«Дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе». Нобелеўская прамова Алеся Бяляцкага ПОЎНЫ ТЭКСТ
Сёння жонка Алеся Бяляцкага Наталля Пінчук атрымала залаты медаль і дыплом лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру за свайго зняволенага мужа. Прыводзім тэкст яе прамовы. «У Беларусі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народа, мовы, гісторыі». «Падзеі пагражаюць дзяржаве стратай дзяржаўнасці і незалежнасці»,— адзначыла яна. «Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расію і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народа», — перадаў Алесь Бяляцкі з турмы. «Трэба змагацца супраць інтэрнацыянала дыктатараў. Дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе», — перадаў ён. І таксама «10 снежня мне хочацца паўтарыць: «Не бойцеся!» і «Жыве Беларусь!».
Вашы Каралеўскія Міласці,
Вашы Каралеўскія Высокасці,
Шаноўныя сябры Нобелеўскага камітэту, шаноўнае спадарства.
З вялікім хваляваннем выпадае мне гонар выступіць тут на ўшанаванні лаўрэатаў прэміі Міру за 2022 год. Сярод іх і мой муж Алесь Бяляцкі.
На жаль, ён не можа прыняць узнагароду асабіста. Ён за кратамі ў Беларусі. Таму я стаю за гэтай трыбунай.
Хачу выказаць вялікую падзяку:
Нарвежскаму Нобелеўскаму камітэту, рашэнне якога ўмацавала Алеся ў гатоўнасці стаяць у сваёй праўдзе і дае надзею ўсім беларусам, што можна разлічваць на дэмакратычную салідарнасць у барацьбе за свае правы.
Дзякуй усім, хто падтрымліваў Алеся, яго сяброў і яго справу ўсе гэтыя гады і падтрымлівае цяпер.
Шчыра віншую Цэнтр грамадзянскіх свабод і Міжнароднае таварыства «Мемарыял» з заслужанай узнагародай.
Алесь і ўсе мы ўсведамляем, наколькі важна і рызыкоўна выконваць місію праваабаронцаў, асабліва ў трагічны час агрэсіі Расіі супраць Украіны.
Не толькі Алесь у турме — тысячы беларусаў, дзясяткі тысяч рэпрэсаваных, зняволеных за сваю грамадзянскую пазіцыю знаходзяцца там.
Сотні тысяч вымушаны ўцякаць з краіны толькі таму, што хацелі жыць у дэмакратычнай дзяржаве. У Беларусі, на жаль, ужо гадамі працягваецца вайна ўлады супраць уласнага народа, мовы, гісторыі, супраць дэмакратычных каштоўнасцяў.
Пра гэта гавару тут з болем і перасцярогай, бо сённяшнія палітычныя і ваенныя падзеі пагражаюць Беларусі стратаю дзяржаўнасці і незалежнасці.
На жаль, улада з грамадствам размаўляе толькі пры дапамозе сілы — гранатаў, дубінак, электрашокераў, бясконцых арыштаў і катаванняў. Пра нацыянальны кампраміс або дыялог няма размовы. Пераследуюць дзяўчат і хлопцаў, жанчын і мужчын, непаўналетніх і людзей сталага ўзросту. У беларускіх турмах уладарыць нечалавечае аблічча сістэмы, асабліва для тых, хто марылі быць свабоднымі людзьмі!
У такой сітуацыі невыпадкова, што за дэмакратычныя перакананні і праваабарончую дзейнасць улады арыштавалі Алеся і яго паплечнікаў з Праваабарончага цэнтра «Вясна»: у вязніцах Марфа Рабкова, Валянцін Стэфановіч, Уладзімір Лабковіч, Леанід Судаленка, Андрэй Чапюк і іншыя праваабаронцы. Другія зараз яшчэ пад следствам і пракурорскімі абвінавачваннямі, трэція вымушаны былі эміграваць за мяжу. Але створанага больш за дваццаць пяць гадоў таму Алесем і яго аднадумцамі Праваабарончага цэнтра «Вясна-96» — не разбіць, не спыніць, не стрымаць!
Алесь не мог перадаць на волю тэкст свайго выступу, ён паспеў сказаць мне літаральна пару сказаў. Таму падзялюся з вамі ягонымі думкамі — і гэтымі, і запісанымі раней. Гэта фрагменты яго ранейшых выказванняў, твораў, разваг. Тут яго думкі аб мінулым і будучыні Беларусі, аб правах чалавека, аб лёсе міру і свабоды.
То перадаю слова Алесю.
«Так бывае, што людзі, якія найбольш цэняць свабоду, часта пазбаўлены яе. Я ўспамінаю сваіх сяброў — праваабаронцаў з Кубы, Азербайджана, Узбекістана, я ўспамінаю сваю духоўную сястру Насрын Сатудэ́ з Ірана. Я захапляюся кардыналам Язэпам Чэнем (Joseph Zen) з Ганконга. Зараз у Беларусі тысячы людзей знаходзяцца за кратамі па палітычных матывах, і яны ўсе мае браты і сёстры. Нішто не можа спыніць прагу людзей да волі.
Тут зараз у турме ўся Беларусь. Сядзяць журналісты, палітолагі, прафсаюзныя лідары, сярод іх багата маіх знаёмых і сяброў… Суды працуюць як канвеер, асуджаных развозяць па калоніях, а новыя хвалі палітзняволеных займаюць іх месца…
Гэтая прэмія належыць усім маім сябрам-праваабаронцам, усім грамадскім актывістам, дзясяткам тысяч беларусаў, якія прайшлі праз збіццё, катаванні, арышты, турму. Гэтая прэмія — узнагарода мільёнам беларускіх грамадзян, якія выступілі ў абарону сваіх грамадзянскіх правоў.
Яна падкрэслівае тую драматычную сітуацыю, якая склалася з правамі чалавека ў краіне.
Нядаўна ў мяне адбыўся кароткі дыялог.
— Калі на волю? — спыталіся ў мяне.
— А я і так вольны, у душы, — адказаў я.
Мой вольны дух лунае па-над вязніцай і над кляновым лістом абрысаў Беларусі.
Я зазіраю сабе ўсярэдзіну, і здаецца, што мае ідэалы не змяніліся, не страцілі каштоўнасць, не пацьмянелі. Яны заўжды са мной, і я ахоўваю іх, як магу. Яны — як адлітыя з золата, і іх не бярэ ржа.
Мы хочам уладкаваць наша грамадства як больш гарманічнае, справядлівае і спагадлівае. Дабіцца незалежнай, дэмакратычнай Беларусі. Марым, каб яна была ўтульнай і прывабнай для жыцця.
Гэтая ідэя высакародная, сугучная агульным для свету цывілізацыйным уяўленням.
Мы ж не марым пра штосьці надзвычайнае, мы хочам усяго толькі «людзьмі звацца», як сказаў наш класік Янка Купала. Тут — і павага да сябе саміх, і да іншых, тут і правы чалавека, дэмакратычны лад жыцця, беларуская мова і наша гісторыя.
Я рана пачаў ставіцца крытычна да савецкай рэчаіснасці. Сярод іншага, сутыкнуўся з рэзкім абмежаваннем ужывання беларускае мовы, з палітыкай дэбеларусізацыі, якая праводзілася тады — дый праводзіцца і цяпер. Ранейшая каланіяльная залежнасць Беларусі засталася. А ў выніку — пагроза для існавання беларусаў як народа.
Драматычная памылка — аддзяляць правы чалавека ад каштоўнасцяў ідэнтычнасці і Незалежнасці. У незалежніцкім падпольным руху я з 1982 года, фактычна з 20-ці гадоў.
Яго задача — дабіцца дэмакратычнай незалежнай Беларусі, у якой бы паважаліся правы чалавека. Не можа быць Беларусі без дэмакратыі, і не можа быць правоў чалавека без незалежнай Беларусі. А грамадзянская супольнасць павінна валодаць такой ступенню незалежнасці, якая гарантуе бяспеку асобы ад злоўжыванняў улады дзяржавай.
Я веру, бо ведаю, што мінае ноч і надыходзіць ранак. Я ведаю: што нас няўтомна штурхае наперад, дык гэта надзея і мара.
Марцін Лютэр Кінг заплаціў за сваю мару жыццём, яго застрэлілі. Мая плата за маю мару меншая, але ўсё роўна за яе даводзіцца плаціць. Я не шкадую ні кроплі. Бо мая мара вартая гэтага. Мае ідэалы сугучныя з ідэаламі маіх старэйшых сяброў і духоўных настаўнікаў — чэха Вацлава Гавела і беларуса Васіля Быкава. Абодва яны прайшлі праз вялікія жыццёвыя выпрабаванні, абодва багата чаго зрабілі для сваіх народаў і культуры, абодва змагаліся за дэмакратыю і правы чалавека да апошніх хвілінаў свайго жыцця.
Немагчыма, каб на пустым полі адразу вырас добры ўраджай. Поле трэба добра ўгнойваць, камяні выбіраць… А тое, што пакінула ў Беларусі камуністычная ўлада за 70 гадоў, можна назваць выпаленай зямлёй…
Былі часы ў канцы 80-х гадоў, калі мы літаральна ведалі адзін аднаго ў твар… Але на пачатку 90-х з'явіліся тысячы і дзясяткі тысяч…
9 жніўня 2020 года ў Беларусі прайшлі прэзідэнцкія выбары. Масавыя фальсіфікацыі прывялі да таго, што людзі выйшлі на вуліцу. У двубоі сышліся Дабро і Зло. Зло — добра ўзброенае. А з боку Дабра — толькі нечуваныя для краіны мірныя масавыя пратэсты, якія збіралі сотні тысяч людзей.
Улады напоўніцу запусцілі рэпрэсіўны механізм катаванняў і забойстваў — Рамана Бандарэнкі, Вітольда Ашурка і многіх іншых.
Выказванні Лукашэнкі пацвярджаюць, што выканаўцам дадзены карт-бланш, каб праз страх спыніць людзей.
Але грамадзяне Беларусі патрабуюць справядлівасці. Яны патрабуюць, каб тыя, хто ўчыняў масавыя злачынствы, былі пакараныя. Патрабуюць свабодных выбараў. Ніколі ўжо Беларусь і беларускае грамадства не будуць ранейшымі, калі былі цалкам звязаныя па руках і нагах. Людзі прачнуліся…
Зараз перманентная барацьба дабра і зла разгарнулася ледзь не ў чыстым выглядзе ўва ўсім рэгіёне. Халодная сцюжа з Усходу сутыкнулася з цяплом еўрапейскага рэнесансу.
Мала быць адукаваным і дэмакратычным, мала быць гуманным і міласэрным. Трэба ўмець бараніць свой набытак і сваю Айчыну. Недарэмна ў Сярэднявеччы паняцце Айчыны было тоесным паняццю свабоды.
Гэта найвышэйшы і нечуваны па сваёй жорсткасці ўзровень рэпрэсіяў. Людзі праходзяць праз неймаверныя катаванні і пакуты.
Камеры і турмы больш нагадваюць савецкія грамадскія прыбіральні, дзе людзей трымаюць месяцамі і гадамі. Я абсалютна супраць таго, каб жанчыны знаходзіліся ў турме, а ўявіце, як ім даводзіцца ў турме Беларусі — у гэтым філіяле пекла на зямлі!
Я дакладна ведаю, якая Украіна задавальняла б Расію і Пуціна — несамастойная дыктатура. Такая, як сённяшняя Беларусь, дзе не чуваць голасу прыдушанага народа.
Расійскія вайсковыя базы, велічэзная эканамічная залежнасць, культурная і моўная русіфікацыя — вось адказ, на чыім баку Лукашэнка.
Улады Беларусі незалежныя толькі ў той ступені, у якой ім дазваляе Пуцін. І таму трэба змагацца супраць «інтэрнацыянала дыктатур».
Я праваабаронца і таму — прыхільнік негвалтоўнага супраціву. Я не агрэсіўны па натуры чалавек, імкнуся гэтак заўсёды паводзіць сябе. Аднак я таксама добра разумею, што дабро і праўда павінны ўмець абараняць сябе.
Як магу, трымаю мір у маёй душы, гадую яго, як далікатную кветку, адганяю злосць. І малюся, каб рэчаіснасць не прымусіла мяне адкапаць даўно закапаную сякеру і бараніць праўду з сякерай у руках. Мір. Няхай мір застанецца ў маёй душы.
А 10 снежня мне хочацца паўтарыць для ўсіх: «Не бойцеся!»
Гэта тое, што сказаў у 80-я папа Ян Павел II, калі прыехаў у камуністычную Польшчу. Больш ён нічога тады не сказаў, але хапіла. Я веру, бо ведаю, што пасля зімы наступае вясна».
Я цытавала Алеся Бяляцкага. І завяршу выступ воклічамі ягонай душы: Свабоду беларускаму народу! Свабоду «Вясне»! ЖЫВЕ БЕЛАРУСЬ!
Каментары