«Адно з патрабаванняў для кандыдатаў з Беларусі — валоданне роднай мовай». Школьніца паехала вучыцца ў Сінгапур і расказвае пра жыццё ў адной з самых дарагіх краін свету
Арына Хлус атрымала стыпендыю для школьнікаў і паляцела вучыцца ў Сінгапур. Дзяўчына расказала, як праходзіў працэс паступлення і што здзіўляе ў краіне на іншым канцы свету.
Фота: асабісты архіў
«Дыпломы каціруюцца амаль што ва ўсіх краінах свету»
Арына Хлус з’ехала з Беларусі ў Польшчу ў сакавіку 2021-га. Там дзяўчына адвучылася адзін год у ліцэі (скончыла 11 клас), а пасля паступіла ў каледж UWC у Сінгапуры па стыпендыяльнай праграме.
UWC (United World Colleges) — сістэма каледжаў, якая складаецца з 18 навучальных устаноў, размешчаных на 4 кантынентах. У аснове філасофіі каледжа ляжыць ідэя аб'яднання студэнтаў з розных краін і культур дзеля дасягнення міру і ўстойлівай будучыні.
«У Польшчу я прыехала ў канцы 10 класа, сканчвала навучанне яшчэ ў беларускай прыватнай школе анлайн.
У Сінгапуры мне вучыцца два гады (усяго 12 класаў) незалежна ад таго, што я ў Польшчы ужо 11 клас скончыла», — расказвае яна.
Сінгапур — горад-краіна ў Паўднёва-Усходняй Азіі. Насельніцтва Сінгапура — каля 6 мільёнаў чалавек, большасць складаюць кітайцы, на другім месцы — малайцы, замыкаюць тройку індусы. У краіне мірна суіснуюць будызм, іслам, хрысціянства, даасізм, канфуцыянства і нават анімізм — вера ў адушаўлёнасць прыроды.
У XIX стагоддзі востраў стаў брытанскай калоніяй і вялікай гандлёвай зонай, насельніцтва якой папаўнялася за кошт мігрантаў з Кітая. У часе Другой сусветнай вайны Сінгапур заваявалі японскія войскі, якія заставаліся там да капітуляцыі Японіі ў 1945 годзе. У 1963 годзе Сінгапур увайшоў у склад Федэрацыі Малайзіі, але ўжо праз два гады — 9 жніўня 1965 года — абвясціў сваю незалежнасць.
Яшчэ падлеткам Арына вырашыла, што хоча вучыцца за мяжой.
«Падабалася камунікаваць з людзьмі з іншых краін, — тлумачыць яна. — Я хачу стаць актрысай, а ў Беларусі ў такой прафесіі перспектыў няма. Ведаю, пра што гавару, бо пяць гадоў працавала ў тэатры. Паглядзела, колькі зарабляюць там акцёры, і зразумела, што не, дзякуй».
Арына не захацела працягваць вучыцца ў Польшчы, бо засталася незадаволенай мясцовай сістэмай адукацыі.
Напрыклад, школьная праграма, па меркаванні Арыны, лягчэйшая за беларускую.
«У каледжы ў Сінгапуры лекцыі не 45 хвілін, а гадзіна пятнаццаць. За кошт таго, што лекцыі доўгія, лепш паглыбляешся ў прадмет, — лічыць яна. —
Школьная праграма ў Беларусі і Польшчы адарвана ад рэальнага жыцця. Нешта вывучаеш, але не разумееш, як гэта можа спатрэбіцца. Тут жа вельмі шмат сувязі з сапраўдным жыццём».
У Сінгапуры сямнаццацігадовая дзяўчына вучыцца два месяцы. Заяўку на навучанне ў UWC яна падавала за год.
«Стыпендыя разлічана на школьнікаў 10-11 класаў. Па ўсім свеце існуе 17 такіх каледжаў, дыпломы якіх каціруюцца амаль што ва ўсіх краінах свету. Калі ты падаеш заяўку, то гэта робіцца праз нацыянальны камітэт тваёй краіны. Куды ты паедзеш — не выбіраеш. Гэта становіцца вядома толькі пасля таго, калі пройдзеш адбор», — кажа яна.
Першы этап — падача анлайн-заяўкі, у якой трэба адказаць на на пэўныя пытанні. Напрыклад, чаму хочаш вучыцца ў каледжы.
Таксама на гэтым этапе трэба напісаць эсэ і выканаць творчае заданне.
«У маім трэба было ўявіць, што ты папулярны інфлюэнсер, у якога ёсць акаўнт у сацсетках, і апісаць, які кантэнт хацеў бы ствараць, на каго ён быў бы накіраваны.
Акрамя гэтага, шмат пытанняў, звязаных з каштоўнасцямі каледжа. У эсэ трэба было абраць адну з іх, якая табе самая блізкая, і апісаць, як з ёй сутыкаешся ў штодзённым жыцці.
Па выніках гэтых заявак абіраецца пэўная колькасць студэнтаў, якія праходзяць у другі этап. Да пандэміі ў ім былі асабістыя сустрэчы, на якіх выкарыстоўваліся розныя псіхалагічныя гульні. Глядзелі, напрыклад, як ты паводзіш сябе ў камандзе, які ты лідар. У гэтым годзе з-за кавіду ўсё было зроблена ў фармаце станцый (іх было каля 5), выконваеш заданні. Яны былі звязаны з гісторыяй і культурай Беларусі, з тваім бачаннем будучыні краіны.
Трэці тур — прыватнае сумоўе, якое праводзіцца спачатку на беларускай мове, а потым на англійскай.
Падчас яго размяркоўваюцца людзі ў каледжы. Пасля пачынаецца шмат працы з дакументамі, а потым едзеш ужо вучыцца», — расказвае Арына.
Увесь працэс — ад падачы анлайн-заяўкі да сумоўя — праходзіў па-беларуску. Адно са спецыяльных патрабаванняў для кандыдатаў з Беларусі — валоданне роднай мовай, наяўнасць цікавасці да гісторыі, культуры краіны.
«Я ў штодзённым жыцці карыстаюся рускай мовай, таму што проста так склалася, што ў маёй сям’і на ёй размаўляюць. Але лічу, што асабліва для беларуса, які едзе прадстаўляць сваю краіну на другім канцы свету, трэба ведаць беларускую», — кажа дзяўчына.
Для Арыны было нечаканасцю, што яе адправілі вучыцца ў Сінгапур. Падчас адбору яна складала спіс, у якіх краінах хацела б вучыцца найперш.
«Сінгапур быў на апошнім месцы, — успамінае яна. — Здаецца, што я проста не магла прыняць той факт, што праз пару месяцаў буду ўжо жыць на іншым канцы свету».
У каледжы ёсць шэсць груп прадметаў. Абавязкова трэба абраць з кожнай з іх па адным.
«Першая мова, другая, матэматыка, гуманітарныя навукі, творчыя прадметы», — кажа Арына.
«Ёсць розніца паміж вучнямі, якія жывуць на тэрыторыі каледжа, і тымі, якія у горадзе»
Памер стыпендыі разлічваецца ў залежнасці ад патрабаванняў і матэрыяльнага становішча кожнага кандыдата.
«Часцей за ўсё яна пакрывае расходы на навучанне. Нам далі жытло на тэрыторыі каледжа, за яго плаціць не трэба. Тут вучыцца каля 3000 людзей. У доміках жывуць не толькі тыя, хто атрымлівае стыпендыю, але і вучні, які аплачваюць навучанне.
Акрамя гэтага я атрымліваю кішэнныя грошы, школа аплочвае квіткі дадому і назад, і тры разы на дзень кормяць.
Наконт памеру кішэнных грошай сказаць не магу, у каледжы забаронена нават гаварыць пра гэта іншым студэнтам. Прычына ў тым, што памер ва ўсіх розны, каб не пачалі параўноўваць і не было пытанняў, чаму ў аднаго так, а ў другога інакш.
Грошы выдаюць кожныя два тыдні. Я б сказала, што кішэнных грошай ад каледжа мне хапае на нейкія забавы, на дадатковую ежу. Добра, што такая магчымасць ёсць, бо Сінгапур — гэта вельмі дарагая краіна», — дзеліцца дзяўчына.
Выходзіць за тэрыторыю кампуса Арына ў асноўным на выходных. У буднія дні няма калі.
Сяброў дзяўчына знайшла ў першыя некалькі тыдняў. Кажа, што асяроддзе там вельмі разнастайнае.
«Ёсць розніца паміж вучнямі, якія жывуць на тэрыторыі каледжа, і тымі, якія у горадзе, — заўважае Арына. — Другія абіраюць гэтую навучальную установу з-за моцнай адукацыі, а мы — з-за каштоўнасцей, актыўнасцей.
Людзі, якія тут жывуць, шмат зарабляюць. Ёсць вучні з вельмі забяспечаных сем’яў. Не скажу, што гэта заўважна, пакуль ты ў школе, але, напрыклад, калі з імі ідзеш кудысьці, у вас можа не знайсціся тэм для размоў, бо вы абсалютна з розных сусветаў.
У мяне ёсць сябры з Намібіі, Венгрыі, Польшчы, Гаіці».
Заняткі ў Арыны пачынаюцца ў 8:10, сканчваюцца а 15-й. Усяго 4 лекцыі.
«Усё навучанне на англійскай. Я яе ведала дастаткова добра. Ёсць некалькі людзей, якія слаба ведаюць англійскую, і гэта для іх складана. Неабавязкова, каб яна была на ўзроўні С1, але базавыя навыкі камунікацыі тут трэба.
У цэлым люблю вучыць мовы, ведаю англійскую, польскую, французскую, цяпер вывучаю іспанскую», — пералічвае яна.
«Тут нельга пратэставаць, за гэта ёсць крымінальная адказнасць»
Калі размова заходзіць пра цэны, Арына кажа, што за 5 сінгапурскіх даляраў (3,50 даляра ЗША) можна паесці ў мясцовай сталовай ў горадзе. У кавярні за каву і дэсерт давядзецца заплаціць 20 (14 даляраў ЗША).
Сярэдні заробак у Сінгапуры ў 2022-м склаў 5847 сінгапурскіх даляраў (4117 даляраў ЗША).
«Мы не можам працаваць ці падпрацоўваць, бо ў нас студэнцкая віза. У Сінгапуры вельмі суворыя законы, — кажа дзяўчына. — За пераход дарогі ў няправільным месцы — штраф, ён гіганцкі. Яшчэ адна забарона — жуйка. Нельга яе ўвозіць. Тое ж самае з вэйпамі.
Гэта штучна створаная краіна — горад і алгарытмы тут такія ж. Напрыклад, нельга пратэставаць, за гэта ёсць крымінальная адказнасць.
Салідарнасці, напрыклад, цяпер з Украінай тут няма, сцягі не вісяць. У каледжы хацелі збіраць грошы на падтрымку Украіны, але тут існуе вельмі вялікі падатак на такую дапамогу», — расказвае дзяўчына.
Да прыезду ў Сінгапур дзяўчына старалася не глядзець фота горада, каб першае ўражанне склалася на месцы.
«Мне чамусьці падавалася, што ён будзе як Дубай — высачэзныя будынкі, дарагія машыны. Цэнтральная частка Сінгапура сапраўды такая, але калі выйсці ў жылыя раёны — тыповая Азія. Будуць панэльныя дамы.
Я на сабе іх дыктатуру не адчуваю. Большую частку жыцця праводжу ў кампусе. Здаецца, што людзі, якія тут нарадзіліся і жывуць, таксама не адчуваюць гэтага, бо для іх тут створана ідэальнае жыццё ў эканамічным сэнсе.
З сінгапурцамі яшчэ не пазнаёмілася. Проста сустракала некаторых. Яны ветлівыя. Мае светлыя валасы, скура экзатычныя для рэгіёна, але за два месяцы не сутыкалася з дыскрымінацыяй ці непрыязнасцю», — падсумоўвае Арына.
***
Беларускія студэнты атрымліўваюць стыпендыі ў каледжах UWC з 1992 года. Першым выпускніком у 1994-м быў Віктар Фенчук, былы кіраўнік Аховы птушак Бацькаўшчыны і палітвязень (ён вучыўся ва Уэльсе).
Сёлета конкурс адкрыты для кандыдатаў, якія нарадзіліся ў жніўні 2005 г. — верасні 2007 г. Можна падавацца і з-за мяжы.
Адбор праходзіць у 3 туры цалкам анлайн на беларускай і англійскай мове. Заяўка на 1 тур прымаецца да 24 лістапада па спасылцы. Кошт навучання ў UWC — ад 20 да 60 тысяч даляраў на год. Фіналісты конкурсу атрымоўваюць стыпендыю на навучанне ў адпаведнасці з фінансавай патрэбай сям'і (для малазабяспечаных фіналістаў кошт адукацыі пакрываюць цалкам).
Каментары