«Уяўляеце кошт? І якая краіна яго прыме?» Пра стварэнне незалежнага беларускага войска за мяжой
Кірыл Атаманчык, беларускі актывіст і віленскі прадпрымальнік, лічыць, што стварыць беларускае войска за мяжою калі не нерэальна, то вельмі складана. Прыводзім яго пост.
1. Грошы.
Адэпты «беларускага войска» хоць крыху ўяўляюць, колькі каштуе сучасная армія? Да прыкладу, бюджэт літоўскай (адной з самых маленькіх армій НАТА) прыкладна 1 000 000 000 еўра. Я не лічу першапачатковыя інвестыцыі на стварэнне інфраструктуры, закупку зброі і г.д. Смела дадавайце сюды яшчэ некалькі мільярдаў.
Мне вось цікава, хто б прынамсі столькі заданаціў на «беларускае войска»? Можна сказаць: «Ой, нам столькі не трэба». А можна тады пацікавіцца, колькі ж вам трэба?
Я задаваў такія пытанні адэптам. Адказу на гэтае пытанне няма, як няма і адказу на тое, хто і адкуль будзе браць гэтыя сродкі, а што яшчэ больш важна, пад чыю адказнасць?
2. Тэрыторыя.
І гэта найбольш цікава. Ці могуць падказаць адэпты «беларускага войска», на якой тэрыторыі яно будзе месціцца? Якая краіна проста возьме і размесціць у сябе пару дывізій узброеных беларусаў, ды яшчэ створыць для іх інфраструктуру, дзе можна пакінуць узбраенне (цяжкое ўзбраенне, артылерыю, гелікоптары і самалёты)? Літва? Польшча? Латвія? Ужо бачу, як краіны НАТА становяцца ў чаргу, ага. І як яны гэта будуць тлумачыць астатнім чальцам НАТА, міжнароднай супольнасці і сваім выбаршчыкам? Украіна? Украіна цяпер нават удары па тэрыторыі Беларусі не наносіць, кляпае відосікі да «беларускіх вайскоўцаў» і робіць усё, каб не дражніць лішні раз Лукашэнку.
Ды каліноўцаў нашых яны таксама сальюць, калі гэта будзе мэтазгодна.
Іншыя прапановы?
3. Людзі.
Дзе набраць тысячы жаўнераў я яшчэ зразумею. Рамантыкі падцягнуцца. Гэбісты падцягнуцца. І гэта факт. А вось дзе знайсці шмат афіцэраў, праводзіць навучанне, баявое зладжванне і г. д. — не ўяўляю. І адна справа на палігонах тусавацца, а іншая справа — пераходзіць з чужой краіны дзяржаўную мяжу Беларусі і даказваць не толькі беларусам, але і ўсяму свету, што гэта не акупацыя, не тэрарыстычныя групоўкі ці чорт ведае яшчэ што, а гэта «нацыянальна-вызвольнае войска», якое, падобна, як і «Талібан, пры падтрымцы Пакістана, проста прыйшло вас усіх вызваліць». Угу, цікава.
4. Легітымнасць.
І вось з трэцяга пункту натуральна вынікае «легітымнасць». Хто прадстаўляе гэтае войска? Чалавек, які «не мае ніякага значэння і не лідар — Ціханоўская» (гэта іронія, калі што)? Калі не яна, то хто? Хто гэтых людзей абірае і прызначае? Хто нясе адказнасць? Пры ўсёй павазе, але нават ва Украіне розныя беларускія групы не аб'яднаныя, адціскаюць адзін у аднаго сродкі і рэсурсы, змагаюцца за іх. І гэта я дайшоў да пункта 4, хоць ведаю, што нават пункт 1 невырашальны.
Мне сапраўды сказалі ў адным з каментаў: «Хто сказаў, што гэта немагчыма?» Добрае пытанне. Адказ тут такі: логіка і здаровы сэнс. Але! У сітуацыі, калі ў рэгіёне ідзе паўнамаштабная вайна, у якой ваююць краіны НАТА, Беларусь, Расія, Украіна, то чыста тэарэтычна такія вось Палкі Каліноўскага могуць узнікаць то тут, то там. Ці войска гэта? Не. Гэта баявыя групы, якія не будуць падпарадкоўвацца беларусам. Ці сіла гэта? Так. Але зноў жа, мы кажам пра сітуацыю фактычна Трэцяй сусветнай вайны. Ці хочам мы Трэцяй сусветнай? Мне падаецца, што кожны адэкватны чалавек на гэтае пытанне адкажа «НЕ».
Можа быць, я чагосці не ўлічыў? Можа быць, адэпты «беларускага войска» маюць нейкі план ці стратэгію, якую яны могуць публічна вынесці на грамадскае абмеркаванне? То калі ласка. Будзе цікава паслухаць. І гэта не іронія.
Каментары
А калі сур' ёзна, разумеем, што акрамя ваяроў з Палку Каліноўскага, ніхто за мяжой не будзе нічога ствараць. Ды і хлопцы з ПК пад УСУ знаходзяцца, ніхто ім зброю не пакіне, калі што.