Па Тураве лістападаўскай раніцай распаўзліся шэрасць і халадок, злятаюць з дрэў апошнія лісты, на беразе Прыпяці ў такт ветру гайдаюцца драўляныя чаўны.

Сустрэчу з Вольгай Харытановіч чакалі некалькі тыдняў: нядаўна яна вярнулася з Дагестана, дзе здавала дысцыпліну «гід па пешаходным турызме». Кажа, часам там, у гарах, была думка: «Воля, што ты робіш? Ты ж не вытрымаеш». Вытрымала. Прайшла за некалькі дзён больш за 100 кіламетраў з перашкодамі, здала экзамен і вярнулася на роднае Палессе.

Знаёміцца з гераіняй вырашылі… у лесе. Не за кубкам кавы ж гаварыць пра прыроду, калі побач такія краявіды.

«Тады едзем на экалагічную сцежку «Цар-сасна», — прапануе Вольга. Селі ў яе машыну і тут жа зачапіліся вачыма за незвычайныя трафеі ў салоне — вялікія і пухнатыя пёры савы, дзятла. Ад горада да месца прагулкі — 10 кіламетраў.

«Бачыце, у полі стаіць маленькая казуля? Побач месца, куды любяць выходзіць зубры. А вунь на тым дрэве сядзіць канюк».

Вольга на хаду ўсё ловіць, прыкмячае і шчыра захапляецца, як быццам канюка бачыць упершыню.

Год таму яе захапленне прыродай стала працай — цяпер яна спецыяліст па экалагічным турызме ў нацыянальным парку «Прыпяцкі».

«Пайшла ў лес у журавіны і сустрэла нячысціка Хапуна»

Прыехалі на месца, зайшлі ў лес, а ён нейкі двухколерны: шэры і месцамі рыжаваты ад завялага лісця.

Месяц таму тут бы ўсё пералівалася яркім жоўтым святлом і колерам. Не паспяваем знервавацца, як Вольга падхоплівае:

«Ведаеце, чым добры лістапад? З дрэў скідаецца ўся лістота і лес выдатна праглядаецца. Гэта магчымасць убачыць жывёл, лепш разгледзець птушак. Напрыклад, тут як мінімум будзе сем відаў сініц: даўгахвостая, чубатая, звычайная… а яшчэ попаўзні. Такія пацешныя птушачкі! Калі ім уключыць гук з іх голасам, могуць прыляцець, паскакаць побач.

Без Вольгі позні восеньскі лес ацэньваеш так: удалечыні прыгожае дрэва, паміж кустоў — павуцінка, пад нагамі — паганкі. З ёй жа ідзеш па сцежцы, як з лясным Шэрлакам.

Ледзь прыпаднятая лістота і яшчэ макраватая? Значыць, нядаўна тут быў звер. Па слядах і яго памёце Вольга спакойна адзначае — зубр. Месца пад дрэвам, дзе як быццам прайшліся катком, — яго палянка, тут ён адпачываў. Магчыма, пачуў нашы галасы і ўцёк. Хочацца сказаць: «да нашага шчасця».

Вольга, дарэчы, бачыла ўсіх звяроў, акрамя рысі. Самая запамінальная гісторыя выйшла з ласём.

«Сярод беларускіх нячысцікаў ёсць такі Хапун, прыходзіць, хапае людзей і выносіць у лес на балота. Можна сказаць, я з ім пазнаёмілася, — гэты момант з жыцця яна расказвае са смехам. — Неяк пайшла ў лес у журавіны, а іх так шмат, сяджу, хапаю і не магу спыніцца. Набрала вядро, заплечнік і чую, як лось выдае гукі [паказвае якія]. А ў мяне ж тут журавіны! Давай іх у шапку зграбаць, а лось усё бліжэй і бліжэй, а Хапун трымае і не адпускае. Звер ужо ломіцца ў мой бок, пад нагамі чвякае балота, тады і спахапілася: трэба бегчы з журавінамі. Увогуле пашанцавала, да ровара дабегла з дрыготкімі рукамі. Цяпер сярод маіх сяброў ёсць жарт: «Воля пайшла ў ягады — да першага лася».

«Дзесяць гадоў гляджу на разлівы Прыпяці і кожны раз заміраю ад захаплення»

Захавальніцай Палесся Вольга Харытановіч стала дзесяць гадоў таму. Тады яна, мінчанка, працавала ветлекаркай і задумвалася пра перамены ў жыцці. Але наўрад ці магла ўявіць, як хутка і нечакана яны адбудуцца. Вольга паехала з сябрамі ў Тураў, упершыню ўбачыла горад — сабрала рэчы і пераехала на Палессе.

«У Мінску стала неяк цесна, хацелася схавацца ад людзей. Глядзела шмат праграм пра тайгу, як выжываюць паляўнічыя на прыродзе і ў цішыні. Якраз тое, што трэба, — кажа дзяўчына пры падыходзе да грабавага гая. — Так апынулася ў Тураве, уладкавалася па спецыяльнасці ў мясцовую гаспадарку.

А потым убачыла, як вясной разліваецца Прыпяць! Дзесяць гадоў езджу па мясцовым мосце і дзесяць гадоў заміраю ад захаплення. Не хапае паветра, як глядзіш на гэтую прыгажосць. Калі сталі вяртацца пералётныя птушкі, на Тураўскім лузе такі гоман стаяў! Глядзела на жывы разнастайны свет і не разумела, дзе я».

Вольга пастаянна прападала ў лесе і на балотах. Ёй усё было цікава: убачыць ваўка, паназіраць збоку за зубрамі, сустрэць рэдкую белую сінічку. Кажа, на хобі сыходзіла вялікая частка заробку. Купіць кармушкі, паставіць фотапасткі, заправіць машыну, каб дабрацца ў патрэбны пункт.

А потым здарылася тое, што можа адбыцца толькі на Палессі. Воля закахалася ў… барсукоў.

«Цяпер я барсучыная маці, — смяецца суразмоўца. — Узімку падабаецца прыйсці ў заснежаны лес, знайсці сляды жывёл і прасачыць, куды яны ходзяць. Сляды зуброў, ваўкоў, рысяў да гэтага часу наношу на гугл-мапу. Дык вось аднойчы, блукаючы па лесе, трапіла ў барсучыны гарадок. І тады ўпершыню ў жыцці купіла фотапастку.

Прыйшла яе ўсталёўваць, а на гары стаіць воўк. Здаецца, у той момант у нас абодвух была рэакцыя «замры». Паспела заўважыць: у яго запалы жывот, значыць галодны. Мама мая! Ён паглядзеў на мяне, развярнуўся і ўцёк. Сябры віншавалі: «Як крута! Біёлагі ходзяць па лесе гадамі, каб яго ўбачыць, а табе так пашанцавала».

Зубры зламалі тэрасу барсуку. Ён знерваваўся і тры дні не выходзіў з нары

Першыя відэа з фотапасткі выклікалі ў Олі ўсмешку: звер аказаўся пацешным і цікавым. І пачалося яго пяцігадовае вывучэнне.

«Лічыцца, што бацька-барсук не ўдзельнічае ў выхаванні дзяцей. Але ў мяне ёсць некалькі ролікаў, дзе тата адзін з малымі, а мамы побач няма. На самай справе разумею барсучыную маці: пасля з'яўлення вывадка яна сядзіць з дзецьмі пад зямлёй тры месяцы, пастаянна корміць. Уяўляеце, якая ў яе нагрузка? Таму, калі выходзіць з малымі наверх, каб навучыць іх здабываць корм, уся змучаная, змардаваная.

Гэта нагадвае смешныя відэа ў інтэрнэце пра мацярынства: толькі мама паклала дзіця спаць, села піць гарбату, а яно прачнулася. Жанчына замірае, прыкідваецца сцяной: «Мяне тут няма».

Так і з барсучыхай: дзеці па ёй поўзаюць, патрабуюць увагі, а яна не варушыцца, таксама ўдае з сябе сцяну», — праводзіць паралелі Вольга.

Яна ўпэўненая: разбіраючы на кадры запісы з фотапасткі, можна напісаць навуковую працу пра паводзіны барсукоў.

«Цяпер назіраю за некалькімі гарадкамі: усе барсукі розныя, у кожнай сям'і свае традыцыі. Напрыклад, па-рознаму чысцяць нару, выбудоўваюць адносіны ўнутры. Ды і па характары яны адрозніваюцца. Адныя флегматыкі, іншыя халерыкі, — прыводзіць прыклад Воля. — Думаю, у барсукоў мы можам павучыцца парадку. Кожны дзень амаль у адзін і той жа час яны чысцяць нару, нешта перабудоўваюць, паляпшаюць, будуюць тэрасу, на якой потым ляжаць і адпачываюць.

Неяк у гарадок адной сям'і прыйшлі зубры і зламалі тэрасу. Барсук так знерваваўся, што тры дні не з'яўляўся. Мае турысты жартавалі: маўляў, запіў. А потым выйшаў на зямлю і ўзяўся за працу».

Пакуль Воля ўзахлёб расказвае пра барсучыныя гарадкі, перад вачыма малюецца карцінка ледзь не сапраўдных маленькіх домікаў з зонай адпачынку і дзіцячай пляцоўкай. Таму трэба ўдакладніць: гэта своеасаблівы і складаны лабірынт пад зямлёй, крэпасць для барсукоў.

У маленькіх рысяў у лесе ёсць свая дзіцячая горка

Прагулка па лесе праходзіць павольна: праз кожныя дзесяць метраў прыпынак. Каб слухаць цішыню, птушак, разглядаць сляды звяроў, вывучыць шматкі поўсці на ствалах.

«Гэта хвоя часальная для дзікоў, — паказвае правадніца па дзікай прыродзе на дрэва з ідэальна гладкім бокам. — Так дзікі здымаюць з сябе бруд і пазначаюць тэрыторыю».

Дзесьці на моху валяецца пер'е птушкі. Гэта ўсё, што ад яе засталося пасля сустрэчы са зверам. Воля ставіцца да гэтага як да натуральнага працэсу: так жыве лес.

Сустрэцца сёння з лісой або зубром — шанцы мінімальныя: занадта гучна ідзе група людзей, калі звер пачуе, то сыдзе ў іншы бок.

Затое можна паглядзець на попаўзня. Птушка пацешна скача па ствале дрэва, хапае ў кармушцы семечкі і ляціць у бок 300-гадовай хвоі. Гэта самае старое дрэва сярод соснаў у Нацыянальным парку «Прыпяцкі». Задраўшы галаву, бачыш, што бліжэй да верхавіны 24-метровага палескага здабытку вісяць старыя драўляныя борці (вуллі). Так у рэгіёне раней збіралі мёд дзікіх пчол.

«Прагулка па адным і тым жа лесе заўсёды розная. Пастаянна змяняецца візуальная карцінка: дзесьці пабег ручай, вырасла новае дрэва, нешта заквітнела, — з мастка адкрываецца від на лес у вадзе. Гэты пейзаж Воля здымае пастаянна, запэўнівае, што кадры ніколі не падобныя адзін да аднаго. — Пайшлі, пакажу дзіцячую горку для маленькіх рысяў!»

Ва ўяўленні паўстае выява: дзесьці ў лясной глухмені стаіць атракцыён і на ім весела катаюцца звяры. Жарт. Але апавяданні гіда амаль так і выглядаюць. А калі падысці да дрэва — на ім сотні маленькіх слядоў ад кіпцюрыкаў. Аказваецца, рысі так трэніруюцца — драпаюцца па ствале, і гэта вельмі нагадвае тое, як кацяняты залазяць па фіранках.

Толькі выйшаўшы з лесу, звяртаеш увагу на час: прагулка доўжылася тры гадзіны. За аповедамі, гісторыямі і назіраннямі час згубіўся, растварыўся сярод восеньскай цішыні. З шэрага хмарнага неба ўпалі першыя кроплі дажджу, лес пачаў апускацца ў цемру. Але нават у гэтым было шмат прыгажосці.

«За 10 гадоў на Палессі я ўрасла ў гэтую зямлю як дуб, — адзначае Вольга. — Не ўяўляю сябе без Прыпяці, гэтых пейзажаў і захадаў. Яны тут найлепшыя, зачаравальна прыгожыя».

Чытайце таксама:

Рыбацкія боты да пояса і трактары, што плаваюць у вадзе. Як збіраюць журавіны на Палессі

«Найлепшы адпачынак — кубак кавы з відам на баброў». Вучоны-біёлаг адкрыў аграсядзібу ў лесе з ручнымі ваўкамі і выдрай

Клас
43
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
4