Культура55

«У Расіі толькі па вечарах выходзіў з дому. Надзену чорныя акуляры, кепачку нацягну — і ў краму па харч ды цыгарэты»

Кніга вершаў «DOM» выйшла ў лонданскім выдавецтве «Скарына» ў пачатку студзеня. Сабраныя ў ёй вершы Сяргей Сыс пісаў з 2021 году, калі мусіў уцячы з Беларусі і праз Расію, Украіну, Польшчу і Нямеччыну дабіраўся да Літвы, дзе цяпер і жыве.

Сяржук Сыс у інтэрв'ю Радыё Свабода гаворыць пра новую кнігу, што фактычна гэта вершаваны дзённік самага балючага перыяду ягонага жыцця.

Пад кожным вершам падпісаў месца і дату, калі ён быў напісаны. Мне важна было не толькі для сябе зафіксаваць гэты шлях, але і паказаць яго іншым беларусам, якія зведалі падобнае. Каб пачыталі, параўналі пачуцці», — кажа паэт.

Без пашпарта, права на працу, пад расейскімі ракетамі ва Украіне і на польскіх вакзалах сярод тысяч уцекачоў — у такіх умовах назапашваліся пачуцці і назіранні, якія выліліся ў вершы. Выбар назвы зборніка і яе напісанне лацінкай Сяржук патлумачыў гэтак: «У нас цяпер дом — гэта тое, што вакол. Бо нашага дому няма, ён застаўся ў Беларусі, і калі будзе, невядома».

Усмешка Бяляцкага, за якую на яго накінуліся міліцыянты

Шлях у выгнанне Сяржук адлічвае ад ліпеня 2021 году, калі яго разам з іншымі праваабаронцамі «Вясны» затрымалі і змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання на Акрэсціна. Вясновец кажа, што раней іх ужо выклікалі на допыты ў Следчы камітэт, таму да арышту ён быў маральна падрыхтаваны, але да апошняга спадзяваўся, што не зачэпіць. У вязніцы Сяржук Сыс апошні раз пабачыў Алеся Бяляцкага, калі таго па калідоры вялі канваіры.

«Ён мяне ўбачыў, усміхнуўся, а на яго за гэта накінуліся канваіры. Ягоная прывітальная ўсмешка стала мне падтрымкай падчас дарогі сюды», — прызнаецца Сяржук Сыс. Паэт лічыць, што тады, амаль тры гады таму, яму выключна пашанцавала — яго выпусцілі пад падпіску аб нявыездзе, хаця пашпарта і не аддалі.

«Яшчэ пяць дзён павагаўся — і ўсё ж вырашыў ехаць за мяжу. Але без пашпарта, таму варыянт быў адзіны — у Расею, а ўжо адтуль спрабаваць перабрацца ва Ўкраіну», — тлумачыць выбар маршруту ўцёкаў Сыс.

Дзе і якім чынам пераходзіў мяжу, Сяржук не ўдакладняе. Як і не называе расейскія гарады, у якіх жыў напярэдадні пераходу ва Ўкраіну. Суразмоўца не можа не ўспамінаць эмоцый, якія перажыў у той час.

«У Расеі толькі па вечарах выходзіў з дому. Надзену чорныя акуляры, кепачку нацягну — і ў краму па харч ды цыгарэты. У Расеі ўжо тады ў любога мінака маглі спытаць пашпарт, а ў мяне ніякага дакумента. Паступова перабіраўся бліжэй да мяжы з Украінай. І вось нарэшце кажуць: збірай заплечнік, заўтра пойдзем. Уражанні, як прыйшлі ва Украіну, неймаверныя: душа ляціць — свабода! Так, гэта не радзіма, але можна дыхаць, нічога не баяцца!» — расказвае Сыс.

«Шэры цень з крыламі»

Паводле Сержука, перажытыя тады эмоцыі відаць у вершах, якія прыпадаюць на ўкраінскі перыяд кнігі «DOM». Але толькі ў пачатку. Сем месяцаў Сяржук пражыў у Чарнігаве, дзе падаўся на палітычны прытулак і яго дачакаўся, аднак не паспеў атрымаць дакумент на рукі. Візіт у міграцыйную службу яму быў прызначаны на сакавік.

«А ў лютым паехаў у санаторый, у гарадок Моўшан, гэта пад Львовам. 23 лютага нібыта з нічога напісаў верш, што ляцяць бомбы, «пад нагамі салдат фотаздымкі каханых». А ў 6 раніцы 24-га падымаюся ды іду па звычцы на балкон пакурыць. У Карпатах у лютым ранкі ўжо цёплыя. Стаю — і тут бачу, нешта ляціць. Шэры цень з крыламі. Нізка-нізка. Разумею, што гэта не самалёт і не верталёт, але тады што? А тут другі цень ляціць! А пакуль дакурыў цыгарэту, недзе далёка як гахнула! Цяпер я ведаю, што гэта былі расейскія ракеты «Калібр», а тады?.. Заходжу ў інтэрнэт, а ўжо пішуць: вайна пачалася».

Як успамінае Сяржук, на сняданку большасць украінцаў, якія лячыліся ў санаторыі, яшчэ не ведалі пра напад Расеі на іх краіну. А ўжо праз пару гадзін санаторый, дзе лячыліся сотні людзей, фактычна апусцеў. Нікога не спыняла і тое, што едуць пад бомбы.

«Пытаюся, куды вы едзеце? Там жа бомбы, ракеты. Не, кажуць, там наш дом… А мне што было рабіць?» — кажа Сыс.

Праз тры дні Сяржук вырашыў выбірацца з Украіны ў Польшчу. Беларусы, з якімі выйшаў на сувязь, параілі выязджаць праз суседнюю Івана-Франкоўскую вобласць. Але ўзнікла новая праблема: на дарогах паўсталі КПП, да таго ж нават у невялікіх вёсках мясцовыя жыхары выходзілі правяраць машыны, якія праязджаюць. «Бяруць у рукі нават не аўтаматы, а нейкія бярданкі, і дзяжураць», — апісвае Сяржук імпэт украінскіх сялян.

Праверкі на дарогах ён прайшоў удала, а вось на вакзале ў Івана-Франкоўску пільныя паліцыянты яго ўсё ж спынілі. Калі пачулі, што ў яго няма пашпарта, загадалі паказаць рэчы ў заплечніку. А калі пабачылі там пару ноўтбукаў, тэлефоны, дыктафоны, дык увогуле загаварылі пра шпіёнства.

«Упершыню з радасцю ўспамінаў і паведамляў свае паролі», — смяецца Сяржук, але кажа, што тады было не да смеху. Бо паліцыянты, убачыўшы тэчку з назвай «Васіль Стус», яшчэ болей засумняваліся, ці той ён, за каго сябе выдае.

«Кажу, гэта мае пераклады вершаў вашага дысідэнта Васіля Стуса на беларускую мову. А яны людзі простыя, пра такога паэта чуюць упершыню. Добра, што падышоў маёр, які хутка ва ўсім разабраўся. Сказаў хлопцам мяне адпусціць, а мне параіў памяняць паўвайсковую куртку на нейкую цывільную, маўляў, могуць быць праблемы на мяжы. І сапраўды, дапамагло», — кажа Сяржук.

Салідарнасць палякаў

Сяржук Сыс расказаў, што тры дні правеў у чарзе на ўкраінска-польскай мяжы зусім без ежы. Але больш за голад засмуціла звестка, якую прачытаў у інтэрнэце: што на польскім баку пераходу затрымалі траіх беларусаў, у тым ліку дзяўчыну без пашпарта. Але ж яму і тут пашанцавала — трапіў на праверку да сівога паляка, які таксама разабраўся ў ягоным становішчы.

»Куды, — кажа, — я табе буду ставіць візу, калі няма пашпарта? На лоб?» І параіў, як сяду ў аўтобус і прыеду ў вялікі горад, адразу там здавацца паліцыі. А пасля гэтага прапусціў у Польшчу. Зноў было пачуццё, як калі трапіў ва Ўкраіну з Расеі: свабода і бяспека!» — успамінае Сяржук Сыс.

З польскіх успамінаў у Сержука засталіся таксама ўражанні ад салідарнасці і актыўнасці палякаў-валанцёраў, якія сустракалі тых, хто ўцякаў ад вайны ва Украіне.

«Ужо за мяжой, у Пярэмышлі выходжу з аўтобусу на плошчы, а там стаіць недзе 100 ці мо 200 аўтамабіляў, усе з таблічкамі-паказальнікамі. Пытаюцца, у які горад мяне даставіць. А я ж не ведаю. Можа, Уроцлаў? Давай ва Уроцлаў, сядай», — прыгадвае першы дзень у Польшчы беларускі праваабаронца.

Праўда, па дарозе сваё рашэнне ён змяніў і папрасіў адвезці ў Кракаў, пра што потым не пашкадаваў. Хоць на вакзале Кракава ў тыя дні атабарыліся тысячы ўцекачоў, увагай валанцёры не абміналі нікога, кажа суразмоўца.

«Мне адразу падключаюць мясцовую SIM-картку, ужо тэлефануюць у нейкія чаты. Толькі 28 лютага, а ў іх ужо ўсё было, усё працавала. Валанцёры мяне забіраюць, прывозяць да сябе дамоў, дзе магу памыцца, пераапрануцца, паесці. Салідарнасць у палякаў была вельмі моцная! Ніколі такога не бачыў. Дарэчы, на кракаўскім вакзале сустрэў нашу Алену Лапцёнак з «Вясны». Яна там мужна валанцёрыла, як усе. Адпрацуе 10 гадзінаў — і едзе адсыпацца. Потым зноў», — захапляецца калегай Сяржук.

З Польшчы ён перабраўся ў Нямеччыну, якой таксама ўдзячны за дапамогу, але зазначае, што нямецкая сістэма занадта бюракратычная. Таму, калі даведаўся, што «Вясна» паўнавартасна аднавіла працу ў Вільні, пераехаў у Літву.

Як пакінуў «Камуніста» і стаў вясноўцам

Праваабаронца Сяржук Сыс мае два дыпломы аб вышэйшай адукацыі; першы, філолага, атрымаў у Гомельскім дзяржаўным універсітэце. Гэты дыплом плюс прага да паэзіі дапамаглі пасля выкладчыцкай працы стаць журналістам. Сяржук асабліва вылучае кароткі досвед працы ў жлобінскай раёнцы, якая ў канцы 80-х гадоў яшчэ мела вельмі красамоўную па тых часах назву.

«Газета звалася «Камуніст», але пры гэтым выходзіла цалкам на беларускай мове і калектыў размаўляў па-беларуску. Цяпер чамусьці завецца «Новый день» — і цалкам усё па-расейску. Я быў працавіты, энергічны, мог на палову нумара напісаць за дзень. Не ленаваўся і ноччу паехаць з міліцыянтамі ў які рэйд, каб потым зрабіць цэлы разварот», — успамінае Сяржук тыя часы.

І заўважае, што ўжо ішла «перабудова» ды галоснасць, журналісты цэнтральных выданняў друкавалі ўсё больш крытычныя і праўдзівыя артыкулы. Але аказалася, у раённым «Камунісце» парадкі не змяніліся.

«Аднаго разу напісаў пра такі рэйд, як заве рэдактар і кажа: выкінь вось гэта, бо гэта чыноўнік, пра яго нельга. Так, ён быў п’яны, бушаваў, яго забралі, але не пішы пра гэта. А мне крыўдна да слёз: як я не магу пісаць пра тое, што на свае вочы бачыў? Там і міліцыя была. «Сяргей, гэта не твая справа, не рабі гэтага. Ты хочаш застацца ў журналістыцы?» — Сяржук зноў смяецца.

Паводле слоў Сыса, у выніку ягоную прагу да справядлівасці рэдакцыйныя начальнікі не перамаглі, а праца стала добрым досведам на будучыню, калі праз год ён перайшоў у абласную газету. «Не ведаю, ува што я б ператварыўся, калі б застаўся ў той раёнцы», — прызнаецца праваабаронца.

У 2007 годзе Сяржук Сыс прыйшоў працаваць у «Вясну», якой кіраваў ягоны сябар з часу вучобы ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце, цяперашні нобелеўскі лаўрэат і палітвязень Алесь Бяляцкі. Сяржук прызнаецца, што выбар месца працы быў абумоўлены сяброўствам. Праз некалькі месяцаў Алесь Бяляцкі арганізаваў у «Вясне» курсы для валанцёраў-пачаткоўцаў, і тады Сяржук канчаткова зразумеў: абарона правоў чалавека — гэта ягонае.

Бяляцкі: «Трэцяга разу не будзе»

Пазнаёміліся Сыс і Бяляцкі, калі разам апынуліся на месячных курсах падрыхтоўкі для абітурыентаў філфака ГДУ. Сяброўства замацавалася падчас вучобы, у таварыстве «Тутэйшыя» і падчас сумесных вандровак па Беларусі ды па далейшых мясцінах, звязаных з беларускай культурай.

«У 1979 годзе разам паехалі ў Ялту шукаць магілу Максіма Багдановіча. Мы яе знайшлі, былі там тыдзень. Доўгая дарога, было ўжо шмат размоў, тады ўжо Алесь пачынаў гаварыць на беларускай мове, а я з дзяцінства гаварыў і школу заканчваў беларускую. Усё гэта нас моцна паяднала, Алесь стаў маім сябрам на ўсё жыццё. Ён быў сведкам на маім першым вяселлі, ён хросны бацька маёй дачкі. А пасля другога шлюбу сказаў, што ўжо двойчы быў сведкам, але трэцяга разу не будзе», — смяецца Сяржук Сыс.

Шчырасць сябра Сержуку вельмі падабаецца. Праваабаронца памятае, што Алесь Бяляцкі папярэдзіў пра магчымыя наступствы працы ў «Вясне» адразу.

«Тут процьма праблем, кажа. У «Вясну» можна прыйсці, але адсюль ужо не выйдзеш. Папярэджваў і пра ціск, пра арышты. Ён і для сябе такую долю прадбачыў і ад яе ніколі не ўхіляўся. Увесну 2021-га яшчэ мог бы выехаць за мяжу, але застаўся. Такі быў ягоны выбар», — успамінае пра Алеся Бяляцкага Сяржук Сыс.

Вокладка ад Алеся Пушкіна

Яшчэ адзін чалавек, які часта фігуруе ва ўспамінах Сыса — мастак Алесь Пушкін. Летась палітвязень памер у няволі. Паэт расказаў пра мастака дзве гісторыі.

«Мая маці ў нашай вёсцы Заспа — стараста мясцовай царквы. Яна нават адпраўляе службы, калі няма святара, які мусіць з гораду прыехаць. Да мяне ў Заспу прыязджалі паэт Эдуард Акулін, паэт Анатоль Сыс жыў побач і часта наведваў, Алесь Бяляцкі, Франак Вячорка некалькі разоў былі. І вось прыехаў Алесь Пушкін ды просіць маці: «Марыя Міхайлаўна, а дазвольце мне званіць у званы. Умею, — кажа, — дык ці дазволіце ў нядзелю?»

Сяржук кажа, што Алесь Пушкін тады прыехаў да іх упершыню, таму маці, жанчына асцярожная да незнаёмцаў, пераклала адказнасць на святара. Але мастак не адмовіўся ад сваёй ідэі, дамогся размовы з тым, пераканаў і потым вельмі прыгожа званіў.

«Ці вось яшчэ гісторыя», — працягвае Сяржук Сыс і ўспамінае 2011 год, калі ён рыхтаваў да выдання сваю першую кніжку вершаў «Стрэмка». Тады, паразважаўшы, ён звярнуўся да Алеся Пушкіна з прапановай намаляваць вокладку кнігі. Далейшае паэта здзівіла.

«Алесь адказаў, што проста так не можа, яму трэба кнігу пачытаць. Добра, я скінуў яму вершы з кнігі. Праходзіць, можа, месяц, я працую на «Вясне», як раптам дамафон звініць, ідзе да нас куча людзей, а сярод іх Алесь з вялікай карцінай у руках!» — расказвае Сяржук Сыс.

Паэт чакаў графічнага рысунку, прысланага праз інтэрнэт, а атрымаў вялікую карціну, напісаную алеем, з цудоўнай колеравай гамай і зместам, які выдатна падыходзіў да вершаў.

«Тая карціна цяпер упрыгожвае адну з прыватных калекцый, купіць яе за грошы для мяне было нерэальна, затое малюнак Пушкіна застаўся на вокладцы першай кнігі, і гэта цудоўная вокладка!» — лічыць паэт.

Літоўская туга

Сяржук Сыс прызнаецца, што ад смутку і тугі па радзіме падчас жыцця ў Вільні найперш ратуецца паэзій. Але прызнае, што і ў вершах — тыя ж настроі. Раздвоенасць не знікае.

«Розумам усведамляю, што зрабіў слушна, калі выехаў, але ў сэрцы дагэтуль сумненні, навошта. Трэба было, як іншыя: застацца і сесці. Гэта вельмі балюча. Ратуюся літаратурай — калі накрывае, дык пішу і пішу. Марыш, прыдумляеш, мроіш — і патрошку боль заціхае. Але каб сказаць, што я сябе ў небяспецы тут адчуваю, дык такога няма. Разумею, што не магу вярнуцца ні сёння, ні заўтра, ні праз год. Па-мойму, гэта не песімізм, а проста адэкватная ацэнка сітуацыі», — кажа Сяржук Сыс.

Паводле аўтара зборніка «DOM», ён ужо падрыхтаваў да выхаду ў друк новую кнігу, якая будзе называцца «Прыручэнне Літвой» і аб’яднае вершы, напісаныя па ўражаннях ад жыцця ў Вільні. Ад наведвання Коўна, Уцяны ды іншых мясцінаў Літвы. Спрабуе Сяржук сябе і як празаік.

«Працую над аповесцю «Пералёт-трава». Гэта пра людзей, з якімі сутыкнула жыццё пасля ўцёкаў. Балючы твор, але і яго абавязкова трэба дарабіць».

Прэзентацыя зборніка вершаў Сяргея Сыса DOM адбудзецца 18 лютага ў Вільні, на пляцоўцы «Павільёнас», на вуліцы Піліма, 21б.

Каментары5

  • Максим Дизайнер
    03.02.2024
    Судя по финалу статьи - творческая дегрдация на лицо, как и у Вольского. Да никому здесь не интересны ни ваш сладкий эмигрантский плач, не колбасный патриотизм, не уражанни от красивой жизни в ЕС, в которой хотелось бы оказаться всем нормальным беларусам, но удалось только вам, и на халяву. Потому что никто там никогда не окажется, не продав все бабкины хаты, коттеджи, нажитые пры крывавай дктатуры, и построенные вам руками бедных беларусов по 500 в месяц. Ну, или на мусоровоз в провинции, как сделал саолист Детюков.
  • Вуглы
    03.02.2024
    Добры артыкул.
    Дзякуй
  • осень
    03.02.2024
    Максим Дизайнер,
     о... как поэтично мыслишь...  Художника видно сразу. Дизайном гробов зарабатываешь? 

Трамп перамагае са значным адрывам, бярэ ўсе swing states1

Трамп перамагае са значным адрывам, бярэ ўсе swing states

Усе навіны →
Усе навіны

Лукашэнка пра выбары: Уладу растапыранымі рукамі не трымаюць15

«Будуць адпраўлены па маршруце з трох літар». Вось як Генпракуратура Абхазіі адказала на запыт пра Лукашэнку6

Навукоўцы прыдумалі, як змагацца з камарамі. Іх трэба рабіць глухімі

У Оршы за «экстрэмізм» судзілі вядомую настаўніцу, якая рыхтавала пераможцаў рэспубліканскіх алімпіяд5

На Палессі сёння было мінус 8

У Бабруйску на 13-гадовай дзяўчынцы загарэлася адзенне, калі яна варыла пельмені

Сенсацыя ў Мастацкім музеі — пад «Дзяўчынай» рускага мастака Малявіна знайшлі іншую карціну6

84-гадовая жанчына падавілася чырвонай ікрой і памерла

Ва Украіне самымі небяспечнымі для ворага аператарамі дронаў сталі геймеры3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Трамп перамагае са значным адрывам, бярэ ўсе swing states1

Трамп перамагае са значным адрывам, бярэ ўсе swing states

Галоўнае
Усе навіны →