Залегчы на дно ў Майнцы. Павел Батуеў — пра ўцёкі ад КДБ, побыт у Германіі і нямецкія перспектывы
Павел — электрык, палітычны актывіст з Салігорска і ўладальнік шыкоўных вусоў. Ягоныя стасункі з беларускай міліцыяй даўнія, складаныя і поўныя драматызму, як належыць сапраўднаму раману. Апошняй кропкай у гэтым эпасе стаў арышт у лістападзе 2021 года, выбрацца з якога ўдалося, падпісаўшы паперы «аб супрацоўніцтве». Павал расказаў СН+ пра тое, як дабраўся да Германіі сам і яго сям’я — жонка Марына і двое дзяцей, як улады Майнца — горада, дзе Батуевы «прызямліліся», — дапамаглі асвоіцца, як дзеці пайшлі ў нямецкую школу, колькі каштуе вылекаваць зубы ў Германіі ды многія іншыя дробязі, з якіх складаецца жыццё беларускага эмігранта ў Нямеччыне.
«Не пасадзілі, дык чаго перажываць…»
«Мы жывём у сталіцы зямлі Рэйнланд-Пфальц, горадзе Майнцы.
Я атрымаў нямецкую гуманітарную візу, і гэта быў доўгі, нудны працэс. Калі пачыналі, не мелі пэўнасці, што ён хоць чым скончыцца. Вагаліся ад «блін, капец, трэба было з’язджаць яшчэ ўчора» да «ў прынцыпе, у турму яшчэ не пасадзілі, дык чаго перажываць».
Мы з жонкай мелі добрую працу, і ніхто з нас не адчуваў, што нешта такое зрабілі… Але прэвентыўна звярнуліся да немцаў. 23 лістапада 2021 года мяне затрымалі. Пакуль я сядзеў, сям’я атрымала нямецкія візы. Я выйшаў на волю толькі таму, што падпісаў дакументы ў КДБ аб супрацоўніцтве, так што ніякага выйсця, акрамя як падацца ва ўцёкі, не заставалася.
Мне вельмі дапамаглі Алесь Міхалевіч і Андрэй Стрыжак сваімі кансультацыямі. З Беларусі праз трэція краіны ўдалося дабрацца да Украіны (фактычна перад самым пачаткам вайны), і адтуль я набыў квіток да Франкфурта. Пакуль дабраўся да Нямеччыны — шлях заняў амаль месяц — мой малы ўжо хадзіў у школу. На сёння я атрымаў дазвол на жыхарства.
У аэрапорце Марыну з дзецьмі сустракала паліцыя: яны ведалі, што прыедзе беларуская сям’я. Пыталі, дзе я, а жонка сказала, што далучуся трошачкі пазней праз некаторыя абставіны. Пасля таго, як сям’я адбыла двухтыднёвы каранцін (тады яшчэ моцныя былі захады супраць кавіду), улады Майнца далі жытло. За сям’ёй замацавалі сацыяльную работніцу, яна родам з Арменіі, максімальна клапатлівая жанчына. Яна дапамагла з запаўненнем усіх папер, так што Марына была не сама, ёй апекаваліся. Ніхто цябе не выкіне на вуліцу і не скажа: разграбай сам».
Пра «дзіўныя» нямецкія школы
«З уладкаваннем сына ў школу выйшла цікава: з Марынай сам звязаўся дырэктар школы, сам прызначыў сустрэчу, і яны хутка вырашылі бюракратычныя моманты. З садамі ёсць нюанс: у Нямеччыне часта не хапае месцаў. Тут сады бываюць дзяржаўныя, дзе месцаў не хапае заўсёды, сады, якія ўтрымліваюць рэлігійныя грамады (звычайна каталікі або лютэране), і прыватныя. У нас не атрымалася аддаць дачку ў дзяржаўны садок.
Знаёмыя немцы намі добраахвотна заапекаваліся (а пазнаёміліся мы на дні нараджэння ва ўкраінцаў, якія ўцяклі ў Майнц ад вайны) і дапамаглі знайсці сад каталіцкай грамады. Дачцэ вельмі падабалася ў яго хадзіць: у двары дзеці носяцца, ніякай «ціхай гадзіны» — калі дзіця хоча спаць, ідзе і спіць або займаецца, чым хоча.
Гэтае лета было надзвычай спякотнае ў Германіі, і ў садзе да воднай калонкі пачапілі шланг, абліваліся, капалі нейкія траншэі, залівалі іх вадой… Нармальная гісторыя, калі прыходзіш забіраць дзіцё, а яно бруднае, гэта нікога не бянтэжыць. Ёсць прыкольная традыцыя: калі дзецям час пераходзіць у школу, яны ідуць у сад з начоўкай, а раніцай прыходзяць бацькі з ежай, ладзяць сумесны сняданак.
Мы з жонкай ходзім на моўныя курсы, давялося шукаць «прадлёнку» — у школе яе афіцыйна няма. Нам дапамагла настаўніца сына, якая падказала, што ёсць такое ў каталіцкай арганізацыі. Каштуе яна сімвалічныя грошы, асабліва што для Германіі: колькі б дзяцей ні хадзіла, ты плаціш 20 еўра на месяц. Рэлігійны складнік амаль незаўважны: часам могуць напісаць бацькі з прапановай сустрэцца ў капліцы і разам памаліцца, дзеці вучаць «Ойча наш» па-нямецку, але ў рэлігію іх ніхто не пагружае. Дырэктар выглядае дзіўна як для беларусаў: носіцца з дзецьмі, дурэе, гуляе з мячом. Зусім не падобны да сур’ёзнага адміністратара.
Калі малы асвоіўся, нам напісала настаўніца: давайце сустрэнемся, пагаворым… Беларускі менталітэт адразу падказвае, што малы нешта ўпароў і накасячыў. Аказалася, гэта стандартная працэдура. З намі як перакладчыца пайшла нашая апякунка-армянка, але настаўніца падрыхтавала ўсе матэрыялы па-англійску. А на канікулах рыхтавала Казіку паштовачкі з нямецкімі словамі і перакладамі на беларускую. Так ужо нас гэта замілавала!
Перад летам настаўніца дасылае бацькам справаздачу пра поспехі дзіцяці: у чым найбольшы прагрэс, з чым праблемы, якія кропкі росту, куды варта прыкласці намаганні — не так, як у Беларусі, дзе настаўнікі пішуць тоны нікому не патрэбных папер. Гэта ўразіла.
Кожныя канікулы ў школе ладзяць шпрах-курсы для дзяцей, якія ад нараджэння не нямецкамоўныя. А яшчэ на святы ў школе ладзяць барбекю. Апошняе было прысвечанае Калядам, так што прама ў школьным двары смажылі сасіскі і пілі глінтвейн».
За восем зубоў — 120 еўра
«У нас ёсць страхоўка. Усе, хто прыязджае па гуманітарнай візе ў нашую зямлю, яе атрымліваюць.
Тут не можаш проста ўзяць і пайсці да доктара, якога хочаш. У кожнага мусіць быць сямейны доктар, які сам накіруе да эндакрынолага ці хірурга, ці да каго яшчэ. Хіба да акуліста можаш схадзіць сам. Я вышукваў доўга польскамоўнага ці рускамоўнага доктара, з якім мог бы вольна стасавацца; дапамог курд, які жыве тут ужо чатыры гады. Ён сам лекар, але не практыкуе, вучыць мову.
Сутыкаліся таксама са стаматалогіяй. Калі трэба нейкія суперзубы паставіць, вініры ўсялякія, то гэта за свае грошы і дзіка дорага. Калі ж пытанне звязанае з болем ці дыскамфортам — страхоўка гэта пакрывае. Бывае, што нейкія паслугі пакрывае часткова, напрыклад, аплачваеш толькі матэрыялы. Але не скажу, што гэта катастрафічна. Мы лячылі дзецям зубы, і за 8 зубоў нам выставілі рахунак у 120 еўра. Мяркую, што ў Беларусі лячэнне васьмі зубоў у прыватнай стаматалогіі каштуе не менш.
У Германіі не вельмі распаўсюджаная дзіджыталізацыя. Калі ў Польшчы рэцэпт могуць прыслаць смс-кай, то тут трэба ісці па яго на рэсэпшн. Гэта адно з адкрыццяў пра Нямеччыну, бо было ўяўленне, што калі гэта адна з самых магутных эканомік свету, то ўзровень лічбавізацыі мусіць быць мегавысокі. Але калі мы сталі сутыкацца з рознымі дзяржаўнымі структурамі, то ўбачылі, што асноўны сродак сувязі — папяровыя лісты».
Як атрымаць працу
«Усе, хто прыбыў у Нямеччыну, мусяць прайсці інтэграцыйны курс: вучыш мову як мінімум да ўзроўню B1, гісторыю Нямеччыны і як што тут працуе (сюды прыязджаюць людзі з розным бэкграўндам, і яны мусяць разумець, што ў Германіі прынята, а што — не). Мы з Марынай здалі іспыт на ўзровень А1, паціху вучымся далей.
Калі даходзіш да ўзроўню В1, шукаеш працу або можаш звярнуцца ў аўсбільдунг — штосьці сярэдняе паміж ПТВ і тэхнікумам. Але там неабходны ўзровень В2, то-бок трэба джоб-цэнтру абгрунтаваць, што дзеля прафесіі варта дафінансаваць табе навучанне на моўных курсах. У аўсбільдынгу ты тры дні на тыдзень працуеш па спецыяльнасці і атрымліваеш штосьці сярэдняе паміж стыпендыяй і заробкам, з кожным годам ён расце.
Аграмадная колькасць спецыяльнасцяў, якія можна атрымаць такім чынам, — ад аператара «станкоў з ЧПУ», як у нас кажуць (станкі з лічбавым праграмным кіраваннем — СН), да машыністаў цягніка. У кожнай спецыяльнасці свой тэрмін навучання; электрык, кім я і быў у Беларусі, вучыцца 3,5 года».
Дарагі транспарт і таннае віскі
«Цэны на прадукты вышэйшыя, чым у Беларусі. Свініна каштуе 9 еўра за кілаграм, каля 7,5 еўра — філе курынае. Спачатку было нязвыкла, што ў нямецкіх крамах абмежаваны выбар крупаў, а мы часта ямо розныя кашы, тую ж грэчку. Не знойдзеш прадукты звыклыя, але вялікая колькаць крамаў турэцкі, іранскіх, балгарскіх… Апошнім часам ходзім у польскую краму, там можна знайсці неабходнае. Калі ўжо расходзішся, разведаеш мясцовасць, усё не так страшна.
Тут дакладна больш танная вопратка. Радыкальна даражэй каштуюць цыгарэты: пачак у сярэднім 8 еўра. Алкаголь, наадварот, таннейшы. Бутэлька «Johnnie Walker» на акцыі — а акцыі ёсць заўсёды — каштуе якія-небудзь 9,99. Штосьці мне падказвае, што ў Беларусі — даражэй.
Прадукты ў расходах займаюць, мякка кажучы, не першыя пазіцыі. Вельмі дарагі транспарт — гэта адназначна. Але была такая акцыя тры месяцы: за 9 еўра набываеш квіток на месяц і ездзіш на ўсіх электрычках краіны, грамадскім транспарце… На рэгіянальных цягніках можна з’ездзіць у Францыю і Люксембург, так што мы вельмі актыўна, па два-тры разы на тыдзень, кудысьці выбіраліся. Дастаткова лаўкостаў, і мы ўмудрыліся купіць квіткі з Франкфурта ў Заграб па пяць еўра. Для параўнання: цяпер мы актыўна ездзім на курсы, дзеці — у прадлёнку, мы іх забіраем з прадлёнкі, часам — у краму, таму набываем групавы квіток на дзень за 12,30 еўра.
Электрычкі ў параўнанні з Беларуссю вельмі дарагія. Прычым яны разбураюць стэрэатып пра пунктуальнасць: чыгунка працуе проста драматычна. Гэта адна з любімых тэмаў у немцаў для абмеркавання — як блага працуе дойчэбан. Мусіш мець запас па часе, каб дабрацца, куды трэба. Нядаўна ездзілі на выхадныя ў Вісбадэн, гэта па іншы бок Рэйна ад Майнца. Прыехалі на вакзал, стаяць тры цягнікі на Вісбадэн, а на табло напісана: «Спазняецца на 20 хвілін… на 40… на 65…» Увесь час недзе рамантуюць дарогу, шчыльнасць чыгункі вялікая, з адной платформы з інтэрвалам у 10 хвілін могуць ісці два—тры цягнікі, і калі адзін з іх спазніўся, пачынаецца лавіна спазненняў».
«Ніколі не сутыкаліся з грэблівым стаўленнем»
«Пасля таго, як пачалася ва Украіне вайна, я неяк ішоў па вуліцы і размаўляў з сябрам па-руску. Нейкі дзед, моцна ў гадах і, падобна, ментальна хворы, стаў крычаць на ламанай рускай: «Вы уничтожили Восточную Европу, а теперь хотите уничтожить всё тут?!» Да яго падышлі мясцовыя немцы, кажуць: «Дзед, папусціся, чаго ты равеш…» Гэта адзіны выпадак такі, а так нармальнае стаўленне да беларусаў. Знаёмыя немцы збольшага ведаюць сітуацыю ў Беларусі. Знаёмыя курды кажуць нам пра праблемы курдаў, мы ім — пра свае. У нас ёсць знаёмыя ізіды, яны з Грузіі і таксама цудоўна ўяўляюць, што такое Беларусь. На моўных курсах дастаткова ўкраінцаў, і ніколі не было канфліктаў. Усе разумеюць, што ёсць шызафрэнічны рэжым і ёсць людзі, якія яго не падтрымліваюць. Ніколі мы не сутыкаліся з грэблівым да сябе стаўленнем.
…Я рацыянальна ацэньваю рэчаіснасць. Натуральна, я хацеў бы вярнуцца ў Беларусь: там мае сябры, там радзіма, я ведаю, чым магу там займацца, і добра сябе там уяўляю. А калі разважаць рэалістычна… Я не ведаю, як завернецца. Напачатку 2020 года ніхто не мог уявіць, што ў Беларусі будзе такі ўздым. Ніхто не мог уявіць, што «Паўночная Карэя на мінімалках» здарыцца ў Беларусі цяпер. Ніхто не мог уявіць, што будзе вайна. Як павернецца гісторыя наступны раз — я таксама не ведаю. Трэба намагацца вывучыць мову, трэба намагацца атрымаць новыя ўменні, бо калі лёс складзецца добра, гэта спатрэбіцца на радзіме, а калі кепска, то там, дзе я цяпер.
У дзяцей адносна нядаўна пытаў, ці хацелі б яны вярнуцца ў Беларусь, і пры тым, што яны ў захапленні ад школы і ад усяго, хорам адказалі: «Так».
Каментары