Спорт33

«У 1996 годзе я думаў, што дабро хутка пераможа, а вось як аказалася». Былы трэнер зборнай па фехтаванні з'ехаў ад рэпрэсій і працуе на будоўлі

Былы старшы трэнер беларускай зборнай па фехтаванні Аляксандр Нікалайчук ужо больш за год жыве ў польскім Кракаве. Працу ў спорце ён змяніў на будоўлю, але не журыцца і аптымістычна глядзіць у будучыню, хаця і не можа дачакацца перамен у Беларусі ўжо 28 гадоў. Распыталі, чаму спартсмен верыць у лепшае, нягледзячы ні на што.

Усе фоты: асабісты архіў Аляксандра Нікалайчука

«Тое, што Лукашэнка хлусіў з першага дня, мяне ад яго і адштурхнула»

У 1994 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады, яго цёзку Аляксандру Нікалайчуку быў 31 год. Мужчына працаваў трэнерам у спартовым клубе ў мінскім Уруччы, ужо меў сям’ю, дваіх дзяцей. З таго часу ён зразумеў, што Лукашэнка — не яго прэзідэнт:

«У 1994 годзе ніхто не ведаў, хто такі Лукашэнка, але ён мне чамусьці ўжо тады не быў сімпатычны. Галасаваў за Шушкевіча, бо мне падабаўся яго больш ліберальны, спакойны падыход. А потым яшчэ, у 1996 годзе Лукашэнка змяніў герб і сцяг, яго [былыя] паплечнікі пачалі цярпець — той жа самы Ганчар, які мне заўсёды падабаўся, проста знік.

Хлусня, у маім разуменні, дрэнна сведчыць пра чалавека, а Лукашэнка пастаянна хлусіў. Некалі казалі, што калі Лукашэнка сказаў «так», гэта значыць «не», і наадварот, і так было практычна з першага дня яго ўлады. Ён жа, калі ішоў ва ўладу, абяцаў свабоду прэсы і незалежнае тэлебачанне, але насамрэч зрабіў усё па-іншаму. Тое, што ён хлусіў з першага дня, мяне ад яго і адштурхнула».

Праз два гады, у 1996-м, малады трэнер падумваў над тым, каб з’ехаць з краіны, бо атрымаў прапанову працаваць у Германіі. Тая праца не была звязаная са спортам. Беларускі спорт тады не прыносіў дастойнага заробку.

Аляксандр прыводзіць прыклад: ён, як малады трэнер, атрымліваў заробак у 100 рублёў, пры гэтым працаваў з раніцы да вечара і быў вымушаны на гэтыя грошы карміць сям’ю. У той жа час яго маці, жанчына перадпенсійнага ўзросту, атрымлівала на заводзе заробак у 300 рублёў.

Аляксандр шукаў лепшы заробак, таму і сышоў часова з трэнерскай працы, але ж канчаткова з’ехаць з краіны так і не рашыўся. Цяпер, здаецца, крыху пра гэта шкадуе:

«28 гадоў таму я быў малады, думаў, што ўсё наперадзе, варта толькі пацярпець і ўсё ў краіне зменіцца. А цяпер у Беларусі такія ж маладыя людзі сядзяць і думаюць, што трэба пацярпець. Магу з імі толькі падзяліцца сваім вопытам і сказаць, што цярпець не трэба, адзін з варыянтаў — хаця б з’ехаць. Кожны на сваім узроўні павінен задумацца пра тое, як ён можа змяніць у лепшы бок жыццё краіны.

Шмат хто пра гэта ўсё і не думае, маўляў, неяк жывём жа, ёсць жа нейкі заробак, на які можна купіць паесці. Пайсці на працу, пагутарыць з калегамі, вярнуцца дахаты і паглядзець тэлевізар — вось такое нескладанае жыццё шмат каму падабаецца».

Нікалайчук расказвае, што не быў актыўным апазіцыянерам, але ў меру сваіх сіл удзельнічаў у мітынгах. З вялікіх дэманстрацый мінулага, на якіх атрымалася прысутнічаць, Аляксандр згадвае Плошчу-2010. 19 снежня 2010 года, пасля прэзідэнцкіх выбараў, трэнер знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы разам з іншыі людзьмі, і тады ён па радыё пачуў, што Расія павіншавала Лукашэнку з перавыбраннем. Расказвае, што пратэстуючыя тады былі ўпэўненыя ў тым, што Масква іх не пакіне, бо расійская прапаганда таго часу надта агрэсіўна ставілася да Лукашэнкі. Ды і сам ён да нейкага моманту на пачатку нулявых захапляўся Пуціным і лічыў яго найлепшым прэзідэнтам у свеце, а пазней меркаваў, што ў 2010 годзе беларусы прайгралі, бо ім «здрадзіла» Расія.

Удзел у дваровым чаце і прынцыповае звальненне са зборнай

У 2020 годзе Нікалайчук прысутнічаў на ўсіх нядзельных пратэсных акцыях. Пазней ён удзельнічаў у адным з дваравых чатаў Малінаўкі, разам з суседзямі хадзіў на дваровыя акцыі, якія незадоўга да ад’езда трэнера набылі зусім партызанскі характар — суседзі хадзілі па Малінаўцы ледзьве не ў цемры, каб іх не злавілі.

За некалькі месяцаў да ад’езду ў Нікалайчука здарылася яшчэ адна важная падзея — трэнер страціў працоўнае месца ў зборнай па фехтаванні. Той калектыў ён называе не самым спакойным, бо яшчэ да выбараў сярод супрацоўнікаў зборнай пачаліся спрэчкі праз палітыку. Пасля пачатку пратэстаў Аляксандру давялося рабіць свой выбар:

«Было дастаткова людзей, якія выказваліся супраць Лукашэнкі, але публічна выступілі толькі адзінкі, і я — сярод іх. Падпісаў ліст спартсменаў за сумленныя выбары, пасля чаго чыноўнікі прапанавалі мне адклікаць свой подпіс, а ў іншым выпадку прыгразілі не працягнуць са мной кантракт. Я адказаў — добра.

Да новага года ў мяне ўжо доўжыўся кантракт, і я хадзіў на працу, але нічога там не рабіў. Спаборніцтваў праз пандэмію не было, і ўсіх спартсменаў заганялі на зборы ў Стайкі ці Раўбічы. Адзінае, што замест працы нас прымушалі ездзіць у Стайкі на суботнікі, каб мы прыбіралі смецце. Потым мне не працягнулі кантракт і я застаўся без працы».

Фонд спартовай салідарнасці прапанаваў Аляксандру прайсці за іх кошт анлайн-навучанне па курсе «Маркетынг і мэнэджмент у спорце», і наступныя чатыры месяцы пасля звальнення трэнер прысвяціў гэтаму. Працу шукаць ён не імкнуўся, бо адразу вырашыў, што на дзейную беларускую ўладу прынцыпова працаваць не будзе. Таму, калі скончыўся курс, вырашыў з’ехаць за мяжу — і каб працаваць там, і каб выратавацца ад магчымага пераследу, бо яму перадавалі, што ім цікавяцца.

Нікалайчук паехаў у Кракаў, бо меў там добрага знаёмага. Справа ў тым, што Аляксандр — дзейны спартсмен, які выступае ў катэгорыі ветэранаў. На адным з міжнародных турніраў ён пазнаёміўся з палякам з Кракава, пасябраваў з ім, таму адразу паехаў у гэты горад. Разам з сябром ён цяпер трэніруецца і ўдзельнічае ў ветэранскіх турнірах. Займаецца любімай справай: хаця і не працуе трэнерам, фехтаванне не сышло з яго жыцця.

