Свет11

«Спачатку я не магла ў гэта паверыць». Прапрапраўнучка Дуніна-Марцінкевіча расказала, якія пачуцці ў яе выклікае прызнанне творчасці продка «экстрэмісцкай»

У жніўні і лістападзе гэтага года ўлады прызналі «экстрэмісцкімі» два вершы, якія прыпісваюцца класіку беларускай літаратуры XIX стагоддзя Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу. Больш таго — у спіс забароненых разам з гэтымі вершамі патрапляюць цэлыя ягоныя зборнікі твораў. Deutsche Welle пацікавілася, што адносна гэтага думае прапрапраўнучка пісьменніка Агнешка Крыжаньска-Дусь, якая жыве ў Польшчы.

Агнешка Крыжаньска-Дусь з дочкамі на магіле свайго славутага продка

«Спачатку я не магла ў гэта паверыць. Я падумала, што гэта занадта абсурдна, каб быць праўдай. Аднак людзі, ад якіх я пра гэта пачула, не жартавалі», — расказвае жанчына.

Яна дзеля цікавасці нават знайшла на Вікіпедыі тэкст «экстрэмісцкай» «Гутаркі старога дзеда», якая прыпісваецца Дуніну-Марцінкевічу.

«Я зразумела змест верша, хоць ніколі не вучыла беларускую мову, але не разумею, чым верш XIX стагоддзя можа нашкодзіць уладзе ў XXI стагоддзі», — гаворыць Агнешка Крыжаньска-Дусь.

Агнешка жыве ў Непаламіцах — невялікім мястэчку за 20 кіламетраў ад Кракава. Яна — настаўніца польскай мовы ў пачатковай школе ў Кракаве, выкладае яе дзецям з Украіны і Беларусі.

«Я не з'яўляюся ні даследчыцай творчасці Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, ні эксперткай па палітычнай сітуацыі. Я толькі выйграла ў латарэю, будучы нашчадкам вядомага чалавека», — кажа жанчына.

Паводле яе слоў, у Дуніна-Марцінкевіча шмат нашчадкаў у Польшчы, ЗША і Нідэрландах, толькі ў яе пакаленні адзінаццаць чалавек. Пасля Другой сусветнай вайны бабуля і дзядуля Агнешкі прыехалі ў Польшчу са сваімі дзецьмі, узяўшы толькі самае неабходнае для жыцця.

«Праз шмат гадоў, калі мой бацька ўпершыню наведаў Люцінку, дзе правёў у дзяцінстве ваенныя гады, ён прывёз фатаграфію лесвіцы перад тым месцам, дзе калісьці стаяў сядзібны дом з лістоўніцы, і кавалак ствала ліпы, якая расла побач з ім», — дзеліцца гераіня.

Пра сваё сваяцтва са знакамітым паэтам і драматургам Агнешка даведалася, калі вучылася ў старэйшых класах школы — ёй з братам бацька паказаў дакументы і распавёў тое нямногае, што сам ведаў пра Дуніна-Марцінкевіча.

«Пра значэнне Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча для беларускай літаратуры мы даведаліся толькі ў 1980-я гады, дзякуючы Язэпу Янушкевічу. Я шукала інфармацыю пра свайго прапрапрадзеда, але тады без інтэрнэта гэта было няпроста», — кажа суразмоўца.

Яна таксама адзначае, што беларускамоўныя творы Дуніна-Марцінкевіча не перакладзеныя на польскую, а польскамоўная творчасць не ацэненая, у Польшчы ён мала вядомы.

У 2008-м прапрапраўнучку беларускага класіка разам з дзядзькамі запрасілі ў Мінск — на афіцыйнае святкаванне 200-годдзя з дня нараджэння Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.

«Убачыўшы маштаб цырымоніі, якая доўжылася некалькі дзён з раніцы да вечара, я зразумела, наколькі важны быў наш продак для беларускай культуры. Гэта пакінула ў мяне шмат незабыўных успамінаў, як ад афіцыйнай праграмы, так і ад сустрэч з людзьмі», — успамінае Агнешка.

У гэты візіт у Беларусь яна ўпершыню наведала Люцінку, пабывала на магіле свайго знакамітага продка і на спектаклі «Сялянка» (Ідылія) па п'есе Дуніна-Марцінкевіча, якую ў тэатры ім. Янкі Купалы паставіў Мікалай Пінігін.

У 2016-м жанчына прыязджала ў Беларусь разам з дзвюма дочкамі. Іх запрасілі на 150-годдзе п'есы Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта»: «Мае дочкі таксама змаглі адчуць і ўбачыць, наколькі паважаны і шанаваны іх знакаміты прапрапрапрадзядуля».

«Я не магу адказаць, чаму паэта XIX стагоддзя зноў затаўравалі «экстрэмістам» у XXI стагоддзі. Можа быць таму, што дзвесце гадоў таму яго віна (удзел у паўстанні 1863 года. — Рэд.) не была даказаная, і хтосьці вырашыў, што пара выправіць гэтую «памылку»?, — разважае Агнешка Крыжаньска-Дусь. —

Аднак, мне здаецца больш разумным звяртаць увагу на сучасных людзей і з'явы. Навядзенне страху і пошук ворагаў — вядомыя і, на жаль, папулярныя метады кіравання. Магчыма, у гэтым ёсць нейкі глыбока схаваны сэнс, які прынясе ўладам чаканую карысць. Ці зусім наадварот».

Прапрапраўнучка беларускага класіка не губляе надзеі, што забарона ўладаў паслужыць рэкламай творам Дуніна-Марцінкевіча і прыцягне новых чытачоў, бо «чым больш супярэчлівай з'яўляецца кніга, п'еса, фільм ці песня, тым больш людзей да яе імкнуцца».

«Спадзяюся, што Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч таксама перажыве гэтую няласку (уладаў. — Рэд.)», — дадае Агнешка Крыжаньска-Дусь. 

Чытайце таксама:

Прызналі «экстрэмісцкім» двухтомны збор твораў Дуніна-Марцінкевіча. Ён выйшаў у дзяржаўным выдавецтве

Навіна пра абвяшчэнне ў Беларусі «экстрэмісцкімі» вершаў XIX стагоддзя стала самай чытанай на Бі-Бі-Сі

Два вершы Дуніна-Марцінкевіча пракуратура прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі

Каментары1

  • Алек. Ру
    24.11.2023
    Нажаль, тое, што у́ цывілізаваным свеце у́спрымаецца як дзікунства, цемрашальства І недарэчнасць, у лукашыстскай Беларусі - парадак І нагода ганарыцца І абгрунтаванне для розных узнагарод.
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі19

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску хуткасць арэндных самакатаў збіраюцца знізіць да 20 км/г, а ў цэнтры — да 7 км/г5

Пры Мірскім замку ўзнаўляюць італьянскі сад XVIII стагоддзя. Комплекс чакае маштабная разбудова5

Невядомыя апаганілі статую Уэйна Грэцкі ў Эдмантане3

Трамп скасоўвае прававы статус 530 тысяч кубінцаў, гаіцянаў, нікарагуанцаў і венесуэльцаў2

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць6

Пагражаюць за Дзень Волі? Вось што трэба рабіць45

Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскага знішчальніка новага пакалення8

Стаў вядомы жорсткі прысуд, вынесены жыхару Гомеля за «здраду дзяржаве»1

Кетоны: што за рэчывы, якія спыняюць старэнне мозгу і дапамагаюць схуднець?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі19

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць