Калі ў 1991 годзе распаўся Савецкі Саюз і 15 ягоных былых рэспублік — хто з вялікім імпэтам, а хто з выразнай неахвотай — выправіліся ў самастойнае плаванне, то беларусы абсалютна дакладна прайгравалі ўсім сваім суседзям, у тым ліку і ўкраінцам, паводле аднаго крытэрыя — стану нацыянальнай свядомасці. Беларускае грамадства было моцна русіфікаванае — дакладней, не так русіфікаванае, як саветызаванае.

Нацыянальная ідэя не знаходзіла водгуку ў большасці людзей, уласная самастойная дзяржаўнасць успрымалася як нешта фантастычнае і нават непажаданае, бо «без Расіі нам не пражыць». У галовах людзей былі моцна замацаваныя ўяўленні, што для таго, каб дзяржава магла паспяхова існаваць, ёй трэба шмат прыродных рэсурсаў, вялізная тэрыторыя і аграмадная колькасць насельніцтва. Беларусь па абодвух апошніх паказчыках успрымалася як «маленькая краіна», бо яе пры масквацэнтрычным мысленні шаблонна параўноўвалі з Расіяй ці ЗША, а не з еўрапейскімі краінамі, вялікая колькасць якіх меншыя за Беларусь і па тэрыторыі, і на насельніцтве.

Такія настроі, натуральна, моцна ўплывалі на будучыя перспектывы дзяржавы, паколькі

для таго, каб у тых умовах хутка выбрацца з крызісу і стаць на ўстойлівы шлях развіцця, патрэбныя былі кардынальныя эканамічныя і палітычныя рэформы, выразнае ўсведамленне канчатковай мэты і гатоўнасць да яе ісці, не лічачыся з непазбежнымі асабістымі ахвярамі. А акурат гэтага ў большасці тагачаснага беларускага грамадства і не было.

Можна прызнаць, што ў 1991 годзе беларускі народ насамрэч не быў гатовы да незалежнасці, яе ідэя не была большасцю насельніцтва прапушчаная праз сэрца і выпакутаваная. Але гэта было б паўбяды. Сапраўднай жа бядой тагачаснай Беларусі было тое, што да незалежнасці па сутнасці было не гатовае не толькі грамадства, але і тагачасная палітычная эліта рэспублікі. Мы памятаем трапнае азначэнне Алеся Адамовіча БССР як «беларускай Вандэі». Заслужыла ж яго бээсэсэраўскае кіраўніцтва перадусім за тое, што ўпарта трымалася за Савецкі Саюз, нават нягледзячы на ягонае паміранне, да апошняга аглядалася на Маскву і баялася ёй пярэчыць.

Характэрна, што ў гэтым кіраўніцтве і пасля не знайшлося фактычна ніводнага чалавека з сапраўды адпаведным часу мысленнем, які пабачыў бы ў распадзе Саюза новыя магчымасці і новыя кар’ерныя перспектывы хоць бы для самога сябе. Нават на тое, каб проста падзяліць паміж сабой і набліжанымі людзьмі тую дзяржаўную маёмасць, якой беларускія савецкія чыноўнікі распараджаліся, хваткі не хапіла. Вялікая прыватызацыя праведзеная не была, большасць гігантаў прамысловасці да прыходу Лукашэнкі так і заставаліся ў руках дзяржавы, не кажучы пра прыродныя рэсурсы.

Апазіцыя на чале з Беларускім народным фронтам акурат мела бачанне далейшага развіцця і настойвала на рашучых рэформах з адрывам ад Масквы і арыентацыяй на заходні свет, але яе ўплываў ні ў цэлым у грамадстве, ні ў парламенце, абраным яшчэ ў савецкія часы на толькі часткова дэмакратычнай аснове, было недастаткова, каб кардынальна змяніць сітуацыю. У выніку краіна некалькі гадоў проста целяпалася ў міжчассі, не ведаючы толкам, куды пайсці ды падацца. Посткамуністычнае кіраўніцтва краіны не мела ніякай уцямнай праграмы дзеянняў, структурныя рэформы калі і пачыналі праводзіцца, то запознена і з аглядкай. А стымулам для іх правядзення найчасцей быў ціск непераадольных знешніх абставін, а не ўласная палітычная воля. 

У той жа час гэта ўсё не азначае, што тагачасныя беларусы, не маючы моцнай нацыянальнай свядомасці і ўцямнага ўяўлення пра свой далейшы шлях, былі прынцыповымі, ідэйнымі праціўнікамі дэмакратыі і цывілізаванага палітычнага жыцця.

Такі спрошчаны падыход аспрэчвае хоць бы тое, што на ўсёй постсавецкай прасторы Беларусь найдаўжэй заставалася парламенцкай рэспублікай, пасаду прэзідэнта наша краіна ўвяла апошняй з усіх. Вядома, мы добра ведаем, якая была якасць таго парламента, абранага яшчэ за савецкім часам, і тое, што рэальная ўлада ў той сістэме належала больш прэм’еру Вячаславу Кебічу дзякуючы наяўнасці ў яго парламенцкай большасці. Усё гэта так. Але, тым не менш, фармальна некалькі гадоў менавіта парламент з’яўляўся найвышэйшай уладай, а старшыня яго, Станіслаў Шушкевіч, быў да пачатку 1994 года тварам беларускага народа ў свеце.

І твар гэты быў вельмі прывабны. Не варта, канешне, ідэалізаваць Станіслава Станіслававіча як палітыка: многія прэтэнзіі да яго з боку крытыкаў слушныя. Але нават ягоныя праціўнікі ўнутры дэмакратычнага лагера прызнаюць, што як чалавек ён быў сумленны і адкрыты, і пры гэтым шчыра, а не кан’юнктурна прыхільны дэмакратычным і нацыянальным каштоўнасцям. Што пацверджана і ягонай пазнейшай біяграфіяй, ужо пасля адстаўкі.

Тое, што чалавек такога складу нават як кампрамісная фігура змог пратрымацца на вяршыні ўлады ў Беларусі некалькі гадоў, сведчыць пра тое, што беларускі народ і тады не быў безнадзейны ў плане прыняцця цывілізаваных правіл гульні.

Іншая справа, што ў народа гэтага была вельмі нізкая агульная палітычная культура: высокай яму набыць проста не было дзе. А людзі з такой культурай мала разбіраюцца ў тым, як рэальна функцыянуюць дзяржаўныя механізмы, схільныя верыць у цуды, а таму вядуцца на абяцанні папулістаў, робяць свой выбар на эмоцыях, «галасуюць сэрцам». І тут вялікі прастор для дэмагогаў, найбольш удачлівыя з якіх могуць на хвалі папулярнасці і пры ўдалым збегу абставін прарывацца і на самыя вяршыні ўлады.

У 1994 годзе ў нас адбылося менавіта так. Беларусы тады зрабілі ці не першы на постсавецкай прасторы маштабны электаральны бунт, рашуча адмовіўшы ў падтрымцы прадстаўніку дзейнай улады — што слаба ўяўляецца пры «рабскіх генах». Але пры гэтым выбар альтэрнатывы быў зусім няспелы: людзі масава прагаласавалі за чалавека, які паабяцаў ім цуд, даваў простыя адказы на складаныя пытанні і гарантаваў, што шчасце наступіць без вялікіх намаганняў з іх боку — трэба толькі даць уладу ў рукі гэтаму чалавеку, які так проста і пераканаўча гаворыць і якому так хочацца верыць.

Тое, што беларускае грамадства тады гэтаму чалавеку паверыла і ўручыла яму мандат, несумненна сведчыць пра нізкую палітычную культуру гэтага грамадства. Аднак пры гэтым, зноў такі, не трэба думаць, што беларусы тады свядома ўручылі Лукашэнку мандат на вечнае цараванне, бо ідэйна адрыналі дэмакратыю, выбарнасць улады і кантроль над ёй. Вядома, гэта не так. Збольшага людзі проста наіўна меркавалі, што гэта чалавек «харошы», сумленны, ён жа «сам казаў, што вечна не будзе», а такія не падманваюць. Вось навядзе парадак — і сыдзе, калі народ яго больш не захоча. Пакуль жа варта «не замінаць» яму выканаць свае абяцанні. Вунь як ён рэзва пачаў. А калі недзе просіць падтрымаць, то трэба і падтрымаць, бо ён жа за народ. Таму і галасавалі за ўсё ўсляпую, нават не ўчытваючыся ў пытанні на рэферэндумах, не тое каб задумвацца, да чаго гэта ўсё можа прывесці ў больш далёкай перспектыве.

А Лукашэнка пачаў сапраўды рэзва: менш чым за палову свайго першага прэзідэнцкага тэрміну, усяго за 2 гады і 4 месяцы здолеў цалкам пераламаць наяўную перад гэтым у краіне палітычную сістэму, сканцэнтраваўшы ўсю ўладу ў сваіх руках не толькі фактычна, але і фармальна. Пасля 24 лістапада 1996 года ў Беларусі не засталося ніводнай галіны ўлады, фармаванне якой наўпрост ці ўскосна не залежала б ад Лукашэнкі. Кагосьці ён сам непасрэдна прызначаў, на прызначэнне кагосьці «даваў згоду». Сапраўдных выбараў у краіне пасля таго ніводных не было, насельніцтва адыгрывала ролю простых статыстаў нават пры фармаванні складу сельсаветаў, не кажучы пра больш высокія ўзроўні.

1994—1996 гады, калі беларусы спачатку падтрымалі Лукашэнку, а пасля дазволілі яму ўзурпаваць усю ўладу — несумненна ганебная старонка ў беларускай гісторыі, хоць былі нават у той час пробліскі ў выглядзе Мінскай вясны — 1996. Якая, аднак, прынцыпова ні на што не паўплывала.

Пасля ж чым далей, тым сістэма ўсё больш шліфавалася, у ёй замуроўваліся нават найменшыя шчыліны, праз якія грамадству можна было неяк уплываць на палітыку з выкарыстаннем легальных механізмаў. Калі ў першыя гады яшчэ часам здаралася, што дзесьці на рэгіянальным узроўні асобных апазіцыйных актывістаў маглі прапусціць у мясцовыя дэпутаты, дзе яны ўсё адно ніякай пагоды не рабілі, то з часам галасы проста перасталі ўвогуле лічыць і гэта стала немагчымым нават тэарэтычна. Калі, вядома, улада па сваіх тактычных меркаваннях не лічыла патрэбным для паказухі даць мандат камусьці з не вельмі шкодных апанентаў, хоць нават тое здаралася рэдка, як снег улетку.

І неяк разгайдаць гэтую, здавалася б, жалезабетонную і створаную навекі сістэму было вельмі цяжка. Зрабіўшы на хвалі захаплення папулістам некалькі буйных памылак, беларускае грамадства было на доўгі час пазбаўленае рэальных механізмаў для таго, каб іх прынамсі паспрабаваць выправіць. Прытым што Лукашэнка ўжо пасля першых сваіх дзвюх, а тым больш трох кадэнцый не быў кумірам мільёнаў беларусаў, як часта мяркуюць украінцы. Проста ад думкі насельніцтва ў гэтай сістэме ўжо не залежала абсалютна нічога. 

Украіна беларускага сцэнарыю пазбегла, усе тры постсавецкія дзесяцігоддзі там існавала не сказаць каб такая ўжо заўсёды дэмакратычная, але прынамсі канкурэнтная сістэма. Бывала, праўда, што і там пазначаліся аўтарытарныя тэндэнцыі, але заўсёды іх удавалася спыніць на больш-менш ранняй стадыі. Але няўжо так было толькі таму, што беларусы — «прыродныя рабы», а ўкраінцы — «вольналюбцы»?

Насамрэч усё, вядома, больш складана. Бо ці так ужо ўсё было добра ў пачатку 1990-х ва ўкраінцаў, ці так яны па сваім нацыянальным усведамленні і палітычнай культуры адрозніваліся ад нас? І так, і не. Адно з галоўных аб’ектыўных адрозненняў — што Украіна ў параўнанні з Беларуссю краіна куды больш разнастайная, і калі казаць пра палітычныя настроі, нацыянальную свядомасць ды геапалітычную арыентацыю пра яе як адзінае цэлае ўвогуле не выпадала гаварыць. Рэгіянальныя адрозненні былі, вядома, і ў Беларусі, але не такія істотныя. Ва Украіне ж яны часам былі проста палярныя.

З аднаго боку, ва Украіне былі заходнія рэгіёны, параўнальныя па стане свядомасці і мэтанакіраванасці з балтыйскімі краінамі. Па выніках усіх выбарчых кампаній на гэтай тэрыторыі відаць, што там заўсёды масава і паслядоўна падтрымлівалі тыя палітычныя сілы, якія ўвасаблялі сабой еўрапейскі выбар. І гэта практычна не залежала ад стану эканомікі ці іншых падобных фактараў. Але гэта было толькі там, на Захадзе. На астатніх жа ўкраінскіх тэрыторыях шмат чаго залежала ад зменлівай кан’юнктуры, асабліва на Усходзе і Поўдні.

Пра гэта сведчаць у тым ліку і лічбы. У сакавіку 1991 года на рэферэндуме па пытанні захавання СССР 82,7% беларусаў, як вядома, выказаліся за захаванне гэтай краіны. Але і ва Украінскай ССР сітуацыя адрознівалася не кардынальна — тут за захаванне СССР былі 70,2%, прытым на такую агульную лічбу яўна паўплывала масавае галасаванне супраць у заходніх рэгіёнах.

Праўда, ужо праз некалькі месяцаў, 1 снежня 1991 года, на Усеўкраінскім рэферэндуме ўжо 90% украінцаў падтрымалі незалежнасць, і з беларускімі лічбамі тут увогуле параўноўваць немагчыма, бо ў нас, як вядома, тады такога плебісцыту не праводзілася. Але калі б праводзіўся — то зусім не факт, што і беларусы на той хвалі таксама не прагаласавалі б за незалежнасць, асабліва ўлічваючы фармулёўку пытання: «Ці пацвярджаеце Вы Акт абвяшчэння незалежнасці?»

Фармулёўку такую можна было трактаваць шырока, і характэрна, што нават у Крыме за незалежнасць Украіны тады прагаласавала 54% насельніцтва, а ў Севастопалі — 57%. У Данецкай вобласці за незалежнасць аддалі тады галасы 84% жыхароў. Улічваючы, наколькі хутка неўзабаве жыхары перадусім гэтых рэгіёнаў сталі галоўнай электаральнай базай для прарасійскіх і прасавецкіх сілаў, можна меркаваць, што іхняе галасаванне не было вынікам нейкай прадуманай і вынашанай у сэрцы пазіцыі, выбар рабіўся хутчэй пад уплывам бягучага моманту. Ад самога факту абвяшчэння самастойнасці чакалі неадкладнага цуду і вырашэння ўсіх праблем, а да таго ж многія яўна не думалі, што пацвярджэнне гэтай дэкларацыі скончыцца самым сапраўдным выхадам з СССР.

У кожным разе нават сама магчымасць такой імклівай, цягам усяго некалькіх месяцаў, змены настрояў грамадства практычна на процілеглыя, сведчыць пра палітычную няспеласць гэтага грамадства, адсутнасць цвёрдага ідэйнага стрыжня і магчымасць лёгка ім маніпуляваць. Што пасля і рабілася гадамі ды дзесяцігоддзямі.

Бо ці можна сказаць, што ў той самы час, як беларусаў падламваў пад сябе Лукашэнка, суседні ўкраінскі народ дэманстраваў высокую палітычную культуру і сапраўдную дзяржаўную мудрасць? Што большасць насельніцтва Украіны цвёрда бачыла сваю мэту і паслядоўна да яе ішла, падобна да народаў краін Балтыі — літоўцаў, латышоў і эстонцаў? Што ўкраінцы не вяліся на папулізм і аддавалі кіраўніцтва сваёй краіны толькі ў рукі мудрых дзяржаўных мужоў са стратэгічным бачаннем, высокай адукацыяй і глыбокім рэфарматарскім патэнцыялам? Што самі яны не хацелі атрымаць ад сваіх выбраннікаў перадусім простых адказаў на складаныя пытанні? І што нават глядзець не хацелі ў бок Расіі, а цвёрда выбралі еўрапейскі шлях, які ўстойліва падтрымліваўся большасцю насельніцтва?

Кожны, хто сачыў за Украінай апошнія 25—30 гадоў, добра ведае, што гэта зусім не так. Ды што там староннія назіральнікі: нават самі ўкраінцы, успамінаючы тыя ж дзевяностыя і нулявыя, як правіла, не будуць іх ідэалізаваць. Бо Украіна тых часоў — царства папулізму, карупцыі, палітычнай прадажнасці, зліцця палітыкі і вялікага бізнэсу, так званага алігархату. У парламенце і ў выканаўчай уладзе заўсёды было шмат прайдзісветаў, якія прайшлі туды не дзякуючы нейкім сваім выбітным прафесійным здольнасцям, а з-за задурвання галоў ці проста за грошы. Чорны піяр, цынічныя палітычныя тэхналогіі, безадказнасць і беспрынцыпнасць выканаўчай улады, больш балбатні, чым справы, у парламенце — характэрныя рысы палітычнага жыцця Украіны дзевяностых і нулявых.

З расійскай арбіты краіна выходзіць таксама не спяшалася: на выбарах 1994-га, якія праходзілі амаль адначасова з беларускімі, перамога Леаніда Кучмы лічылася трыумфам прарасійскіх сілаў. І хоць на справе ягонае кіраванне не стала, насуперак песімістычным прагнозам, палётам толькі на адным расійскім крыле, у атачэнні другога прэзідэнта Украіны на высокіх пасадах заўсёды было нямала асобаў з выразнымі прарасійскімі сімпатыямі: даволі сказаць, што ў розны час кіраўнікамі адміністрацыі Кучмы былі, напрыклад, вядомыя ненавіснікі ўсяго ўкраінскага Дзмітрый Табачнік і Віктар Медвядчук. Ды і сумнавядомы Віктар Януковіч у палітыку на агульнаўкраінскім узроўні прыйшоў акурат за часамі Кучмы і нават, як вядома, мусіў быць ягоным афіцыйным пераемнікам.

Чаму ж тады ва Украіне ўсе тры дзесяцігоддзі, у адрозненне ад Беларусі, захоўвалася палітычная канкурэнцыя і не адбылося прыходу да ўлады нацыянальнага аналагу Лукашэнкі? Няўжо не было грамадскага попыту на цвёрдую руку?

Попыт то яўна быў, сведчанне чаго — хоць бы шматгадовыя і ўстойлівыя станоўчыя рэйтынгі Лукашэнкі ва Украіне. Ды і ўвогуле сама беларуская мадэль у вельмі многіх украінцаў выклікала зайздрасць. І не таму, што яны не ведалі, што Лукашэнка дыктатар, а ў Беларусі няма дэмакратыі. Многія проста не бачылі ў гэтым праблемы, бачачы, што сістэма працуе і дае, як падавалася, някепскія вынікі — а фасад у сістэмы заўсёды быў добра пафарбаваны. Ды і перад кожнымі ўласнымі выбарамі чаканні ва ўкраінцаў — прытым і «простых», і не зусім, — былі звычайна вельмі простымі: вось прыйдзе цяперашні папулярны лідар да ўлады ды паразганяе, а лепш перасаджае ўсіх алігархаў, тады і зажывём. Наступныя расчараванні найчасцей былі звязаныя з тым, што гэтага акурат не адбывалася, усё кацілася далей звыклай каляінай.

Жаданне моцнай рукі, такім чынам, прысутнічала і ў украінцаў, ды і агульная палітычная культура таксама была не сказаць каб вельмі высокая. Але ўсё ж шляхам Беларусі Украіна не пайшла. І прычына гэтага не толькі ў тым, што ў адпаведны момант не знайшлося харызматычнага чалавека з неймавернай прагай асабістай улады, хоць ролю асобы ў гісторыі таксама зусім адкідаць не выпадае.

Галоўную ролю ў утрыманні Украіны ад скочвання да аўтарытарызму адыграла ўсё ж, відаць, тое самае справядліва ненавіснае ўкраінцам засілле алігархаў, пастаяннае суперніцтва паміж якімі дазваляла трымаць баланс і не дапускаць перакосаў у любы бок. На што таксама накладаліся і рэгіянальныя падзелы, якія хоцькі-няхоцькі даводзілася браць пад увагу.

У той алігархічнай мадэлі, якая склалася ва Украіне, была відавочная перавага для дэмакратычнага і нацыянальнага развіцця краіны ў параўнанні з поўнай канцэнтрацыяй палітычнай і эканамічнай улады ў адных руках, як гэта адбылося ў Беларусі. Бо алігархаў было шмат, яны канкуравалі паміж сабой, і ў гэтай канкурэнцыі кожны стараўся здабыць як мага большыя палітычныя ўплывы, каб праз іх праводзіць свае бізнэс-інтарэсы.

Для таго, каб магчы праводзіць сваіх людзей у парламент, кожны алігарх мусіў здабываць сімпатыі электарату, адпаведна ўкладацца ў стварэнне падкантрольных сабе СМІ. Пры гэтым з-за вялікай канкурэнцыі СМІ гэтыя мусілі быць не кандова-прапагандысцкімі, а прафесійнымі, з якасным прадуктам розных жанраў. Адпаведна, гэта давала моцны імпульс развіццю нацыянальнай медыясферы, і адсутнасць дзяржаўнай манаполіі на тое ж тэлевяшчанне давала сябе добра адчуць у пераломныя моманты, у тым ліку падчас Майданаў 2004—2005 і 2013—2014 гадоў.

У Беларусі ж Лукашэнка пасля прыходу да ўлады ўсе асноўныя СМІ, а перадусім тэлебачанне, адразу ж падмяў пад сябе, а альтэрнатыўныя хоць не задушваліся зусім, але заўсёды трымаліся пад пільным наглядам і кантролем. 

Зноў такі, немагчыма, удзельнічаючы ў рэальным, а не бутафорскім палітычным жыцці, быць па-над ідэалогіямі. Нават калі самога ўкраінскага алігарха, як гэта найчасцей бывала, цікавілі толькі грошы, то падкантрольныя яму палітычныя сілы мусілі займаць у палітычным раскладзе нейкую сваю нішу, то-бок быць у большай ці меншай ступені правымі ці левымі, прарасійскімі ці празаходнімі, нацыянальнымі ці «маларускімі». Хай сабе нават больш рыторыкай, чым справай. Цікава ў сувязі з гэтым пачытаць біяграфіі ўкраінскіх публічных палітыкаў ранейшых пакаленняў: многія з іх цягам сваёй палітычнай кар’еры радыкальна «пераабуваліся ў паветры», некаторыя і не па аднаму разу. І тлумачацца такія дзіўныя і часам нечаканыя палітычныя кульбіты звычайна банальна — пераходам на службу да іншага патрона. На чыім возе едзеш, таму і песеньку пяеш, як кажа старая беларуская прымаўка.

Але ўсё ж такі дзякуючы гэтай канкурэнцыі і тыя, хто падзяляў заходнія каштоўнасці рэальна, а не кан’юнктурна, маглі нешта з гэтага мець: фінансавую падтрымку, палітычнае лобі і да т.п. Дзеля таго і ўкраінскі нацыянальны вектар, хоць доўгі час і не быў мэйнстрымным, але ўсё ж не быў і ў андэграўндзе, як у Беларусі. Украінская мова хоць на пабытовым узроўні і не панавала ў маштабах краіны, але захоўвала статус адзінай дзяржаўнай, развівалася ўкраінскамоўная адукацыя, нацыянальныя культурныя праекты маглі разлічваць на падтрымку ў тым ліку і з боку дзяржавы. Тое, чаго амаль начыста былі пазбаўленыя прыхільныя нацыянальным каштоўнасцям беларусы пасля прыходу да ўлады Лукашэнкі.

Рэгулярна і ва Украіне рабіліся спробы нешта ў гэтым плане зрабіць і калі не спыніць, то прынамсі запаволіць украінізацыю. Аднак іх удавалася не толькі адбіваць, але і дабівацца новых поспехаў. У тым ліку і проста таму, што з часам тая ж украінская мова зрабілася больш палітычнай, чым рэальнай праблемай: людзей, якія ёй проста не валодалі, рабілася ўсё менш.

Галоўнае ж — у змаганні паміж сабой украінскіх алігархаў наперад выбіваўся то адзін, то другі з іх, але ніводзін не мог здабыць вырашальнай перавагі, каб сканцэнтраваць усю ўладу ў сваіх руках і проста задушыць апанентаў.

Калі ўзнікала такая небяспека з боку аднаго, то іншыя аб’ядноўваліся і яе адбівалі. А таму ў краіне захоўвалася якая-ніякая, але дэмакратыя ці прынамсі канкурэнтнасць. І хоць ніяк нельга сказаць, што ў той сістэме было сапраўднае народаўладдзе — народам збольшага ўсё ж маніпулявалі, — але так ці іначай з настроямі людзей лічыцца даводзілася. І каб на нешта ўплываць, механізмы ў насельніцтва існавалі, і не скажаш, што яны зусім не працавалі. Што хоць спакваля, але ўсё ж такі спрыяла і выпрацоўцы вышэйшай палітычнай культуры.

Характэрна, дарэчы, што і ў Расіі, дзе ў выніку праведзенай прыватызацыі на пэўны час сфармавалася такая ж алігархічная сістэма, дзясяткі з паўтара гадоў існавала падобная калі не дэмакратыя, то канкурэнтнасць. Алігархічныя кланы, спаборнічаючы паміж сабой, былі зацікаўленыя ў захаванні дэмакратычных механізмаў і вольнай прэсы. І для таго, каб усталяваць аўтарытарны рэжым і паставіць усё пад свой асабісты кантроль, Уладзімір Пуцін пасля прыходу да ўлады мусіў пакрысе, адзін за адным, рознымі спосабамі ці граміць нелаяльных Крамлю алігархаў, ці ставіць іх у залежнасць ад сябе.

І менавіта тады, калі пуцінскі клан паставіў пад свой поўны кантроль усе ключавыя галіны расійскай эканомікі — перадусім сыравінную, — у краіне не стала нават той адноснай дэмакратыі, якая была пры Барысе Ельцыне і нават пры раннім Пуціне.

Усё да гэтага, здавалася б, ішло і ва Украіне ў 2010—2014 гадах. Прыход да ўлады ў 2010 годзе на хвалі расчаравання ў ідэалах «Памаранчавай рэвалюцыі» — бо неўзабаве стала зразумела, што яе плёнам скарысталіся толькі алігархі, а сутнасна ў краіне нічога не памянялася — данбаскага клана на чале з Віктарам Януковічам рэзка мяняў расстаноўку сілаў. І гэты клан быў вельмі рашуча настроены на тое, каб, скарыстаўшыся з часовай фрустрацыі і разгубленасці апанентаў, зрабіць сваю перамогу не часовай, а пастаяннай.

Можна сказаць, што ва Украіне тады адбывалася нешта падобнае на тое, што ў нас у 1994—1996 гадах. Там ішоў яўны працэс узурпацыі дзяржаўнай улады, толькі не адным чалавекам, як у выпадку Беларусі, а цэлым кланам. Але ўсё там таксама рабілася вельмі хутка і вельмі нахабна, з парушэннямі нярэдка нават чыста працэсуальных момантаў. Расстаноўка на ўсе ключавыя пасады «данецка-луганскіх», прыняцце закона «аб рэгіянальных мовах», падпісанне новай дамовы з Расіяй адносна Чарнаморскага флоту, грубыя маніпуляцыі пры правядзенні выбарчых кампаній, «цітушкі», часта дэманстратыўная пагарда да законаў… Тэндэнцыя была такая, што калі б удалося распачатыя працэсы давесці да канца, то ва Украіне магло б быць не больш дэмакратыі, чым у Беларусі ці Расіі. Але карты зблытаў Еўрамайдан.

У дыскусіях паміж беларусамі і ўкраінцамі, а часта і беларусаў паміж сабой, дарэчы, часта ўзнікаюць непераадольныя супярэчнасці з-за таго, што няправільна выбіраюцца аб’екты параўнання.

Украінскі Еўрамайдан 2013—2014 гадоў параўноўваюць з беларускім 2020 годам, у той час як больш карэктнае ўсё ж параўнанне з беларускім 1996-м. Менавіта тады ў абодвух народаў склалася такая сітуацыя, калі ўладны бок напралом пёр да ўзурпацыі ўлады, а народ мог яму нешта супрацьпаставіць не толькі на вуліцы, але абапіраючыся ў тым ліку і на частку дзяржаўных інстытуцый, апазіцыйных уладнаму клану.

Беларусы ў 1996 годзе сваю бітву абсалютна ганебна прайгралі, украінцы ў 2013—2014-м — ганарова выйгралі. Але вельмі важна тое, што паміж гэтымі падзеямі пралеглі амаль 20 гадоў, то-бок паспела змяніцца цэлае пакаленне. І ў гэтым — вялікая розніца. Бо не факт, што ўкраінскае грамадства ўзору сярэдзіны 1990-х змагло б рашуча сказаць «не» «ўкраінскаму Лукашэнку», каб ён у той час з’явіўся. І не факт, што беларусы гэтак жа бязвольна паддаліся б напору з боку ўзурпатара, каб ім давялося праз гэта прайсці не амаль адразу пасля атрымання незалежнасці, а праз 20 гадоў хоць і спецыфічнай дэмакратыі.

Аналагаў жа беларускага 2020-га ва ўкраінскай найноўшай гісторыі не было, бо не было ў іх ніколі і аўтарытарнага рэжыму не ў стадыі станаўлення, а кансалідаванага, замацярэлага, да зубоў узброенага і бязлітасна выпаліўшага агнём усю сістэмную палітычную альтэрнатыву.

Выйшла так, што беларускі народ на пэўным пераломным этапе свайго гістарычнага развіцця зрабіў вялікую памылку, за што плаціць вялікую цану фактычна ўжо новае яго пакаленне. Але рабленне такіх памылак — не выключная якасць беларусаў. Бо ў гісторыі бадай кожнага народа здаралася такое, што людзі ішлі за папулістамі, давяралі свой лёс людзям, не зусім таго вартым або і зусім нявартым, асабліва на пачатковым этапе будавання дзяржаўнасці. І гэта зусім не азначала таго, што гэта сам народ такі вось нягеглы. Галоўнае — каб памыліўшыся раз, была магчымасць пасля сваю памылку выправіць. У ўкраінцаў такія магчымасці ўвесь час былі, і нават калі часам, як падчас абодвух Майданаў, іх не хапала і даводзілася клікаць на дапамогу вуліцу, яна магла абапірацца на розныя сістэмныя інстытуты.

А трагедыя Беларусі менавіта ў тым, што магчымасці для выпраўлення аднойчы зробленых памылак былі на доўгі час наглуха заблакаваныя.

Бо Лукашэнка не проста падмяў пад сябе ўсю палітычную сістэму: у ягоных руках апынуліся і галоўныя СМІ, і эканамічны патэнцыял краіны. Апазіцыі ў гэтай сістэме заставаліся вельмі вузкія нішы, за якімі да таго ж пільна сачылі і не давалі ім далёка выходзіць за межы адведзенага гета. Любыя ініцыятывы і любыя дзеячы, якія занадта высоўваліся і ў якіх пачыналі бачыць пагрозу, адразу ж падвяргаліся прэвентыўным рэпрэсіям, інструментаў для якіх у руках уладаў было нямерана.

Ранняе ўсталяванне дыктатуры і адсутнасць цягам цэлых дзесяцігоддзяў паўнавартаснага палітычнага жыцця не азначала, аднак, што беларускае грамадства спынілася ў сваім развіцці і ўнутры яго перасталі адбывацца ўсялякія натуральныя працэсы. Краіна не была закрытая ад свету, людзі, асабліва моладзь, былі мабільныя, шмат падарожнічалі, былі ў прынцыпе ўключаныя ва ўсе сусветныя трэнды. Не маючы магчымасці рэалізоўвацца праз палітыку, дзейныя і ініцыятыўныя людзі скіроўвалі свае здольнасці ў іншыя сферы, і нават пры ўсіх абмежаваннях дабіваліся някепскіх вынікаў. Вельмі шмат чаго змяніла з’яўленне інтэрнэту, якое спачатку размыла, а пасля і цалкам пазбавіла рэжым перавагі ў інфармацыйнай сферы, затое паспрыяўшы гуртаванню і мабілізацыі тых, каму было з ім не па дарозе. Вынікам акурат і стаў той нечаканы для ўсіх выбух 2020 года.

Па вялікім рахунку, увесь час лукашэнкаўскай дыктатуры беларусы былі хоць і са сваімі асаблівасцямі, але ў прынцыпе звычайным, безумоўна еўрапейскім паводле свайго менталітэту народам.

Як мінімум чвэрць якога нават у часы росквіту лукашэнкаўскай мадэлі, калі яна, арыентаваная на Расію, дазваляла не толькі выжываць, але і атрымліваць істотныя матэрыяльныя выгоды, ідэйна трымалася каштоўнасцяў заходняга свету. Проста да пары да часу ў беларусаў не было магчымасці настолькі яскрава гэта прадэманстраваць.

З украінцамі ж у нас насамрэч падабенства больш, чым здаецца. Адрозніваліся не так людзі, як абставіны. І тое, што пасля 1994 года нашы гістарычныя шляхі пайшлі па-рознаму — трагічны збег гэтых абставін, але ніяк не строгая запраграмаванасць.

«Наша Нiва» — крыніца якаснай інфармацыі і бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ «НН»
Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

6
Васіль / Адказаць
07.08.2022
Чаму падобныя пасты ідуць без аўтарства?
Чаго саромецца аўтар і да каго звяртацца з контр-тэзамі?
0
Гервасій / Адказаць
07.08.2022
Васіль, у тэлеграме напісана што Алесь Сантоцкі.
4
Р6619 / Адказаць
07.08.2022
А нехрэн звацца кацькінымі назовамі, дапамагаць "рускаміраўцам", быццам не жылі ў слаўнай Ліцьве.
Паказаць усе каментары/ 28 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру