Хто такі Анатоль Міхнавец, які стаў віцэ-спікерам Каардынацыйнай рады
Жыве ў Варшаве, працуе архівістам, у палітычным руху шмат гадоў. «Белсат» расказвае, чым вядомы новы віцэ-спікер Каардынацыйнай рады Анатоль Міхнавец.

«Край» і справа Ганчара—Красоўскага
Анатоль Міхнавец нарадзіўся 7 ліпеня 1975 года ў Менску. Кажа, што ў грамадска-палітычным жыцці пачаў удзельнічаць яшчэ са школы — фактычна з 13 гадоў.
Пасля школы ён скончыў прафесійна-тэхнічную вучэльню з чырвоным дыпломам, потым тэхнікум — таксама з чырвоным дыпломам. Яго без іспытаў прынялі ў Беларускую політэхнічную акадэмію (цяпер — БНТУ). Але адтуль, як кажа сам Міхнавец, яго выключылі за палітыку. Пасля гэтага ён стаў «прафесійным рэвалюцыянерам».
У беларускім нацыянальным руху яго імя стала вядомае ў канцы 1990-х. У 1998 годзе Міхнавец разам з Вадзімам Кабанчуком стварыў спартова-патрыятычную арганізацыю «Край». Паводле ўспамінаў Паўла Севярынца, яна паўстала пасля таго, як частка дружыны «Маладога Фронту» прайшла падрыхтоўку ва Украіне.
Удзельнікі спалучалі фізічную падрыхтоўку, гістарычную асвету, акцыі ў абарону беларускай незалежнасці (у тым ліку бойкі з міліцыяй і расейскімі неанацыстамі з РНЕ) і працу з моладдзю. На ўлётках «краёўцаў» быў дэвіз «Бог! Беларусь! Воля!», а сваімі ідэйнымі папярэднікамі яны ўважалі Кастуся Каліноўскага, Вацлава Ластоўскага і ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага.
«Край» дзейнічаў да 2001 года. Менавіта з гэтай арганізацыяй Міхнавец звязвае адзін з найбольш вострых эпізодаў сваёй ранняй палітычнай біяграфіі — працу вакол справы знікнення палітыка Віктара Ганчара і бізнэсоўца Анатоля Красоўскага: краёўцы раскрылі абставіны іх выкрадання. Але пасля гэтага, па словах Міхнаўца, яму і ягоным паплечнікам давялося хавацца і выехаць за мяжу.

Пэўны час Міхнавец разам з Кабанчуком знаходзіўся ў Бельгіі. Там яны стварылі «Беларускае еўрапейскае задзіночанне», ладзілі пікеты і акцыі, а таксама арганізоўвалі з’езд беларускай палітычнай эміграцыі.
«Мы не збіраліся жыць у эміграцыі — хацелі ўдзельнічаць, уплываць на працэсы ў краіне, таму вярнуліся ў Беларусь. І быў там да 2006 года», — тлумачыць ён «Белсату».
Палітык Павел Севярынец апісваў яго як аднаго з арганізатараў і лідараў нацыянальна-патрыятычнага асяроддзя, чалавека, здольнага захоўваць спакой у небяспечных сітуацыях і арганізоўваць людзей у моманты напружання. Гэта асабістая ацэнка паплечніка, але яна паказвае, як Міхнаўца ўспрымалі ў тым коле.
Ушанаванне памяці Каліноўскага
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і разгону Плошчы Міхнавец ізноў выехаў — у Польшчу. Ён трапіў на праграму імя Каліноўскага, якая была створаная для беларускіх студэнтаў, што пацярпелі ад палітычнага пераследу або не маглі працягваць навучанне ў Беларусі.
У Польшчы ён вучыўся ў Collegium Civitas, прэстыжным прыватным ўніверсітэце ў Варшаве, заснаваным у 1997 годзе пад эгідай Польскай акадэміі навук. Там Міхнавец спачатку атрымаў ступень бакалаўра, потым скончыў магістратуру паводле спецыяльнасці «міжнародныя адносіны».
Падчас навучання ў Польшчы ён стварыў ініцыятыву «Беларуская нацыянальная памяць». Яе ўдзельнікі шукалі пахаванні беларускіх нацыянальных дзеячаў, ушаноўвалі месцы памяці і гістарычныя вечарыны.
Асобнае месца ў гэтай працы заняло ўшанаванне Кастуся Каліноўскага. Міхнавец і ягоныя аднадумцы пачалі ездзіць у Мастаўляны ў дзень нараджэння Каліноўскага і ў Вільню ў дзень яго смерці. Міхнавец адзначае, што 22 сакавіка — дзень смерці Каліноўскага — доўгі час губляўся на фоне Дня Волі, які адзначаецца 25 сакавіка, таму яны імкнуліся аднавіць асобную традыцыю памяці.
Калі ў Вільні ў 2016 годзе былі знойдзеныя парэшткі Каліноўскага і ягоных паплечнікаў, Міхнавец увайшоў у кола прадстаўнікоў беларускай грамадскасці, якія кантактавалі з літоўскім бокам наконт перапахавання паўстанцаў 1863—1864 гадоў.

БХД, кампанія Рымашэўскага і месяц «у падполлі»
У сярэдзіне 2000‑х Міхнавец разам з Вадзімам Кабанчуком далучыўся да Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. Пазней ён уваходзіў у Нацыянальную раду БХД. Падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года быў у ініцыятыўнай групе Віталя Рымашэўскага і збіраў подпісы за яго вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты.
У 2010 годзе, нягледзячы на жыццё і вучобу ў Польшчы, Міхнавец узяў акадэмічны адпачынак і прыехаў у Мінск на прэзідэнцкую кампанію. Ён працаваў у штабе Рымашэўскага і быў у Беларусі падчас паслявыбарчых падзей снежня 2010 года. Пасля разгону акцыі пратэсту, як казаў сам актывіст, ён каля месяца жыў «у падполлі», пасля чаго вярнуўся ў Польшчу.
Пазней тлумачыў, што не можа вяртацца ў Беларусь, бо знаходзіцца «ва ўсіх чорных спісах».
У 2019‑м Міхнавец быў уганараваны Медалём у гонар 100‑годдзя БНР за значны ўнёсак у беларускі нацыянальна-дэмакратычны рух і грамадскую дзейнасць.
Сцяг на хакеі і беларускія добраахвотнікі ва Украіне
У 2013 годзе яго імя трапіла ў медыя праз акцыю з бел-чырвона-белым сцягам падчас хакейнага матчу Беларусь — Чэхія ў Швецыі. Міхнавец вывесіў на трыбунах вялікі нацыянальны сцяг, пасля чаго быў выведзены аховай.
Пасля пачатку вайны Расіі супраць Украіны ён займаўся арганізацыйнай працай у беларускім добраахвотніцкім руху. Як казалі раней Севярынец і сам Міхнавец, з 2014 года гэта была праца ў Тактычнай групе «Беларусь», а пасля 2022 года — у структурах, звязаных з Палком Каліноўскага. У ПКК Міхнавец кіраваў харунжай службай.

Пазней ён разам з Кабанчуком удзельнічаў у стварэнні грамадскага руху «Каліноўцы», які заяўляе сваёй задачай падрыхтоўку беларусаў да барацьбы за свабоду і да выжывання ва ўмовах вайны.
«Я за тое, каб не бараніцца, а наступаць»
Цяпер Міхнавец жыве ў Польшчы, Варшаве, польскага грамадзянства не мае, як і сталага побыту. Ён працуе архівістам.
«У мяне беларускае грамадзянства. Я кожны год спадзяваўся, што будуць перамены ў Беларусі, і ніякае грамадзянства не рабіў. У мяне часовыя карты побыту, збіраюся вяртацца ў Беларусь», — сказаў палітык.
У 2026 годзе Міхнавец у складзе спісу «Воля» трапіў у новы склад Каардынацыйнай рады, дзе 1 ліпеня быў абраны першым віцэ-спікерам. За яго кандыдатуру прагаласавалі 55 з 75 сябраў Рады. Сам Міхнавец кажа, што ў КР ягоная фракцыя будзе абапірацца на стратэгію, агучаную на канферэнцыі «Шлях да Волі» ў 2023 годзе:
«Мы хочам вызваляць Беларусь. Каб усе суб’екты — палітычныя, грамадскія — працавалі згодна з адным планам, дзе падзеленыя функцыі, ёсць дэдлайны, ёсць адказнасць, справаздачнасць, і тады можна дабіцца нейкага выніку».
Міхнавец мяркуе, што беларусы за мяжой не павінны ўспрымаць сябе як людзей «другога гатунку» або пастаянна апраўдвацца перад іншымі краінамі за сітуацыю ў Беларусі.
«Мы павінны бараніць сябе, мы павінны быць моцнымі. Я за тое, каб не бараніцца, а наступаць. Мы не людзі другога гатунку, не павінны ні перад кім апраўдвацца», — кажа ён.
Каментары