«Рухаемся ў бок чорна-задымленай керамікі». У Свіслачы адраджаюць тэхналогію старажытнага ганчарства
Справу сваіх знакамітых землякоў працягвае Яўген Мацяшук — майстар мастацкіх промыслаў аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Яго работы дэманструюцца ў мясцовым музеі, а сам ганчар — пастаянны ўдзельнік шматлікіх кірмашоў і фестываляў. Майстар робіць гліняны посуд у традыцыйным народным стылі і марыць разам з формай авалодаць старажытнай тэхналогіяй чорнадымнай керамікі. Для гэтага ў Свіслачы плануюць закупіць адпаведны горан, якім карысталіся ганчары для дасягнення эфекта «чорнай» гліны, піша «Звязда».
У аддзеле рамёстваў цэлая лінейка экспанатаў Яўгена Мацяшука. Іх тут некалькі дзясяткаў розных памераў і формаў. Разнастайны посуд у асноўным мае тэракотавы колер, але ёсць і больш цёмныя вырабы.
«Новая калекцыя цікавая тым, што ў ёй з’явіліся новыя тэхналогіі глянцавання. Такім чынам, мы рухаемся ў бок чорна-задымленай керамікі, якую рабілі некалі поразаўскія майстры. Пакуль такога эфекта дасягнуць не ўдаецца, але ўжо з’явіліся на вырабах характэрныя штрыхі, якія рабілі даўней. Яны робяцца толькі прыроднымі каменьчыкамі, пасля чаго застаецца характэрны след. А называюцца яны ў ганчароў «грамушкамі», — раскрывае Яўген асаблівасці свайго промыслу.
Суразмоўца невыпадкова прыгадаў поразаўскіх майстроў. Менавіта яны прынеслі славу ўсяму наваколлю сваёй незвычайнай тэхналогіяй. Тут, у гарадскім пасёлку Поразава непадалёку ад Свіслачы, з даўніх часоў пачало развівацца ганчарства. У канцы XIX стагоддзя з 600 жыхароў каля 200 чалавек былі майстрамі-керамістамі. Амаль у кожным двары рабілі гліняны посуд.
Ганчарнае рамяство перадавалі з пакалення ў пакаленне. Такіх дынастый ў Поразаве было не адзін дзясятак. Пінюты, Козікі, Раманоўскія, Шалкевічы, Паплаўскія, Перашчакі…
Сям’я Шопікаў — адна з самых знакамітых. Іосіф Шопік пераймаў сваё майстэрства ад бацькі Іосіфа, той ад свайго. Такім чынам, прайшоўшы праз пакаленні, звычайнае рамяство дасягнула высокага мастацкага ўзроўню. Дарэчы, калекцыя поразаўскіх майстроў ёсць і ў Свіслацкім аддзеле рамёстваў.
Яўген прыгадаў, што і ягоны настаўнік з роду знакамітых ганчароў.
«А пачалася мая ганчарная адукацыя з таго, як правільна падрыхтаваць гліну. Бо гаршчок можа з’явіцца на коле і праз 15 хвілін, а вось каб прыгатаваць кавалак гліны пэўнай вагі патрабуецца больш часу. Тут трэба прыбраць усе бурбалкі, так званыя паветраныя мяшкі.
У Беларусі два даступныя нам віды гліны — белая і чырвоная. Мы яе купляем у здабытчыкаў. На заводзе гліну фільтруюць пад ціскам, у спецыяльнай тканіне, рукамі такое зрабіць амаль немагчыма. Брак можа праявіцца і праз некалькі тыдняў. Пры абпальванні яна набывае колер тэракот.
Прымяняецца і малочнае абпальванне, калі выраб апускаецца ў малако. Пасля малочнага абпальвання выраб цямнее, ён і больш трывалы, не намакае. А вось каб дасягнуць чорнага колеру гліняныя вырабы абпальваюць у спецыяльных печах на дровах. У электрычных печах такі эфект не атрымліваецца, але мы рухаемся ў гэтым кірунку», — расказвае Яўген.
Увогуле, каб кераміка атрымала чорны колер, старажытныя майстры ўсталёўвалі спецыяльныя горны, якія будавалі на вуліцы. Вырабы пасля абпальвання ставілі ў асобную камеру, засыпалі горан зямлёй, каб стварыць атмасферу печы. Кісларод выгараў і заставаўся газ СО (чадны газ). Ён уступаў у сувязь з аксідамі жалеза, якія знаходзяцца ў гліне, і атрымлівалася чорная афарбоўка.
У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў пасёлак Поразава лічыўся адным з галоўных цэнтраў чорнай керамікі.
«Гэтая кераміка ўключаная ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі, і мы ўжо набліжаемся да гэтых вырабаў. Зараз вядзецца праца над тым, каб набыць такі горан. Ён будзе размяшчацца на нашай пляцоўцы на вуліцы», — тлумачыць суразмоўца.
Сам Яўген па адукацыі лепшчык і рэстаўратар ляпніны, але, раз узяўшы ў рукі гліну, не змог ад яе адарвацца. Цяпер ён пастаянны ўдзельнік розных выстаў і кірмашоў. Кажа, што інтарэс да ганчарных вырабаў расце, імі цікавяцца як месцічы, так і турысты, якія часта сюды прыязджаюць.
Многія набываюць кубкі. Але не толькі. Па словах майстра, зараз у трэндзе гаршчочкі для запякання, куды можна пакласці і мяса, і бульбу, і розную гародніну.
Увогуле былыя майстры рабілі з гліны ўвесь кухонны посуд — гаршкі, патэльні, макацёры, бабачнікі (для бабкі), дуршлякі, міскі, кубкі, чайнікі, маслёнкі, пітушкі, шклянкі, збаны, флякі, гарлачыкі, спарышы. З іншых прадметаў — рукамыйнікі, букетнікі, вазоны, цацкі.
«Я заўсёды гляджу на вырабы старых майстроў і лічу, што гэта бясконцая крыніца для творчасці. Штосьці мяняем, уносім элементы сучаснасці, і тым не менш, народная крыніца — гэта наша натхненне, — кажа ганчар. — Дарэчы, і нашым посудам таксама можна карыстацца. Цяпер дадалася і дэкаратыўная асаблівасць, калі вырабы часта ўпрыгожваюць інтэр’ер і надаюць асаблівы каларыт жытлу».
У Свіслацкім цэнтры культуры і народнай творчасці будучае развіццё ганчарства звязваюць менавіта з адраджэннем чорнадымнай керамікі. Тады можна будзе рабіць рэчы не горшыя, чым поразаўскія майстры.
Зараз гэтых вырабаў засталося няшмат. Некаторых відаў наогул адзінкі. Іх свіслацкі майстар ўвасабляе наноў толькі па фота.
«Як толькі яны пачынаюць сварыцца, гусі ўжо стаяць ля веснічак, чакаюць». Жанчына ў Мёрскім раёне працягвае традыцыі продкаў і весяліць гасцей гісторыямі з даўніны
«За жыццё зрабіла — не пералічыць». Ужо больш за 70 гадоў бабуля Лёня стварае набожнікі-выцінанкі
Хочаце прыгожы старадаўні парасон? У Беларусі іх таксама плятуць
«Не спраўляешся з замовамі і бегаеш, як уджалены». Каваль з Магілёўшчыны расказаў, як зрабіў хобі прафесіяй
Каментары