Грамадства2929

Былы дыпламат Слюнькін адказаў Калеснікавай — чаму ў Расіі ёсць паслы ЕС, а ў Беларусі амаль нікога няма

У сваім фэйсбуку Павел Слюнькін тлумачыць розніцу паміж Беларуссю і Расіяй.

Міністры замежных спраў Беларусі і Літвы Уладзімір Макей і Лінас Лінкявічус у Мінску ў 2018 годзе

Учора сітуацыю з пасламі зноў закранула Марыя Калеснікава, размаўляючы ў Берліне з журналістамі.

«Чаму з Пуціным нехта размаўляе, чаму там (у Расіі) ёсць паслы, а ў нас — няма? Бо гэта ж несупастаўныя рэчы. Пуцін гадамі забівае Украіну, украінцаў ужо столькі гадоў, праліваецца кроў, гэта ўсё робіцца цынічна, гэта жудасны ўзровень прапаганды — гэта нейкія рэчы за межамі дабра і зла цяпер адбываюцца. Але з ім [Пуціным] могуць размаўляць, у яго могуць быць дыпламаты. А ў нас — няма», — задалася пытаннем яна (прыводзіць словы «Люстэрка»).

«Давайце пагаворым пра дыпламатыю і дыпламатычныя адносіны», — палемізуе Павел Слюнькін.

1. Пачнём з базавых пытанняў. Узровень дыпламатычных адносін — гэта індыкатар міждзяржаўных адносін. Калі гэтыя адносіны пагаршаюцца, краіны могуць паніжаць узровень сваіх і замежных дыппрадстаўніцтваў. Напрыклад, у кастрычніку 2020 года беларускія ўлады адклікалі сваіх паслоў з Літвы і Польшчы ў Мінск і «папрасілі» паслоў Польшчы і Літвы пакінуць тэрыторыю Беларусі.

2. Таксама краіны могуць абмяжоўваць колькасць дыпламатаў той ці іншай дзяржавы. Напрыклад, Беларусь некалькі разоў скарачала колькасць дыпламатаў ЗША ў краіне да мінімуму. Або змяншала колькасць консульскіх супрацоўнікаў Польшчы, якія выдавалі беларусам візы і карты паляка.

3. Калі адносіны зусім дрэнныя, краіны могуць разарваць дыпламатычныя адносіны. Напрыклад, ЗША разарвалі дыпадносіны з Кубай і аднавілі іх толькі праз дзесяцігоддзі. А разарваныя адносіны з Іранам пасля ісламскай рэвалюцыі не адноўленыя дагэтуль. Грузія і Украіна разарвалі дыпадносіны з Расіяй пасля нападу гэтай краіны на іх. Аднак нават у такіх выпадках, улічваючы неабходнасць вырашаць пытанні адно з адным, краіны часта прызначаюць пасрэднікаў, праз якіх вядуць камунікацыю. Швейцарыя, напрыклад, выконвае такую функцыю для Грузіі і Расіі.

4. Наяўнасць або адсутнасць паслоў — вельмі важны індыкатар. Паслы могуць разлічваць на больш высокі ўзровень сустрэч у замежных сталіцах і маюць большую вагу ўнутры ўладных іерархій сваіх краін. Аднак пры наяўнасці жадання дамаўляцца адсутнасць паслоў рэдка становіцца перашкодай.

Напрыклад, у 2020 годзе ў Беларусі не было пасла ЗША, але часовая павераная ў справах ЗША Джэніфер Мур рэгулярна сустракалася з кіраўніком МЗС і сакратаром Рады бяспекі.

Яна нават здолела ўпершыню прывезці ў Беларусь Дзяржсакратара ЗША Майка Пампеа ў лютым 2020 года.

Або іншы прыклад. Мой сябар і калега Павел Мацукевіч здолеў стварыць групу дружбы паміж парламентамі Беларусі і Швейцарыі, арганізаваць візіт у Берн старшыні Палаты прадстаўнікоў Андрэйчанкі і нават атрымаць афіцыйнае запрашэнне на ўзроўні прэзідэнта Беларусі наведаць Чэмпіянат свету па хакеі 2020 года. Хоць Павел не быў паслом, ён быў часовым павераным у справах.

А вось пасол, які прыехаў на змену Мацукевічу, Аляксандр Ганевіч, не дэманструе значных поспехаў. Не таму, што ён некваліфікаваны дыпламат, а таму, што больш вагомыя фактары ў двухбаковых адносінах (вайна, палітвязні, беспрэцэдэнтныя для Еўропы рэпрэсіі, санкцыі і г.д.) складваюцца так, што сама прысутнасць пасла Беларусі ў Берне не можа апрыёры прыносіць сур’ёзныя вынікі.

Яшчэ прыклад: ЗША зараз вядуць перамовы з Іранам на высокім узроўні, хоць фармальных дыпадносін паміж краінамі няма ўжо больш за 45 гадоў. А ў 2015 годзе перамовы амерыканцаў з іранцамі прывялі да гістарычнага пагаднення па іранскай ядзернай праграме.

Увогуле, як правіла, справа не ў паслах, а ў жаданні. І калі яно ёсць з абодвух бакоў, адносіны могуць развівацца і пры наяўнасці часовага паверанага на чале місіі.

5. У Беларусі цяпер ёсць паслы краін ЕС — Венгрыі і Славакіі. Іншыя краіны ЕС прадстаўленыя на ўзроўні часовых павераных у справах. У Мінск рэгулярна прыязджае міністр замежных спраў Венгрыі Петэр Сіярта, а прэм’ер-міністр Славакіі Фіца меў размовы з Лукашэнкам на палях міжнародных самітаў. Пасля 2020 года былыя міністры замежных спраў Беларусі Макей і Алейнік мелі непублічныя сустрэчы са сваімі еўрапейскімі візаві. Лукашэнку тэлефанавалі Меркель, Макрон і Пампеа; Макею — Барэль і інш.

Камунікацыя ніколі не спынялася, але яе інтэнсіўнасць і рэгулярнасць істотна знізіліся. Галоўнай перашкодай з’яўляецца не адсутнасць дыпламатычнай камунікацыі, а пазіцыі бакоў па ключавых пытаннях двухбаковага парадку дня.

6. Ёсць яшчэ адна праблема. Краіны ЕС (за выключэннем Венгрыі і Славакіі) цяпер не прызнаюць Аляксандра Лукашэнку прэзідэнтам Беларусі. Каб прызначыць свайго пасла, дзяржава фармальна павінна ўручыць Лукашэнку даверчую грамату (афіцыйны дакумент), у якой чорным па белым напісана «Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку». Уручэнне такога дакумента будзе фармальным прызнаннем яго прэзідэнтам. Менавіта таму амаль усе краіны ЕС устрымліваюцца ад гэтага кроку.

Прызначанаму паслу ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр з гэтай жа прычыны беларускія ўлады не выдалі візу ў 2021 годзе. Пазіцыя ЗША тады заключалася ў тым, каб накіраваць Фішэр у Беларусь і працаваць там, аднак пазбегнуць уручэння верчых грамат Лукашэнку.

7. З Уладзімірам Пуціным сітуацыя іншая. Ніводная з краін ЕС не адмаўлялася прызнаваць яго. Яны па-ранейшаму лічаць яго прэзідэнтам Расіі, які, хоць і фальсіфікаваў выбары і душыў пратэсты, не прайграў іх настолькі відавочна, як Аляксандр Лукашэнка ў 2020 годзе. Таму ў Расіі спакойна працуюць паслы краін ЕС, якія ўручаюць Пуціну даверчыя граматы.

Да выбараў 2020 года Лукашэнка быў у падобным становішчы: краіны ЕС лічылі выбары ў Беларусі недэмакратычнымі, а афіцыйныя вынікі — такімі, што не адлюстроўваюць волю беларускага народа. Але заходнія паслы ўручалі яму верчыя граматы, а еўрапейскія ўрады прызнавалі яго прэзідэнтам.

8. Не заўсёды жаданне адной краіны вярнуць пасла ў іншую знаходзіць узаемнасць. Беларусь некалькі разоў у гісторыі дыпадносін на закрытых перамовах казала «што цяпер не час», калі заходнія краіны выходзілі з такой прапановай.

9. І напрыканцы яшчэ адна гісторыя. У 2022 годзе Часовую павераную ў справах ЕС у Беларусі Эвеліну Шульц, у парушэнне Венскай канвенцыі, затрымалі, даставілі ў міліцэйскі ўчастак і пратрымалі там каля дзвюх гадзін. Сімвалічна, што затрымалі яе за тое, што яна прыйшла на суд над палітвязнямі», — заключыў Павел Слюнькін.

Каментары29

  • Дипломат без ручки
    11.02.2026
    От того признают в стране Лукашенко президентом или нет, его реальная власть в Беларуси к величайшему сожалению не становится меньшей ни на грамм. Да, его самолюбию может и не приятно, но на деле из-за этого в большинстве своём страдают обычные люди, которые скорее всего и Лукашенку не поддерживают, но другой страны для проживания, как и гражданства у них нету.
    Хотя чего тут ныть. Давно известно, что в 90% случаев от санкций страдают обычные люди, а не Лукашенко и его ближайшие соратники.
  • Dardanellen
    11.02.2026
    Ведаюць пра казкі Андэрсэна , пра акуляры гучы , пра парыскія тарты .
    Толькі пра спадчыну Вялікае Літвы анічога .
  • Каверда
    11.02.2026
    Міжнародная ізаляцыя - гэта таксама нізкая мабільнасьць насельніцтва.
    Самы слабы пашпарт у Эўропе і зачыненыя межы сур'ёзна ўскладняюць эміграцыю.

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра8

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

Статкевіч пра невядомае з падзей 2020 года і высновы з іх: Новую ўладу сфармуюць не тыя, хто эміграваў, а тыя, хто прыбярэ старую40

Масіраваная атака дронаў на Ленінградскую вобласць: пажар у порце і калапс у Пулкаве2

Ізраільскія пасяленцы напалі на палесцінскія вёскі на Заходнім беразе. Гэта адбылося пасля гібелі яўрэйскага падлетка11

У Нью-Ёрку самалёт Air Canada сутыкнуўся з пажарнай машынай на ўзлётна-пасадачнай паласе

У Гомелі знясуць даваенны Дом сувязі — замінае пашырыць вуліцу, якая ў гэтым месцы і так мае восем палос1

У цэнтры Мінска п'яны кіроўца пратараніў слуп

У Беларусі пабачылі палярнае ззянне3

Палякі купляюць дамы ў Беларусі — цікавяцца, ці хопіць на жыццё еўрапейскай пенсіі, і радуюцца смешным выдаткам26

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра8

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць