Наперадзе яшчэ месяц лета з сустрэчамі з блізкімі на свежым паветры. Як не прыцягнуць непрыемнасці на аганёк вашага мангала, расказвае «Экадом».
«Збіраючыся адпачыць на прыродзе, майце на ўвазе, што па законе развядзенне вогнішча, у тым ліку з устаноўкай мангала або барбекю, дапускаецца толькі пры яго размяшчэнні на абсталяваных пляцоўках, — адразу адзначаюць эколагі. — Больш за тое, па правілах, глеба навокал вогнішча павінна быць вычышчаная да мінеральнага пласта на шырыню не менш за 25 сантыметраў. Гэта робіцца для таго, каб пазбегнуць верагоднасці пажараў ад выпадковага загарання травы ці ламачча».
Паклапаціцеся пра тое, каб побач з вашым вогнішчам абавязкова былі сродкі пажаратушэння. Для гэтага падыдзе вогнетушыцель альбо нейкая ёмістасць з вадой. Пасля таго, як прысмакі прыгатаваліся, вогнішча неабходна патушыць да поўнага спынення тлення, заліўшы вуголле.
«У пажаранебяспечны сезон Пастанова Саўміна № 722 забараняе развядзенне вогнішчаў на тарфяніках і ў месцах вырубкі дрэваў, у лясах-маладняках і сярод маладых хвойных дрэўцаў вышынёй менш за метр, кроны якіх не дакранаюцца, — працягваюць эксперты. — Не запальвайце вогнішчы ў месцах з падсохлай травой ды ламаччам. Ва ўсіх гэтых месцах верагоднасць выпадкова ўчыніць пажар вышэйшая за звычайную».
Парушэнні вышэйзгаданых правіл могуць прывесці да адказнасці паводле артыкула 16.41 КоАП. Так, за развядзенне вогнішчаў у забароненых месцах можна атрымаць штраф да 12 базавых велічынь (384 рублі), а за парушэнне патрабаванняў па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках згодна з артыкулам 16.21 КоАП — да 12 базавых велічынь пры адсутнасці шкоды і да 30 базавых велічынь (960 рублёў) пры знішчэнні або пашкоджанні лесу ці тарфянікаў.
Яшчэ адна мажлівасць выпадкова наляцець на штраф — няправільная нарыхтоўка дроваў для вашага мангала. Паводле Ляснога кодэкса, самастойная нарыхтоўка дроў забароненая, нават калі гэта ламачча, сухастой або буралом.
«Гэта не нейкае самадурства, як можа падацца. Прычына ў тым, што паваленыя, пашкоджаныя ды сухастойныя дрэвы — важная частка натуральнага асяроддзя для жывёл у лесе. Яны крыніца мікраэлементаў для падтрымання біяразнастайнасці, — тлумачаць у «Экадоме». — Таму нарыхтаваць драўніну на ўчастках ляснога фонду можна за плату і на падставе ордэра ў спецыяльна вызначаных месцах».
За незаконную рубку, пашкоджанне або знішчэнне расліннасці паводле артыкула 16.17 КоАП прадугледжаныя штрафы да 20 базавых велічынь (640 рублёў), а ў прыродаахоўных, рэкрэацыйна-аздараўленчых і ахоўных лясах — ад 5 да 30 базавых велічынь (960 рублёў).
Але ламачча не варта блытаць з лапнікам і галлём, збор якіх не абмежаваны. Яны стануць ідэальнай асновай для вогнішча без шкоды прыродзе.
Калі ж у вас засталіся пытанні, вы можаце задаць іх наўпрост службе бясплатных кансультацый па вырашэнні экапраблем «Зялёны тэлефон» па тэлефоне ці праз сацсеткі.
Каментары