Зяленскі аб пуцінскім спыненні агню: Найлепшы спосаб спыніць агонь — гэта вывад расійскіх войскаў
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ўслед за чальцамі сваёй каманды адмёў заяву расійскага лідара Пуціна аб калядным спыненні агню як крывадушную спробу атрымаць перадышку.

Зяленскі прысвяціў заяве Пуціна другую палову свайго штовечаровага відэазвароту і прамовіў гэтую частку па-руску, у форме звароту да грамадзян Расіі.
Украінскі прэзідэнт нагадаў, што Украіна ўжо прапанавала сваю «формулу міру», але галоўны элемент у ёй — сыход расійскіх акупантаў..
«Вывядзенне расійскіх акупацыйных войскаў з тэрыторыі нашай краіны — гэта гарантаваны і надзейны спосаб спыніць агонь, чалавечыя страты і наогул вайну», — сказаў Зяленскі.
«Цяпер яны хочуць выкарыстаць Каляды як прыкрыццё, каб хоць ненадоўга спыніць прасоўванне нашых хлопцаў на Данбасе і падагнаць бліжэй да нашых пазіцый тэхніку, боепрыпасы і мабілізаваных. Што гэта дасць? Толькі чарговае павелічэнне страт. Усе ў свеце ведаюць, як Крэмль выкарыстоўвае перадышкі на вайне, каб працягнуць вайну з новай сілай», — працягнуў прэзідэнт Украіны.
«Вайна скончыцца, калі вашы салдаты або сыдуць, або мы іх выганім. Такім чынам, хай забіраюць унітазы — яны ім у дарозе спатрэбяцца — і вяртаюцца да сябе», — сказаў на заканчэнне Зяленскі.
Каментары