Пасол па асобых даручэннях Ігар Кізім патлумачыў, з кім з беларускай апазіцыі Кіеў будзе размаўляць
Пасол па асобых даручэннях па Беларусі Ігар Кізім у інтэрв'ю «Еўрарадыё» распавёў пра прычыны свайго прызначэння на новую пасаду, узровень адносін з афіцыйным Мінскам і кантакты з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Чаму зʼявілася пасада пасла па асобых даручэннях па Беларусі
Як патлумачыў Ігар Кізім, гэта звязана з тым, што ўлады Украіны прызналі існаванне ў беларускай апазіцыі дэмакратычнай сілы, якая знаходзіцца за мяжою. «Украіна павінна наладзіць нейкі механізм супрацоўніцтва з беларускай супольнасцю, якая будзе дапамагаць забяспечыць нашу мяжу, і такім чынам вырашыць пытанне бяспекі».
Украінскі бок, адзначае Кізім, разумее, што дэмакратычныя сілы Беларусі — гэта не толькі цэнтры ў Варшаве і Вільні. Ёсць яшчэ і Полк Кастуся Каліноўскага. «Яны таксама намагаюцца зрабіць пэўны палітычны трэк, — лічыць палітык. —
Хочам мы таго ці не, я лічу, што сітуацыя зменіцца. Мы павінны думаць наперад і павінны дакладна ведаць і разумець, што будзе з Беларуссю не ў бліжэйшы час, а пасля дэмакратычных пераўтварэнняў, якія, як я ўпэўнены, адбудуцца ў Беларусі».
На якім узроўні знаходзяцца дыпламатычныя адносіны паміж Кіевам і Мінскам?
Пасля адʼезду Кізіма функцыі часовага прадстаўніка аўтаматычна стаў выконваць старшы дыпламат, які знаходзіцца ў Мінску.
«Ён фармальна афіцыйна прадстаўляе Украіну. Праз яго можа адбывацца любая камунікацыя, калі нешта адбываецца паміж украінскімі ўладамі і цяперашняй афіцыйнай уладаю Беларусі. Тут шмат якіх пытанняў. Напрыклад, нядаўна адбывалася камунікацыя па пытанні мяжы. Было нейкае тэхнічнае пытанне адносна таго, што мяжа не так стаяла, ці нешта такога кшталту».
Кізім таксама распавёў, што кантакты могуць тычыцца розных консульскіх пытанняў. Сярод іх — аказанне дапамогі па вяртанні ва Украіну.
«Відавочна, што сёння мы не гаворым пра нейкія палітычныя адносіны. І я магу сказаць, што і пра эканамічныя таксама. Яны ўсе цяпер знаходзяцца на паўзе. Асабліва пасля таго, як з тэрыторыі Беларусі пачалося ўварванне. Фактычна яны зведзены да нуля. Таму трэба гаварыць пра вырашэнне пытанняў консульскага характару, якія тычацца канкрэтных людзей», — патлумачыў Кізім.
Ці можа Кізім прыехаць у Мінск?
Кізім патлумачыў, што яго цяперашні статус пасла па асобых даручэннях па Беларусі адрозніваецца ад статусу пасла Украіны ў Беларусі.
«Пасол Украны ў Беларусі прызначаецца ўказам прэзідэнта і мае паўнамоцтвы ад прэзідэнта кантактаваць з вышэйшымі асобамі той дзяржавы, куды ён прызначаны. Для гэтага пішуцца даверчыя граматы і іншае. А пасол па асобых даручэннях — гэта пасада, якая знаходзіцца ў Міністэрстве замежных спраў.
Я, канешне, магу камунікаваць з кім заўгодна. І мне не трэба абавязкова ехаць у Мінск, каб пазваніць нейкаму чыноўніку ў Міністэрства замежных спраў Беларусі, тэлефон якога я ведаю. Ці можна мне туды ўязджаць? Гэта вырашае цяперашняя ўлада Беларусі. Але, калі будзе такая неабходнасць, тады будзем гаварыць».
Па словах Кізіма, наколькі ён ведае, яго не ўключалі ў спіс неўязных асобаў. «Калі трэба будзе камунікаваць з прадстаўнікамі нейкіх ведамстваў Беларусі, то фармальна я маю на гэта паўнамоцтвы і буду камунікаваць. Зразумела, па ўзгадненні з нашым міністрам або іншымі адпаведнымі структурамі Украіны», — адзначыў пасол.
Як будзе весціся дыялог з Абʼяднаным пераходным Кабінетам і Святланай Ціханоўскай
Такія сустрэчы ўваходзяць у планы Кізіма.
«Для таго, каб дакладна сфармуляваць стратэгію (я магу сказаць, што знаходжуся на пэўным пачатковым этапе) і разумець, што цяпер робіцца ў лагеры дэмакратычных сілаў Беларусі, якія настроі і якія ёсць да нас пытанні, трэба камунікаваць».
Кізім расказаў, што ў яго ў бліжэйшы час запланавана сустрэча з Генадзем Манько (кіраўніком місіі дэмакратычнай Беларусі ў Кіеве). Ён не выключае сустрэчу з прадстаўнікамі Палка Каліноўскага, паездку ў Варшаву ці Вільню для сустрэчы з прадстаўнікамі дэмакратычных сілаў Беларусі.
Ці зразумела Кіеву, з кім з беларускай апазіцыі размаўляць?
Не зусім.
«У свой час па даручэнні міністра я прыняў удзел у канферэнцыі, якую арганізоўваў Полк Кастуся Каліноўскага ў лістападзе мінулага года. І я ўбачыў, скажам так, розныя падыходы, розных людзей, што прыехалі. Некаторых з іх я ведаў асабіста.
І я скажу, што гэта сапраўды зʼяўляецца праблемай. Ёсць такія структуры, як Офіс Святланы Ціханоўскай, Пераходны кабінет. Але ёсць Каардынацыйная рада. Вы назвалі Зянона Пазняка, які прытрымліваецца іншай думкі. Ёсць Полк Каліноўскага.
І гэта сапраўды разнастайнасць, якую трэба ўлічваць. Калі мы гаворым пра нейкую супольную пазіцыю, то вельмі цяжка гэта зрабіць. І тыя, і тыя робяць сваю справу, і тыя, і тыя недзе маюць рацыю. І тут не наша пытанне, не пытанне Украіны зрабіць так, каб вы там абʼядналіся.
Вам любы ва Украіне скажа: калі б быў адзін цэнтр прыняцця рашэнняў, адзіная каманда з боку дэмакратычных сіл, то тады камунікацыя была б зусім на іншым узроўні і зусім па-іншаму.
А так нават для таго, каб мне зараз выпрацаваць нейкае бачанне і вынесці прапановы па далейшым супрацоўніцтве ці кантактах з лідарамі дэмакратычнай апазіцыі, я павінен улічваць прынамсі тры, калі не больш, пазіцыі розных сілаў, якія ўласна займаюцца адным і тым жа. І я буду пачынаць сустракацца з усімі, хто захоча са мною кантактаваць, для таго, каб выпрацаваць нейкае агульнае бачанне, куды рухацца дэмакратычнаму руху Беларусі».
Чытайце яшчэ:
Кіеў прызначыў Ігара Кізіма паслом па асобых даручэннях па справах Беларусі
Каментары