Грамадства33

Паехаць у Грузію ці ажаніцца анлайн. Расказваем, як беларусам пабрацца шлюбам за мяжой (і нават без даведкі з краіны)

Вы эмігравалі і хочаце пабрацца шлюбам? Расказваем, як гэта працуе ў найпапулярнейшых для беларусаў краінах — Польшчы, Літве і Грузіі.

Не маеце даведкі з Радзімы? Тады шлях да шлюбу ўскладніцца

І ў Польшчы, і ў Літве першапачатковы набор дакументаў для шлюбу падобны. Пра тое, якія паперы для гэтага рыхтаваць у Літве, «Нашай Ніве» расказала Іяланта Кузьмене, загадчыца Віленскага ЗАГСа: «Каб зарэгістраваць у нас шлюб, трэба прыйсці да нас з арыгіналамі пашпартоў і прынесці даведку, што няма перашкодаў для заключэння шлюбу.

Выдадзеная ў Беларусі даведка павінна быць з апастылем і перакладам на літоўскую мову. Калі для чалавека гэта будзе не першы шлюб, павінны быць дакумент аб разводзе з апастылем і перакладам на літоўскую. Калі ж людзі не могуць падаць даведку аб тым, што няма перашкодаў для заключэння шлюбу, ён не можа быць зарэгістраваны».

Што да Польшчы, у тамтэйшых ЗАГСах ад вас, акрамя пашпарта, папросяць паказаць пасведчанне аб нараджэнні з апастылем і перакладам на польскую мову. Калі гэта першы шлюб, больш дакументаў і не трэба. Калі ж вы ў разводзе, рыхтуйце адпаведны дакумент — і так, усё гэта трэба перакласці на мову краіны пражывання і апастыляваць.

Але ёсць важны нюанс.

У абедзвюх краінах беларусам, каб пабрацца шлюбам, патрэбная даведка пра адсутнасць перашкодаў для шлюбу за мяжой — прасцей кажучы, пра тое, што вы не жанатыя ў Беларусі.

Раней яе можна было атрымаць у любым консульстве, але пасля ўказа №278 за такой даведкай прыйдзецца ехаць дахаты — або перадаваць камусьці даверанасць, зробленую ў Беларусі, каб гэты чалавек узяў для вас адпаведную даведку.

Не можаце вяртацца ў Беларусь? Калі вы ў Літве і атрымалі статус уцекача, можна ажаніцца і без даведкі з Беларусі. Менавіта так пабраліся шлюбам былы палітвязень Зміцер Фурманаў і яго дзяўчына Вольга Каракіна.

Зміцер апісаў для нас гэтую працэдуру: «Спачатку мы падаліся на ўцякацтва. Калі атрымалі сталы дазвол на жыхарства з карткамі, пайшлі ў віленскі ЗАГС. Тамака напісалі заяву, аплацілі 20 еўра і пачалі чакаць назначаны дзень. На вяселлі з намі былі сведкі з беларускімі пашпартамі».

Пра тое, як абысціся без запаветнай даведкі ў Польшчы, нам расказала Вольга Дабравольская, кіраўніца аддзела прававой дапамогі Цэнтра беларускай салідарнасці. Паводле яе, у стандартнай сітуацыі, калі беларусы могуць паехаць на Радзіму, трэба ўзяць у ЗАГСе даведку пра тое, што ты не знаходзішся ў шлюбе ў Беларусі, або даць зробленую ў Беларусі даверанасць іншаму чалавеку, каб ён узяў гэтую даведку за вас. Потым з гэтай даведкай трэба звярнуцца ў амбасаду Беларусі, каб там выдалі пасведчанне пра тое, што ў вас на падставе беларускага заканадаўства няма перашкодаў для заключэння шлюбу.

Калі чалавек не можа атрымаць такую даведку ў ЗАГСе, ён не атрымае і адпаведнае пасведчанне ў амбасадзе, тлумачыць Вольга: «Беларусы, якія апынуліся ў такой сітуацыі, могуць звярнуцца ў раённы суд па месцы жыхарства ў Польшчы і папрасіць, каб суд звольніў іх ад прадастаўлення гэтай даведкі. Трэба будзе абгрунтаваць, чаму вы не можаце пайсці ў амбасаду ці паехаць у Беларусь — напрыклад, таму што вы баіцеся рэпрэсій ці пераследу.

Беларусы, якія звяртаюцца з запытам аб наданні міжнароднай аховы (дадатковай аховы ці статусу ўцекача), могуць аргументаваць гэтым у судзе немагчымасць атрымання даведкі. Пакуль што проста гуманітарная віза ці часовы дазвол на жыхарства на яе падставе не даюць аргументаванай падставы на тое, каб ажаніцца без даведкі — і па візе, і па ДНЖ можна выязджаць у Беларусь. Таму трэба будзе дадаткова патлумачыць, чаму вы не можаце звярнуцца ў амбасаду ці паехаць у Беларусь, каб атрымаць неабходныя дакументы».

Такая заява ў суд, расказвае юрыстка, мае быць напісаная па-польску, да яе трэба прыкласці дакументы, якія пацвярджаюць гэтую заяву: напрыклад, рашэнне аб наданні статусу ўцекача ці дадатковай аховы, таксама трэба дадаць пасведчанне аб нараджэнні. Калі ў вас няма пасведчання аб нараджэнні і вы не можаце яго прывезці, можна звярнуцца ў суд, каб вас вызвалілі ад неабходнасці прадастаўляць абодва дакументы для заключэння шлюбу.

Юрыстка папярэджвае, што судовая працэдура можа зацягнуцца. Напрыклад, у Варшаве можна чакаць рашэння па вашай справе да шасці месяцаў.

Але ёсць і іншыя варыянты.

Вяселле ў Грузіі — рамантычна і проста

Выглядае, што ў гэтай сітуацыі лайфхакам для беларусаў можа стаць цырымонія ў Грузіі. «Нашай Ніве» напісалі дзясяткі чытачоў, якія менавіта так пабраліся шлюбам. Плюсоў шмат: адносна простая арганізацыя, магчымасць зладзіць вяселле ў рамантычным высакагорным рэгіёне, параўнальна невысокія цэны.

Вось вытрымкі з гісторый нашых чытачоў:

«…Усё, што спатрэбілася — гэта зрабіць натарыяльны пераклад нашых пашпартоў і знайсці двух сведкаў. Потым мы ўдваіх пайшлі ў Дом юстыцыі [ў Тбілісі] з пашпартамі ўсіх 4 чалавек (мы і сведкі) і перакладамі нашых пашпартоў. Чарга на прыём заняла ў нас каля 10 хвілін. Далей у акенцы нас унеслі ў базу і сказалі пачакаць, пакуль будзе гатова пацвярджэнне. У цэлым яно робіцца некалькі гадзін і зарэгістраваць шлюб можна нават у той жа дзень. Мы прыйшлі на наступны [дзень] са сведкамі, падпісалі паперы, і нас аформілі за лічаныя хвіліны. Далей мы прыкладна палову гадзіны ўтрасалі пытанні з апастылем, які могуць зрабіць проста там за асобную плату. Супрацоўнікі ў цэлым ветлівыя. Усё было вельмі проста і хутка».

«Якраз шмат людзей з Літвы ды Польшчы прыязджаюць менавіта ў Грузію, каб тут распісацца і легалізаваць шлюб, а потым вяртаюцца ў свае краіны і кажуць, што з пасведчаннямі грузінскага ўзору прасцей вырашаць «сямейную бюракратыю» ў сваіх краінах».

Аднак нават у самыя шчаслівыя хвіліны не варта губляць асцярожнасць:

«Горад Поці. Усё было зроблена за 2 дні, сама працэдура заняла 10 хвілін. Але нас падманулі на 50$ у натарыяльным агенцтве (менавіта памочніца натарыуса). І, вядома, памыліліся ў напісанні прозвішча. Таму натарыяльны пераклад быў зроблены з дзвюма памылкамі, што ў выніку дало правільны вынік».

«Заключалі шлюб у Грузіі вясной гэтага года. Ніякіх асаблівых дакументаў не трэба — толькі натарыяльна завераныя пераклады пашпартоў на грузінскую мову (сваіх і 2 сведкаў). Сведкам можа быць хто заўгодна, у нас гэта былі нашы сябры з Беларусі, якія жывуць у Тбілісі. Пераклады каштуюць не вельмі дорага — штосьці кшталту 50-60 лары (~20$) за 1 пашпарт. 

Праўда, калі мы прыехалі на рэгістрацыю, аказалася, што ў перакладах ёсць пара дробных памылак, таму там жа ў натарыяльнай канторы за 15 хвілін іх выправілі. Пасля чаго наш шлюб паспяхова зарэгістравалі, праз пару гадзін аддалі пасведчанне. Стаўленне чыноўнікаў вельмі зычлівае — нас павіншавалі і пажадалі ўсяго найлепшага, але мне здаецца, у Грузіі іншае ўвогуле рэдка сустракаецца. Наколькі я ведаю, рэгістрацыя шлюбу ў Грузіі — адзін з самых простых варыянтаў, калі вы не можаце паехаць у Беларусь».

Дом юстыцыі ў Тбілісі — адно з месцаў, дзе замежнікі могуць зарэгістраваць шлюб. Фота: архіў чытача «Нашай Нівы»

Дасведчаныя чытачы нават расказваюць, дзе ў Грузіі лепш зладзіць цырымонію, а якіх лакацый варта пазбягаць. Вось як гэта апісвае чытач Максім:

«Найпрасцейшае месца, дзе можна ўзяць шлюб у Грузіі, — гэта так званы Дом юстыцыі ў цэнтры Тбілісі. Але, шчыра кажучы, гэтае месца не вельмі рамантычнае, хаця там і можна ажаніцца вельмі хутка. Але гэта вялікі адміністрацыйны будынак з рознымі бюракратамі, электроннымі чэргамі і гэтак далей. Там у адным месцы можна зрабіць абсалютна ўсё і нават знайсці сведкаў для вашага шлюбу».

Замест гэтага Максім з нявестай паехалі ў мястэчка Сігнахі, што знаходзіцца на захадзе Грузіі. Беларус апісвае яго як вельмі маляўнічае, вакол яго — горы. Там і прайшла цырымонія. За яе пара заплаціла каля 70 лары — прыкладна 25-30 даляраў.

Від на даліну ў мястэчку Сігнахі. Фота: архіў чытача «Нашай Нівы»

Яшчэ адзін варыянт — ажаніцца анлайн

Яшчэ адзін варыянт — ажаніцца анлайн, каб ваш шлюб быў зарэгістраваны на тэрыторыі ЗША. У інтэрнэце нямала сайтаў, якія прадастаўляюць гэтую паслугу, і адным з іх скарыстаўся сын аднаго з чытачоў «Нашай Нівы». Мужчына зарэгістраваў шлюб на тэрыторыі амерыканскага штата Мэн, а сама цырымонія прайшла праз Zoom. Акрамя жаніха і нявесты, на ёй могуць «прысутнічаць» і родныя ды блізкія.

За рэгістрацыю шлюбу такім чынам давядзецца заплаціць недзе 200—300 даляраў. Вы атрымаеце па пошце адпаведны сертыфікат, з якім можна будзе легалізаваць шлюб у краіне пражывання. Адзіная праблема — скасаваць такі шлюб анлайн нельга, разводзіцца, калі што, давядзецца ехаць у ЗША.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Кожны эмігрант пражывае сацыяльную смерць». Як захаваць адносіны ў вымушанай эміграцыі?

«Можна сказаць, дзяцінства не было». Сямейная пара ўдваіх пабудавала дом, жыве там у шчасці ўжо 62 гады і ганяе на матацыкле

«Пачуццю гумару і прыгажосці дзіцяці будуць зайздросціць вашы сяброўкі і чужыя дзеці». Як я шукала донара, каб зацяжарыць

Каментары3

  • Vad
    19.09.2023
    Тема не до конца раскрыта. Почему опять только про Польшу, Литву и Грузию? Про эти страны и так много информации. И белорусы живут не только в этих странах. Почему про заключение брака в Дании не рассказали? Почему не рассказали что в некоторых случаях заявление под присягой (есть такая процедура в странах ЕС) может заменить справки из лукашенковских учреждений?
  • дочка Максима Дизайнера
    19.09.2023
    кому-то так важно в брак вступить?

    зачем вешать замочки на ограду мостов? (на первое фото смотрю) так брак что ли будет более брачный? так таки да - бывает что мосты рушатся от веса этих цепей и замков... и рушатся браки
  • Бобр
    19.09.2023
    Тема про суд в Польше в моем случае оказалась не рабочей. Суд отказал. Только время потеряли. Справку об отсутствии препятствия получили в посольстве Варшавы, а вот доверенность пришлось делать в Брюсселе. Кстати в прескуранте была цена росписи, однако требовали паспорт серии РР в этомслучае

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры

Усе навіны →
Усе навіны

У 39 гадоў загінуў начальнік аддзела па раскрыцці цяжкіх злачынстваў УУС Брэсцкага аблвыканкама21

Пасяджэнне парламента Новай Зеландыі было сарвана рытуальным танцам дэпутатаў ВІДЭА6

Сталі вядомыя прозвішчы пяці палітвязняў, вызваленых па памілаванні пасля 7 лістапада

Беларусаў прымушаюць падпісвацца не толькі за Лукашэнку, але і яго спарынг-партнёраў на выбарах5

«Выкінула праз бакавое шкло, апрытомнела на зямлі». У беларускі расколіна ў пазванку пасля аварыі аўтобуса ў Польшчы

Спявак Саша Нэма, якога паўгода таму дапытвалі ў ГУБАЗіКу, запісаў песню «Надо, батя!»7

За два гады працоўных мігрантаў у Беларусі пабольшала ў паўтара раза1

Хакеіста мінскага «Дынама» будуць судзіць за групавое згвалтаванне2

Былы памочнік Канапацкай настойвае: у яе быў нямецкі дазвол на жыхарства, таму рэгістраваць яе кандыдаткай нельга41

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры

Калі Канапацкая стала падкантрольная Лукашэнку? Расказваюць яе сябры

Галоўнае
Усе навіны →