Грамадства

У Беларусі мужчын і жанчын масава выклікаюць у ваенкаматы — на вучэнні

Вось ужо некалькі дзён чытачы з Гомельскай вобласці масава паведамляюць у рэдакцыю «Зеркало» аб выкліках у ваенкаматы ваеннаабавязаных мужчын і жанчын (звярнуліся ўжо некалькі дзясяткаў чалавек). З 22 чэрвеня ў вобласці абвясцілі мабілізацыйныя вучэнні. Мяркуючы па паведамленнях чытачоў, масава павесткі сталі дасылаць апошнія тры-чатыры дні.

Жыхару Светлагорска Андрэю 37 гадоў. Па ўліковай спецыяльнасці ён механік-вадзіцель танка Т-72. З ваенкамата яму тэлефанавалі 26 чэрвеня. Прасілі з'явіцца.

— Я сказаў, што толькі па павестцы, — тлумачыць мужчына. — У панядзелак раніцай патэлефанавалі з аддзела кадраў. Сказалі прыйсці па павестку 30 чэрвеня. Нібыта на пару гадзін. Браць з сабой мінімальныя рэчы ці не — не ведаю.

Па словах чытача са Жлобіна, супрацоўнікам БМЗ, павесткі ўручылі проста на працы 28 чэрвеня.

— Людзей, якія сядзелі дома ў адпачынках за свой кошт або на дзве траціны, выклікалі. Ніхто нічога не казаў, мы ў паніцы.

Паведамленні аб уручэнні павестак прыходзяць з усёй Гомельскай вобласці: Светлагорск, Рэчыца, Мазыр, Жлобін, Ельск, Хойнікі і гэтак далей.

— Маім былым калегам уручылі павесткі і нават тым, хто не служыў, — кажа наш чытач са Светлагорска. — На «Хімвалакне» больш 1000 павестак раздалі. Прыходзілі павесткі на ЦКК і «Беларуснафта». Таксама медыкі падпісалі паперы аб нявыездзе з краіны.

Тое, што павесткі дасылалі нават тым, хто не здатны да вайсковай службы, нам пацвердзілі яшчэ некалькі чытачоў.

«Казалі, што гэта проста трэніроўка на выпадак ваеннай пагрозы»

У павестках, якія чытачы даслалі ў рэдакцыю, сапраўды не паказаная прычына, па якой трэба з'явіцца ў ваенкамат. Затое за няяўку пагражаюць адказнасцю (у Крымінальным кодэксе ёсць артыкул 435 «Ухіленне ад мерапрыемстваў прызыву»).

Тыя, хто ўжо схадзіў у ваенкаматы, распавядаюць, як усё праходзіла. Да прыкладу, жлобінец Юрый, які служыў у ракетных войсках сем гадоў таму, быў у ваенкамаце 29 чэрвеня. Першапачаткова прычыну выкліку не ведаў.

— Ужо на месцы сказалі, што выкліканы ў сувязі з вучэннямі па мабілізацыі для кантрольнай яўкі. Адразу пасля адзнакі аб яўцы адпусцілі дадому. І так з усімі, каму прыйшлі павесткі.

Па словах Яўгена з Хойнікаў у ваенкамаце сказалі, маўляў, ваеннаабавязаных выклікалі, каб пераканацца, што ўсе на месцы.

— Зборы звязаныя з вучэннямі ў Гомельскай вобласці, уласна кажучы, таму мяне і выклікалі. Фармуюць каманды з тых, хто ўжо адслужыў. Пакуль на гэтым этапе ўсё спакойна, сабралі каманду — і па дамах. То бок тут няма ніякай тэрміновасці, проста пераканацца, што ўсё на месцы.

Мікалай з Ельска распавёў, што па іх раёне выклікаюць «шмат людзей».

— Нас сабралі ў зале раённага дома культуры. Каля 120 чалавек. Сфармавалі тры каманды і рэзерв. Казалі, што гэта проста трэніроўка збору асабістага складу для фарміравання тэрытарыяльнай абароны на выпадак ваеннай пагрозы. Дзве гадзіны нас трымалі ў актавай зале. Мы тупа сядзелі і проста займаліся сваімі справамі. Потым адпусцілі і аддалі дакументы.

Гамяльчук Яўген схадзіў у ваенкамат 29 чэрвеня. Кажа, гэта былі «свайго роду вучэнні».

— Была праверка камісарыятаў, наколькі хутка яны могуць апавясціць ваеннаабавязаных, прааналізаваць няяўку, на працягу якога часу ваеннаабавязаныя прыбываюць у прыпісныя пункты. Акцэнтавалі, што ніякай мабілізацыі ў краіне няма і ваеннага становішча таксама ніхто не аб'яўляў. Не прайшло і гадзіны — аддалі ваенныя білеты з лісткамі з адзнакамі аб прыбыцці і убыцці і ўсё на гэтым.

Між тым павесткі прыйшлі не толькі мужчынам, але і ваеннаабавязаным жанчынам. Так медсястра з Рэчыцы Вераніка таксама хадзіла ў ваенкамат.

— Пасля атрымання ваеннага білета ні разу не выклікалі. А тут — павестка. Нас было каля 50-60 чалавек. Проста сабралі ваенікі і трымалі пару гадзін у актавай зале. Нічога не тлумачылі. На нашы пытанні і адказаць не было каму. Людзі абмяркоўвалі, што гэта праверка, як хутка і колькі людзей змогуць сабраць. Потым нам аддалі дакументы — і адпусцілі. Я толькі паспела спытаць, ці будуць яшчэ выклікаць, адказалі, што не.

Павесткі атрымліваюць ваеннаабавязаныя і з іншых гарадоў

Пра «ўдакладненне даных» і выклікі ў ваенкамат на працягу бліжэйшага месяца распавялі таксама чытачы са сталіцы, а таксама Гродзенскай, Магілёўскай і Віцебскай абласцей. Дзесьці звяраюць звесткі, дзесьці выклікаюць на вучэнні.

Чытач з Гродна атрымаў павестку на сераду, 29 чэрвеня. І ўчора ён хадзіў у ваенкамат.

— Сапраўды, збіраюць на зборы ў Гродне 22 верасня. Не ведаю, што за вучэнні, але шукаюць тэхнічных спецыялістаў.

Афіцэр запасу з Мінска Максім кажа, што ў ваенкамат яго выклікалі каля трох тыдняў таму.

— Даслалі [павестку] на працу, па факсе, дадому. Арыгінал не прыйшоў, аддалі ў ваенкамаце. Такіх як я было каля дзесяці чалавек. Па адным выклікалі ў кабінет, размаўлялі з прадстаўніком вайсковай часткі, за якой, як я думаю, мы замацаваныя. Удакладнялі асабістыя звесткі, звяралі фота. Правяралі, ці не змяніліся памеры адзення і абутку, удакладнялі ваенную спецыяльнасць. Пасля гутаркі проста сказалі ехаць на працу.

Брэстаўчаніну Дзмітрыю таксама званілі з ваенкамата, праўда, два тыдні таму.

— Я не з'явіўся, але тэлефанавалі з вайсковай часткі, куды прыкамандзіраваны, распавядалі пра абавязкі на выпадак мабілізацыі. Хто з'явіўся, вазілі непасрэдна па частках. Раней такога ніколі не было. Максімум гутарка ў ваенкамаце.

Што кажуць у ваенкаматах?

Пад выглядам звычайнага грамадзяніна патэлефанавалі ў ваенкаматы Гомельскай вобласці і раёна.

— У нас ідуць мабілізацыйныя вучэнні. Пра гэта гаварылася неаднаразова ваенным камісарам вобласці. Ён даваў інтэрв'ю па мабілізацыйных вучэннях. Гэта было па навінах, па гомельскіх навінах, у СТБ па навінах. У Інтэрнэце гаварылася і пісалася шмат. Гэта проста планавыя вучэнні — — распавялі ў ваенкамаце Гомельскага раёна. — Ніхто нікога ні на якую вайну не забірае. Можаце не хвалявацца. Проста прыязджаюць ваеннаабавязаныя. Кожны мужчына да 50 гадоў стаіць на вайсковым уліку. Яны прыязджаюць на пункт папярэдняга збору ваеннаабавязаных (ППЗВ), звяраюць уліковыя даныя і ўсё — іх адпускаюць дадому. Зайдзіце ў Інтэрнэт, усе вы прачытаеце, там усё ясна напісана. Або інтэрв'ю ваеннага камісара Гомельскай вобласці забіце ў гугл. Ён ясна і даступна кажа: па ўсёй Гомельскай вобласці. Не па Беларусі, толькі Гомельская вобласць. Можаце не хвалявацца і не перажываць. Усё добра, мы мірная краіна.

— Мы мірная краіна, у нас вайна ў суседняй краіне і ракеты ляцяць з нашай вобласці туды. Таму і хвалюемся.

— З нашай вобласці туды ракеты ляцяць?

— А што, не ляцяць хіба? І ў пачатку вайны, можа быць, не ляцелі, так?

— Не, першы раз чую

У ваенкамаце Гомельскай вобласці адзначылі, што цяпер праходзяць некалькі мерапрыемстваў.

— Можа быць, нейкія ўдакладненні, можа быць, з'явіцца на вучэнні, на навучальныя зборы, — сказаў дзяжурны.

— А мы да нечага рыхтуемся? Проста ўсе гэтыя зборы, вучэнні…

— Ды не, мы ні да чаго не рыхтуемся. Не хвалюйцеся, гэта планавыя вучэнні, якія былі запланаваны яшчэ ў пачатку года.

— То бок, гэта не вучэнні тэрабароны?

— У нас цяпер ідуць мабілізацыйныя вучэнні і вучэнні тэрытарыяльнай абароны.

І народнае апалчэнне, я так разумею, у нас хутка будзе?

— У нас няма такога паняцця. Пакуль ніякіх распараджэнняў на народнае апалчэнне няма. Я вам кажу тое, што ў нас праводзяцца планавыя мерапрыемствы.

— Так, а будуць вучэнні і на палігонах?

— Гэтага я вам не падкажу, я дзяжурны. Могуць на два тыдні накіраваць, могуць на тры. Вы тэлефануйце ў той ваенкамат, у які павестка прыйшла.

— Як доўга працягнуцца вучэнні?

— Калі мабілізацыйныя, то яны ўжо сканчаюцца практычна. Калі тэрытарыяльнай абароны, то яны дзесьці да 10-15 ліпеня працягнуцца. Але гэта Вы лепш удакладняйце ў тым ваенкамаце, з якога прыйшла павестка.

— Але мы дакладна ні да чаго не рыхтуемся? То бок, не адправяць майго мужа ва Украіну?

— Ну не, вядома. Гэта планавыя вучэнні. У нас нікога не адпраўляюць наогул.

Каментары

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні3

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Усе навіны →
Усе навіны

На плоце магілёўскага прадпрыемства з'явіўся гістарычны мурал ФОТАФАКТ1

У Варшаве хлопец пагражаў нажом беларусу і ўкраінцы. Яму не спадабалася мова, на якой яны размаўлялі10

«Мне не далі жыцця — увесь час правяралі, трэціравалі». Былы палітвязень расказаў, чаму праз тры гады пасля вызвалення ўсё ж выехаў з Беларусі1

Расійскі блогер сыграў у S.T.A.L.K.E.R.2 і выразаў літару Z на забітым персанажы. Ён жыве ў ЗША7

Лукашэнка даў прытулак суддзі Шміту, які ўцёк з Польшчы2

Справай Васіля Верамейчыка зацікавіўся ГУР Украіны7

«Атрута для нашых дзяцей». У ЗША разгарнуліся вялізныя спрэчкі пра штучныя фарбавальнікі ў прадуктах

Стала вядома, дзе цяпер працуе былы начальнік наваполацкай калоніі3

Дзе знаходзіцца самая дарагая гандлёвая вуліца ў свеце2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні3

«Ніхто за нас не зробіць нас шчаслівымі». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні

Галоўнае
Усе навіны →