Свет1515

«Мне пісалі: здохні ад раку там». Мільярдэр Алег Цінькоў распавёў, як рак змяніў яго жыццё і як «гейропа» ратуе анкахворых z-патрыётаў

Алег Цінькоў — некалі адзін з найбагацейшых расійскіх бізнэсменаў, заснавальнік «Тинькофф банка». У 2019 годзе ён захварэў на лейкемію. У 2022 годзе стаў адным з нешматлікіх удзельнікаў спісу Forbes, якія асудзілі вайну. У кастрычніку 2022 года адмовіўся ад расійскага грамадзянства. Аб тым, як блізкасць смерці мяняе жыццё, што яму дапамагло выжыць, пра розніцу ў стаўленні да раку на Захадзе і ў Расіі ды пра тое, у якой сітуацыі апынуцца расійскія анкахворыя, калі не будзе дапамогі ненавіснай многімі расіянамі «гейропы», прадпрымальнік распавёў ютуб-каналу «Русские норм!»

Скрын відэа

Аб выжывальнасці пры раку

Алег Цінькоў кажа, што Расію і ЗША можна параўноўваць толькі па дзвюх рэчах — па тэрыторыі і па наяўнасці ядзернай зброі. На гэтым усё, і далейшыя параўнанні ідуць не на карысць Расіі.

Як чалавек, які хварэў на рак, ён ведае статыстыку па раку — «не трэба гугліць».

«Калі ты амерыканец, адзін з 350 мільёнаў, і ты захварэў на рак, то шанец, што ты выжывеш на працягу 5 гадоў — 66 %. Гэта лічба расце, давайце скажам 70 %. У Расіі шанец хвораму на рак выжыць праз 5 гадоў — 33 %, роўна ў два разы менш.

Гэта значыць, у амерыканца, які захварэў на рак, шанец выжыць роўна ў два разы вышэйшы, чым у расіяніна».

Цінькоў кажа, што таму на Захадзе да раку ўжо ставяцца проста як да захворвання, «усе пра рак гавораць на інтэрв'ю».

«А ў нас: усё, ракавы хворы, «Цінькоў памірае», мяне лысага ўсюды фатаграфіі.

У нас канцэрафобія. Ну і чаму баяцца, зразумела: таму што бачаць, што сусед Коля памёр, суседка Маша памерла. Гэта значыць, замест таго, каб бамбіць Украіну, лепш бы хворых лячылі ад раку.

А ўсе гэтыя z-патрыёты або z-ідыёты, хутчэй, я б іх так назваў, яны крычаць, што яны Амерыку, «гейропу» бамбяць і ўсё такое. А лечацца яны чым?

З раніцы да вечара яны п'юць амерыканскія, нямецкія і далей па спісе прэпараты. І па іх пратаколах. Таму што ўся гэтая прафесура (я гэта ўсё ведаю) — уся гэтая пецярбургская, маскоўская, гэты Рагачова Дзімы [анкагематалагічны цэнтр], які Пуцін пабудаваў, пацёмкінскую вёску — яны ўсе лётаюць і бяруць усе пратаколы заходнія. Калі вы так не любіце «гейропу», не любіце Амерыку, ну тады календулу або трыпутнік да дупы прыкладвайце. Але ім хіміятэрапію Bayer падавай. Ну разлівайце сабе хіміятэрапію Усць-Лабінскага разліву і лячыцеся ёй», — кажа Цінькоў.

Пра гейрапейцаў і багатых душою рускіх

Цінькоў звяртае ўвагу на тое, што заходнія санкцыі, якія распаўсюджваюцца на Расію, не тычацца медыцынскага абсталявання і медыкаментаў.

«На медыцынскае абсталяванне няма ніякіх абмежаванняў, і медыкаменты ўсе едуць у Расію. Прычым яны Расію хочуць пакараць, але ім і ў галаву не прыйдзе, каб забараніць пастаўку медыцынскага абсталявання або таблетак, ад якіх Расія залежыць. Яны ж разумеюць, што вось гэтыя 33 % выжывальнасці (што сорамна, 33 % выжывальнасці ад раку ў Расіі, гэта як у Афрыцы) ператворацца ў 20%, калі заўтра Еўропа перакрые пастаўку ўсіх медыкаментаў у Расію.

Ад раку будуць проста паміраць амаль усе, выжывальнасць будзе не 33 %, а 10-15 %, ну таму што няма пратаколаў, няма хіміятэрапіі, няма лекаў, няма нічога», — кажа ён.

Цінькоў прыводзіць у прыклад «скрэпу», што «рускія — добрыя, у іх — «душа». «Мы газ спынілі, ведаючы, што Еўропа ад яго залежыць. Гэта людзі з вялікім сэрцам, якія кажуць, ха, мерзніце там да чорта».

«Дык вось задумайцеся цяпер, мы ж ім газ перакрылі, хай мерзнуць, а яны вам таблеткі пасылаюць, гэтая гейропа», — гаворыць ён.

Пра касцявы мозг

Цінькоў кажа, што касцявы мозг, які выкарыстоўваюць пры перасадках у Расіі, на 80 % — ад замежных донараў.

«І пасылаюць касцявы мозг нам. Да гэтага часу вязуць праз Турцыю, немцы здаюць, і не пытаюцца, гэта рускія, не рускія».

Цінькоў распавядае, што ў Расіі няма базы донараў, ён сам спрабаваў яе стварыць.

«Прапаноўваў выдаткаваць кучу грошай, падыходзіў да ўсіх, да каго можна. Патэлефанаваў Пяскову і сказаў: «Дзмітрый Сяргеевіч, можаш пагаварыць з Пуціным ці з кім, што я гатовы выдаткаваць 100 мільёнаў сваіх грошай і стварыць [банк донараў касцявога мозгу], як ва ўсіх краінах. Я, кажу, патрачу свае грошы, зраблю тэставыя лабараторыі па Расіі, дыстрыбуцыю». Ён — так, я паспрабую дапамагчы, туды-сюды нешта там бегаў. Адзіны раз я да яго звярнуўся, больш наогул ніколі ў яго нічога не прасіў.

Потым Пуцін выпусціў указ, літаральна перад вайной, ён аддаў гэта ўсё (ну, цяпер зразумела чаму) у ведамства ФМБА [Федэральнае медыка-біялагічнае агенцтва]. ФМБА зараз гэтым будзе займацца, гэта вайскоўцы па сутнасці», — распавядае Цінькоў.

Паводе Цінькова, прычына таго, што донарствам і касцявым мозгам у Расіі займаецца ФМБА, медыцына, блізкая да вайскоўцаў, акрамя самой вайны заключаецца яшчэ і ў тым, то фсбшнікі пераканалі Пуціна, што «калі хтосьці ім [касцявым мозгам] завалодае, то наш генафонд перададуць амерыканцам, і амерыканцы нас усіх атруцяць».

«Хоць гэта на першай старонцы генетыкі напісана, што немагчыма таргетаваць паводле генетычнага прынцыпу. Ды ўключылі б мозг. Ну які генатып? Украінка з рускім ажаніліся — хто гэта там? У мяне жонка эстонка. Хто нашы дзеці? Ты не можаш вылучыць рускі генатып і потым на яго таргетаваць нейкім прэпаратам і забіваць рускіх. Гэта яму [Пуціну] «працерлі», і ў выніку ён гэта аддаў вайскоўцам. Гэта значыць, каб вы разумелі, касцявым мозгам будзе займацца ваенізаваная арганізацыя ў Расіі. Як вы думаеце, чым гэта ўсё скончыцца? Ну, мабілізацыю вы бачыце, прыкладна гэтак жа будзе і з касцявым мозгам».

Такім чынам, прыватны праект стварэння банка касцявога мозгу, у які быў гатовы інвеставаць Цінькоў, быў спынены.

 

На пытанне, што будзе з фондам сям'і Ціньковых, які быў створаны ў 2021 годзе для дапамогі людзям з анкагематалагічнымі захворваннямі, бізнэсмен сказаў, што зараз стаіць перад велізарнай дылемай.

«Я думаю, рэфлексую вельмі моцна, таму што, з аднаго боку, ёсць такая тэма, людзі невінаватыя, ты павінен дапамагаць. Але, з іншага боку, глядзіце …

Я праз Пуціна, праз гэтую ўладу страціў 8 мільярдаў, проста іх не стала, 23-га [лютага] яны былі, а цяпер іх няма. 

У мяне засталіся грошы, але ў мяне засталося, давай скажам прама, 10 адсоткаў майго багацця, якое было на піку.

І калі я выйшаў і сказаў, хлопцы, так нельга, нельга забіваць суседні народ … гэтыя ўсе людзі ў масе сваёй, 80 адсоткаў, напісалі, што я — «казёл, здраднік, мярзотнік, далей па спісе, ва ўсіх сацсетках мяне аба*ралі, не вяртайся, здохні ад раку там. У нас жа рускі народ — добры, у нас жа вялікае рускае сэрца.

І гэты чалавек, які так крычаў, заўтра захварэе на лейкемію, і яго прывязуць у Новасібірск і зразумеюць, што там няма ніх*я. І я павінен за свае грошы, тыя, што засталіся, яго ратаваць, прывозіць заходнія лекі з «гейропы», якую ён ненавідзіць, ён яшчэ ўчора іх ненавідзеў, ён за Пуціна тапіў на канцэрце, казаў, якая мы — вялікая Расія. А я павінен за свае астатнія грошы яго ратаваць. Я неяк пачынаю задумвацца. Вось што мне рабіць? У мяне пакуль няма адказу, я рэфлексую і думаю.

Нічога ж няма расійскага, нічога не прыдумалі, нічога не вынайшлі. З раніцы да вечара карыстаемся выгодамі цывілізацыі і плюём на гэтую цывілізацыю. Кіньце насіць італьянскія касцюмы, хадзіце ў атэлье № 22 Пракоп'еўска». 

Пра хваробу

Цінькоў кажа, што ён ужо не той, што быў да хваробы, але сілы паступова вяртаюцца. Цяпер у яго рэмісія, 2,5 гады прайшло пасля пачатку хваробы. «Рак ён заўсёды такі падступны, ён можа стаіцца, а потым вярнуцца. Лічыцца, 5 гадоў трэба, таму яшчэ 2,5 гады не загадваю ні аб чым».

Бізнэсовец прызнаецца: праз тое, што хвароба можа вярнуцца, ён жыве ў вялікім страху і ў стрэсе.

Ён кажа, што сілы змагацца з хваробай яму надавала сям'я. Яго дзеці зрабілі калаж з сумесных фатаграфій і падпісалі «Тата, мы чакаем цябе дома», «Тата, ты справішся», «Тата, ты выжывеш, мы ведаем, ты моцны». «Ён вісеў у мяне ў Берліне, тры месяцы я ў боксе сядзеў, на яго ўвесь час глядзеў і думаў, блін, як жа так, як жа я не ўбачу сваіх унукаў? І гэта вось «убачыць унукаў» і не расчараваць дзяцей сваёй смерцю (таму што не прыкольна ж хаваць тату), гэта мне давала нейкую жыццёвую такую сілу».

Цінькоў кажа, што за гэтыя тры гады плакаў больш, чым за ўсё сваё жыццё. Плакаў, шалеў, кідаўся кубкамі ў пакоях. «Цяжкі быў час, цяжкія ў мяне былі апошнія тры гады».

Бізнэсовец распавядае, што хвароба змяніла яго.

«Я бачыў смерць, вакол мяне паміралі людзі, я сам ледзь не памёр. І я не разумею, калі дзеецца абсалютнае зло, чаму я павінен маўчаць, грунтуючыся на тым, што ў мяне ад гэтага будзе больш грошай. А навошта мне больш грошай, калі мы ўсё роўна памром?

Вось [расійскі мільярдэр Аляксей] Мардашоў, у яго было 30 мільярдаў, цяпер санкцыямі абклалі, — 20, ён ідзе на кампрамісы з раніцы да вечара. Але ўсё роўна ў труне ж не будзе мільярдаў, гэта ўсё застанецца палюбоўніцам, партнёрам, якія ўсё расцягнуць. То-бок, гэта такія ілжывыя прыярытэты.

Таму што яны [расійскія мільярдэры] не пагаварылі, у адрозненне ад мяне, са смерцю на ты. А калі ты гэта праходзіш, ты разумееш, што ўсё вельмі другасна і ўсё вельмі ілюзорна», — кажа ён.

Цінькоў прызнаецца, што яго ўразіла Пугачова. «Як яна, не прайшоўшы выпрабаванняў, якія прайшоў я, гэта ўзяла і сказала? Мог бы і Галкін не казаць, напэўна. Іх ніхто не прымушаў выказвацца. Усе ж артысты языкі ў с*аку засунулі і сядзяць. Ну зразумела, што ёсць маргіналы, усякія там газманавы, растаргуевы, пяўцовы — вар'яты. Але, у асноўным, усе проста язык у азадак засунулі, сядзяць і думаюць, што яны перасядзяць. Ну, можа, перасядзяць. Але Ала заявіла, і гэта крута. Чаму яна гэта заявіла, мне незразумела, што робіць яе заяву толькі больш каштоўнай, чым мая».

Каментары15

  • Денис
    03.11.2022
    Я живу в Канаде 10 лет. Медицины нет вообще. Если ты владелец банка то долго проживешь а если нет то неповезло. Ребенка записать к терапевту с жалобой на боль в ухе- лист ожидания два месяца. В Беларуси медицына в десятки раз лучше. Не знаю как в америке.
  • Лелик
    03.11.2022
    Денис, бгг)) а ещё скорую не вызвать если забыл таблетки в аптеке купить или тонометр сломался. Ужос))
    вэлком назад. Но что-то подсказывает ,что невернешься.
  • дочка Максима Дизайнера
    03.11.2022
    каки красивы...
    Рокфеллер вот 7 пересадок сердца пережил
    сейчас наверное в раю...

Украінцы адкінулі расіян ад Купянска

Украінцы адкінулі расіян ад Купянска

Усе навіны →
Усе навіны

Каля берагоў Егіпта затанула судна з 31 турыстам. Ці былі там беларусы, невядома

«Мокры» фасад і перапланіроўка: як цяпер выглядае кінатэатр «Масква» ў цэнтры Мінска ФОТЫ

У планах Расіі — падзяліць Украіну на тры часткі. Вось карта з сакрэтнага расійскага дакумента20

Жыхароў Гомельшчыны выклікаюць у пракуратуру, каб узяць абавязальніцтвы аб «належных паводзінах» падчас выбараў1

Улады Літвы не выключаюць тэракта на борце самалёта DHL, які ўпаў у Вільні

17-гадовая дзяўчына ў Расіі панесла есці свінням і загінула2

Сёння на таргах даляр падскочыў на чатыры капейкі

Хто прыдумаў ютуб-праграму «Гадзіннічак цікае»?3

Прапуцінскі папуліст перамог у першым туры выбараў у Румыніі, але прэзідэнтам мае стаць жанчына-ліберал1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Украінцы адкінулі расіян ад Купянска

Украінцы адкінулі расіян ад Купянска

Галоўнае
Усе навіны →