Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі прызнаў права Украіны рабіць дыверсіі на тэрыторыі Расіі
Міністр замежных спраў Вялікабрытаніі Джэймс Клеверлі заявіў, што Украіна мае законнае права абараняцца і можа «выкарыстоўваць сілу па-за сваімі межамі». Пра гэта паведамляе «Еўрапейская праўда» са спасылкай на Sky News.

Адказваючы на пытанне пра сённяшнюю атаку беспілотнікаў на Маскву і пра тое, ці мае Украіна права атакаваць расійскую тэрыторыю, Клеверлі сказаў, што не будзе рабіць здагадак пра сутнасць атакі. Аднак ён дадаў, што Украіна мае «законнае права абараняць сябе».
«Яны маюць законнае права рабіць гэта ў сваіх межах, але таксама маюць права выкарыстоўваць сілу па-за імі, каб падарваць здольнасць Расіі накіроўваць сілу на саму Украіну», — адзначыў брытанскі міністр.
Па словах Клеверлі, «легітымныя вайсковыя цэлі» па-за межамі Украіны — тое частка яе самаабароны. «Мы павінны гэта прызнаць», — падкрэсліў ён.
Раніцай 30 мая, як паведамлялі расійскія медыя, ад 25 да 32 беспілотнікаў атакавалі Маскву. У выніку атакі былі пашкоджаныя прынамсі два шматпавярховыя дамы. Паведамляецца, што большасць дронаў збілі на падлёце да расійскай сталіцы, у тым ліку адзін нібыта недалёка ад рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна.
Каментары