А каб зарабляць грошы, Аляксандр пайшоў працаваць на будоўлю. Прычыну тлумачыць так: у Польшчы ён пакуль не знайшоў трэнерскую вакансію, ды і трэнер тут — не тая прафесія, якую б добра аплочвалі. Польскія трэнеры [па фехтаванні] працуюць толькі па вечарах, то-бок у іх гэта дадатковы заробак, а асноўны час яны прысвячаюць іншай працы, толькі у трэнераў нацыянальных каманд спорт — асноўная праца.

На незвычайную для трэнера працу Нікалайчук глядзіць спакойна: «Стаўлюся да будоўлі збольшага па-спартоваму. Калі займаешся фехтаваннем, бывае, табе хочацца на трэніроўках фехтаваць, а цябе прымушаюць бегчы крос. Ты гэтага не хочаш, але яно трэба, і ты тлумачыш сабе, што крос патрэбны для фізпадрыхтоўкі, што яна табе потым дапаможа ў баі. На будоўлі я працую з тымі ж думкамі: што мне трэба гэта для таго, каб выйсці потым на дарожку і фехтаваць.

Таксама важнае пытанне — аплата працы. Я быў старэйшым трэнерам беларускай нацыянальнай каманды па фехтаванні. Так, не было ў нас вялікіх вынікаў і, адпаведна, вялікіх прэміяльных, таму ў мяне як у старэйшага трэнера быў заробак 500 даляраў, і ўсе яны ў нашай сям’і сыходзілі на харчаванне. Тут жа я працую на будоўлі, разглядаю гэта як трэніровачны працэс, атрымліваю за працу 1000 даляраў і з іх трачу на харчаванне 200. То-бок праца, здаецца, і нелюбімая, але за кошт яе ў мяне ёсць сродкі, што даюць мне магчымасць займацца любімай справай».

Каб зразумець, у якім стане цяпер польскае фехтаванне, Аляксандр прапануе такі прыклад. На летнюю Алімпіяду цяпер могуць трапіць толькі восем каманд з усяго свету, таму гэта вельмі цяжка, але там аднойчы была жаночая зборная Польшчы па шпазе. З тых спартсменаў, хто ўсё-такі прабіваецца на Гульні, чэмпіёнам можа стаць любы, бо атлеты там маюць вельмі блізкі ўзровень. Таму, лічыць Нікалайчук, у польскіх фехтавальшчыкаў ёсць чаму павучыцца.

У Гданьску, напрыклад, прыстроілі фехтавальны зал да звычайнай сярэдняй школы і замянілі ў гэтай школе ўсе заняткі па фізкультуры на фехтаванне — з магчымасцю не хадзіць для тых, каму халодная зброя не цікавая. Вось чаму, па словах Нікалайчука, гэта добрая ідэя: «У школе 1000 вучняў, і, напрыклад, палова з іх — 500 чалавек — займаецца фехтаваннем. На ўсю Беларусь, калі я працаваў, было недзе 1500 дзяцей, што вучыліся фехтаваць. Не кажу, што такіх школ, як у Гданьску, шмат, але ўзровень тут прыстойны, дзяцей на заняткі ходзіць багата і ёсць вынік: палякі ездзяць на Алімпійскія гульні, у той час як беларусы туды ўжо даўно не ездзяць».

Адна з прычын, чаму нават у свеце без санкцый беларускія фехтавальшчыкі не траплялі на алімпіяды, ляжыць у кадрах. Усе найлепшыя трэнеры ў Беларусі, тлумачыць Нікалайчук, з’ехалі ў Амерыку, і кадры для беларусаў — балючае пытанне. У часы Аляксандра ў беларускім фехтаванні працавала каля 70-80 трэнераў, прыкладна столькі ж беларускіх трэнераў працавала за мяжой, у асноўным у ЗША.

То-бок палова трэнерскага складу з’ехала, а за мяжу звычайна едуць спецыялісты нядрэннага ўзроўню. Нікалайчук расказвае, што ў людзей няма ніякай матывацыі працаваць, пакуль Лукашэнка ва ўладзе.

«У дзяцінстве вельмі любіў казкі, таму і цяпер лічу, што дабро пераможа»

Цяпер, калі Нікалайчук за межамі краіны, ён шмат думае пра тых, хто застаецца ў Беларусі. Лічыць, што ім яшчэ складаней, чым беларусам замежжа: «Пытаўся ў сяброў, як яны, дык мне адказалі: «Баімся паставіць лайк». Гэта як? Атрымліваецца, чалавек чытае сацсеткі і не можа выразіць свае эмоцыі. Хіба гэта свабода? Мне іх шкада, але ў чалавека заўсёды ёсць выбар. Цяпер ён меншы, чым у 2020-м, але хутка і гэты выбар могуць забраць, і будзем жыць як у Савецкім саюзе. Калі ты ўжо спазнаў вольнае жыццё і цябе назад заганяюць у СССР, гэта можа быць вельмі цяжка».

Трэнер упэўнена кажа, што як толькі ў Беларусі зменіцца ўлада, ён адразу вернецца дадому. Ён не хоча будаваць у Польшчы доўгатэрміновыя планы, бо верыць, што там ён ненадоўга, але чакае, што і ў новай Беларусі спачатку будзе няпроста: «Напэўна, потым будзе яшчэ больш цяжкі перыяд. Галоўнае, каб мы не перасварыліся, як гэта цяпер ужо бывае паміж беларусамі. І калі новы лідар будзе праўдзівым і добрасумленным, то ўсё будзе добра. Я працую з украінцамі і бачу, што ім таксама яшчэ ёсць куды расці як нацыі. Але, верагодна, яны ўжо могуць сабе дазволіць павучыць каго-небудзь дэмакратыі, а мы пакуль што вучымся гэтаму самі».

Нікалайчук шмат разважае і пра тых сваіх калег, хто застаўся ў Беларусі. Цяпер яны пазбаўленыя міжнародных турніраў і нярэдка замяняюць іх на спаборніцтвы ў Расіі.

Трэнер верыць, што час усё расставіць па сваіх месцах: «Нікога не асуджаю, але вельмі цяжка апраўдаць тых фехтавальшчыкаў, якія ездзяць на спаборніцтвы ў Расію. Як можна ў іх удзельнічаць? Гэта тое ж самае, што і падтрымліваць вайну. Хутчэй за ўсё, людзі яе не падтрымліваюць, яны проста не задумваюцца пра тое, што робяць — маўляў, мы ж ездзім на спаборніцтвы, прычым тут вайна.

Ці ўзяць тое, што беларускіх і расійскіх спартсменаў адхілілі ад міжнародных спаборніцтваў. Здаецца, спартсмены па-за палітыкай, дык чаму яны павінны цярпець? Але ж мяне, хаця я і выказаўся і супраць вайны, і супраць Лукашэнкі, не дапускаюць на чэмпіянаты міра і Еўропы сярод ветэранаў, і я ж не абураюся. Усё разумею, адчуваю адказнасць за тое, што я, як беларус, у нейкай меры вінаваты, бо не ўсё зрабіў у 2020 годзе, каб зрынуць Лукашэнку, недзе праявіў слабасць, не здолеў перайсці нейкія свае ўнутраныя межы.

Людзі баяліся страціць працу, таму іх не хапіла нават на тое, каб баставаць, проста застацца дома ў працоўны дзень. Калі я ехаў у Польшчу, мне было 58 гадоў, і я думаў, што праз узрост мне будзе цяжка знайсці працу. Тым не менш, я працую, хаця і не па спецыяльнасці, прычым пайшоў на працу ўжо на трэці дзень пасля прыезду ў Польшчу».

