Замежнікаў, якія ўязджаюць у Расію, абавяжуць падпісваць «пагадненне аб лаяльнасці» краіне
Міністэрства ўнутраных спраў Расіі выступіла з ініцыятывай абавязаць усіх замежных грамадзян, якія ўязджаюць у краіну, падпісваць спецыяльнае пагадненне аб лаяльнасці. Дакумент хутка будзе ўнесены ў Дзярждуму.
Згодна з законапраектам, з якім азнаёмілася ТАСС, замежніку, які ўязджае ў Расію ў перыяд знаходжання (пражывання) на тэрыторыі дзяржавы ў адпаведнасці з «пагадненнем аб лаяльнасці» будзе забаронена «дыскрэдытаваць у любых формах знешнюю і ўнутраную дзяржаўную палітыку РФ, органаў публічнай улады і іх службовых асоб».
Акрамя забароны на дыскрэдытацыю дзяржаўнай палітыкі РФ, замежнікам забараняецца адмаўляць «традыцыйныя сямейныя каштоўнасці», скажаць уклад савецкага народа ў перамогу над фашызмам.
«Згода аб лаяльнасці — гэта дазвол дзяржаўных органаў РФ на ўезд замежнага грамадзяніна ў РФ, з аднаго боку, і згода замежнага грамадзяніна, выказаная шляхам уезду ў РФ, з выкананнем забарон, устаноўленых у мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў РФ, з другога боку», — гаворыцца ў дакуменце.
Законапраектам прадугледжваецца, што іншаземцам таксама будзе забаронена праяўляць непавагу да разнастайнасці рэгіянальных і этнакультурных укладаў жыцця насельніцтва Расіі, традыцыйных расійскіх духоўна-маральных каштоўнасцяў.
Паводле МУС, дакумент абмяркоўваецца і хутка будзе ўнесены ў Дзярждуму.
Каментары