Меркаванні2424

Той рэдкі выпадак, калі Лукашэнка сказаў праўду

Але пасаромеўся патлумачыць прычыну гэтай праўды, піша Мікола Бугай. Вы хлусіце нам — мы хлусім вам.

Аляксандр Лукашэнка, 14 сакавіка 2025 года. Фота Maxim Shemetov Pool Photo via AP

25 красавіка ў Аляксандра Лукашэнкі, раз’юшанага тым, што «народзец» абурыўся ідэяй завезці ў Беларусі 150 тысяч пакістанцаў узамен за нейкую ласку Ісламабада, вырвалася нечаканае прызнанне:

«Прадукцыйнасць працы ў Беларусі ў два-тры разы ніжэйшая, чым у Еўрасаюзе».

Тлумачэнне, чаму яна ніжэйшая, зусім не відавочнае.

Так, Лукашэнка прызнаў правальнае адставанне ад тых самых Польшчы і Літвы, казкі пра дэградацыю і дэіндустрыялізацыю якіх ён сам і ягоны апарат расказваюць дзень і ноч.

Ведаючы, што папараць цвіце часцей, чым Лукашэнка на тэлекамеру гаворыць праўду, я палез у статыстыку. Можа быць, ён прыдумаў гэтыя лічбы на хаду, каб апраўдваць сваю лапідарную ідэю з пакістанцамі? Не, лічбы праўдзівыя.

А вось пра што Лукашэнка змаўчаў, што перад пачаткам ягонага кіравання прадукцыйнасць працы ў Польшчы і Літве была роўная беларускай. Цяпер жа нашы суседзі абганяюць нас амаль удвая.

З пункта гледжання ўмоўнага Мясніковіча (і ім імя легіён) у мінулыя дзесяцігоддзі Беларусь мела ідэальныя ўмовы для развіцця. «Дешевые» энергарэсурсы, доступ да «огромного» расійскага рынку, і «управляемость», і «стабильность». Гэта ўсё іхныя мантры, яны ў мяне нават увушшу па-расейску гучаць, столькі я іх чуў. Нічога з гэтага Польшча і Літва не мелі.

І вось вынік.

31 год — гэта ж не адзін год, гэта ўжо не можа быць выпадковасцю, гэта заканамернасць. Гэта і ёсць сухая рэшта лукашызму.

Гэта прытым што лукашэнкаўцы мелі практычна неабмежаваныя рэсурсы для інвестыцый. Мільярдаў пяць нафтагазавых датацый ад Масквы штогод — гіганцкая сума.

Эканамісты тлумачаць правальнасць лукашэнкаўскай мадэлі і «пасткай танных энергарэсурсаў», і недаступнасцю для Беларусі рынку ЕС. Палітолагі — памылковай геапалітычнай арыентацыяй. Педагогі — недафінансаваннем адукацыі і яе скіраванасцю на выхаванне ў дзецях умення падпарадкоўвацца, а не крытычнага мыслення. Медыкі — мадэллю, пры якой алкаголь танны і даступны, каб плебс не бунтаваў. Творцы — тым, што ў нас казарменная мадэль грамадства, якая не спрыяе раскрыццю творчага і прадпрымальніцкага патэнцыялу чалавека.

Пра Савецкі Саюз казалі, што там улады робяць выгляд, што плацяць заробак, а людзі робяць выгляд, што працуюць. Але і гэтае тлумачэнне не вычэрпвае беларускай праблемы. Прыватны сектар у Беларусі ўсе гэтыя гады быў досыць значны, ты можаш зарабляць, калі хочаш. Але людзі не хочуць, «нам не нада!» А чаму? Як так? Чаму ў Альшанах людзям «трэба», а ў масе сваёй — «не нада»?

Альшанскі цуд: вёска, якая абвергла Марксa

Для саміх Мясніковічаў і Церцеляў гэта пытанне з пытанняў. Чаму мадэль, у якую яны верылі, не працуе? Адказ цвердалобых — што яшчэ недастаткова было «дысцыпліны», недастаткова «кантролю», трэба «жастачайша», трэба яшчэ больш прапаганды і чырвона-зялёных сцяжкоў, яшчэ больш крыкаў у эфіры, і тады ўжо ўсё пойдзе ў рост. «У 2020 годзе каля Палаца Незалежнасці не пакістанцы бегалі», — як выказаўся сам Лукашэнка. Вось калі б да ягонага кіраўнічага і палкаводчага генія яшчэ народзец рахманы.

Усе вышэй названыя тлумачэнні часткова правільныя. Але ў мяне ёсць яшчэ адно. Лукашэнкаўская сістэма прывучае людзей хлусіць. Першае, чаму вучыць. Пачынаючы ад дзіцячага садка і да выбарчых камісій — вялізны кругаварот хлусні.

Ад перамог хакейнай каманды Лукашэнкі да ракет па Украіне, адкуль «рыхтаваўся напад».

Вы хлусіце нам — мы хлусім вам.

Так, і на Захадзе таксама хапае хлусні і крывадушша. Але і галасы там лічаць, і дзяцей у школе вучаць крытычна мысліць, і чалавек — сярэдні чалавек, а не вузкае кола эліты — там мае альтэрнатывы. «Культура праўды» робіць цуды.

А як жа Кітай, скажаце вы? Чаму там рост ёсць, а ў Беларусі няма? Можа пытанне ўсё ж не ў маральнай мадэлі, а ў тэхналогіях і тонкасцях эканамічнай мадэлі? Гэта складанае пытанне. Пасол Руды тлумачыў поспехі Кітая ў параўнанні з Беларуссю нашмат большай эканамічнай свабодай. На маю думку, пытанне, хутчэй, у нізкай базе, памеры рынку і асаблівай культуры. Беларусь — яна ўсё ж не Кітай, яна як Літва і Польшча.

А ў цэлым — убогі вынік 31 года кіравання. Атрымаў у рукі такую краіну — а яго наступнік атрымае чысценькую казарму з пабеленымі бардзюрамі, у якой сотні тысяч камер відэаназірання, прыгожа ходзяць строем і махаюць сцяжкамі, а працаваць няма каму.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары24

  • Імя
    27.04.2025
    Які цудоўны аналіз. Але як жа так сталася, Мікола? Можа, клімат ня той?
  • апошні інспэктар
    27.04.2025
    слушна, апляўдую стоячы. без культуры праўды ня можа быць росквіту. так, у Эўропе багата хлусьні, але хлусьня ўсё ж разглядаецца як выключэньне. эмігрантаў з саўка ня любяць перш за ўсё за гэтае "не падманеш, не пралезеш". калі студэнты ня сьпісваюць на экзамэнах, даішнікі не бяруць хабар а ў дзяржапараце няма кумаўства, гэта стварае атмасфэру даверу паміж грамадзянамі. дадайце сюды суды, якія судзяць па законе а не па панятках, і атрымаеце выдатныя ўмовы для эканамічнага росту.
  • што будавалі, тое і пабудавалі
    27.04.2025
    Сожрёте сами себя, яны лічаць, што зальюць расейскай, нафта-газавай рэнтай пералічанае вамі. Але, цудаў не атрымліваецца, замардаваны народец, асбліва той, хто з малатком і пілой, падаўся, на заробкі, у Расею, у нянавісны Захад, дадаем 600 тысяч выгнаных, неблаганадзейных, але тэленавітых, высокаадукаваных, актыўных, то маем тое, што маем, тыя, хто застаўся, сьпіваюцца, не ражаюць, дэградуюць і, з улікам элітных, радавых, ябацькавых кланаў на версе і іх апетытаў, якія толькі растуць, расейскай, нафта-газавай рэнты не хапае, каб пакрыць усе выдаткі.
    Таму патрэбны 150 тысяч пакістанцаў, замест з'ехаўшых самастойна, за большым рублём і замест выгнаных лукашэнкам неблаганадзейных.

Цяпер чытаюць

Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яе вызвалілі па памілаванні14

Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яе вызвалілі па памілаванні

Усе навіны →
Усе навіны

Вынеслі папярэджанне заснавальніку «Першага музычнага канала»2

«Гэта ж трэба дадумацца». У Жлобіне знайшлі «самую страшную» скульптуру Беларусі11

Беларускія вучоныя пахваліліся папяровымі кубачкамі, вырабленымі па новай тэхналогіі. Такія то рабілі даўно, але нашы дадалі іншае рэчыва3

Пуцін назваў прыдуркамі лідараў краін, якія ўводзяць санкцыі супраць Расіі8

Пуцін заявіў пра амаль двухразовы рост колькасці ахвотных адправіцца на вайну ва Украіну9

Тры беларускія дызайнеркі паказалі калекцыі на прэстыжным паказе ў Брусэлі ФОТЫ

«Трайпл» зноў выставіў на продаж кавярню «Залаты грабеньчык»1

«Па-першае, беларусы трохі ніжэйшыя». Маладая палячка наведала Беларусь і дзеліцца ўражаннямі27

«У яго адно люстэрка каштуе 44 000». Каго прызнаюць вінаватым у сутыкненні Bentley і грузавіка на МКАД?17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яе вызвалілі па памілаванні14

Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яе вызвалілі па памілаванні

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць