Меркаванні11

«Цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічалі так, як зрабіла б Ларыса Геніюш». Да смерці Леакадзіі Шышэі

18 студзеня ў Вільні памерла беларуская волатка Леакадзія Шышэя. «Прыгожая і крохкая кабета 94 гадоў, на плячох якой месціўся вялікі беларускі свет, пакінула нас без сваёй аховы», — піша ў «Новым часе» Уладзіслаў Гарбацкі.

Леакадзія Шышэя

Дысідэнтка, гулагаўка, знаёмая Ларысы Геніюш, спадарыня Леакадзія пасля васьмі з паловай гадоў лагераў за ўдзел у антысавецкай арганізацыі «Чайка» апынулася з мужам у Вільні. 

Яна не пісала тэкстаў, заставалася ў цені мужа, да яе часта звярталіся пераважна як да той, якая з турэмных часоў ведала Ларысу Геніюш. Пры гэтым яна была не толькі жонкай і сяброўкай кагосьці слыннага, яна сама ўвасабляла непаўторны, цікавы і часам вусцішны свет — успамін пра нашае мінулае, важны голас вуснай гісторыі. Яна заставалася душой беларускай Вільні, наведвала беларускія імпрэзы, а ў апошнія гады ўжо з дому спачувала беларускам, якія змагаліся з чарговай аўтарытарнай навалай пасля 2020 года.

І яе не здзіўляла тое, што рабілася і робіцца ў Беларусі і Расіі. Досыць песімістычна канстатавала, што, пакуль Расія гаспадарыць у Беларусі, нам не стаць на цывілізаваны шлях. Беларусаў называла «няшчаснымі» і не верыла ў хуткую іхную перамогу. Акрамя ўплыву Расіі ды чыннікаў, якія вызначаюць паразу беларускіх пратэстаў, адносіла і празмерную «памяркоўнасць» саміх беларусаў, якія церпяць і маўчаць.

Вельмі пільна спадарыня Леакадзія сачыла за рухам жанчын у белым: яе ўражвала іх смеласць.

Жанчыны ў белым выклікалі ў яе ўспаміны пра шматлікіх зняволеных жанчын у яе маладосці, яна лічыла, што цяперашнія жанчыны ў белым дзейнічаюць так, як зрабіла б Ларыса Геніюш.

Леакадзія Шышэя з Людвікай Кардзіс

Дзякуючы Людвіцы Кардзіс, у 2021 і 2022 гадох мне ўдалося пазнаёміцца з віленскай волаткай, якая жыла на Антокалі, і разам з Людвікай мы запісалі цікавыя некалькігадзінныя інтэрв'ю са спадарыняй Леакадзіяй.

Жыццё Леакадзіі заслугоўвае асобнай кнігі, якая, няма сумневу, з'явіцца ў недалёкай будучыні. Свой аповед і, магчыма, будучую кнігу пра беларускую гераіню я б назваў «N 604 Щ»: яго спадарыня Леакадзія атрымала ў вязніцы і да смерці Сталіна мусіла адгукацца на нумар, а не на імя.

Да скону яна запомніла нумар і пры стрэчы жартам, але і са скрухаю распавядала пра такі перахрост чалавека ў ГУЛАГу.

Калі памёр Сталін, першай станоўчай зменай сталася тое, што было спыненае называнне зняволеных па нумарах — вярнуліся да імёнаў.

Яе здзіўляла пакора і дурнота многіх жанчын у турме, якія плакалі ад навіны пра смерць дыктатара і працягвалі называцца па нумарах. Па вызваленні яна выкінула турэмныя рэчы, у тым ліку робу, бо не хацелася мець перад вачыма сумнага напаміну, але пры гэтым яна пакінула цікавыя ўспаміны і няскрадзены аптымізм, дзякуючы якому і вытрымала ў савецкім пекле. Але ж да скону ёй так і не ўдалося вынішчыць з памяці і цела нумару, нададзенага ёй «савецкай радзімай».

Нумары замест імёнаў цудоўна сведчаць пра сапраўдны характар СССР і цяперашняй Беларусі, якая працягвае трактаваць чалавечае жыццё як уласнасць дзяржавы.

Літва прызнала яе зняволенай і надала заслужанае грамадзянства, беларуская дыяспара прызнала яе гераіняй, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі ўзнагародзіла яе медалём «100 гадоў БНР», і толькі афіцыйная радзіма ніяк не ўганаравала беларуску, якая «за нішто» адседзела восем з паловай гадоў у ГУЛАГу, так і не атрымаўшы пасля ані прабачэння, ані кампенсацыі.

Яшчэ пры жыцці і тым больш цяпер, у смерці, Леакадзія далучылася да кагорты няскораных беларусак, якія складаюць нябачны, але існы пантэон волатаў беларушчыны.

Людвіка Кардзіс, Леакадзія Шышэя і Уладзіслаў Гарбацкі

Цяпер, калі спадарыня Леакадзія сышла, мне застаюцца хіба ўспаміны аб апошняй сустрэчы з ёю — 1 чэрвеня 2022 года. У дзень ейнага нараджэння я заехаў да яе з букетам кветак. Ледзьве трапіў да яе праз закадаваныя дзверы пад'езда, адмовіўся ад кавы, толькі ў парозе каліва пагаварыў з ёю і моцна абняў на развітанне, каб больш ніколі не сустрэцца…

Чытайце таксама:

Памерла Леакадзія Шышэя

Каментары1

  • Andrei
    21.01.2023
    Dumaju shto Larusa Heniush byla by u bel- chyrvona-belyh coliarah…

Цяпер чытаюць

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь13

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп заявіў, што не верыць у атаку Украіны на рэзідэнцыю Пуціна

У Беларусь завезлі «Чабурашку 2». Паглядзелі гэты расійскі хіт, каб вам не прыйшлося13

Прэм’ерка Даніі заклікала Трампа спыніць «пагрозы» ў дачыненні да Грэнландыі1

Трамп прыгразіў Кубе і Калумбіі4

Аднавілі мост там, дзе яго не магло быць, бо не змаглі знайсці яго рэальнае месца. Што за рэстаўрацыя адбываецца ў Жылічах?2

Расія даказвае, што УСУ ударылі ў Купянску па сваіх, але Z-блогеры прызнаюць, што авіябомбамі накрылі кінутых расіян2

У Гане мясцовы «прарок» абяцаў на Каляды сусветны патоп і падмануў. Людзі абураныя8

Жанчына набыла ў фірмовай краме «Беліты» падарункавы сертыфікат. У іншай краме яго не прынялі5

У Аўстраліі спатрэбілася 11 чалавек, каб пачысціць зубы аднаму кракадзілу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь13

Каля рэзідэнцыі Лукашэнкі на машыну раптам зваліўся трос і прарэзаў яе наскрозь

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць