Гісторыя1515

Ці варта беларусам ушаноўваць бітву пад Оршай

Стэрэатыпы пра Аршанскую бітву ў чарговым выпуску ютуб-канала «Няпростая гісторыя» абвяргае даследчык беларускай ваеннай гісторыі Аляксандр Казакоў.

Аляксандр Казакоў Александр Казаков Alexander Kazakov
Даследчык беларускай ваеннай гісторыі Аляксандр Казакоў лічыць, што мемарызацыя бітвы пад Оршай павінна адбывацца без палітычнага падтэксту. Скрын відэа: NiaGist / Youtube

У чым значэнне Аршанскай бітвы 1514 года

Казакоў адзначае, што бітва пад Оршай была абраная ў якасці знакавай з некалькіх прычын. Па-першае, у адрозненне ад вядомых бітваў, якія ўвайшлі ў гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, яна адбылася ў справядлівай абарончай вайне і на тэрыторыі Беларусі. Для беларускіх гісторыкаў пачатку ХХ стагоддзя было вельмі важна знайсці добры прыклад абароны Айчыны. Аршанская бітва вельмі добра для гэтага падыходзіла.

Другая прычына, чаму менавіта гэтая бітва была абраная ў якасці добрага прыкладу, — гэта тое, што ў ёй змагаліся з войскам Маскоўскай дзяржавы. «Як вядома, беларускі нацыяналізм мае антыімперскі, антырасійскі сантымент», — падкрэслівае гісторык.

Трэцяя прычына — гэта яскравасць перамогі. Доўга лічылася, што яна спыніла маскоўскае прасоўванне на Захад. Гэта падзея была добра вядомая, апісаная гісторыкамі мінулага. Таму яе вельмі лёгка было ўзяць у якасці прыкладу.

Як можна ацаніць этнічны склад удзельнікаў

Апошнім часам, асабліва пасля пачатку вайны ва Украіне, украінскія і літоўскія гісторыкі пачалі выключаць з нашчадкаў перамогі пад Оршай беларусаў, называючы яе ўкраінска-літоўскай перамогай.

Казакоў адзначае, што цяпер нельга вызначыць этнічны склад войска ВКЛ, як нельга вызначыць, што такое ўкраінская ці беларуская ідэнтычнасць у той час. Калі ўзяць крыніцы таго перыяду, то ў іх згадваюцца ліцвіны, русіны, жамойты і іншыя рэгіянальныя ідэнтычнасці.

«Мы можам аб нечым разважаць, калі будзем аналізаваць колькасць войскаў, што прадстаўлялі пэўныя тэрыторыі. Украінскі ўдзел тут будзе дзякуючы палкаводцу князю Канстанціну Астрожскаму і невялікай колькасці (некалькі сотняў) ваяроў з Валыні. Больш за палову войска складала шляхта ВКЛ з літоўскіх і беларускіх зямель. Значна менш за палову складалі найміты з польскіх зямель», — распавядае Казакоў.

Гісторык адзначае, што захаваліся так званыя «ваенныя лісты» — загады пра мабілізацыю. Вядома, у якія рэгіёны яны былі накіраваныя. Зямель на поўдзень ад Палесся такія загады не закраналі, бо на ўкраінскіх землях была свая сістэма абароны. Яна ў асноўным была скіраваная на абарону ад набегаў крымчакоў. Падняпроўе і Падзвінне таксама звычайна не закраналіся мабілізацыяй.

Таму яна ахапіла заходнюю і цэнтральную часткі Беларусі, Літву, Падляшша і некаторыя іншыя тэрыторыі. А валынян з сабой прывёў гетман Астрожскі. Гэта былі людзі з зямель, што яму належалі.

Бітва пад Оршай Битва под Оршей Battle of Orsha
Бітва пад Оршай. Невядомы мастак з кола Лукаса Кранаха Старэйшага, 1540-я гады. З калекцыі Нацыянальнага музея ў Варшаве.

Уплыў палітычнай канʼюнктуры

На сёння, акрамя беларускай гістарыяграфіі, ніхто не прызнае таго, што перамога ў бітве пад Оршай належыць у тым ліку і беларусам.

Гісторык заўважае, што можна далей дыскутаваць, чыя гэта перамога. І часам гэтыя размовы заходзяць у контрпрадукцыйнае рэчышча. Тэндэнцыя называць пераможцамі ў Аршанскай бітве палякаў, літоўцаў і ўкраінцаў была заўважаная ва Украіне ў нешматлікіх публікацыях яшчэ да падзей 2014 года.

«Гэта добры прыклад уплыву сучасных палітычных падзей на канструяванне падзей у гістарычным дыскурсе. Узгадваць беларусаў, якія цяпер саюзнікі Расіі, проста нязручна. Да таго ж не было беларускай дзяржавы, не было «шыльды», дзе б было напісана, што гэта беларускае войска, у адрозненне ад Вялікага Княства Літоўскага. Таму ўдзел беларусаў вельмі лёгка апусціць. Ва ўкраінцаў ёсць вельмі добрае выйсце.

Яны могуць напісаць, што ўдзельнічалі літоўцы, палякі і русіны. У той час русінская ідэнтычнасць існавала, і ў сучаснай Украіне яны будуць лічыцца ўкраінцамі. Гэта дазволіць звязаць гэтую бітву з Украінай», — лічыць гісторык.

На погляд Казакова, цікава назіраць, як адбываецца ўвод бітвы пад Оршай у дыскурс гісторыі Літвы:

«Нягледзячы на тое, што гэта перамога ВКЛ над маскоўскім непрыяцелем, Аршанская бітва доўга не цікавіла ні літоўскае грамадства, ні літоўскіх гісторыкаў. Апошнім часам улады спрабуюць зверху ўвесці Аршанскую бітву ў дыскурс. Ужо адбылося не адно афіцыйнае святкаванне ў Вільні з удзелам гісторыкаў, музыкаў і гэтак далей. Вельмі ўрачыстая была цырымонія ў 2014 годзе на 500-ыя ўгодкі. Святкаванне было і ў наступныя гады.

Вельмі цікава, што ў 2021-м годзе святкаванне адбылося з досыць істотнай рэпрэзентацыяй беларусаў. Гэтыя важныя сімвалічныя рэчы не выпадковыя. Над сцэнай былі выявы чатырох сцягоў, якія прэзентавалі народы, што ўдзельнічалі ў гэтай перамозе. Першым быў сцяг літоўскі, а наступным быў сцяг беларускі (бел-чырвона-белы), затым польскі і ўкраінскі. Гэта быў год, калі беларусы яшчэ збіралі іміджавы ўраджай ад палітычных падзей 2020-га года. З улікам апошніх падзей наўрад ці мы ўбачым паўтарэнне чагосьці падобнага».

Колькі войска было з двух бакоў

Казакоў адзначае, што сёння ёсць магчымасці ацаніць колькасць войска ВКЛ і Польшчы ў Аршанскай бітве. Крыніцы даюць звесткі аб тым, што войска, якое сабралася для гэтай кампаніі, налічвала 17 тысяч чалавек. Але частка войска засталася ў Барысаве пры каралю і вялікім князю. Крыніцы кажуць, што гэта частка наймітаў. А вось адносна колькасці маскоўскага войска нельга нічога канкрэтнага сказаць, бо няма надзейных крыніц.

«Лічба 80 тысяч — даволі традыцыйная для культуры эпохі Рэнесансу. У Жыгімонта ІІІ 80 тысяч войска прыходзіла на Смаленск, дакладна столькі ж у 1514 годзе. Тут варта пашукаць аналогіі з Антычнасцю. Як было заўважана, такую лічбу даволі стандартна называлі пры ацэнцы варварскага войска ў Старажытным Рыме».

Расійскі гісторык Аляксей Лобін спрабуе ацаніць колькасць маскоўскага войска. Ён называе лічбу 11—12 тысяч чалавек. Свае разлікі гісторык грунтуе на спісах палонных маскавітаў. Захаваліся рэестры палонных вялікага князя. У іх згадваецца пра 380 чалавек маскоўскай шляхты — баярскіх дзяцей і больш высокага рангу людзей.

У асобных выпадках можна дакладна вызначыць іх паходжанне, паглядзець, з якіх тэрыторый была мабілізацыя, і паспрабаваць вызначыць мабілізацыйныя магчымасці гэтых тэрыторый. Але, як адзначае Казакоў, такі падыход даволі спрэчны, бо ёсць звесткі, што мноства палонных не патрапіла ні ў якія рэестры, іх развезла шляхта па сваіх маёнтках.

«Калі казаць асцярожна, то адпаведна адной даволі сумнеўнай крыніцы ў Барысаве засталося 1600 чалавек. З улікам таго, што рэальная колькасць наймітаў ніколі не адпавядала рэальнай, а была заўсёды ніжэйшай, з улікам таго, што да Аршанскай бітвы маглі быць нейкія страты, то колькасць войска пад камандаваннем Астрожскага будзе ў раёне 14—15 тысяч.

Адносна маскоўскага войска ёсць мінімалістычныя ацэнкі маскоўскага гісторыка Дзмітрыя Селіверстава ў 4,5 тысячы.

Звесткі пра ход бітвы кажуць аб тым, што яна досыць зацята ішла, маскавіты хацелі абысці непрыяцеля з фланга. Адна крыніца кажа, што маскоўскія ваяводы Булгакаў і Чаляднін дзейнічалі не ўзгоднена і ўступалі ў бой па чарзе.

Гэта ўсё намякае на тое, што войскі колькасна былі як мінімум роўныя».

Ці сапраўды войска гетмана Астрожскага было больш падрыхтаваным

Казакоў адзначае, што маскоўскае войска было добра спрактыкаванае ў ваеннай справе. «Яно ледзь не штогод некалькі месяцаў праводзіла ў сядле. Калі не было актуальнай вайны, то яно як мінімум хадзіла на поўдзень стаяць заставай ад магчымага татарскага наезду. Агулам мілітарная сістэма Вялікага Княства Маскоўскага давала куды больш магчымасцей для таго, каб войскі былі падрыхтаванымі. Там войска адыгрывала куды большую ролю ў фарміраванні дзяржаўнасці, чым у ВКЛ.

Калі параўнаць маскоўскую памесную конніцу са шляхецкім апалчэннем, ці земскай службай, як яна ў той час называлася, то тут увогуле нельга казаць пра нейкую перавагу так званага «літоўскага рыцарства».

Да таго ж, як адзначае гісторык, у Маскоўскай дзяржавы была добра наладжаная мабілізацыйная сістэма.

«Вайна таго часу не столькі пра тое, колькі людзей і як хутка ты можаш сабраць, а пра тое, як потым зрабіць так, каб ім было што есці, каб яны не разбегліся з войска. Тут мастацтва Маскоўскай дзяржавы было лепшым на той час, чым у Вялікім Княстве Літоўскім.

Адпаведна і стратэгія была досыць агрэсіўная. У ВКЛ, як і ў Польшчы, было больш разняволенасці».

Безумоўна, войскі адрозніваліся. З маскоўскага боку яно складалася амаль выключна з конных лучнікаў. З нашага боку былі вельмі розныя тыпы войскаў. Была кавалерыя, пяхота, узброеная ў асноўным агнястрэльнай зброяй. Была артылерыя.

Казакоў адзначае, што ёсць сведчанні, што прыкметную ролю ў бітве адыграла пяхота. Але так атрымалася, што ў гістарыяграфію ўвайшло палажэнне аб тым, што вырашальную ролю адыграла артылерыя. Гэта звязана з тым, што асноўная крыніца гісторыі бітвы — гэта трактат Сігізмунда фон Герберштэйна. У нямецкамоўным выданні ён згадвае пра ролю пяхоты і артылерыі. А вось у лацінамоўным выданні ёсць згадка толькі пра артылерыю. Пазнейшыя польскія гісторыкі выкарыстоўвалі лацінамоўнае выданне.

Пяхота з ручніцамі Пехота с ручницами Infantry with hand grips
Пехацінцы, узброеныя ручніцамі. Карціна «Бітва пад Оршай». 1540-я гады.

Казакоў адзначае, што ў тыя часы ў Еўропе менавіта пяхота з агнястрэльнай зброяй пачынала эксперыментальна выкарыстоўвацца ў адкрытай бітве. Узнікла спалучэнне аркебузіраў і капінераў, якія павінны былі іх абараняць ад атакі бліжняга бою. Але спачатку гэта спрабавалі рабіць палявымі ўмацаваннямі — валам і ровам. Калі гэта немагчыма было зрабіць, то выкарыстоўвалі мясцовасць. І ў бітве пад Оршай здарылася тое ж самае.

«Гэта даволі не характэрны для нашага рэгіёна момант выкарыстання пяхоты з ручніцамі, асабліва супраць конных лучнікаў. Бо гэта хіба што найменш эфектыўная магчымасць іх выкарыстаць. Але цікава тое, што ў бітве пад Оршай яны былі выкарыстаныя досыць эфектыўна. І ў гэтым сэнсе Аршанская бітва ўпісваецца ва агульнаеўрапейскі і блізкаўсходні перыяд эксперыментатарства з пяхотай.

У розных краінах і рэгіёнах гэта развіццё па-рознаму пайшло далей. А вось у нас яно не пайшло. У Заходняй Еўропе пайшло. У асманаў пайшло з агаворкамі. Таму няпраўдай было казаць, што гэта была бітва, дзе адыграла ролю нейкая тэхнічная заходняя перавага. Пастаўце пяхоту супраць конных лучнікаў у чыстым полі. Параўнайце далёкасць палёту стралы і далёкасць стрэлу з ручніцы, і стане зразумела, што ў пяхоты мала шанцаў».

Што тычыцца артылерыі, то, як адзначае Казакоў, Масква была адной з перадавых краін у яе развіцці. Гэта было абумоўлена пашырэннем краіны за кошт заваёў. І для здабыцця ўмацаваных населеных пунктаў неабходна было мець добрую артылерыю. У гэтых адносінах Маскву параўноўваюць з Асманскай імперыяй. Яшчэ ў XV стагоддзі ў Маскве ўзнікла цэнтралізаваная вытворчасць гармат. Тое, чаго ў ВКЛ не было да сярэдзіны XVI стагоддзя.

Роля Канстанціна Астрожскага

На погляд Казакова, лагічна было б гаварыць, што дзякуючы ўмелым дзеянням гетмана Канстанціна Астрожскага была дасягнутая перамога. Яго трыумфальна віталі ў Вільні, называлі рускім Сцыпіёнам. Але ў той жа час ёсць сведчанні пра тое, што контратака на левым флангу адбылася дзякуючы мясцовай ініцыятыве. Астрожскі нават не ведаў, што там адбывалася, бо быў дзесьці ў іншым месцы ў гэты момант.

Канстанцін Астрожскі Konstantin Ostrogsky Константин Острожский
Канстанцін Іванавіч Астрожскі, невядомы мастак, 1-я палова XVII стагоддзя

«У нас занадта мала звестак, каб нейкія дэтальныя высновы рабіць. Трэба разумець, што такая бітва — найбольш складаны від баявых дзеянняў на той час, калі трэба, каб некалькі тысяч чалавек узгоднена дзейнічалі. Нават пры сучасных сродках камунікацыі гэта не так проста.

Тады вельмі часта пры такіх бітвах усё залежала ад таго, як яна пойдзе, якія войскі на якім этапе бітвы на якім участку акажуцца найбольш стойкімі і не пабягуць першымі. У бітве пад Оршай мы бачым, што маскавіты не вытрымалі. Выглядае на тое, што яны патрапілі ў вельмі нязручнае месца, дзе пяхота магла беспакарана іх расстрэльваць. Што яна і зрабіла. І, хутчэй за ўсё, Герберштэйн мае рацыю, калі піша, што гэта стала паваротным момантам у бітве».

Чаму гэта перамога была «вялікай»

Казакоў адзначае, што бітва пад Оршай невыпадкова называлася «вялікай». Гэта было не для прапаганды. У тых жа рэестрах палонных, дакуменце для ўнутранага карыстання, бітва называлася «бітва роская» (аршанская), ці «велікая бітва», што, безумоўна, адлюстроўвае, як яна ўспрымалася сярод сучаснікаў:

«Гэта было вельмі буйное вайсковае сутыкненне. Нават калі ўлічыць, што колькасць войска ВКЛ вядомая, маскавітаў няхай было столькі ж, то гэта найбуйнейшая бітва таго часу».

Казакоў звяртае ўвагу, што той факт, што пасля Аршанскай бітвы Вялікае Княства Літоўскае амаль не згубіла тэрыторыі на карысць Масковіі, дазваляе перабольшваць значэнне гэтай бітвы.

Ці варта беларусам ушаноўваць бітву пад Оршай

Аляксандр Казакоў лічыць, што Аршанская бітва ўжо займае вялікае месца ў гістарычнай памяці беларусаў, таму было б дзіўным ад гэтага адмовіцца.

«Гэта якраз той момант, калі вынаходзіць нічога не трэба. Вось ужо ёсць тое, што добра ўсталявалася. І калі ў грамадстве будзе запатрабавана падзея, якая дае прыклад вайсковай славы і паспяховай абароны Айчыны, то Аршанская бітва вельмі добра гэтую ролю выконвае. Безумоўна лепш, чым Грунвальдская бітва.

Але іншая рэч, у якіх умовах гэта будзе запатрабавана інструментальна. Калі мы ўявім, што ў Беларусі вельмі добрыя стасункі з Расіяй, то наколькі Аршанская бітва будзе запатрабаваная як палітычны міф? Напэўна не. Але як падзея ваеннай гісторыі, то безумоўна».

На думку гісторыка, ва ўмовах устойлівага існавання беларускай дзяржаўнасці гэтая падзея ў першую чаргу павінна выкарыстоўвацца для мемарызацыі вайсковай сферы. Прыкладам можа быць Украіна, дзе з 2014 года гэтая бітва досыць добра ўведзеная ў мілітарную сферу. Напрыклад, зʼявіліся вайсковыя часці імя Астрожскага ці такія візуальныя формы, як эмблема бранятанкавых войскаў Украіны, на якой змешчаны пярнач у латнай рукавіцы нібыта Канстанціна Астрожскага.

Сярод іншых мерапрыемстваў Казакоў прапануе ўстанавіць помнік на месцы бітвы, стварыць там нейкую турыстычную атракцыю, нягледзячы на тое, што невядома канкрэтнае месца бітвы.

«Каб ушанаваць памяць, нам не абавязкова ведаць дакладнае поле бітвы. У выпадку Аршанскай бітвы ўжо ёсць памятны камень, каля якога адбывалася святкаванне».

Такая мемарызацыя была б без палітычнага падтэксту, а ў кантэксце культуры палёў бітваў, як месца, дзе тварылася гісторыя, месца для ўшанавання памяці і прыцягнення ўвагі. Але цяпер такія падзеі, як Аршанская бітва, становяцца больш запатрабаванымі ў палітычным дыскурсе, што толькі шкодзіць спакойнаму навуковаму погляду.

Чытайце яшчэ:

Бітва пад Оршай: усё было не зусім так, як раней меркавалі

Радыкальныя «ліцвіны» падазрона наіўныя — Генадзь Сагановіч пра Літву і Аршанскую бітву

Моцнае перабольшанне: колькі ваяроў насамрэч білася пад Оршай

Каментары15

  • Базыль з-пад Хойнiкау
    18.09.2023
    Патаму ш а глалыёлус,А что в сухом остатке? Войска Московии разгромили, да. Цель войны - отбить Смоленск - были достигнуты? Да и по самой битве: если бы московские бояре не мерялись гениталиями друг перед другом, исход битвы мог быть другим. На войне всегда есть момент везения. Под Оршей Острожскому повезло больше. Через три года, под Опочкой, военное счастье было на стороне его противника.
    Так что выбор у всех есть, или думаем головой, или едим в голову, что дают.
  • Гары Сэлдан
    19.09.2023
    Файна быць гісторыкам - можна ўсё жыццё мусоліць адны і тыя ж факты, зафіксаваныя і сабраныя не табой, а пакаленні таму. Можна высоўваць гіпотэзы і нават фантазіі, спрачацца з чужымі фантазіямі, інтэрпрэтаваць падзеі іттак і сяк - і нічога табе за гэта ня будзе. І на ўсё гэта катанне ваты заўсёды будзе попыт.

    Шкада толькі, што ўсе гісторыкі па вушы ў гэтым міфічным эскапізме і не займаюцца сучаснай гісторыяй, не фіксуюць і не апісваюць сённешні і ўчорашні дзень. А значыць, ужо заўтра-паслязаўтра з'явяцца самыя фантастычныя інтэрпрэтацыі падзей нашага ўчора і сёння - падзей 2020-2023. Іх ужо перакручваюць і ахутваюць фэнтазійным туманам. Ці разбяруцца нашыя дзеці і ўнукі ў нашым перыядзе? Бадай што, не. Бо гтсторыкі капошуцца ў тым у каго колькі было рушніц і гармат у 1514 і на якім полі ставіць памятны камень... Сумна.
  • Сатурн
    19.09.2023
    Варта! И согласен с Мацукевичем — нам еще предстоит борьба со ВСЕМИ соседями за свою историю

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным9

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Усе навіны →
Усе навіны

Джо Байдэн памілаваў свайго сына25

На тэрыторыі Польшчы пашкоджаны нафтаправод «Дружба»2

Прэм'ер Галоўчанка расказаў пра сваю любімую страву з бульбы5

У Грузіі пратэсты ідуць чацвёрты дзень. Апазіцыя патрабуе эфіру на ТБ2

Спявак Герман Цітоў на Алексіевіч: Ты павінна быць з Лукашэнкам на «вы» і шэптам35

Украінцы з «Хаймарса» накрылі ганаровае пастраенне расійскіх вайскоўцаў у Курскай вобласці. 12 загінулых9

Падрабязнасці здарэння ў Хойніках, дзе воўк напаў на вартаўніка і міліцыянтаў1

Зяленскі: Украіна можа ўступіць у НАТА без дзеяння артыкула 5 на ўсёй тэрыторыі8

У Польшчы ёсць свае сёстры Груздзевы — сёстры Гадлеўскія ВІДЭА2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным9

«На што павінна пайсці Расія? Пажадана на тры літары». На сустрэчы з Шольцам Зяленскі не быў дыпламатычным

Галоўнае
Усе навіны →