Грамадства11

Трагедыя ў Гомелі: 6-гадовае дзіця патанула на платных занятках у басейне. Бацькі шукаюць праўды

У лістападзе мінулага года Алег Вострыкаў прывёў сына ў гомельскі Палац водных відаў спорту, дзе трэнеры навучалі дзяцей плаванню ў невялікім басейне глыбінёй каля 81 сантыметра. Бліжэй да канца заняткаў здарылася тое, чаго ніхто не чакаў. Трэнер перадала дзіця бацьку без прытомнасці, мужчына сам спрабаваў аказваць першую дапамогу, крыху пазней прыехала хуткая. Хлопчык знаходзіўся ў коме, а праз 36 дзён памёр у бальніцы. Што адбылося ў самім басейне, бацькі дакладна не ведаюць. Яны не знайшлі ў сабе сіл паглядзець відэа з камер відэаназірання ў тую страшную для іх нядзелю. Гісторыю апісвае «Анлайнер».

Вадзіў дзіця ў басейн «дзеля забавы»

Бацька хлопчыка раз за разам пракручвае ў галаве абставіны, якія прывялі яго з сынам у Палац водных відаў спорту. Ён рэгулярна хадзіў туды сам, плаваў у вялікім басейне. Аднойчы ўбачыў аб'яву, што праводзяцца заняткі па навучанні плаванню для дзяцей ва ўзросце ад 5 гадоў. Сыну летам споўнілася 6 — і бацька вырашыў, што пара б хлопчыку заняцца спортам. Тым больш старэйшая дачка даўно і паспяхова гуляла ў тэніс.

— Спачатку я прапанаваў сыну тэніс, але ён не захацеў. Тады я спытаў: «Можа, на плаванне пойдзем?» Ён пагадзіўся: вада яму заўсёды была цікавая. Калі набіралі ванну, ён заўсёды там падоўгу сядзеў, купаўся.

Бацька пачаў вадзіць хлопчыка ў басейн у верасні, але гэта не была рэгулярная спартыўная секцыя, дзе дзеці займаюцца па раскладзе. Проста разавыя наведванні: плаціш 6 рублёў 80 капеек і адводзіш дзіця на занятак.

— Мне было зручна вадзіць яго на сеансы ў суботу і нядзелю. З-за таго, што басейн неглыбокі, я думаў: усё роўна яны плаваць яго не навучаць, гэта хутчэй дзеля забавы ў нас было. Хадзілі, каб дома не сядзець па выхадных. Да лістапада наведалі заняткаў шэсць-сем (я, калі шчыра, іх не лічыў). Сын да таго моманту плаваць яшчэ не ўмеў, гэта я дакладна ведаю.

— І трэнеры заўсёды былі розныя?

— Так, розныя. За групай не быў замацаваны нейкі канкрэтны трэнер, і наўрад ці там ведалі ўзровень кожнага дзіцяці. Калі я прывёў туды сына першы раз, спытаў: «А ці можна паглядзець, як заняткі праходзяць?» Мне сказалі, што гэта забаронена. Бацькі маглі толькі зайсці ў распранальню, пераапрануць дзіця, завесці пад душ і адвесці да дзвярэй басейна. Як сакрэтны аб'ект нейкі. Я ўпотай зрабіў некалькі відэа — па іх зразумела, якая глыбіня была ў басейне.

Калі Алег Уладзіміравіч успамінае дзень трагедыі (гэта было 13 лістапада 2022 года), яго голас пачынае дрыжаць, гаворка становіцца перарывістай. Кожнае слова даецца беларусу з цяжкасцю.

— Да гэтага мы хадзілі плаваць у суботу, у нядзелю я ў яго пытаюся: «Пойдзем у басейн ці не?» Ён кажа: «Пойдзем». Я кажу: «Як ты сябе адчуваеш?» Ён адказвае: «Добра». Быў лістападаўскі цёплы дзень, сонечны — ні снегу, ні дажджу. Называецца, пайшлі выветрыцца, — ужо не стрымліваючы слёз, успамінае бацька.

«Вада з рота ішла пад напорам, як з трубы»

Спачатку бацька чакаў сына ў машыне, але праз паўгадзіны вярнуўся ў хол. Заняткі ўжо падыходзілі да канца, і тут раптам пачуўся крык. Стала зразумела: нешта адбылося.

— Я ўбачыў, што па калідоры нясуць у руках дзіця, і на ім шапачка майго сына… Я схапіў дзіця, паклаў на лаўку. Гляджу, а ў яго вусны і дзясны ўжо сінія! Спачатку не зразумеў, што адбылося. Потым здагадаўся: пасінеў — гэта значыць патануў! Кіслароду яму не хапае… Паклаў праз калена, як па інструкцыі, і пачаў адпампоўваць ваду.

— Вы ўмееце аказваць першую дапамогу?

— У інстытуце гэтаму вучыўся і вайсковую кафедру заканчваў. Але гэта было больш за 20 гадоў таму. Вада не выходзіла. Потым адна з жанчын падказала, што трэба галаву на бок класці і рабіць ванітавыя рухі. І ў сына з рота вада пайшла, як з трубы, пад напорам. Я пачынаю штучнае дыханне рабіць, а там такія бурбалкі ўнутры — у лёгкіх. Зноў галаву павярнуў — і зноў вада палілася. І толькі пасля гэтага я пачаў рабіць непрамы масаж сэрца і штучнае дыханне.

Дзесьці праз пяць хвілін прыехала хуткая, следам — дзіцячы рэанімабіль. Дзіцяці паставілі кропельніцу, але сэрца запусцілі толькі па дарозе ў бальніцу. Дзе ў гэты момант знаходзіліся работнікі басейна, мужчына дакладна не памятае: ён быў у стрэсе.

— Лекары спрацавалі, на мой погляд, прафесійна, яны зрабілі ўсё, што маглі. Калі ўвечары доктар у бальніцы да нас спусцілася, сказала: «Мы яго ратуем, але стан вельмі цяжкі». Яны даведаліся ўсю храналогію падзей і адразу папярэдзілі, што ён не жылец… Занадта доўга мозг заставаўся без кіслароду, фізіялогію не падманеш.

Нягледзячы на неспрыяльны прагноз, бацькі да апошняга верылі ў тое, што іх хлопчыку стане лепш. Бацька абіваў парогі кабінетаў, прасіў, каб дзіця перавялі ў Мінск.

— Мне казалі: нават калі дзіця выжыве, яно застанецца раслінай. Але нам усё роўна, разумееце? Яшчэ ў кастрычніку я б сам сказаў: навошта дзіця мучыць, яно ж будзе раслінай… Але калі гэта адбываецца з табой, ты хочаш, каб хлопчык застаўся жывы! Гэта мая расліна, разумееце? — плача бацька.

Дваццатага снежня мінулага года дзіця памерла — хлопчык прабыў у коме 36 дзён. Бацькі разумеюць, што сына ўжо не вярнуць, але хочуць, каб вінаватыя панеслі пакаранне.

— Мы з жонкай дагэтуль не разумеем, што адбылося. Рост сына —122 сантыметры, яму там вада была максімум па грудзі. Наколькі мы ведаем, трэнер сказала дзецям рабіць практыкаванне на спіне. Усе паплылі, а мой стаяў у нерашучасці (распавядаю ўсё са слоў следчага і адваката, сам відэа не глядзеў: я гэтага проста не вытрымаю). Потым мой таксама паплыў і боўтаўся нейкі час. Дзяцей у басейне было шмат — 13 чалавек. Трэнер убачыла Яніка не адразу, хвілін праз шэсць. Спакойна падышла, выцягнула з вады на борцік і замест таго, каб аказваць першую дапамогу, панесла да мяне ў хол. Каштоўныя секунды былі страчаныя, — робіць выснову гамяльчук.

«Калі б ведаў праграму, можа, і не павёў бы дзіця»

Калі паразважаць з пункту гледжання аднаго з бацькоў, які на час давярае жыццё дзіцяці чужым людзям, узнікае цэлы ланцужок пытанняў. Чаму дзіця стала тануць у неглыбокім басейне? Чым была занятая ў гэты момант трэнер? Ці мог нехта яшчэ з работнікаў комплексу заўважыць дзіця, якое тоне? Як так выйшла, што першую дапамогу аказваў менавіта бацька, а не спецыяльна навучаныя людзі ў басейне? Ці можа падобная гісторыя паўтарыцца дзесьці яшчэ?

Бацька перакананы, што трагедыі можна было пазбегнуць, калі б у той момант у басейне знаходзілася некалькі чалавек. Не абавязкова другі трэнер — хоць бы хтосьці з бацькоў.

— Калі б трэнер дастала сына з вады і адразу пачала аказваць першую дапамогу, хтосьці ўсё роўна павінен быў выклікаць хуткую, гэта лагічна. Але нікога, акрамя дзяцей, больш побач не было. І бацькам на занятках прысутнічаць было забаронена — чаму? Гэта ж лішняя пара вачэй! У выніку, як аказалася, я адзіны з прысутных быў у стане аказаць першую дапамогу. Медык, наколькі мне вядома, у гэты момант знаходзілася на тэнісных кортах у іншым будынку.

Па словах Алега Вострыкава, ён не ведаў праграмы заняткаў і быў упэўнены, што дзеці больш забаўляюцца, чым рэальна вучацца плаванню.

— Не было практыкі, каб трэнер выйшаў і распавёў, што дзеці сёння будуць рабіць. Калі б я ведаў, што будуць практыкаванні з плаваннем на спіне, можа, і не адправіў бы сына… Ці сказаў бы: звярніце на яго пільную ўвагу, бо ён толькі нядаўна пачаў займацца. Наогул, інструктараў мы бачылі рэдка. Каб трэнер з'яўляўся ў холе — гэта было разы два за ўвесь час. Але я ўпэўнены, што так быць не павінна.

Зараз гэта наш асабісты акіян гора і слёз, якія мы праліваем. Але трагедыя магла здарыцца з кожным, пытанне часу, калі б гэта адбылося, — мяркуе бацька.

Трэнер: «Маё жыццё канчаткова перакрэслена»

Трэнер — дасведчаная спецыялістка, выкладчыца фізкультуры і спорту ва ўніверсітэце, аўтар шматлікіх навуковых прац. Паводле яе слоў, яна навучыла плаванню не адну тысячу чалавек, знаходзіла падыход нават да самых маленькіх дзяцей. Аднак адзін дзень перакрэсліў не толькі яе кар'еру, але і ўсё далейшае жыццё.

— Кожны дзень ты ўстаеш і кладзешся спаць з адной думкай — вы не ўяўляеце, як гэта цяжка… А жыць неяк трэба, ты не можаш пайсці і скінуцца з дзявятага паверха, я не маю права гэтага рабіць. Людзі, якія працавалі ў гэтым басейне, аддавалі сваю душу! Мы не ішлі на працу, мы там жылі! А цяпер маё жыццё перакрэслена канчаткова, — на эмоцыях кажа трэнерка.

— Што адбылося ў басейне, можаце патлумачыць?

— Гэта было бліжэй да канца трэніроўкі. Мы сталі рабіць практыкаванне «зорачка». Дзіця, як мне потым сказалі (я сама відэа не глядзела), ціхенька нахіліла галаву і легла на ваду. Ціхенька. Каля борціка. Я лічу, што яму стала дрэнна, яно проста адключылася! Зразумейце, у мяне за 25 гадоў стажу не было такога, каб дзіця легла на ваду і не змагло ўстаць самастойна, нават у глыбокім басейне! А там жа вады было па калена, гэта неглыбокі ўчастак. Хлопчык гэты адказны, ён стараўся, рабіў усе практыкаванні, як і астатнія. Павольней за іншых, але рабіў. Атрымаў нагрузку, пасля якой нешта з ім адбылося, можа, страціў прытомнасць. Гэта маё меркаванне, і я ад яго не адступлю.

— А што вы рабілі ў гэты момант?

— Я назірала за іншымі дзецьмі, гуляла з імі. Узяла мячык (будзь ён нядобры!) і кідала дзецям. Пачала ўглядацца ў твары, звярталася па імёнах. А ён за імі ляжыць, дзеці, як сцяна, яго закрылі… Тут жа яшчэ важна, у якім ты месцы стаіш у басейне. Я са свайго месца яго не бачыла.

Зразумейце, гэта чалавечы фактар, я не машына, я жывы чалавек!

Потым я падышла да дзіцяці і падумала яшчэ: «Які малайчына, навучыўся зорачку рабіць, а раней не ўмеў». Бяру яго за ручку і разумею, што ён без прытомнасці. Выцягнула з вады, пабегла па калідорах, а медыкаў няма. Гэта нядзеля. Вось такая гісторыя.

— А па нядзелях медыкаў не бывае?

— Не было тады, так. Хутка хуткую выклікалі, сталі ратаваць… Мозг хвілін пяць быў без кіслароду, самі разумееце. Ніхто ні ад чога не застрахаваны…

— Што наконт першай дапамогі? Бацька кажа, што ён сам спрабаваў выратаваць дзіця.

— У мяне быў наймацнейшы шок. Шчыра вам скажу: нават калі б я была прафесіяналам [па выратаванні людзей], я б не змагла ў той момант нічога зрабіць. У мяне трэсліся рукі, ногі — усё. І калі ты раней гэтага не рабіў, гэта проста нонсэнс! Можна і лёгкія парваць паветрам, і рэбры зламаць пры моцным націску — усё можна зрабіць у стрэсе. Але людзі не разумеюць гэтага, і не дай бог нікому гэта зразумець і перажыць.

— Ці можна было прадухіліць гэтую трагедыю?

— У першую чаргу, трэнер у басейне не павінен быць адзін. Мне таксама, урэшце, магло стаць дрэнна, і я б ляжала там адна. Па-другое, аказанне дапамогі, выратаванне на водах — гэта важны момант, вядома. А яшчэ, калі дзіця ідзе ў басейн і яму выдаюць даведку, да гэтага трэба ставіцца сур'ёзна. Медыкі павінны не проста пстрыкнуць пячаткай, а быць больш адказнымі (вы ж ведаеце, як у нас часта бывае).

Упэўнена, што гэтаму дзіцяці не трэба было хадзіць у басейн. Ці, можа, не ў маю групу, дзе я менавіта вучу плаваць, мы не проста купаемся. Таму да мяне і валіў народ. Месяц прайшоў — гляджу, а дзіця ўжо плавае. І ў мяне яшчэ характар такі, я брала ўсіх дзяцей: і самых цяжкіх, і самых маленькіх.

— Як вы ставіцеся да сістэмы разавых наведванняў, калі кожны раз прыходзяць новыя дзеці?

— Там сапраўды мог прыйсці любы з вуліцы. Сёння Ваня, Пеця, заўтра Воля. Мяне папярэджвалі, вядома, калі дзіця ідзе першы раз. Але я гуляю ўсляпую, не ведаю іх самаадчуванне. У нас проста рулетка. Я адразу не ўбачыла гэтага пераходу, што нешта ідзе не так, у першыя ж хвіліны. Я падумала, што ён проста робіць зорачку…

— Ці павінны на заняткі пускаць бацькоў?

— Я лічу, што так. Калі ўладкоўвалася, пыталася, чаму мы не дазваляем бацькам прысутнічаць. Я, наадварот, выступала за тое, каб бацькі сядзелі на балкончыку, як раней бывала. Часам прасіла затрымацца пасля трэніроўкі, каб бацькі паглядзелі, чаму дзеці навучыліся. Але мяне за гэта лаялі.

Праз паўгода. На якім этапе расследаванне?

Пасля трагедыі прайшло паўгода. Бацькоўская рана не зацягнулася — і калі стане лягчэй, ніхто не ведае. Заспакаенне бацька з маці знайшлі ў царкве, дзе ім дапамагаюць святары і іншыя вернікі.

Трэнер, мяркуючы па тэлефоннай размове, таксама цяжка перажывае тое, што здарылася. У дачыненні да яе заведзена крымінальная справа па частцы 2 артыкула 165 КК («Невыкананне або неналежнае выкананне абавязкаў па забеспячэнні бяспекі жыцця і здароўя малалетняга»). Такое злачынства караецца абмежаваннем волі на тэрмін да 4 гадоў або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам і з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады.

Матэрыялы пакуль не перададзеныя ў суд, працягваецца этап папярэдняга следства. Зараз вытворчасць прыпыненая ў сувязі з правядзеннем судова-медыцынскай экспертызы.

Бацька загінулага хлопчыка таксама накіроўваў хадайніцтва аб заведзенні крымінальнай справы ў дачыненні да службовых асоб спартыўнага комплексу па частцы 2 артыкула 338 КК («Выкананне работ альбо аказанне паслуг, якія загадзя не адпавядаюць патрабаванням бяспекі для жыцця або здароўя спажыўцоў»). Пакуль рашэння па гэтым пытанні няма — ні згоды, ні адмовы.

На просьбу бацькі ў пракуратуры Гомельскай вобласці дадаткова вывучылі матэрыялы крымінальнай справы. У афіцыйным адказе гаворыцца, што «хлопчык захлынуўся вадой у басейне і быў дастаўлены ў бальніцу з дыягназам «утапленне, тэрмінальная кома». Напісана, што факт віны трэнера ўстаноўлены, а таксама выяўленыя парушэнні з боку кіраўніцтва цэнтра. Але канчатковая прававая ацэнка будзе дадзена па выніках следства.

Што змянілася ў працы басейна?

За паўгода ў Алега Вострыкава сабралася доўгая перапіска з дзяржорганамі. У лістах ён просіць праверыць правільнасць дзеянняў службовых асоб. У афіцыйным адказе прадстаўнікі Гомельскага выканкама распавялі, што многія парушэнні былі ліквідаваныя, пералічваецца доўгі спіс.

Коратка пераказваем сутнасць сваімі словамі:

  • Дырэктар цэнтра звольнены, з трэнеркай скасавалі дамову падраду.
  • Для работнікаў правялі навучальны семінар.
  • Прыведзены ў парадак службовыя інструкцыі работнікаў.
  • Зацверджана новая арганізацыйная структура.
  • У штат увядуць новыя пасады — людзей, якія будуць адказваць за бяспеку.
  • Ідзе распрацоўка лакальных дакументаў па бяспецы (інструктажы, правілы наведвання і гэтак далей).
  • Ідзе рамонт у памяшканнях, прыводзяць у парадак абсталяванне.
  • Праведзены аналіз платных паслуг — на прадмет бяспекі.

Журналісты пагутарылі з новым дырэктарам Гомельскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Аляксеем Скуркоўскім. Ён адзначыў, што не можа разгорнута каментаваць выпадак са смерцю хлопчыка, пакуль ідзе следства, але коратка падзяліўся сваім меркаваннем.

— З боку гэта бачыцца як няшчасны выпадак. На жаль, такое можа адбыцца ў любым відзе спорту, на любых вучэбна-трэніровачных занятках, — сказаў дырэктар.

Тым не менш у працы комплексу пасля надзвычайнага здарэння многае памянялася. Цяпер платныя групы фармуюцца строга ў адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі Мінспорту. Напрыклад, на заняткі плаваннем могуць залічыць толькі 12 чалавек, не болей. Трэнер займаецца з дзецьмі па раскладзе, а не ў рэжыме разавых наведванняў. У штаце з'явіўся дадатковы персанал, плануецца ўзяць на працу асобна інструктара-выратавальніка.

— І ён у выпадку чаго зможа аказаць першую дапамогу?

— Першую дапамогу павінен аказаць трэнер, які непасрэдна праводзіць заняткі. У нас цяпер амаль увесь трэнерскі склад прайшоў адпаведнае навучанне. А любы чалавек побач аж да наведвальніка павінен паклікаць медработніка або інструктара-выратавальніка, які таксама будзе аказваць дапамогу і выкліча хуткую. Алгарытм дзеянняў існуе, ён адпрацаваны.

— А бацькам у басейн па-ранейшаму нельга?

— Не, гэта санітарная зона. Калі абстрагавацца ад гэтага няшчаснага выпадку, назавяце мне басейны, дзе ля чашы, акрамя трэнера з дзецьмі, знаходзяцца яшчэ і бацькі? Магчыма, у асобных басейнах гэта магчыма, але ў нашым выпадку з-за тэмпературы паветра ў памяшканні і канструкцыі забяспечыць прысутнасць бацькоў складана. І ў гэтым няма сэнсу, калі праца персаналу арганізавана правільна. Таксама знаходжанне бацькоў можа адцягваць дзяцей ад працэсу навучання.

Адвакат: «Матэрыялы справы могуць не трапіць у суд»

Ёсць яшчэ адзін важны момант, які цяпер турбуе бацькоў загінулага дзіцяці. У снежні мінулага года быў падпісаны закон «Аб амністыі», які распаўсюджваецца, акрамя іншага, на злачынствы паводле часткі 2 артыкула 165 КК (менавіта паводле гэтага артыкула распачатая справа ў дачыненні да трэнеркі).

— Асобы, якія пражываюць у Гомелі, гэта значыць тыя, якія лічацца пацярпелымі ад аварыі на ЧАЭС, адносяцца да катэгорыі людзей, якія падлягаюць амністыі. І тэарэтычна амністыю можа ўжыць следчы, гэта значыць, што матэрыялы справы могуць не патрапіць у суд, — распавядае адвакатка Святлана Асадчая. — Калі рэзюмаваць, мой кліент хацеў бы, каб хтосьці панёс пакаранне. Але можа здарыцца так, што крымінальнай адказнасці ў гэтай сітуацыі ніхто не панясе. Можна ставіць пытанне аб кампенсацыі маральнай шкоды, але гэта ўжо грамадзянска-прававыя адносіны. Цяпер мы чакаем заканчэння папярэдняга следства, магчыма, у гэтай справе з'явяцца нейкія новыя абставіны.

Каментары1

  • Ліцвінка
    10.06.2023
    У ЗША у кожным басэйне есць ратавальнік на такія вось выпадкі. Спачуванні бацькам. 

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм20

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм

Усе навіны →
Усе навіны

«Ён спалохаўся так, што не мог расціснуць пальчыкі, якімі трымаў лыжку». Гісторыі палітвязняў — мам і дзяцей, разлучаных калоніяй2

Беларускі фатограф абвінавачвае Іллю Яшына ў тым, што той у сваім інстаграме незаконна апублікаваў свой партрэт32

«Хаця б раз на тры дні павінен слухаць». Міліцыянер расказаў, як праслухоўваў беларусаў8

У Мінску адкрылася крама толькі з беларускімі цацкамі4

У Расіі святар, які падазраецца ў спробе згвалтавання дзяўчыны, адправіўся на вайну ва Украіну10

Папярэдняя прычына забойства чатырох дзяцей у Расіі — рэўнасць да жонкі3

Аляксандр Глеб прыехаў з пралукашэнкаўскім «Марафонам адзінства» ў Мазыр17

У навагоднюю ноч, напэўна, будзе дождж1

У Мінску з'явілася «гламурнае таксі»

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм20

Чалавек года па версіі «Нашай Нівы» — Андрэй Пачобут. Сімвал адзінства, мацнейшага за лукашызм

Галоўнае
Усе навіны →