Пасля двух гадоў закрытых з-за пандэміі межаў у гэтым сезоне з'явілася пэўнае паслабленне для турыстаў. Межы прыадкрыліся, але не для ўсіх беларусаў. Напрыклад, прадстаўнікам сілавога блоку загадалі зрабіць біяметрычныя пашпарты і абмежавалі ім выезд. Тыя ж супрацоўнікі дзяржаўных СМІ павінны «трымаць марку»: спіс «варожых краін» — гэта вам не жарты. Тым больш, што некаторым з іх Захад адказаў узаемнасцю і занёс у санкцыйныя спісы. Дзе ж у гэтым сезоне адпачывалі прапагандысты? Піша baj.by.
Ігар Тур
Журналіст, палітычны аглядальнік АНТ.
Удзельнік праграм «Прапаганда», «Антыфэйк», «Галоўны.Тур», «Контуры» і іншых выступае прапагандыстам рэжыму Лукашэнкі.
Тур трапіў у шосты пакет санкцый Еўрасаюзу разам з Гладкай і Азаронкам.
Узнагароджаны медалём Францыска Скарыны «за прафэсіяналізм і асабісты ўнёсак у развіццё дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі і нацыянальнай журналістыкі» супрацоўнік АНТ у чэрвені адпачыў у Егіпце.
Спыніўся ў 5-зоркавым гатэлі BARCELO TIRAN SHARM у Шарм-Эль-Шейху.
Пасля адпачынку ў краіне пірамід Ігар напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку: «Калі б у мяне была магчымасць забараніць нешта адно людзям ва ўсім свеце на іх жа карысць — я, не разважаючы, забараніў бы ўсім людзям у свеце пісаць каментарыі ў інтэрнэце. Нават ахвяраваўшы магчымасцю прачытаць ад людзей з часам «дзякуй» за гэтае рашэнне ў каментарыях».
Аляксей Дзерман
Публіцыст, палітычны аглядальнік, галоўны рэдактар партала imhoclub.by
А яшчэ ён аўтар праграмы «Дзерман.Смыслы» на СТБ, у якой горача прызывае прыкласці ўсе намаганні, каб «вылечыць украінцаў ад нацызму, вярнуць ім здаровы розум, вярнуць Украіну ў славянскую сям'ю.
Прыкметныя і іншыя заклікі Дзермана. Вось толькі некаторыя з іх: зачысціць Акадэмію навук ад нацыяналістаў, якія падтрымліваюць святкаванне ўтварэння БНР, заняцца чысткай пятай калоны, забараніць бела-чырвона-белы сцяг, «беглым» шчыра пакаяцца і вярнуцца.
А вось як адрэагаваў Дзерман на прапанову асобных краін Еўрасаюза не выдаваць турыстычныя візы расіянам і беларусам.
«Вы там ужо зусім ахранелі, еўрапейскія жыхары неба? Менавіта таму я ўвёў супраць іх персанальныя санкцыі, ні рубля не патрачу на візы і паездкі да іх. Хай лепш замест рускіх да іх едуць нашы блізкаўсходнія і афрыканскія сябры, каб прывесці гэтых абарзелых расістаў у пачуццё», — напісаў Дзерман на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Лета аглядальнік правёў, мяркуючы па фота, у Азіі. Свае рублі Дзерман пакінуў у Таджыкістане, Кыргызстане ды Казахстане.
Але нават адпачынак на Іссык-Кулі не перашкаджаў думаць аб сверхзадачы сучаснага этапу — «пачаць інтэграцыю краін былой Мангольскай імперыі, каб мінімізіраваць уплыў Захаду і Еўропы на іх».
Максім Осіпаў
Літаратар, аўтар публікацый на SB.BY
Пазіцыя Осіпава, без сумненняў, — прарасійская. Расія для яго — гэта «матушка» і «супердзяржава».
Нягледзячы на тое, што, па яго ж прызнанні ў фэйсбуку, пералаяўся з украінскімі родзічамі і цяпер не мае з імі зносінаў (акрамя адзінага брата), ён працягвае распавядаць пра зладзейскі рэжым ва Украіне і падтрымлівае «святое рашэнне Расіі выкараніць фашызм».
А яшчэ Максім Осіпаў вельмі любіць паразважаць пра свабоду слова на Захадзе, якая, на яго думку, задушаная, пра бесчалавечнасць і фашызацыю нашых суседзяў.
Таму зразумела, чаму свой адпачынак Осіпаў цяпер праводзіць у «звышдзяржаве», дакладней — у Санкт-Пецярбургу.
Першая экскурсія Осіпава — у Фінскі заліў. Хоць здалёк і адным вокам паглядзець, як фашызуецца і загнівае Захад. Потым будзе што распавесці чытачам «СБ».
Марыя Пятрашка
Палітычная аглядальніца Белтэлерадыёкампаніі, рэдактарка аддзела замежнай інфармацыі
Марыя Пятрашка пасля падзей 2020 года стала адной з галоўных вядучых БТ. Чаго толькі не пачуеш у праграмах гэтай аглядальніцы: спецаперацыя па абароне Данбаса цалкам адпавядае міжнароднаму праву, у Еўропу вяртаецца Сярэдневечча, Расія спыніць аднапалярны бандыцкі светапарадак, і гэтак далей. Асобныя выказванні нават і не назавеш працай сапраўднага палітычнага аглядальніка, больш падобна на рэплікі «канапных экспертаў».
Мяркуючы па сацсетках можна зрабіць высновы, што Пятрашцы гэтым летам было не да адпачынку. Але ўсё ж у Піцер яна завітала, каб, па яе ж словах, паглядзець парад ВМФ Расіі з набярэжнай.
Сваё захапленне расійскімі ваеннымі беларуская аглядальніца падмацавала словамі: «Сказаць, што гэта моц і сіла — нічога не сказаць. Нездарма Расія, ведаючы пра задумы Вашынгтона і намеры Кіева ўдарыць, ударыла першай».
Павел Лазавік
Тэле— і радыёвядучы, намеснік дырэктара інфармацынага і грамадска-палітычнага вяшчання Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё.
Павел Лазавік асабліва не быў заўважаны ў распаўсюджванні наратываў беларускай прапаганды. Яно і зразумела, у ім больш жыве прадпрымальнік, чым медыйшчык. Свае старонкі ў сацсетках Павел выкарыстоўвае не толькі, каб посціць фота, але і каб рэкламаваць свае паслугі — вядучага на мерапрыемствах, вяселлях, вечарынах.
Але сваю пазіцыю «голас» Белрадыё ўсё ж акрэсліў: «Журналістыка — гэта не «кветачкі нюхаць» і распавядаць пра новыя віды раслін, гэта заўсёды ствараць і не рабіць раз'яднанняў паміж людзьмі і народамі».
Асабліва Лазавіку падабаюцца новыя «лідары меркаванняў», якія з’явіліся на тэлебачанні пасля 2020 года.
Сапраўднымі журналістамі ён лічыць тую ж Марыю Пятрашку, Ігара Тура, Людмілу Гладкую, Ксенію Лебедзеву — вядомых праваднікоў беларускай дзяржпрапаганды.
Сам Павел Лазавік гэтым летам добра адпачыў — трапіў у сапраўдную замежную вандроўку. Быў у Іспаніі і Партугаліі.
У сакавіку ў яго таксама атрымалася адпачыць — у Арменіі.
Каментары