Грамадства99

«На 10 месцаў тры чалавекі». Чаму ў беларускіх універсітэтах недабор на «беларускую філалогію»

У ліпені ў беларускіх універсітэтах завяршылася прыёмная кампанія. На некаторыя спецыяльнасці ў розных ВНУ не атрымалася набраць вызначаную колькасць студэнтаў. Сярод іх — беларуская філалогія. Прычым дзесьці быў недабор нават на бюджэтныя месцы, а дзесьці ўвогуле не спрабавалі набраць студэнтаў на гэтую спецыяльнасць.

Фота: studyinbelarus.by

Palatno паразмаўляла з прадстаўнікамі сістэмы адукацыі ў Польшчы і Беларусі і даведалася, чаму беларуская мова не карыстаецца папулярнасцю ў моладзі ў сённяшніх умовах і што рабіць для таго, каб змяніць сітуацыю.

На дзесяць месцаў — тры чалавекі

У 2023 годзе ў беларускіх універсітэтах конкурсу на спецыяльнасць «беларуская філалогія» ўвогуле не было.

Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце на 20 бюджэтных месцаў падаліся 19 чалавек. На сайце kudapostupat.by адзначаецца, што на спецыяльнасці «беларуская філалогія» і «славянская (славянская і беларуская) філалогія» па агульным конкурсе залічылі 30 абітурыентаў, сем з іх прынялі без экзаменаў. Прахадны бал на «беларускую філалогію» быў 261, а на «славянскую філалогію» — 305. Летась БДУ таксама не атрымаў планаванай колькасці заяў на «беларускую філалогію»: на 30 месцаў падаўся толькі 21 чалавек. А самы высокі конкурс у БДУ (амаль 15 чалавек на месца) сёлета быў на новую спецыяльнасць — «графічны дызайн і мультымедыядызайн».

У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце на 10 месцаў падаліся толькі тры чалавекі. Спецыяльнасцю з самым высокім прахадным балам ва ўніверсітэце (361) стала «псіхалогія».

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны ўвогуле не праводзіўся набор на спецыяльнасць «беларуская філалогія». На філалагічным факультэце ёсць «руская філалогія», дзе прадугледжана 25 месцаў, «руская мова і літаратура, замежная мова (англійская / кітайская)», куды набіраюць таксама 25 студэнтаў, і «беларуская мова і літаратура, замежная мова (англійская)» — усяго 13 месцаў.

У Мазырскім дзяржаўным універсітэце таксама не адкрылі набору на спецыяльнасць «беларуская філалогія». Філалагічны факультэт прапаноўваў для абітурыентаў толькі наступныя спецыяльнасці: «гісторыя і грамадазнаўчыя дысцыпліны», «замежныя мовы (англійская, нямецкая)» і «руская мова і літаратура, замежная мова».

Спецыяльнасць «беларуская філалогія» ёсць у Брэсцкім дзяржаўным універсітэце імя А. С. Пушкіна. У 2023 годзе планавалася набраць 17 студэнтаў. У Віцебскім дзяржаўным універсітэце імя П. М. Машэрава на гэтую спецыяльнасць запланавалі 18 бюджэтных месцаў і 2 месцы — платныя.

На «беларускую філалогію (літаратурна-рэдакцыйную дзейнасць)» у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце было 8 бюджэтных месцаў і 2 платныя. Прахадны бал склаў 292. Столькі ж месцаў было і на «беларускую філалогію (дзелавую камунікацыю)», а прахадны бал — 285.

Нечакана і тое, што ў 2023 годзе Акадэмія МУС карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі. Напрыклад, на спецыяльнасць «правазнаўства» на факультэце крымінальнай міліцыі конкурс склаў 2,61 чалавека на адно месца.

У Вайсковай акадэміі самы высокі конкурс быў на спецыяльнасць для дзяўчат — «эксплуатацыя інфакамунікацыйных і аўтаматызаваных сістэм кіравання спецыяльнага прызначэння» — 4,4 чалавека на месца. Заявы падалі 22 абітурыенткі, а планавалася набраць пяць чалавек. У Вайсковай акадэміі конкурс быў на ўсіх факультэтах. Пры плане прыёму 649 курсантаў падалі заявы 814 абітурыентаў.

«Размеркаванне можна лічыць рабствам»

Запыталіся ў прадстаўніц сістэмы адукацыі ў Беларусі і Польшчы, чаму спецыяльнасць «беларуская філалогія» не карыстаецца папулярнасцю сярод моладзі ў сённяшніх умовах і што рабіць для таго, каб змяніць сітуацыю.

Беларускі медыяпедагог і экспертка ў адукацыі Паліна Пашкевіч (імя зменена ў мэтах бяспекі) кажа, што недабор у беларускіх ВНУ існуе таксама і на настаўнікаў фізікі і матэматыкі, інжынерныя і аграрныя спецыяльнасці і нават на некаторыя міліцэйскія. Паліна дадае, што на філалогію недабор традыцыйны.

— Дзяржава штогод закрывае школы. За мінулы год было закрыта 67 школ, у асноўным сельскіх, з беларускай мовай навучання. Амаль усе незалежныя медыя, прыватныя выдавецтвы, Саюз пісьменнікаў, якім былі патрэбныя беларускамоўныя карэктары і рэдактары, таксама ліквідаваныя. Справаводства па-беларуску не вядзецца, законы не пішуцца. Людзі проста баяцца застацца без працы. Да рызыкі застацца без працы па спецыяльнасці дадаецца размеркаванне, якое можна лічыць рабствам.

Па словах эксперткі, сёлета на філалагічны факультэт БДУ ніхто не падаў заявы на мэтавы набор на «беларускую філалогію» і «ўсходнюю філалогію» нават ад Мінаблвыканкама.

— Свабода — гэта каштоўнасць для беларусаў. Таму быць інжынерам на дзяржпрадпрыемстве ці бяспраўным настаўнікам менш прэстыжна, чым вольным праграмістам, дызайнерам ці псіхолагам. Перакос магла б выправіць дзяржава праз антыманапольную палітыку, справядлівае фінансаванне і гарантаванне прафесійных і эканамічных свабод, але, як той кажа, не з нашым шчасцем.

Паліна сцвярджае, што зацікаўленасць беларускай мовай у моладзі не меншае: апошнія гады нашмат больш людзей пачалі вучыць мову, гісторыю і чытаць беларускія кнігі. Экспертка дадае, што таксама пашырыўся беларускамоўны асяродак у сацыяльных сетках.

— Нарэшце, быць беларусам у Беларусі стала прэстыжна. Усё астатняе — часовыя з’явы. Выкладчыкам ВНУ трэба максімальна захаваць праграмы, выкладанне, бо знішчыць лёгка, а аднавіць заўсёды цяжэй. Укладацца ў тых, хто ідзе на гэтыя спецыяльнасці на покліч сэрца, а не дзеля перспектывы заробку ў якой-небудзь «Звяздзе». А яны прыйдуць.

«Не з’яўляецца дзяржаўнай, хоць і дзяржаўная»

Таццяна працуе ў Беларусі настаўніцай беларускай мовы і літаратуры. Яна кажа, што спецыяльнасць «беларуская філалогія» даволі вузкая, працаваць можна толькі ў школе, таму ніхто не ідзе вучыцца на яе. Але, напрыклад, у вучняў Таццяны зацікаўленасць беларускай мовай ёсць, таму што «мова родная — мова модная».

Таццяна дадае, што кожны сам вырашае, на якой мове яму размаўляць, гэта залежыць ад чалавека і яго самасвядомасці.

— У нашай краіне беларуская мова не з’яўляецца дзяржаўнай, хоць і дзяржаўная. Але беларуская мова не знікне, бо свядомая моладзь выкарыстоўвае яе ў сваіх зносінах.

«Беларуская мова не зусім патрэбная для выжывання і заробку»

Беларуская паэтка іспанскага паходжання кандыдат філалагічных навук Анхела Эспіноса Руіс працуе ў Варшаўскім універсітэце на кафедры беларусістыкі. Анхела кажа, што ведае выпадкі, калі людзей арыштоўвалі за тое, што яны размаўлялі на вуліцы па-беларуску. Яна мяркуе, што «такі студэнцкі білет не тое што не зусім прэстыжны ў шырокім грамадстве, а нават небяспечны».

— Акрамя небяспекі, новае пакаленне вельмі практычнае. Гэта прагматычныя людзі, якія не баяцца казаць прама тое, што думаюць, і шукаюць эфектыўных і хуткіх рашэнняў канкрэтных праблем. Філалогія і ўвогуле гуманітарныя навукі страчваюць папулярнасць, калі няма магчымасцей выкарыстоўваць іх практычна. Напрыклад, UX writing. Гэта калі пішуць тэксты для карыстальнікаў на розных сайтах і ў праграмах, каб людзям было прыемна і лёгка («назад», «працягнуць», «здаецца, нешта не так з вашай сувяззю!»). У сённяшніх умовах беларуская мова на практыцы не зусім патрэбная для выжывання і заробку ў Беларусі (і нідзе па-за яе межамі).

Анхела лічыць, што зацікаўленасць у беларускай мове і звязанымі з ёю спецыяльнасцямі стане нашмат большай толькі тады, калі «беларушчына будзе патрэбная для атрымання дзяржаўнай працы ў Беларусі і будуць вялікія гранты на даследаванне беларускай літаратуры».

Што тычыцца кафедры беларусістыкі ў Варшаўскім універсітэце, то там неўзабаве распачнецца другая частка рэкрутацыі. Анхела кажа, што ўсіх студэнтаў яшчэ не набралі, але ўжо вядома, што новая група на бакалаўрыяце будзе. Таксама могуць з’явіцца і магістранты.

— Ведаю, што ліміт яшчэ не вычарпаны, але дакладную статыстыку не памятаю. У мінулым годзе выйшла даволі вялікая група першакурснікаў, але засталіся на другі год не ўсе. Большасць з іх — беларусы. На першы курс магістратуры запісалася шасцёра студэнтаў, з якіх засталіся з намі пяць. Сёлета ўжо вядома, што бакалаўрыят будзе, беларусаў каля дзесяці, палякаў таксама хапае. З магістратурай складаней, але спадзяёмся ў верасні набраць.

Каб паступіць на бакалаўрыят на беларусістыку ў Варшаўскі ўніверсітэт, неабходна мець вынік ЦТ па беларускай мове, замежнай мове і, пры магчымасці, па матэматыцы. Для паступлення ў магістратуру — дыплом. Па словах Анхелы, таксама спатрэбяцца прысяжныя пераклады дакументаў і легалізацыя ў Польшчы. 

— У Польшчы людзі бачаць каштоўнасць у вяртанні да беларушчыны або ў тым, каб з ёй пазнаёміцца: абітурыенты думаюць пра медыядыпламатыю, НДА і іншыя магчымасці, якіх у Беларусі фактычна не стала.

Каментары9

  • Філолаг
    24.08.2023
    А якая перспектыва? Сесці ў турму?
  • Acab
    24.08.2023
    « Свабода — гэта каштоўнасць для беларусаў. Таму быць інжынерам на дзяржпрадпрыемстве ці бяспраўным настаўнікам менш прэстыжна, чым вольным праграмістам, дызайнерам ці псіхолагам. Перакос магла б выправіць дзяржава праз антыманапольную палітыку, справядлівае фінансаванне і гарантаванне прафесійных і эканамічных свабод, але, як той кажа, не з нашым шчасцем.»
    Фух, мала дзяржавы экспэртцы са зьмененым ў мэтах бяспекі прозьвішчам, мала, яшчэ дайце.
  • нрр
    24.08.2023
    беларусики такия беларусики....  под видом борьбы за "белмову" на протяжении 200 лет их тупо руские разводили как дурачков....  ополячивание, злобный католицизм говорили они. Где больше католиков там меньше "народной" культуры... (до сих пор так в школах и универах говорят "свядомыя" преподы)....   И????  Да если бы так называемая "западная беларусь" не была в составе Польше до 39 года в РБ не осталось бы ни архитектуры ни мовы и самое главное ЛЮДЕЙ, которым действительно НУЖНА Беларусь...  А  была бы сплошная могилевщина, а по сути, в современной интерпритации - ДОНБАС. Земля без роду без племени.... точнее с рускими со знаком советского качэства... 
    я уже молчу про роль деструктивной секты православия...

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта11

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Усе навіны →
Усе навіны

Беларус пра ўмовы ў лагерах для ўцекачоў: Калі маеш досвед, то разумееш, што ўсё можа быць і кепска, і сумна9

Колькі можна з'есці мандарынак, каб не было наступстваў2

Блогерка выдавала сваю здаровую дачку за смяротна хворую, каб атрымаць данаты і лайкі. А магчыма, і труціла яе

Ракетная атака на Украіну: Расія б'е «калібрамі» і балістычнымі ракетамі8

Краіны Балтыі і Скандынавіі выступілі за павелічэнне дапамогі Украіне ў адказ на агрэсію РФ1

Чарга з легкавых машын вярнулася на польскую мяжу

ЗША рэкамендуюць Украіне знізіць прызыўны ўзрост да 18 гадоў5

Ці стала прасцей запісацца на польскую візу пасля ўвядзення фотаверыфікацыі? Досвед чытачоў11

За тры гады ва Украіне стала на 300 тысяч больш людзей з інваліднасцю5

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта11

«Я тая яшчэ памідорка». Што Ігар Тур піша ў тэлеграм-чатах са свайго асноўнага акаўнта

Галоўнае
Усе навіны →