Аляксандр не хоча асуджаць людзей, бо ў падмурку іх дзеянняў ён бачыць страх — тое пачуццё, якое вельмі цяжка перамагчы. Трэнер лічыць, што гэты страх можа ісці яшчэ з савецкіх часоў. Як і шмат хто з людзей, што жылі тады, ён памятае размовы на кухнях на забароненыя тэмы, згадвае таксама, як яго тата сядзеў на кухні і спрабаваў слухаць «Голас Амерыкі», нягледзячы на вельмі дрэнны гук і перашкоды. Страх прысутнічаў у жыцці, нельга было адкрыта сказаць — маўляў, я слухаю «Голас Амерыкі». Тое ж самае і цяпер — людзі сядзяць на кухнях і нешта абмяркоўваюць, але не могуць выйсці і сказаць пра гэта.

Але ўсё-такі, лічыць Аляксандр, ёсць смелыя людзі, якія паказваюць, што можна перамагаць, і гэта цяпер дэманструе Украіна. На самой справе, перамогу, па словах трэнера, здабываюць не масы, а адзінкі, масы потым проста далучаюцца да перамогі, і гэтыя смелыя адзінкі ў беларусаў ёсць. І ў канцы, як у любой казцы, дабро пераможа зло: «У дзяцінстве вельмі любіў казкі, таму і цяпер думаю, што дабро пераможа. Проста хацелася б, каб гэта не было так, як у маім жыцці: у 1996 годзе я думаў, што дабро хутка пераможа, а вось як аказалася. Хаця ў 59 гадоў жыццё толькі пачынаецца, так што ўсё добра».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каб не гуляць з ябацькамі, футбаліст сышоў з добрага беларускага клуба — і шчаслівы

Прадае тэлефон, выступае на расійскіх турнірах. Чым жывуць найбольш прыкметныя спартсмены — прыхільнікі Лукашэнкі

Гэты біятланіст — адзін з лепшых у Беларусі. Яго гісторыя кахання раскалола жаночую зборную

Каментары3

  • Мойша
    30.09.2022
    І ў нулявых і ў шостым і потым у дзясятым верылі што вось вось, потым настаў 15 калі трохі працьверазелі ўсе, а потым 20 калі зноў падманулі ўсіх. Нам у гэтым коле круціцца бясконца.
  • хх
    30.09.2022
    чем отличается пессимист и оптимист?
    пессимист: так плохо. так плохо, что, хуже быть не может.
    оптимист: может. может быть еще хуже.
    (анекдот)


    https://www.inpearls.ru/
  • хх
    01.10.2022
    у мяне
    (у маім асабістым мікражыцці)
    часта бывае так - ад адваротнага
    то бок ты думаеш - ну ўсё. гэта край
    як тут здараецца паварот да лепшага

    можа гэта працуе і ў макра?

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Усе навіны →
Усе навіны

Спектакль ад Лукашэнкі: Баскаў у бомберы «СССР», Сямёныч і «ўнучка Леніна» ВІДЭА16

Памілавалі яшчэ 31 палітвязня5

WSJ падзялілася дэталямі плана Трампа наконт вайны ва Украіне32

Пустыя рамы ў залах. У Мастацкім музеі навочна паказалі драматычныя страты беларускага мастацтва ў час вайны4

На таргі выставілі дзве запраўкі, якія належалі Юрыю Чыжу

Прапагандысткі перад Лукашэнкам білі дровы патэльнямі ВІДЭА9

«Львоў нашмат больш бяспечны за Тэль-Авіў». Украіна хоча аднавіць палёты са сваіх аэрапортаў ужо ў студзені1

«Мінск нагадвае савецкі гарнізонны гарадок». Як прапануюць замяніць царскія і камуністычныя назвы ў сталіцы?16

Польшча цягам найбліжэйшых трох дзён установіць на мяжы з Беларуссю ўмацаванні1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА27

«Таня, мы з табой!» Улады запусцілі флэшмоб у падтрымку жанчыны ў чырвона-зялёным ВІДЭА

Галоўнае
Усе навіны →