Смяротны прысуд, вынесены 25‑гадоваму Андрэю Жуку Мiнскiм абласным судом, Вярхоўны Суд Беларусi пакiнуў без змяненняў.

Нагадаю, што 27 лютага Андрэй Жук на пару з Іванам Сарокiным пазбавiлi жыцця галоўнага эканамiста i кiроўцу СВК «Бальшавiк‑Агра». У дзень, калi было ўчынена злачынства, работнiкi СВК перавозiлi грошы для выплаты заробку рабочым.

Паводле слоў Андрэя Жука, нiхто не збiраўся нiкога забiваць. Хацелi проста ўчынiць разбойны напад, каб забраць грошы. Стрэльба ж (яна, дарэчы, напярэдаднi была скрадзеная ў былога свёкра грамадзянскай жонкi А. Жука) была патрэбная выключна для таго, каб напужаць «iнкасатараў» i тым самым пазбегнуць супрацiўлення. «Мы страляць не дамаўлялiся», — адзначыў Андрэй Жук.

Не адмаўляў абвiнавачваны i таго, што яны рыхтавалiся да нападу. «Мы ведалi, што работнiкi СВК у гэты дзень будуць перавозiць на службовым аўтамабiлi буйную суму грошай. Прыдумалi мянушкi, апранулiся па‑рабочаму, каб не выклiкаць падазрэнняў, надзелi маскi». Калi «Шэўрале‑Нiва» спынiлася, бо на дарозе стаяла перашкода з дошак з забiтымi ў iх цвiкамi, напарнiкi кiнулi кiроўцу на зямлю. Апошнi супрацiўляўся.

«У працэсе барацьбы я стрэлiў у кiроўцу, — прызнаўся Андрэй Жук. — А пасля, напэўна, баючыся пакарання, стрэлiў у жанчыну».
Пасля гэтага саўдзельнiкi забралi грошы, больш як 62 мiльёны беларускiх рублёў, i на машыне трэцяга саўдзельнiка Уладзiмiра Мароза паехалi ў Слуцк, дзе i падзялiлi нажыву. «Я да гэтага часу не магу патлумачыць свой учынак, — кажа Андрэй Жук. — Я прызнаю сваю вiну i прашу даць мне шанц на выпраўленне».

Уладзiмiр Лапцуеў, муж забiтай жанчыны, якая працавала галоўным эканамiстам, працягваў настойваць на тым, каб у дачыненнi да забойцы яго жонкi прымянiлi самае суровае пакаранне.

— Святлане сёлета споўнiлася б 40 гадоў. Яна добрая, разумная, мацi траiх дзяцей, двое з iх непаўналетнія. Другi пацярпелы жыў праз два дамы ад мяне. У яго таксама засталася дачка. Я настойваю на смяротным пакараннi, бо пакаранне павiнна быць адпаведным злачынству. Той, хто забiў нi ў чым не вiнаватую мацi траiх дзяцей, не мае права на жыццё. Я ў гэтым перакананы.

Забраў жыццё чалавека — аддай сваё».

— На судзе стала вядома, што вы адмовiлiся ад грашовай кампенсацыi, якую вам прапаноўвалi. Чаму?

— Жыццё чалавека немагчыма ацанiць у грашовым эквiваленце.

— Тым не менш у вас засталiся дзецi. Вам трэба iх гадаваць.

— Выгадуем. Рукi, ногi ёсць, будзем жыць. Iх грошы нам не патрэбныя. Заробiм.

Родныя Андрэя Жука дагэтуль не могуць паверыць, што iх сын, брат, муж, бацька мог забiць чалавека. «У яго ўсё было. Добры ён, справядлiвы, i рукi залатыя — лецiшча сваiмi рукамi зрабiў, — расказвае мацi. — Я не веру, што гэта ён. У яго ж двое дзетак няпоўнагадовых».

Вярхоўны Суд прыйшоў да высновы, што Андрэй Жук з’яўляецца выключна небяспечным для грамадства i прыгаварыў яго да смяротнага пакарання. На працягу 10 сутак ён можа падаць хадайнiцтва аб памiлаваннi прэзiдэнту Рэспублiкi Беларусь. У адваротным выпадку прыгавор будзе выкананы ў найблiжэйшы час. 26‑гадовы Iван Сарокiн рэшту жыцця правядзе за кратамi, а 24‑гадовы Уладзiмiр Мароз, якi таксама браў удзел у злачынстве (менавiта на яго аўтамашыне былi перавезены на месца дошкi з забiтымi цвiкамi, стрэльба i iнш; менавiта ён папярэдзiў аб тым, што «Шэўрале‑Нiва» наблiжаецца да вёскi Крывiчы) асуджаны на 13 гадоў пазбаўлення волi.

Надзея Дрыла, Звязда

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0