«Паспець бы развітацца з усімі. І за сябе, і за тых, хто не можа прыехаць на развітанне»
Бываюць у жыцці дні не так «стрэсаваныя», як спрэсаваныя… Блізкія і родныя, сябры і знаёмыя ў трунах… У чарзе чакаюць развітання… Асабліва сталі яны такія ў апошнія гады, піша ў фэйсбуку вядомы літаратуразнаўца Язэп Янушкевіч.
![](http://nashaniva.com/img/w840d4webp1/photos/z_2023_01/324723819_5861081037341083_716053773895816101_n-fzlip.jpg.webp)
Год 2020-ы быў пазначаны спадзевамі і расчараваннямі ў нашай Айчыне. Стратамі і калецтвамі, першымі ахвярамі і тысячнымі арыштамі… Першымі масавымі ўцекачамі-эмігрантамі. У другім дзесяцігоддзі ХХІ стагоддзя. У Еўропе. А ў сусвеце (найболей) — паморкам каранавірусу: «349 (па інш. 345) смярцей ад каранавірусу зафіксавана ў Італіі за апошнія 24 гадзіны. Пра гэта паведаміла Грамадзянская абарона краіны. За мінулы дзень лятальных выпадкаў 368» (красавік-2020).
Наступны (пазамінулы) 2021 на родных абшарах — адбіўся ў гісторыі працягам арыштаў, затрыманняў і тымі самымі ўцекачамі-эмігрантамі. І тым самым каранавірусам.
Леташні 2022-гі — вайною. У Еўропе. Страты забітых даганяюць лічбы памерлых ад кавіду, які нібыта адступіў.
І вось ён наступіў… Наш новы 2023. Усяго тыдзень мінуў…
У іншых — са здымкамі навагодніх рознакаляровых агеньчыкаў ды песнямі-калядкамі. У мяне ж — ужо адбыліся два поўныя, як вока са слязьмі (і горыччу, разлітай у душы), дні судовых пасяджэнняў.
Калі нагледзеўся і наслухаўся рознага: ад патрабаванняў абвінавачаных зняць з іхніх рук кайданкі (бо і так сядзяць у клетцы жалезнай) да няўцямна-рагатлівага стану ў сцішанай судовай зале.
Калі пракурор зачытвае пратакол сведчанняў, занатаваных следчымі па справе праваабаронцаў-«вясноўцаў» нібыта ў ліпені… 2025-года (дзве тысячы дваццаць пятага года!). Ну чыстая юрыспрудэнцыя кручковых з несмяротнай «Пінскай шляхты»!!!
…А паміж імі ў мяне — два пахаванні. Два дні пры трунах.
Апошняга майго дзядзькі Стаха—Станіслава (малодшага мамінага брата), які памёр на 90-м годзе… Ды 69-гадовага сябра-выдаўца Віктара Хурсіка, што выдаў на маё 50-годдзе «Зямлю кенатафаў» (2009). А перад тым — паэтычны зборнік «Так» з цудоўнай паэмай «Ложак для пчалы» Уладзіміра Някляева—Магера (на той час — вымушанага эмігранта ў Польшчы—Фінляндыі).
Сёння (9 студзеня) — еду на трэцяе развітанне… У Віцебск. Дзе заўчора ранкам (7-га студзеня 2023 года) памёр Рыгор Шацька.
Гэта не проста заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, былы дырэктар тамтэйшага тэатра (1997—2012) — слыннага над Дзвіною віцебскага калектыву імя Якуба Коласа і вядучы майстар сцэны.
Гэта мой аднакласнік. І нават не проста аднакласнік, а мой аднапартнік. Шэсць гадоў на адной школьнай лаве. У гэтых чатырох словах — усё маё школьнае жыццё. Дзесяцігадовае.
Мне цяжка прамаўляць пра Рыгора. Гэта нібы пра сябе самога. Асірацелага ад сябра маленства. Вечна гарэзнага, блазнаватага, тэатральнага, дзейснага і сардэчнага…
![](http://nashaniva.com/img/w732d4webp1/photos/z_2023_01/322959112_1210397733240023_3927561507308731835_n-hzs63.jpg.webp)
Блізкія і родныя, сябры і знаёмыя ў трунах… У чарзе чакаюць развітання… Паспець бы развітацца з усімі. Развітацца і за тых, хто з імі ў новым, толькі як тыдзень распачатым 2023-ім годзе, не можа прыехаць на развітанне…
Новы 2023 год. Што ён нам прынясе?? Колькі болю развітальнага?.. Усяго тыдзень мінуў…
Сціскаюцца гады. Застаюцца апошнія перагоны на жыццёвай магістралі. І калі напачатку той пуцявіны, нібы на канцавым прыпынку метро ці аўтобуса, дзе малалікая колькасць навакольных была табе малазнаёмай, дык
на гэтыя апошнія перагоны набіваюцца ў развітальныя вагоны-ўспаміны ўсе твае спадарожнікі жыцця. З адыходам якіх адыходзіць, адмірае частка цябе самога.
Каментары