Больш за 60 тысяч надмагілляў рассыпаныя ў сельскіх раёнах Босніі і Герцагавіны і яшчэ каля 10 тысяч — у Сербіі, Чарнагорыі і Харватыі. Яны стаяць з Сярэднявечча — і гэтая з’ява не мае аналагаў у свеце.
Надмагіллі stećci (вымаўляецца як стэчці) — адна з самых вядомых, хоць і загадкавых славутасцяў Босніі і Герцагавіны, расказвае BBC. Слова stećci (множны лік ад stećak) паходзіць ад дзеяслова stajati (стаяць): гэта аналаг нашага слова «стойка, стоечка». Помнік ствараўся, каб стаяць над магілай памерлага.
Надмагіллі ствараліся з XII па XVI стагоддзе. Малюнкі на іх багатыя і разнастайныя ў параўнанні з іншымі малюнкамі на надмагіллях таго часу: можна ўбачыць выявы сонечнага дыска, паўмесяца ў суправаджэнні зоркі, крыжа, лілеі, прылад і інструментаў, фігуры мужчын і жанчын з палкамі або крыжамі ў руках. Сцэны палявання на аленяў, рыцарскія двубоі і пахавальныя танцы — усе гэтыя вобразы дазваляюць зазірнуць у паўсядзённае жыццё сярэднявечнай Босніі.
На некаторых стэчках ёсць кірылічныя надпісы, якія змяшчаюць інфармацыю пра памерлых, а таксама філасофскія заўвагі накшталт: «Я калісьці быў такім, як ты, і ты будзеш такім, як я», «Я нарадзіўся ў вялікай радасці і памёр у вялікім смутку», «Прыйшоў я ў гэты свет голым, і голым з яго іду».
Адно з самага цікавага ў стэчках гэта тое, як яны дэманструюць перапляценне розных уплываў — усходніх і заходніх, міжземнаморскіх, візантыйскіх і цэнтральнаеўрапейскіх, каталіцкіх і праваслаўных, лацінскай і кірылічнай пісьменнасці.
З таго часу, як антраполагі пачалі вывучаць стэчкі ў канцы XIX стагоддзя, сербы, харваты і баснійцы (тры этнічныя групы, якія сёння складаюць насельніцтва большай часткі Босніі і Герцагавіны) — усе спрабавалі прэтэндаваць на стэчкі як на ўласную адметнасць (што ў нечым нагадвае спрэчкі пра тое, якой літаратуры належыць Адам Міцкевіч).
Так ці інакш, але з канца XIX — пачатку XX ст. стэчкі ператварыліся ў сімвал балканскіх краін, бо сталі часткай усведамлення паўднёвымі славянамі сваёй адметнай культуры — хоць большасць гісторыкаў звязваюць стэчкі з влахамі, нашчадкамі даславянскіх раманізаваных ілірыйцаў.
Хоць у ліпені 2016 года стэчкі былі ўнесеныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, многія з гэтых некропаляў па-ранейшаму застаюцца па-за ўвагай мясцовых уладаў і разбураюцца.
Так, тры гады таму басніец даў анлайн-аб’яву, у якой хацеў прадаць меркаваны стэчак, які знаходзіўся ля яго дома, што выклікала бурную рэакцыю грамадскасці — некаторыя асудзілі яго, а іншыя — халатнасць ўрада ў ахове гэтых аб'ектаў.
Але ў сферы мастацтва да сярэднявечных камянёў назіраецца вялікі ўсплёск цікавасці. Маладыя баснійска-герцагавінскія творцы з імпэтам даследуюць стэчкі і ўключаць іх у свае працы: ствараюць з імі ілюстрацыі, адлюстроўваюць у скульптурах і рамесніцкіх вырабах, згадваюць у вершах.
Выявы камянёў пачалі тыражавацца і на сувенірах: сёння вандроўнікі могуць набыць жаночыя ўпрыгажэнні ў выглядзе стылізаваных стэчкаў, дэкаратыўныя брошкі, футболкі і іншыя рэчы, якія папулярызуюць сярэднявечнае мінулае краіны.
Адным з апошніх праектаў па захаванні стэчкаў стала складанне інтэрактыўнай карты гэтых надмагілляў. Мэта гэтага праекта — вызначыць раней незарэгістраваныя стэчкі і алічбаваць ужо вядомыя.
Вам таксама можа быць цікава:
Незвычайная гісторыя радзівілаўскіх палескіх спаніэляў
Знойдзеная метрыка нараджэння і хрышчэння Янкі Маўра
Вучоныя: вікінгі пакінулі Грэнландыю не столькі з-за змены клімату, як з-за маштабнага затаплення
Каментары