Грамадства55

Унікальны выпадак. У Маладзечне тры пары двайнят вучацца ў адной групе гімназіі-каледжа

Лёша і Дзіма — браты-блізняты, Даша і Саша — сёстры-двайняты, Ніка і Лера — таксама двайняты, хоць падобныя як блізняты і адрозніваюцца толькі радзімкамі.

У гімназію-каледж мастацтваў горада Маладзечна 1 верасня ў адну групу на спецыяльнасць станковага жывапісу прыйшлі вучыцца адразу тры пары двайнят.

Лёша і Дзіма — браты-блізняты, Даша і Саша — сёстры-двайняты, Ніка і Лера — таксама двайняты, хоць падобныя як блізняты і адрозніваюцца толькі радзімкамі, піша Kraj.by.

Фота: Kraj.by

Для сустрэчы з журналістам навучэнцаў нават знялі з урока жывапісу. Браты і сёстры ў адзін голас заявілі, што час сустрэчы выбраны не вельмі ўдала. Маляваць яны любяць. Прапускаць жывапіс нецікава. Лепш бы іх знялі з фізкультуры.

Гісторыя з трыма парамі двайнят у адной групе ўнікальная. Хоць куратар групы, у якой яны вучацца, Таццяна Махніцкая распавяла, што браты і дзве пары сясцёр, ды яшчэ з аднолькавым талентам малявання, аказаліся разам цалкам выпадкова. Усяго ў групе 25 навучэнцаў.

Самі яны да такога дзіўнага супадзення ставяцца спакойна і не лічаць яго ўнікальным.

— Ну, жартуюць аднагрупнікі, кажуць: «У нас што, у вачах траіцца?» Але мы да гэтага прыколу ўжо прывыклі з 1 верасня, — кажуць браты і сёстры.

Усе шасцёра цяпер на першым курсе. Тры гады будуць вучыцца па спецыяльнасці «жывапіс станковы» і пасля заканчэння гімназіі-каледжа мастацтваў стануць кваліфікаванымі мастакамі-настаўнікамі.

Ім па 15-16 гадоў. Ужо цяпер яны не па гадах сур'ёзныя, адказныя і ведаюць, кім хочуць стаць у дарослым жыцці.

Але журналіста перш за ўсё цікавілі асаблівасці ў сённяшнім жыцці двайнят. Як гэта — быць аднолькавымі? І ці такія ўжо двайняты падобныя, якімі здаюцца на першы погляд?

Даша з Сашай гуляюць у валейбол, чытаюць дэтэктывы і японскую прозу.

Самыя старэйшыя з усіх двайнят у групе — Даша і Саша Дабчынскія. Ім ужо споўнілася па 16 гадоў. Паступілі на першы курс гімназіі-каледжа мастацтваў, скончыўшы дзевяць класаў сярэдняй школы № 12. Дзяўчаткі менавіта двайняткі і не падобныя, як блізняты. Нават вочы ў іх розныя. У Дашы (на фота справа) карыя. У Сашы — блакітныя.

— Нас часам блыталі, калі мы маленькімі былі, — распавядае Даша. — Чым сталейшымі становімся, тым больш адрозніваемся адна ад адной. Адна наша агульная сяброўка наогул толькі праз паўтара года ўпершыню даведалася, што мы сёстры. Была вельмі здзіўленая. Але разам з тым ёсць і такія сябры, якія часам блытаюць нас нават пасля трох гадоў зносін. А наогул, з задавальненнем бы замянялі адна адну, калі б былі вельмі падобнымі. Але ўсё ж мы розныя, і гэта добра відаць збоку.

Жывапіс — галоўнае, але не адзінае захапленне дзяўчынак у жыцці. Даша і Саша разам гуляюць у валейбол у секцыі на прадпрыемстве «Маладзечанскія электрасеткі».

Адрозніваюцца ў сясцёр кулінарныя перавагі. Зрэшты, рыбу не любяць абедзве. Але Даша аддае перавагу вострым стравам, а Саша — салёным. Розныя ў двайнятак і літаратурныя густы.

— Я люблю японскую прозу. Чытаю Муракамі і Акудагаву, — кажа Саша.

— А я больш люблю дэтэктывы, — сказала Даша.

З хлопцамі сёстры сябруюць. Даша аўтарытэтна заяўляе, што галоўнае ў зносінах з процілеглым полам — гэта паразуменне. Галоўнае, каб хлопец разумеў дзяўчыну. Пры гэтым нават абараняць Дашу ад хуліганаў не трэба, бо яна сама любому хулігану наваляе.

І самае галоўнае, што ёсць у жыцці ў Дашы з Сашай і чаго няма ў іншых двайнят, гэта — брацік і сястрычка, якім цяпер па 11 гадоў і якія таксама двайняты.

Розныя ў сясцёр планы на будучыню. Даша плануе стаць дызайнерам адзення, Саша хоча займацца графічным і ландшафтным дызайнам.

Лёша і Дзіма Вайтовічы — самыя сур'ёзныя будучыя мастакі

Калі б не выбар творчай прафесіі, 15-гадовых дзяцей Лёшу і Дзіму Вайтовічаў можна было б прыняць за будучых навукоўцаў, якія займаюцца дакладнымі навукамі. Хлопцы заўсёды сур'ёзныя, не ўсміхаюцца і сканцэнтраваныя. На першы курс гімназіі-каледжа мастацтваў паступілі пасля дзевяці класаў сярэдняй школы № 8.

Браты распавядаюць, што здольнасці да малявання ў іх аднолькавыя, і паміж сабой яны ніколі не супернічаюць. Яны менавіта блізняты. Зусім аднолькавыя, але ніколі ў жыцці гэтым не карысталіся. Не з'яўлялася жаданне кагосьці разыграць ці неяк інакш прымяніць сваё стапрацэнтнае падабенства. Наадварот — хлопцам нават не вельмі прыемна, калі іх блытаюць. Праўда, пры гэтым да бойкі справа не даходзіць.

— Калі мяне раптам называюць Дзімам, то проста кажу, што я — Лёша і адыходжу, — адзначае Аляксей.

Хлопцы салідарныя з дзяўчаткамі, што для сустрэчы з журналістам здымаць іх трэба было з фізкультуры, а не з жывапісу, бо абодва спортам не захапляюцца. Дакладныя навукі таксама не для іх, нават калі камусьці здаецца, што блізняты больш падобныя да фізікаў, чым да мастакоў.

— З літаратуры люблю чытаць лірычныя і дэтэктыўныя раманы, — кажа Дзіма.

Лёша, паводле яго слоў, у літаратуры аддае перавагу прыгодам.

Дзмітрый сапраўды больш лірычны з братоў. Прызнаўся: дзяўчынкі-бландынкі яму падабаюцца больш за брунетак. Аляксей прабурчаў, што нават не задумваўся пра такія глупствы.

Розныя ў братоў і смакавыя прыхільнасці. Лёша любіць кіслае, Дзіма — салодкае. Затое ў абодвух адна мэта ў жыцці — стаць дызайнерамі адзення.

Фота: Kraj.by

Вераніка і Валерыя Хасанавы прыехалі ў Маладзечна вучыцца на мастакоў з Вілейкі, дзе скончылі дзевяць класаў мясцовай сярэдняй школы № 5. Дзяўчынкам па 15 гадоў.

Ніка з Лерай падобныя як блізняты, але самі дзяўчынкі сцвярджаюць, што яны двайняткі. Сапраўды, рознымі іх робяць радзімкі, якія ў Леры з Нікай на твары і шыі, але не ў адных і тых жа месцах.

Дзяўчынкі кажуць, што яны вельмі дружныя, і ні ў адной з іх ніколі не ўзнікала жаданне быць у чымсьці лепшай за сястру. Талент да малявання выявіўся яшчэ ў дзяцінстве, калі намалявалі шарж на сваю маму. Мама не пакрыўдзілася. Наадварот — малюнак з гумарам ёй вельмі спадабаўся.

Жывапіс — не адзінае захапленне ў жыцці. Яшчэ сёстры любяць разам рабіць цукерачныя букеты з гафрыраванай паперы. Дораць свае вырабы маме і бабулі.

Блытаюць сясцёр рэдка. Калі такое і здараецца, то назваць Вераніку Валерыяй і наадварот можа толькі чалавек, які дрэнна з імі знаёмы. Блізкія людзі не памыляюцца ніколі.

Сёстры любяць салодкае — няхай гэта будзе марожанае ці торт. З хлопчыкамі сябруюць. Шануюць у іх пачуцце гумару і мужнасць. А ў будучыні абедзве сястры бачаць сябе дызайнерамі інтэр'ераў.

Каментары5

  • ром
    12.09.2023
    одно всегда не понимал! зачем близнецы одинаково одеваются?
  • умка изучае биатэхнааналогии
    12.09.2023
    ;эстачайшэ
  • мор
    12.09.2023
    ром, а зачем некоторые мамы и папы в одинаковое с ребенком одеваются?

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе2

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Усе навіны →
Усе навіны

Момант падрыву ў Маскве генерала і яго ад'ютанта трапіў на ВІДЭА6

Падчас візіту на Корсіку Папа Францішак асвяціў піцу ФОТАФАКТ

Што за загадкавыя дроны раямі лётаюць над ЗША?2

Самага дарагога ўкраінскага футбаліста злавілі на допінгу

Сілавікі не знайшлі абразы Вольгі Бондаравай у выказваннях блогера Vadimati2

Міністр адукацыі: Мы выпускаем удвая больш айцішнікаў, чым трэба6

«Літве патрэбная іміграцыя» — новы літоўскі прэм’ер-міністр20

У цэнтры Гродна скралі ногі Дзеда Мароза. За пошук злодзея абвясцілі ўзнагароджанне

Банкір з атачэння Януковіча, які хаваўся ад следства ў Беларусі, з'ехаў у ЕС

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе2

«Найчасцей да нас на кантроль прыходзіла Дрыга». Былы акцёр РТБД — пра цэнзуру ў тэатры, новага міністра культуры і здымкі ў польскай рэкламе

Галоўнае
Усе навіны →