Грамадства2222

10 фактаў пра Хатынь, якія мусіць ведаць кожны

У лёсе Хатыні, што між Лагойскам і Плешчаніцамі, спаленай з людзьмі 22 сакавіка 1943, адбілася трагедыя некалькіх соцень беларускіх вёсак. Сёння — 80-я ўгодкі хатынскай трагедыі.

Фота: wikimedia.org

Нават само слова Хатынь зрабілася назоўным.

1. Так помсцілі за алімпійскага чэмпіёна

21 сакавіка 1943 на аўтадарозе Лагойск — Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Адным з забітых быў гаўптман Ганс Вёльке — чэмпіён берлінскай Алімпіяды 1936 года, якога асабіста ведаў Гітлер.

На наступны дзень, агледзеўшы месца партызанскай засады, немцы па слядах выйшлі да вёскі Хатынь.

У карнай акцыі ўдзельнічаў паліцэйскі батальён і падраздзяленне Оскара Дырлівангера.

Сапраўды, змучаныя маразамі партызаны, нягледзячы на забарону камандавання спыняцца ў населеных пунктах, начавалі ў суседняй Хатыні. Пабачыўшы, што немцы і паліцаі акружаюць вёску, яны сышлі ў лес. Фашысты стралялі па іх, але з вялікай адлегласці не трапілі. За партызанскую акцыю вырашана было пакараць жыхароў Хатыні.

2. 149 чалавек, з іх 75 — дзеці,

загінулі ў Хатыні. Ад вёскі засталося папялішча — карнікі спалілі ўсе 26 хат з будынкамі. Людзей загналі ў калгаснае гумно і падпалілі. Па тых, хто спрабаваў вырвацца з агню, стралялі.

Хатынь была вёска каталіцкая. Таму і імёны ў людзей былі: Петрунэля, Рэгіна, Юзэфа…

3. Пяцёра дзяцей уратавалася

Трое з іх — 13-гадовы Валодзя і 9-гадовая Соня Яскевічы, і 13-гадовы Саша Жалабковіч — здолелі схавацца ў вёсцы і не трапілі ў гумно, дзе згарэлі іх родныя. Пасля вайны яны раслі ў Плешчаніцкім дзіцячым доме.

Аляксандр Жалабковіч скончыў вайсковую вучэльню, служыў, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. Ён памёр у 1994. Уладзімір Яскевіч працаваў на Мінскім аўтазаводзе, на пенсіі жыў у суседняй з Хатынню вёсцы Казыры. Яго не стала ў 2008. Сястра працавала на пошце, цяпер на пенсіі, жыве ў Мінску.

Яшчэ двое дзяцей выжыла ў ахопленым полымем гумне: 7-гадовы Віктар Жалабковіч і 12-гадовы Антось Бараноўскі. Малы Віця апынуўся пад целам маці і не згарэў, а Антось спрабаваў выскачыць з агню і быў паранены ў нагу. Карнікі палічылі яго мёртвым. Віктар стаў інжынерам-станкабудаўніком, не перажыў пандэміі кавіду. Антон трагічна загінуў у 1969 годзе ў Арэнбургу, куды паехаў працаваць: у інтэрнаце, дзе ён жыў, ноччу ўспыхнуў пажар.

Яшчэ дзве дзяўчыны, Юлія Клімовіч і Марыя Федаровіч, выпаўзлі з агню і дабраліся да лесу. Іх падабралі суседзі з вёскі Хварасцені. Але праз нядоўгі час фашысты спалілі з людзьмі і Хварасцені…

4. Язэп Камінскі

Адзіны дарослы хатынец, які здолеў уратавацца — Язэп Камінскі, 56-гадовы вясковы каваль. Афіцыйная версія кажа, што Камінскі апрытомнеў сярод абгарэлых целаў аднавяскоўцаў познім вечарам, калі карнікі з’ехалі. Ёсць і іншая версія, якую таксама агучваў Камінскі: напярэдадні партызаны загадалі яму зарэзаць авечку і, каб яе абсмаліць, ён пайшоў у лес па галлё. Якраз тады ў Хатынь увайшлі карнікі. Як бы там ні было, у агні Камінскі страціў сям'ю, яго 15-гадовы сын Адам сканаў ад апёкаў і ранення. Помнік Няскоранаму Чалавеку — цэнтр хатынскага мемарыяла — гэта выява Камінскага з сынам на руках.

Пасля вайны Камінскі жыў у вёсцы Казыры, другі раз жаніўся. Памёр у 86-гадовым веку.

5. Кат Хатыні 30 гадоў лічыўся ветэранам

Аперацыяй у Хатыні фактычна камандаваў Рыгор Васюра — начальнік штаба 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Старшы лейтэнант Чырвонай арміі, ён трапіў у палон і перайшоў на нямецкую службу. (118 батальён фарміраваўся з ліку савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў Кіеўскім катле.)

Хатынь — не адзіная вёска, у знішчэнні якой удзельнічаў Васюра. Пад канец вайны ён перайшоў з паліцыі ў грэнадзёрскую дывізію СС, адступіў з ёй у Францыю. Пасля вяртання ў СССР Васюра здолеў схаваць інфармацыю пра ўдзел у карных акцыях: атрымаў турэмны тэрмін за палон, але ў 1955-м быў амніставаны. 30 гадоў ён жыў у Кіеўскай вобласці, лічыўся ветэранам вайны. Яго штогод віншавалі піянеры 9 Мая, ён выступаў у школах.

Можа, яму б удалося назаўсёды схаваць сапраўдную біяграфію, але ў 1985 годзе Васюра запатрабаваў ордэн Айчыннай вайны. Падчас афармлення дакументаў давялося ўзняць архівы… Усплылі і паказанні ўзводнага 118 батальёна Васіля Мялешкі, расстралянага ў 1975-м. Васюру арыштавалі і асудзілі да найвышэйшай меры пакарання.

6. «Карнікі»

Спаленне Хатыні стала асновай для каласальнай па мастацкай сіле аповесці Алеся Адамовіча «Карнікі» (1979). Пад змененымі імёнамі катаў лёгка пазнаюцца сапраўдныя ўдзельнікі — Васюра, Мялешка, камандзір батальёна Кёрнэр. На аснове твораў Адамовіча рэжысёр Элем Клімаў зняў фільм «Ідзі і глядзі».

7. Званы Хатыні

Да 1964 на месцы спаленай вёскі стаяў сціплы абеліск. Пасля там паставілі таксама досыць тыповую скульптуру «Журботная маці». Мемарыял быў адкрыты ў 1969 годзе.

Яго стварылі чатыры беларускія творцы: скульптар Сяргей Селіханаў і архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч і Леанід Левін. Паводле іх успамінаў, ідэя змясціць на слупах, што сімвалізуюць коміны спаленых хат, званы нарадзілася проста ў Хатыні, калі сярод нямой цішыні заспяваў жаўрук. 

На доўгія гады Хатынскі мемарыял стаў сумнай візітоўкай Беларусі.

8. Хатынь і Катынь

Некаторыя даследчыкі лічаць, што выбар менавіта Хатыні ў якасці сімвалічнага месца для мемарыяла па ўсіх спаленых у Беларусі вёсках быў абумоўлены сугучнасцю назвы з Катынню — месца, дзе ў 1940 НКВД расстраляла польскіх ваеннапалонных. Упершыню пра гэта напісала газета Daily Telegraph у 1974, падчас візіту ў СССР прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана і наведвання ім Хатыні.

9. 433 вёскі

былі знішчаныя фашыстамі разам з жыхарамі ў Беларусі і адноўленыя пасля вайны. 186 так і не аднавіліся.

10. 36 мільёнаў чалавек

наведалі мемарыяльны комплекс «Хатынь» за 49 гадоў.

…Захаваліся старыя хатынскія могілкі. Зайдзіце на іх, калі будзеце ў мемарыяле. Там спачываюць людзі, якія прынялі такую пакутніцкую смерць.

Архіўны тэкст

Адзін з помнікаў на старых хатынскіх могілках

Каментары22

  • Ёсьць
    22.03.2023
    Не разумею, як можна верыць савецкім хлусам. Уключыце логіку. Яны заўсёды пра ўсё хлусілі, зараз хлусяць іх нашчадкі на 100%, а пра Хатынь яны сказалі праўду? Перайшоў гэты Васюра, хутчэй за ўсё, камусьці дарогу і хутка зляпілі з ветэрана нацысцкага памагатага. Верыць савецкім гісторыкам і судам, тое самае, што верыць Лукашэнку ці Пуціну
  • Глеб Жэглоў
    22.03.2023
    Троху ня так. Перад тым як пісаць такі артыкул рэкамендую прачытаць успаміны суддзі Вайсковага Трыбуналу БВА В.Глазкова, які вёў судовае сьледства і судзіў Васюру ў Меньску ў 1986 годзе. Ён ввдаў артыкул на гэтаю тэму "Не хочу, что бы тайна гібелі Хатыні ушла вместе со мной" (ё ў інтэрнэце). Так выкладзена гісторыя, якая не зусім як у вашай версіі. Партызаны тут ні пры чым, хаця яны ў той час узялі забойства Вельке на сябе, нават у журнал баявых заданьняў унесьлі, але ж выясьнілася, што яны толькі прыпісалі сабе тое, чаго не рабілі, а зоабілі гэты выстрал іншыя персанажы і Глазкоў іх устанавіў, аднаго нават знайшоў, але ж ён адмовіўся даваць паказаньні, бо зразумеў, якую бяду яны натварылі. Ё і іншыя нюансы.
  • истина
    22.03.2023
    Пабачыўшы, што немцы і паліцаі акружаюць вёску, яны сышлі ў лес. Фашысты стралялі па іх, але з вялікай адлегласці не трапілі. За партызанскую акцыю вырашана было пакараць жыхароў Хатыні.
    Это версия официоза. На самом дел никуда партизаны не уходили, а приняли бой в Хатыни. Батальон Дирлевангера вынужден был применять артиллерию и миномёты, в результате чего и начался пожар. Полицейский батальон стоял в оцеплении пока шёл бой, а потом приступили к картельной операции. Всё сохранилось в немецких источниках.  

    https://nashaniva.com/312648

Цяпер чытаюць

Ці закрыюць Еўропу для беларусаў? Дарадца Ціханоўскай распавёў, пра што дамовіўся ў Берліне1

Ці закрыюць Еўропу для беларусаў? Дарадца Ціханоўскай распавёў, пра што дамовіўся ў Берліне

Усе навіны →
Усе навіны

Украіна зноў ударыла па расійскіх аэрадромах у Крыме2

Мінкульт пазбавіў статусу помніка архітэктуры згарэлую царкву ў Сцяпанках. Каб не аднаўляць?3

Выручка трох найбуйнейшых беларускіх ІТ-бізнэсаў у Літве ўпала ў 2025

Хто такі Анатоль Міхнавец, які стаў віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады15

Аўтазаводца з Міханавічаў кінулі за краты за палітычныя выказванні1

У Новай Баравой будуюць новы дом з кватэрамі ад 35 квадратаў. Cамая танная — $86 тысяч2

У цэнтры Мінска адкрыўся новы салон Geely і Belgee3

Дэпутата Еўрапарламента, які расследаваў злоўжыванні Pegasus, самога ўзламалі гэтай шпіёнскай праграмай

Трамп пажадаў Лукашэнку «мірнага года»23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ці закрыюць Еўропу для беларусаў? Дарадца Ціханоўскай распавёў, пра што дамовіўся ў Берліне1

Ці закрыюць Еўропу для беларусаў? Дарадца Ціханоўскай распавёў, пра што дамовіўся ў Берліне

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць