Культура1313

Шаўчук узяў на вокладку свайго альбома ваўкоў Якуба Коласа

Лідар расійскага гурта ДДТ Юрый Шаўчук і музыкант Дзмітрый Емяльянаў выпусцілі сумесны альбом «Волки в тире». На вокладцы альбома змешчаныя выявы ваўкоў, якія незвычайным чынам звязаныя з беларускай культурай.

Вокладка альбома «Волки в тире»

Два ваўкі, а дакладней адзін, але сіметрычна адлюстраваны, узятыя з вокладкі кнігі, выдадзенай яшчэ за савецкім часам, у 1984 годзе, у выдавецтве Eesti Raamat («Эстонская кніга»). Гэта быў пераклад казкі «Каза ў арэхах» беларускага класіка Якуба Коласа, узятая са зборніка «Раніца ў нядзельку».

Казку Колас напісаў яшчэ ў 1940 годзе. У ёй распавядаецца пра тое, як пайшоў казёл з казою арэхі збіраць, але нашчыпалі тры мяхі, а чацвёрты шалупіння — і ніякая сіла не можа прымусіць казу пайсці дамоў, пакуль няма арэхаў. Казёл кліча ваўкоў есці казу, каб тая пайшла дадому. Але ваўкі не прыходзяць, казёл кліча мядзведзя душыць ваўкоў, але і той не ідзе, і гэтак далей. Ланцуг падзей у канцы казкі запускае толькі каршун, які ўсё ж прылятае драць курэй. Калі нарэшце чарга даходзіць да ваўкоў і яны ідуць есці казу, то тая з арэхамі прыходзіць дадому.

Воўк з эстонскага выдання казкі «Каза ў арэхах» Якуба Коласа. Ілюстрацыі Яана Тамсаара

Пераклад гэтай казкі з беларускай мовы выканаў эстонскі дзіцячы пісьменнік Андрэс Яаксаа (Andres Jaksoo), а кнігу аформіў мастак Яан Тамсаар (Jaan Tammsaar). Ягоныя ілюстрацыі і былі выкарыстаныя на вокладцы музычнага альбома.

Выглядаюць яны надзвычай дзіўна, асабліва неадназначнае ўражанне пакідаюць чалавекападобныя казлы з рагамі і чырвонымі вачыма. Іх выявы, дарэчы, перыядычна трапляюць у замежныя падборкі выяў жахлівых інфернальных (пякельных) істот. Але такі выгляд аўтарам быў пазычаны з куды больш даўніх крыніц, праўда, зусім не беларускіх.

Вокладка эстонскага выдання казкі «Каза ў арэхах» Якуба Коласа. Ілюстрацыі Яана Тамсаара

Ілюстрацыі кнігі створаныя як перайманні расейскага лубка, народнай гравюры, якая вылучаецца простасцю і даступнасцю візуальных вобразаў. У такіх карцінах-апавяданнях зразумелай мовай і дасціпна, з выкарыстаннем сатырычных алегорый і прымавак, распавядалася пра тое, што хвалявала людзей у іх паўсядзённым жыцці.

«Не ідзе мядзведзь ваўкоў душыць…» і «Не ідуць стральцы мядзведзя біць…». Ілюстрацыі Яана Тамсаара

У Маскоўскім царстве лубкі з’явіліся ў канцы XVI стагоддзя. Яны друкаваліся на шэрай паперы з дапамогай ліпавых дошак, пасля атрыманыя гравюры размалёўвалі жанчыны і дзеці. У канцы XIX стагоддзя малюнкі сталі рабіць не на дрэве, а на метале, што дазволіла майстрам ствараць складанейшыя творы. Яшчэ багацейшай стала і каляровая гама лубкоў.

«Не ідуць камяні тапароў тупіць…» і «Не ідуць чэрві камяні тачыць…». Ілюстрацыі Яана Тамсаара

Самыя раннія ўзоры лубкоў былі прысвечаныя рэлігійнай тэматыцы, але паступова пашырыліся ілюстрацыі да расейскіх казак, былін, перакладных рыцарскіх раманаў, гістарычных аповесцей.

«Не ідуць вяроўкі стральцоў вязаць…» і «Не ідзе агонь вяроўкі паліць…». Ілюстрацыі Яана Тамсаара

Каза з чырвонымі вачыма з эстонскага выдання беларускай казкі ўзятая з канкрэтнага лубка, які датуецца XVIII стагоддзем, хоць іншыя крыніцы сцвярджаюць, што гэта сучасная рэканструкцыя лубка XVII—XIX стагоддзяў. А воўк шмат у чым падобны да таго, як паказвалі на лубках таго ж стагоддзя Ката Казанскага, героя гістарычных паданняў і легендаў.

Візуальная крыніца ваўка з эстонскага выдання — Кот Казанскі. «Кот Казанской, ум Астраханской, разум Сибирской, славно жил, сладко ел, слабко бздел». Лубок XVIII стагоддзя, магчыма, сатыра на Пятра I.

І хоць гэтыя ілюстрацыі ствараюць невялікую нагоду для таго, каб нагадаць пра колішнія культурныя сувязі з Эстоніяй і творчасць класіка, яны таксама паказваюць на вельмі прыкрае для нас успрыманне беларускай культуры праз прызму расейскай. Мастак з не такой далёкай для нас краіны ўспрымаў беларусаў як частку чагосьці агульнарускага і не мог знайсці ў нас (бо не было па чым) арыгінальных праяваў народнай мастацкай культуры, з дапамогай пераймання якой змог бы рэпрэзентаваць праз казку сваім чытачам.

Каза эстонскім мастаком амаль без змен перамаляваная з лубка XVIII стагоддзя. «Медведь с козою прохлаждаются, на музыке своей забавляются. И медведь шляпу вздел да в дудку играл. А коза сива в сарафане синем с рожками и с колокольчиками, и с ложками вприсядку пляшет»

Дый сама сітуацыя, калі расійскія музыканты звярнуліся да гэтых выяў раней за беларусаў, пра многае сведчыць. 

Менавіта таму так важна распавядаць і прапагандаваць сваю культуру, ад маляваных дываноў да беларускіх гуртоў, за межамі Беларусі. У сённяшняй сітуацыі, калі вялікая частка беларусаў апынулася ў вымушаным выгнанні, гэта выглядае цалкам пасільнай і карыснай справай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары13

  • беларуска
    17.07.2023
    Выснова - база, што сказаць. Пашырайма сваё
  • Эстонцу нет оправдания
    17.07.2023
    Умеет этот Ф. Раўбіч натягивать белорусскую сову на российский глобус. Не первый раз ему это удается. В этот раз помог эстонский иллюстратор.
  • Беларусы замежжа
    17.07.2023
    Беларусы начали уезжать ещё в конце 90х, почему только сейчас поднимается тема того, как это важно пропагандировать свою культуру. Многие выросли за границей, не имея возможности изучать родной язык, историю, культуру. Разговаривают по-английски, хотя считают себя беларусами.

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара8

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара

Усе навіны →
Усе навіны

У летніх патопах у Мінску вінавата таксама будаўніцтва метро2

«Добраахвотна і свабодна пакінуў Беларусь». Балгарыя адмовіла беларускаму ЛГБТ-актывісту ў атрыманні статусу ўцекача2

У выніку крушэння расійскага верталёта ў Пакістане загінуў беларус1

У Беларусі закрыліся прыватныя дамы састарэлых. Што прапануюць улады?3

Беларус з ЗША расказаў, як беларусы пераадольваюць наступствы маштабнага ўрагану і як дапамагаюць іншым

Навукоўцы вырасцілі вымерлае біблейскае дрэва з семені, якое праляжала тысячу гадоў1

Споўнілася 100 гадоў экс-прэзідэнту ЗША Джымі Картэру2

Беларуская мастачка з 12-гадовым сынам на эміграцыі трапіла ў бяду

У Мінску зноў можна рэгістраваць ІП

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара8

Вось колькі байцоў Пуцін паклаў за два гады штурмаў Вуглядара

Галоўнае
Усе навіны →