка Войска Польскага. І Іван Антонавіч згадаў, як ён, навабранец, нудзіўся ў нядзелю ў казарме, і раптам зь яе далёкага кутка пачуў гукі гармоніка і роднае, незабыўнае:

    А Лявоніху Лявон палюбіў…

Малады жаўнер Брыль стрымгалоў кінуўся на гэтыя гукі. І так пазнаёміўся з Флёркам…

Наша размова перапынялася тэлефоннымі званкамі. Ніна Мацяш паведамляла, што ў яе Белаазёрску 29 градусаў гарачыні. Хрысьціна Лялько вяла гутарку пра выдавецкія справы і справы часопісу «Наша вера» (хвілінку з рэдактаркай пагаманіў і я). Патэлефанаваў Васіль Зуёнак. А яшчэ была размова з пані Калесьнікавай, удавою Ўладзімера Калесьніка. «Зосечка», – зьвяртаўся Пісьменьнік да яе...

Ага, найперш я атрымаў кніжку. Тую самую, здадзеную ў набор увесну. «Парастак». Я разглядаў прыгожую вокладку. І калі пазваніла Хрысьціна, я пахваліў аздабленьне кніжкі і рэдактарцы. На кніжцы была дэдыкацыя: «Анатолю Сідарэвічу на сорак першым годзе сяброўства». «Паглядзі, – сказаў Пісьменьнік, – ці няма якое памылкі». – «Я знаёмы з вамі ўжо сорак другі год». Іван Антонавіч узяў кніжку і ўнёс у дэдыкацыю папраўку. А яшчэ Ён даў мне пакет з асобнікамі кнігі для «дзеяслоўцаў» – супрацоўнікаў рэдакцыі часопісу «Дзеяслоў». Гэты пакет я мусіў перадаць Міхасю Скоблу, які пад той час «недзе прапаў».

Калі Пісьменьнік вярнуўся з Бараўлянаў і ачуньваў у больніцы, я спытаўся у Натальлі, ці ёсьць у Яго цікавасьць да жыцьця, да літаратуры, да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. «А як жа?!» І я парадаваўся: значыць, усё непагана, усё добра.

Мы размаўлялі пра літаратуру. Яшчэ пасьля Бараўлянаў, у больніцы, Іван Антонавіч дзяліўся сваім адкрыцьцём, якое ён зрабіў дзякуючы дачцэ Галіне. Гэта была проза Івана Шмялёва. Двухтомнік пісьменьніка ляжаў на бальнічным падаконьніку. Цяпер Ён разважаў пра мову і пра стыль Івана Шмялёва. Заўважыўшы, што пісьменьнік аж надта праваслаўны, Ён шукаў падабенства паміж Шмялёвым, Мікалаем Лясковым ды Іванам Буніным. Падзяліўся яшчэ адной радасьцю – новаю кніжкаю Віктара Карамазава. «Пра Антона Бархаткова? – спытаўся я. – Той раз, як я быў у вас, прыходзіў Віктар Філімонавіч і паказваў гэтую кніжку. Добра выдадзеная». – «Не, гэта новая кніжка. Пра Гаўрылу Вашчанку». Паразмаўлялі пра апошні нумар «Дзеяслова»: пра ўспаміны Ніла Гілевіча і Ўладзімера Арлова, публіцыстыку Віктара Казька ды Сяргея Абламейкі. «Апавяданьні Валодзі Сьцяпана чытаў?» Пачуўшы адмоўны адказ, параіў абавязкова пачытаць: добрая проза. Я прачытаў пакуль што першае апавяданьне. Валодзю трэба павіншаваць: гэта проза добрага густу, добрага стылю. Думаў, напішу пра гэта ў лісьце да Івана Антонавіча, падзякую за падказку.

Згадалі ў размове і маладога гісторыка Андрэя Вашкевіча з Горадні. І яшчэ аднаго гісторыка з таго самага места, які наважыўся пісаць пра Пятра Сеўрука – заходнебеларускага паэта, талстоўца, пацыфіста, неардынарную асобу. Іван Антонавіч пераказаў мне зьмест адказу гэтаму гісторыку, які хацеў бы зрабіць з Сеўрука славянароса. А потым паказаў тэкст, які ён адмыслова напісаў для будучае кнігі пра народную артыстку Марыю Захарэвіч.

Гэта быў першы тэкст пасьля больніцы і санаторыю. Там, сказаў Іван Антонавіч, ён не пісаў. «За вас маліліся. Наш бацюшка Андрэй Абламейка і пры сугубай екценьні, і пры вялікім уваходзе, з Дарамі ў чашы». – «З гэтага боку ў мяне ўсё было добра». І апавёў, як за яго ставілі сьвечкі ў касьцёлах.

(У суботу 22-га, калі пісьменьніка зь лецішча прывезьлі ў больніцу, пра гэта ведалі толькі родныя і мэдыкі. На гэты раз малітвы грэка- і рыма-каталікоў не гучалі. А калі б гучалі?..)

І зноў, вярнуўшыся да літаратуры, Ён як пахваліўся – сказаў, што ў больніцу прыходзіў да яго Васіль Сёмуха і прынёс пераклад рамана Клаўса Мана. Потым я пісаў Васілю Сяргеевічу пра цеплыню ў голасе Старога і што Стары турбаваўся, ці атрымаў ён, Сёмуха, «Парастак». І прачытаў адказ: «Кніжку Брыля атрымаў і адным духам – прачытаў. Ня ведаю сам, чаму я так люблю ягоную прозу: просьценька, шчыра, без выкрунтасаў, элемэнтарна, як карова ў цэркві, а от жа кожны раз за сэрца бярэ. Справакаваў Брыль цэлы паток мініяцюраў, і вось ужо хто толькі ні піша, а ніхто так напісаць ня ўмее». І вяртаючыся да свайго візыту ў больніцу: «Мы з Брылём добранька пагутарылі, мне аж на душы пацяплела». А пра тое, што ён атрымаў кніжку, Васіль Сяргеевіч абяцаўся патэлефанаваць Натальлі, каб яна перадала гэтую вестку свайму бацьку ў Крынічнае.

Ідучы ад Янкі Брыля, я падумаў, што Ён ад’яжджае ў Крынічнае 14 ліпеня – у Дзень узяцьця Бастыліі. І пашкадаваў, што не пажартаваў з гэтае нагоды. І думаў: я размаўляў з ранейшым Брылём. Стары пасьля бальнічнае эпапэі і санаторыю пасьвяжэў з твару, нават памаладзеў. Пра гэтае сваё адкрыцьцё я наважыўся быў сказаць дочкам Івана Антонавіча, але вырашыў устрымацца, успомніў народнае: «У добры час сказаць, а ў ліхі памаўчаць».

14-га Янка Брыль паехаў у роднае Панямоньне. 15-га раніцай я выехаў у Полацкі раён і далучыўся да пілігрымаў, якія ўжо каторы дзень ішлі ад Усьпенскае горкі ў Віцебску, дзе забілі ўладыку Язафата Кунцэвіча, да Сьвятое Сафіі ў Полацку, дзе цар Пётар І забіў уніяцкіх сьвятароў.

У Сьвятой Сафіі, дзе нам дазволілі пабыць хвілін дзесяць, я згадаў адзін момант з размовы (ня ведаў, што апошняй) зь Янкам Брылём. Пра тое, як Валодзя Ягоўдзік, прачытаўшы ягонае эсэ «Сустрэчы з Сафіяй», зьмешчанае ў кнізе «Парастак», абяцаў у верасьні звазіць Пісьменьніка ў Полацак. Пасьля малітваў у саборы я падумаў: Стары можа стаміцца, яму трэба будзе недзе паабедаць. І вырашыў я спытацца ў айца Лявонція з Барысаглебскага манастыра ў Полацку, ці не прывеціць брація Янку Брыля. Але размову з айцом Лявонціем я адклаў на потым. Пішучы пасьля пілігрымкі ліст да асабіста мне незнаёмага Андрэя Вашкевіча, я напісаў яму: мы можам сустрэцца ў Крынічным 4 жніўня, калі будзем сьвяткаваць 89-ты дзень нараджэньня Івана Антонавіча. Вось у гэты дзень і плянаваў я пагутарыць зь Пісьменьнікам пра ягоную паездку ў Полацак і пра магчымы адпачынак у манахаў-студытаў, а потым паразмаўляць і з айцом Лявонціем...

Ня будзем мы сьвяткаваць у Крынічным дзень нараджэньня Янкі Брыля. Не сустрэнуся я там зь сябрамі. Не палюбуюся я на тыя панямонскія краявіды.

Ня зьдзейсьнілася мара пісьменьніка яшчэ раз зьезьдзіць у Полацак да чыстае «ў сваёй непераможнай сьвятасьці» Сафіі...

Каментары

Цяпер чытаюць

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі20

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Усе навіны →
Усе навіны

Самай дарагой кватэрай Міншчыны ў лютым стала кватэра ў панэльцы

У мінскім заапарку будзе жыць ільвіца

«Адсячэш адну галаву — вырастаюць новыя». Як кіраўніцтва Ірана пабудавала сістэму, якая дазваляе ўтрымліваць уладу10

Дэлегацыі РФ і ЗША правялі перамовы ў Фларыдзе

Кэці Пэры супраць Кэці Пэры. Аўстралійская дызайнерка выйграла пазоў супраць спявачкі, з якой судзілася з-за імя

Трамп: ЗША ўжо атрымалі перамогу над Іранам8

У Магілёве з'явіўся «мост імя Героя Савецкага Саюза М.І. Яшына». Назва тройчы парушае заканадаўства5

Цэны на нафту зноў вярнуліся да ўзроўню вышэй за $100 за бараль3

Нафтавы «запасны праход»: ад энергетычнага калапсу свет ратуюць усяго два трубаправоды

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі20

Міжнародны крымінальны суд пачаў расследаванне злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць