Грамадства22

«Збіраўся ажаніцца ў Харкаве». Былы выкладчык БДУ і айцішнік Яраслаў Кот — пра грошы ў ІТ, відэагульні пра АМАП і сітуацыю на юрфаку 

«Многія беларускія распрацоўшчыкі не выпускаюць гатовыя гульні ў мэтах бяспекі. У адной з іх, напрыклад, трэба ўцякаць ад АМАПа», — дзеліцца айцішнік і былы выкладчык юрфака БДУ Яраслаў Кот. Калісьці яго, выкладчыка юрыдычнай этыкі, пасадзілі за нецэнзурную лаянку. З лютага 2021-га ён жыве ў Варшаве, куды пераехаў разам з нявестай пасля сутак. Працуе кансультантам па стварэнні гейм-студый. Ён расказаў «Нашай Ніве», як рэалізаваў сябе, дзе адны з найлепшых умоў для ІТ, колькі грошай трэба, каб адкрыць сваю гульнявую студыю і што цяпер адбываецца на юрфаку БДУ.

Яраслаў Кот. Фота: Ivan Mishchuk

«На факультэце заробак быў каля 120 даляраў у месяц. А ў Еўропе выкладанне, аказваецца, прыбытковая справа»

Польшчу Яраслаў абраў не выпадкова. З усіх навакольных краін польская супольнасць распрацоўшчыкаў праявіла найбольшую зацікаўленасць у працы з ім. 

«Я ж быў рэгіянальным каардынатарам па Усходняй Еўропе і Азіі Міжнароднай асацыяцыі распрацоўнікаў гульняў, польская супольнасць ужо мяне ведала, — кажа ён. — Гэта зрабіла ўсё крыху прасцей. Спачатку студыя 11 Bit нават дала мне жытло, а Fundacja Indie Games Polska (найбуйнейшая і найстарэйшая супольнасць распрацоўшчыкаў гульняў у Польшчы) запрасіла стаць суарганізатарам аўтарытэтнай Game Industry Conference і арганізавала для мяне медыцынскую страхоўку. Гэта вельмі моцна дапамагло аднавіць здароўе пасля турмы і сфакусавацца на пошуку працы. 

Таксама мае дзеці засталіся ў Беларусі з былой жонкай, таму, жывучы па суседстве, да іх бліжэй і больш шанцаў сустрэцца. З усіх суседзяў Польшча мае самую развітую эканоміку, законы, якія працуюць, і камфортную для мяне культуру. Аб выбары не шкадую, хаця пры іншых абставінах пераехалі б далей».

Цяпер Яраслаў імкнецца дапамагаць тым, хто аказаўся ў такой жа сітуацыі, як некалі ён. 

«У рамках BelGameDev дапамагаем распрацоўшчыкам гульняў, у ABBA дапамагаем прадпрымальнікам, якія пераехалі ў розныя краіны свету. Нават вось анансавалі бізнэс-прэмію для беларусаў на чужыне Free Belarus Business Award. Спадзяюся, што зараз атрымаецца той жа шлях, што прайшоў я, зрабіць лягчэйшым для іншых», — расказвае ён. 

На момант арышту Яраслаў быў партнёрам і саўладальнікам юрыдычнай фірмы Business Advisеrs. 

У Польшчы ў мужчыны атрымалася рэалізавацца і як юрысту. 

«Улічваючы, наколькі складана юрыстам мяняць краіну, я думаў, што рэалізаваць сябе ў гэтым напрамку не змагу, — прызнаецца ён. — Тым не менш мяне запрасілі на кансультацыю ў юрыдычную фірму ў сферы IT. Затым прапанавалі пастаянную пасаду. Цяпер адно з маіх месцаў працы — Cousel Of у Rymarz Zdrot Maruta Law Firm.

Дарэчы, гэта адзіная ў Польшчы юрыдычная фірма, якая мае асобны профільны аддзел па відэа-гульнях і забавах.

Наогул узровень юрыдычнага бізнэсу ў Польшчы нашмат вышэйшы за наш. І патрабаванні да юрыстаў таксама, атэстацыя больш складаная. Выгадна мець вузкую спецыялізацыю, але быць у ёй лепшым».

Таксама Яраслаў працягнуў выкладаць. Цяпер ён дыстанцыйна вядзе заняткі ў магістрантаў у Талінскім універсітэце. Акрамя таго, Яраслаў атрымаў польскую навуковую прэмію ад NAWA. Яна дала яму магчымасць папрацаваць даследчыкам ва Універсітэце імя Казіміра Вялікага ў Быдгашчы.

Фота: Ivan Mishchuk

«Выкладанне мяне ўвогуле спачатку ратавала больш за ўсё, — успамінае ён. — У Беларусі праца ва ўніверсітэце і навуковая дзейнасць для мяне былі, хутчэй, самаразвіццём і спадчынай, бо мае бацька і маці таксама выкладалі.

За мае амаль 20 гадоў на факультэце заробак быў каля 120 даляраў у месяц. А ў Еўропе выкладанне, аказваецца, прыбытковая справа. Спачатку толькі за кошт гэтага і выжываў. Запрашалі ў розныя цікавыя месцы (дзякуй вялізны калегам і сябрам, якія рэкамендавалі мяне), але з-за немагчымасці пераехаць з Польшчы абраў дыстанцыйны варыянт выкладання». 

У Яраслава ў тым ліку было шмат праектаў у Кіеве, Адэсе і іншых украінскіх гарадах. 

Вясной 2022-га мужчына збіраўся ажаніцца са сваёй нявестай у Харкаве. 

«Па бацьку я ўкраінец і частку свайго жыцця правёў ва Украіне, — кажа Яраслаў. — Вайна жахлівая, але для мяне яна пачалася яшчэ ў 2014-м, калі з'явіўся наш з сябрамі праект КамБат (праграмна-апаратны комплекс разведкі. — НН) і стаў прымяняцца УСУ. Мы цяпер працуем таксама над праектам, будзем рады любой спонсарскай дапамозе і падтрымцы».

«Каб адкрыць сваю гульнявую студыю, трэба 5—10 тысяч даляраў» 

Шмат знаёмых айцішнікаў Яраслава з’ехала з Беларусі за апошні год. 

«А тыя, хто не з'ехаў, збіраюцца, шукаюць спосаб. Гэта зрабіць зараз няпроста — вялізныя чэргі ў пасольства. Кажуць, што трэба з'язджаць, бо няма інвестыцый. У большасці партнёры былі заходнія. Цяпер яны рабіць пераводы ў Беларусь не могуць, а многія проста адмаўляюцца працаваць разам. Некаторых распрацоўшчыкаў, якія ў Беларусі, я ўладкоўваў у польскія кампаніі, ім нават заробак не маглі заплаціць, бо працуюць санкцыі.

Нават тыя, хто раней казаў, што засталіся дзеля дзяцей, зараз з'язджаюць», — кажа ён. 

У Польшчы цэны на жыццё значна ніжэйшыя, чым у іншых краінах Еўрасаюза, заўважае Кот. Таму многія распрацоўшчыкі відэагульняў з задавальненнем туды пераязджаюць і адкрываюць свае гульнявыя студыі, у якія набіраюць супрацоўнікаў, каб стварыць той ці іншы лічбавы праект. 

«На тым жа Кіпры жыццё дарагое, і ў разы, адпаведна, узрастаюць фінансавыя патрабаванні супрацоўніка.

Тут вельмі развітая гульнявая індустрыя, у Польшчы больш за трыццаць ВНУ, якія рыхтуюць распрацоўшчыкаў гульняў.

Для маладых студый лёгка знайсці фінансаванне з-за таго, што тут самая буйная біржа каштоўных папер па гэты бок ад Берліна. Здзелкі праходзяць на мільярды. У гульню інвестуюць, праз паўгода акцыі выкідваюць на рынак каштоўных папер і ў дзесяць разоў павялічваюць прыбытак. Галоўнае — зрабіць цікавую распрацоўку».

Спецыяльнасць драматурга (гэта першая адукацыя Яраслава) дапамагла Коту ўвайсці ў ІТ: ён пачынаў з таго, што пісаў сюжэты для камп’ютарных гульняў.

Яраслаў плануе адкрываць у Варшаве сваю гульнявую студыю. Па яго словах, цана пытання — 5—10 тысяч даляраў. 

Пакуль жа Яраслаў зарэгістраваўся як кансультант па адкрыцці такіх студый. 

«Тут больш грошай пойдзе на арэнду памяшкання. Але ў кожным павеце, ваяводстве Польшчы ўсё па-рознаму. Можна знайсці льготныя інкубатары, тэхнапаркі, якія памяншаюць выдаткі і нават падаткі. Так як тут дастаткова дэцэнтралізаванае муніцыпальнае кіраванне, то кожны рэгіён змагаецца за тое, каб прыцягнуць да сябе распрацоўшчыкаў.

Фота: Ivan Mishchuk

Чаму 5—10 тысяч даляраў, таму што сума залежыць яшчэ ад таго, колькі людзей у студыі будзе працаваць і як дамовіцеся па заробку», — расказвае ён. 

Па словах Яраслава, ёсць пэўныя непрыемнасці, з якімі можна сутыкнуцца пры адкрыцці гульнявой студыі ў Еўрасаюзе. 

«Нашы распрацоўшчыкі не прывыклі быць часткай супольнасці і не звяртаюцца да Нацыянальнай асацыяцыі распрацоўшчыкаў гульняў або ў Еўрапейскую федэрацыю распрацоўшчыкаў гульняў. Яны могуць пракансультаваць у экасістэме індустрыі, парэкамендаваць неабходныя сэрвісы, расказаць аб дадатковых ільготах і магчымасцях. 

Часта студыі звяртаюцца да беларускіх юрыдычных фірмаў ці іх нібыта «падраздзяленняў», а гэта вялікая памылка. Цэны на паслугі ў Беларусі завышаныя, а кампетэнцыі, як і адпаведныя дазволы на юрыдычную дзейнасць у еўрапейскіх краінах адсутнічаюць. Так, за рэгістрацыю кампаніі ў Польшчы просяць ажно 1000 даляраў, калі нават лепшыя фірмы бяруць за гэта каля 2000 злотых (каля 450 даляраў)», — расказвае ён. 

Яраслаў Кот працягвае супрацоўнічаць са знакамітымі стваральнікамі відэагульняў: Дэвідам Мюліхам, аўтарам Heroes of Might and Magic 3, Аляксеем Сыцянавым, гейм-дызайнерам Stalker: Shadow of Chernobyl, з Даніэлем Вавра, знакамітым па гульні Mafia. 

У будучыні Яраслаў плануе выдаць сваю відэагульню.

«Ужо абмяркоўвалі гэта з распрацоўшчыкамі. Але яны не ўсе выехалі з Беларусі. Імёны ж іх пры выпуску гульні можна будзе лёгка знайсці, яны баяцца. Мусіць, як-небудзь збяромся і нешта створым, магчыма, пад псеўданімамі.

Многія паказвалі ўжо распрацаваныя гульні, але не выпускаюць іх у мэтах бяспекі. Напрыклад, была відэагульня, дзе трэба ўцякаць ад АМАПа», — расказвае ён. 

«Намеснік начальніка Акадэміі МУС стаў загадчыкам кафедры на юрфаку»

З былымі калегамі з юрфака БДУ Яраслаў падтрымлівае кантакты. Але многія з іх ужо не працуюць ва ўніверсітэце. 

«Я ўсё яшчэ адміністратар некаторых каналаў, у тым ліку нашага прафсаюза, — кажа ён. — На юрфаку студэнты ў 2020-м масава выступалі. На жаль, многія з іх расчараваліся ў прафесіі.

На маёй кафедры былы намеснік начальніка Акадэміі МУС Вячаслаў Шабанаў, калі стаў загадчыкам кафедры, прывёў сваіх людзей. І дэкан зараз там ідэалагічна вывераны. 

Нядаўна прарэктаркай стала кандыдатка юрыдычных навук Ганна Бакун. Калі ўзяць яе выказванні — абсалютная лухта. Нават цяжка ўявіць, што такое можа казаць чалавек на пасадзе. Яна была адной з абаронцаў людзей, якія займаліся рэпрэсіямі на факультэце. У цэлым цяпер на юрфаку шмат маладых пустых выкладчыкаў». 

Чытайце таксама: 

«У камеры прымушалі слухаць Усебеларускі сход». Былы выкладчык БДУ Яраслаў Кот адседзеў 15 сутак за «лаянку» і з'ехаў у Варшаву

Аляксей Кудзін пра калонію: Падцягваўся на кратах, адціскаўся ад падлогі…

Нават за 40 даляраў. Пачыналі з айцішнікаў, а цяпер за данаты пачалі цягаць усіх запар

Каментары2

  • Anatol Starkou
    06.03.2023
    «На факультэце заробак быў каля 120 даляраў у месяц. А ў Еўропе выкладанне, аказваецца, прыбытковая справа» 

    Ой, блін, якія вы мелкія бчб выкладаўцы.

    Прыехаў я ў  Нью  Ёрк. Паййшоў у дыяспару. Джамайка - чорны раён Нью Ёрка. Імпрэза яшчэ не пачалася. Стаім у файе кругам і размаўляем. Усе на мове, а я на русском языке, бо не магу казаць па-беларуску. 

    Да Амерыкі я працаваў у БПІ сітарэйшым навуковум супрацоўнікам і зарабляў $80 у месяц. У ЗША не прынята казаць колькі ты зарабляеш, а я ж толькі прыехаў і размаўлю з суродзічамі па-мінску. 
    Насупраць мяне дама, амерыканка беларускага паходжання. З тых каго прывезли у 1944-м. Прыгожа размаўляе на беларускай мове з акцэнтам нашых паляшукоў. Усё жыццё, а яна сталая жанчына, якую бацькі прывезлі з Беларусі ў 1944-м, жыве ў Штатах. 
    И вось яна -  Я ПОТЫМ ПАЗНАЎ, ШТО ЯНА НАВУКОЎЦА, як і Я, яна не разумея гэтых лічбаў зарплаты беларускага с.н,с. БПІ. (Потым я пазнаў, што яна і мовы беларускай не разумея, не тое, што русского языка, але не буду казаць чаму. Яна проста казала беларускія словы па-беларуску.)   

    ІТОГО: або ты преподаватель або палітыкан. У гэтых lвух тэмах препод не можа разумець, як мае быць: або ты палитыкан, або препод.
  • Хірамант
    06.03.2023
    Дзіўныя рэчы распавядае. Чалавек працуе на некалькіх працах, кансультуе, як прыцягнуць інвестыцыі, выйсці на рынак акцый і павялічыць прыбыткі ў 10 разоў... але не можа знайсці 5000$, каб адчыніць сваю студыю?! Паржаў, дзякуй. І калі ён казаў пра заробак у 120$, хацелася спытаць: а як ты выжываў і чаму не сыходзіў? Ды яшчэ сям'я была... Маё нутро крычыць: бяжыце аж такіх "адмыслоўцаў" як мага далей!

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Усе навіны →
Усе навіны

Што рабіць, калі ў кватэры халодна?

Папярэджанне пра пагаршэнне ўмоваў надвор'я на дарогах краіны1

Чэргі з легкавікоў на польскай мяжы зніклі

Расійская армія ажыццяўляе самае хуткае прасоўванне ва Украіне з 2022 года1

Улады хваляцца, што ў Беларусь па бязвізе прыехаў мільён еўрапейцаў. Няўжо праўда?5

Гендырэктара TikTok выклікалі ў Еўрапарламент пасля выбараў у Румыніі8

Рэстаўрацыі ў Беларусі засталося на тры дні. Галоўнаму прадпрыемству краіны фактычна падпісалі смяротны прысуд6

Як Лукашэнка кульгаў, выходзячы з самалёта ў Пакістане ВІДЭА13

Тэлевядучая Святлана Бароўская расказала пра новага мужа — загадкавага расійскага бізнэсмена14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы7

У Беларускай праваслаўнай царкве абнавілі цэннік? Вось якія будуць рэкамендаваныя тарыфы

Галоўнае
Усе навіны →